27 чэрвеня 2014 г., г. Мінск
Канстытуцыйны кантроль у Рэспубліцы Беларусь: сучасныя тэндэнцыі развіцця і ўдасканальвання
Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!
Спадарыні і спадары!
Калегі!
Канстытуцыйнае правасуддзе з'яўляецца найважнейшым фактарам развіцця сучасных дэмакратычных дзяржаў.
Аб'ектыўныя перадумовы змянення грамадскіх адносін у 90-х гадах XX стагоддзя прывялі да ўтварэння на постсавецкай прасторы суверэнных дзяржаў, нацыянальных прававых сістэм, дзяржаўнага будаўніцтва на новай канстытуцыйнай аснове. Неад'емным элементам гэтых працэсаў стала заснаванне інстытута канстытуцыйнага кантролю.
Фарміраванне і развіццё нацыянальнай канстытуцыйнай дактрыны, канстытуцыйнага правасуддзя характэрна і для Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд, створаны ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 года – першай канстытуцыяй суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, прызваны абараняць канстытуцыйны лад, канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне, канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў.
За дваццаць гадоў сваёй дзейнасці Канстытуцыйны Суд стаў вышэйшым органам судовай улады, які прайшоў няпростыя выпрабаванні сваёй незалежнасці і праваздольнасці ў перыяд вострай палітычнай барацьбы, што суправаджала працэс станаўлення дзяржаўнай улады на новай канстытуцыйнай аснове.
Асэнсоўваючы пройдзены шлях, неабходна адзначыць уклад Канстытуцыйнага Суда ў дасягненне ў беларускім грамадстве згоды і стабільнасці, роўнасці і справядлівасці, фарміраванне канстытуцыйнай правасвядомасці і прававой культуры.
Асабліва значная роля Канстытуцыйнага Суда ў працэсах увасаблення ў жыццё вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці, станаўлення канстытуцыяналізму, забеспячэння вяршэнства права і няўхільнага выканання канстытуцыйных палажэнняў усімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі.
1. Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадстаўляе сабой канстытуцыю новай генерацыі, заснаваную на сучасных дактрынальных падыходах да канстытуцыйнага будаўніцтва, якая ўвабрала ў сябе беларускія дзяржаўна-прававыя традыцыі, агульнасусветныя стандарты ў галіне правоў чалавека, дасягнення еўрапейскага канстытуцыяналізму.
Яна змяшчае фундаментальныя палажэнні, якія выступаюць рэгулятарамі сістэмы палітычных, эканамічных і сацыяльных адносін, служыць прававой асновай стратэгіі развіцця суверэннай Беларусі. Прынцыпы і нормы Канстытуцыі нясуць у сабе арганізуючы пачатак, устанаўліваюць правы і свабоды чалавека, рэгламентуюць функцыянаванне дзяржаўнага механізму, вызначаюць сістэму каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадства.
З'яўляючыся асновай нацыянальнай прававой сістэмы, Канстытуцыя задае ёй пэўную сістэму каардынат, вектарам якой з’яўляецца вышэйшая каштоўнасць і мэта – чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Гэтым гарантуюцца адзінства, узаемасувязь, збалансаванасць і гарманічнае развіццё ўсіх складаемых прававой сістэмы.
У цяперашні час, калі пройдзены этап укаранення асноўных палажэнняў Канстытуцыі ў заканадаўства, важна забяспечыць далейшае канстытуцыйнае развіццё дзяржавы і грамадства эвалюцыйным шляхам, захоўваючы і развіваючы канстытуцыйныя каштоўнасці, выкарыстоўваючы патэнцыял, які знаходзіцца ў нормах Канстытуцыі, паслядоўна ажыццяўляючы канстытуцыялізацыю грамадскіх адносін.
Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў у сваіх рашэннях, што, зыходзячы з прынцыпаў вяршэнства права і вяршэнства Канстытуцыі, заканадаўчае рэгуляванне павінна быць ясным і недвухсэнсоўным, а выкарыстоўваемыя ў норме суб'ектыўныя ацэначныя паняцці, якія залежаць ад меркавання правапрымяняльніка, трэба разумець і прымяняць у строгай адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі, каб выключыць парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
2. Узнікненне і развіццё канстытуцыйнага кантролю
Фарміраванне дактрыны і практыкі канстытуцыйнага кантролю ў нашай краіне адбывалася разам са станаўленнем дзяржаўных інстытутаў суверэннай Беларусі.
Прававое замацаванне палажэнні аб канстытуцыйным кантролі ў Беларусі атрымалі ў 1994 годзе ў Канстытуцыі і прынятым у тым жа годзе Законе «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь».
Месца Канстытуцыйнага Суда ў сістэме органаў дзяржаўнай улады было вызначана на канстытуцыйным узроўні зыходзячы з яго найважнейшай функцыі – забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння.
Пры гэтым за аснову нацыянальнай мадэлі ў пэўнай меры быў узяты французскі вопыт канстытуцыйнага кантролю, пры якім выключаецца прамы доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя і маецца на ўвазе абмежаваны круг суб'ектаў, правамоцных звяртацца ў Канстытуцыйны Суд.
Кампетэнцыя была вызначана зыходзячы з аўстрыйскай мадэлі канстытуцыйнага кантролю, якая мае на ўвазе праверку канстытуцыйнасці не толькі законаў, але і іншых нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню.
Фарміраванне і развіццё канстытуцыйнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь можна падзяліць на некалькі перыядаў.
I. Перыяд 1994–1996 гадоў – станаўленне на новай канстытуцыйнай аснове дзяржаўнай улады. У гэты час Канстытуцыйны Суд выконваў у асноўным ролю арбітра ва ўзаемаадносінах паміж галінамі ўлады, аказваючы ўплыў на канстытуцыйнае фарміраванне беларускай дзяржаўнасці. Праз канстытуцыйнае правасуддзе практычна абаранялася дэмакратычная прававая дзяржава як канстытуцыйная мэта і каштоўнасць, у якой знаходзяць належнае развіццё такія канстытуцыйныя каштоўнасці, як парламентарызм, раздзяленне ўлад, вяршэнства права і інш.
II. З унясеннем у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 1996 года, удакладнены роля і месца Канстытуцыйнага Суда ў сістэме судовай улады. У перыяд фарміравання прававой сістэмы намаганні Канстытуцыйнага Суда былі накіраваны на канстытуцыялізацыю грамадскіх адносін, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.
III. З 2008 года Канстытуцыйны Суд, надзелены правам ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Парламентам, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, практычную дзейнасць накіроўваў на ліквідацыю прававой нявызначанасці, выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў да ўступлення іх у сілу, прадухіляючы тым самым магчымасць неканстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі.
IV. У цяперашні час ва ўмовах у цэлым сфарміраванай прававой сістэмы, дасягнутай палітычнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне, эфектыўнага функцыянавання і ўзаемадзеяння галін улады ключавым з'яўляецца працяг рэалізацыі канстытуцыйных каштоўнасцей у заканадаўстве і правапрымяненні, зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі як асноватворнага пачатку ўсёй прававой сістэмы, вышэйшага рэгулятара дзяржаўнага і грамадскага жыцця, які прадвызначае стратэгію ўстойлівага развіцця краіны.
3. Правы чалавека – сутнасць рашэнняў Канстытуцыйнага Суда
У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе» адзначана, што канстытуцыйныя каштоўнасці і мэты становяцца прававымі стандартамі і галоўнымі арыенцірамі ў заканадаўчай дзейнасці.
У практыцы канстытуцыйнага правасуддзя мы ўлічваем, што правы і свабоды чалавека, з аднаго боку, абсалютныя, а з другога – Канстытуцыя дапускае магчымасць іх пэўнага абмежавання ў інтарэсах агульнай карысці пры безумоўным прытрымліванні справядлівага балансу паміж інтарэсамі асобы і інтарэсамі грамадства і дзяржавы.
Дасягненне балансу канстытуцыйных каштоўнасцей вядзе да захавання раўнавагі грамадства, яго стабільнасці, эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх грамадскіх сіл на аснове канстытуцыйнага прыярытэту – чалавека як вышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы. Ва ўзаемаадносінах «чалавек – дзяржава» ключавым з'яўляецца вызначэнне магчымых межаў умяшання дзяржавы ў ажыццяўленне правоў і свабод чалавека, у выпадку абмежаванняў – іх абгрунтаванасць і прапарцыянальнасць. Пры гэтым неабходны падтрыманне іх балансу і недапушчэнне прыніжэння з улікам як агульначалавечых каштоўнасцей і еўрапейскіх дэмакратычных стандартаў, так і нацыянальных асаблівасцей пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.
Важнымі гарантыямі забеспячэння правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб з'яўляюцца разумная стабільнасць і прадказальнасць прававога рэгулявання. Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу на тое, што прынцып прадказальнасці павінен забяспечвацца ў заканадаўчай палітыцы як найважнейшая ўмова ўпэўненасці ўдзельнікаў грамадскіх адносін у стабільнасці свайго прававога статусу, фарміравання даверу да заканадаўчых актаў і іх безумоўнага выканання.
3.1. Наступны канстытуцыйны кантроль
У Беларусі наступны канстытуцыйны кантроль ажыццяўляецца па прапанове ўпаўнаважаных суб'ектаў: Прэзідэнта, палат Парламента, Урада і Вярхоўнага Суда.
У цэлым за 20-гадовы перыяд дзейнасці Канстытуцыйнага Суда ўпаўнаважаныя суб'екты больш як 70 разоў звярталіся з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.
У 49 рашэннях Канстытуцыйны Суд прызнаў палажэнні законаў і іншых нарматыўных прававых актаў не адпавядаючымі Канстытуцыі, тым самым устараніўшы з прававога поля неканстытуцыйныя нормы. Некаторыя заключэнні закраналі заканадаўства аб паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, правоў і свабод грамадзян.
У апошнія гады ад упаўнаважаных суб'ектаў прапановы паступаюць рэдка, што абумоўлена шэрагам фактараў як аб'ектыўнага, так і суб'ектыўнага характару. Назіраецца тэндэнцыя пастаяннага ўдасканальвання нарматворчага працэсу, у ходзе якога належная ўвага ўдзяляецца аналізу нарматыўных палажэнняў на адпаведнасць Канстытуцыі яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў.
3.2. Папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў
Вось ужо больш як пяць гадоў, як я ўжо адзначаў, асноўным напрамкам дзейнасці Канстытуцыйнага Суда з'яўляецца папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў. Да яго асаблівасцей можна аднесці:
па-першае, папярэдні характар – праверцы падвяргаюцца законы, прынятыя Парламентам, да падпісання іх Прэзідэнтам, гэта значыць да ўступлення законаў у сілу;
па-другое, праверка канстытуцыйнасці норм закона, па сутнасці, носіць абстрактны характар, г.зн. без аналізу практычнага прымянення;
па-трэцяе, абавязковасць кантролю – усе законы, прынятыя Парламентам, прадстаўляюцца Канстытуцыйнаму Суду для разгляду;
па-чацвёртае, папярэдні кантроль канстытуцыйнасці закона не пазбаўляе ўпаўнаважаных суб'ектаў права ініцыіраваць яго праверку ў парадку наступнага канстытуцыйнага кантролю на аснове практыкі яго прымянення.
Практычная дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, які праверыў канстытуцыйнасць больш як 700 законаў, паказала станоўчы ўплыў прынятых рашэнняў на зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў заканатворчым і правапрымяняльным працэсах.
Павысіліся ўзважанасць і адказнасць парламентарыяў па прытрымліванні канстытуцыйных норм і прынцыпаў пры прыняцці законаў; выяўленыя прававыя прабелы, прававая нявызначанасць своечасова ўстараняюцца пры далейшым удасканальванні заканадаўчых актаў.
Сфармуляваныя прававыя пазіцыі па выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў прадухіляюць іх скажэнне ў правапрымяняльнай практыцы.
Пры гэтым важна адзначыць, што вынікі папярэдняга кантролю фарміруюць упэўненасць грамадзян у канстытуцыйнасці норм прынятых законаў, іх давер да закона як сапраўды прававога акта, які не парушае, а дапамагае ў поўнай меры рэалізоўваць канстытуцыйныя правы і свабоды.
3.3. Ліквідацыя канстытуцыйна-прававых прабелаў
Канстытуцыйным Судом за мінулыя гады выпрацавана дзейсная практыка выяўлення канстытуцыйна-прававых прабелаў у заканадаўстве.
Ініцыятарамі зваротаў па пытаннях прававых прабелаў, прававой нявызначанасці выступаюць, як правіла, грамадзяне і арганізацыі.
У сваіх рашэннях Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў, устанаўлівае паўнату і яснасць прававога механізму, які змяшчаецца ў нарматыўным прававым акце, і пры выяўленні прававых прабелаў, прававой нявызначанасці і калізій прапаноўвае нарматворчым органам іх устараніць.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд дзейнічае ў межах свайго канстытуцыйнага статусу, не падмяняючы заканадаўца або іншы нарматворчы орган, але ў некаторай меры выконвае функцыі «пазітыўнага заканадаўца» з мэтай выпрацоўкі дзейсных механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
4. Удасканальванне канстытуцыйнага правасуддзя
У Беларусі актыўна праводзіцца працэс кадыфікацыі заканадаўства, накіраваны на комплекснае прававое рэгуляванне розных сфер грамадскіх адносін. У сферы судаводства, зыходзячы з адзінства судовай сістэмы і адзінства статуса суддзяў, прыняты Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, у якім рэгламентуюцца пытанні кампетэнцыі і арганізацыйна-прававыя аспекты дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.
У развіццё яго палажэнняў з мэтай павышэння эфектыўнасці канстытуцыйнага правасуддзя прыняты Закон «Аб канстытуцыйным судаводстве», які ў красавіку гэтага года ўступіў у сілу. Рэгламентацыя на заканадаўчым узроўні ў асобным законе працэсуальнага парадку разгляду спраў у Канстытуцыйным Судзе забяспечвае ўсім удзельнікам канстытуцыйнага судаводства празрыстасць і паслядоўнасць працэсуальных працэдур.
Пры падрыхтоўцы Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», на жаль, не ўдалося ў поўнай меры да канца вырашыць некаторыя працэдурныя пытанні:
па-першае, выпрацаваць дзейсны заканадаўчы механізм ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб'ектаў;
па-другое, устанавіць працэсуальны парадак звароту судоў агульнай юрысдыкцыі з прэюдыцыяльным (папярэднім) запытам у Канстытуцыйны Суд па праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню.
У цяперашні час, пасля сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з суддзямі Канстытуцыйнага Суда, на якой у цэлым былі падтрыманы нашы прапановы, прапрацоўка ўказаных пытанняў актывізавалася. Мы разлічваем, што ў наступным годзе адпаведныя заканадаўчыя змяненні будуць прыняты.
Гэта дазволіць грамадзянам, пры адсутнасці права на індывідуальную канстытуцыйную скаргу, рэальна ініцыіраваць разгляд спраў у Канстытуцыйным Судзе аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія парушаюць, па іх меркаванні, канстытуцыйныя правы і свабоды. І, як вынік, пашырацца магчымасці Канстытуцыйнага Суда правяраць канстытуцыйнасць правапрымяняльнай практыкі.
Заключэнне
У заключэнне хачу адзначыць наступнае.
1. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь стаў вышэйшым дзяржаўным органам судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Выконваючы функцыю аховы Канстытуцыі, фактычна стаў асобым арбітрам паміж рознымі галінамі ўлады, паміж грамадствам, дзяржавай і асобай, вырашаючы справы на аснове дасягнення балансу і абароны канстытуцыйных каштоўнасцей.
2. За мінулы 20-гадовы перыяд створаны пэўныя прававыя механізмы для сістэмнага канстытуцыйнага кантролю законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, у першую чаргу ў мэтах павышэння эфектыўнасці канстытуцыйнага правасуддзя па абароне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Наяўная канстытуцыйна-прававая база дае магчымасць далейшага развіцця і ўдасканальвання канстытуцыйнага кантролю.
3. У Рэспубліцы Беларусь працягваецца курс на эвалюцыйнае канстытуцыйнае будаўніцтва, фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы – дзяржавы для народа. У гэтым працэсе Канстытуцыйны Суд будзе працягваць абараняць фундаментальныя канстытуцыйныя каштоўнасці ў мэтах устойлівага і дынамічнага развіцця беларускага грамадства і дзяржавы.
Дзякуй за ўвагу!