23 чэрвеня 2014 г. № Р-934/2014
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5 чэрвеня
Унясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» (далей – Закон аб бібліятэчнай справе) накіравана на ўдасканальванне яго норм з улікам правапрымяняльнай практыкі.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (артыкул 15); кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці; гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў (частка першая артыкула 51); дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў (частка чацвёртая артыкула 51).
Згодна з часткай першай артыкула 34 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці.
Канстытуцыяй устаноўлена права кожнага на адукацыю (частка першая артыкула 49).
Пунктам 1 артыкула 1 Закона вызначаецца, што бібліятэка – юрыдычная асоба ў арганізацыйна-прававой форме ўстановы або падраздзяленне юрыдычнай асобы, у тым ліку адасобленае, якія ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў з мэтай задавальнення інфармацыйных патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэкі (абзац чацвёрты); публічная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе ўніверсальныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі (абзац дзявяты); спецыяльная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі, звязаныя з іх прафесійнай дзейнасцю (вытворчыя бібліятэкі), адукацыйнай дзейнасцю (бібліятэкі ўстаноў адукацыі), навуковай дзейнасцю (навуковыя бібліятэкі) ці іншай спецыяльнай дзейнасцю (абзац дзясяты).
Такім чынам, прыведзеныя нормы Закона, з якіх вынікае сацыяльнае прызначэнне бібліятэк, засноўваюцца на палажэннях Канстытуцыі аб гарантаванні права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб розных аспектах дзяржаўнага і грамадскага жыцця (частка першая артыкула 34); садзейнічанні дзяржавы развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў (частка чацвёртая артыкула 51); праве кожнага на адукацыю (частка першая артыкула 49).
2. Згодна з часткай трэцяй артыкула 6 Закона аб бібліятэчнай справе агульнае кiраванне бiблiятэчнай справай ажыццяўляе Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, асноўнымi функцыямi якога ў галiне бiблiятэчнай справы з’яўляюцца ў тым ліку распрацоўка i рэалiзацыя дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры. Законам (абзац трэці пункта 4 артыкула 1) пералік гэтых функцый дапаўняецца палажэннем аб удзеле дадзенага Міністэрства ў распрацоўцы іншых праграм, звязаных з бiблiятэчнай справай.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прадугледжваемая Законам функцыя Міністэрства культуры вынікае з канстытуцыйных норм аб адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур, а таксама садзейнічанні дзяржавы развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў.
3. Закон аб бібліятэчнай справе пунктам 5 Закона дапаўняецца артыкулам 61, згодна з якім для выпрацоўкі рэкамендацый па пытаннях у галіне бібліятэчнай справы, удасканалення дзейнасці і ўзаемадзеяння бібліятэк, а таксама аказання ім метадычнай дапамогі пры Міністэрстве культуры на грамадскіх пачатках ствараецца Рэспубліканскі бібліятэчны савет.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзеныя палажэнні Закона аб удзеле грамадскасці ў выпрацоўцы рэкамендацый па пытаннях у галіне бібліятэчнай справы, удасканалення дзейнасці і ўзаемадзеяння бібліятэк сведчаць аб рэалізацыі ў Законе канстытуцыйных норм аб праве кожнага на ўдзел у культурным жыцці і забеспячэнне дзяржавай гэтага права агульнадаступнасцю каштоўнасцей сусветнай культуры (частка першая артыкула 51 Канстытуцыі), а таксама аб выкананні дзяржавай абавязку прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59 Канстытуцыі).
4. Законам (пункт 14 артыкула 1) у новай рэдакцыі выкладаецца артыкул 21 Закона аб бібліятэчнай справе. Ва ўказаным артыкуле прадугледжваюцца асноўныя палажэнні аб парадку фарміравання і вядзення Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, у які ўключаюцца кніжныя помнікі з Бібліятэчнага фонду Рэспублікі Беларусь, а таксама кніжныя помнікі, што належаць юрыдычным або фізічным асобам на праве ўласнасці, са згоды гэтых асоб.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававое рэгуляванне фарміравання і вядзення Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню аб адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны.
5. Часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі ўстаноўлена, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. У артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года, да якой далучылася Рэспубліка Беларусь, замацаваны агульнапрызнаны прынцып міжнароднага права рacta sunt servanda, згодна з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.
Законам (пункт 5 артыкула 1) Закон аб бібліятэчнай справе дапаўняецца артыкулам 62, які рэгулюе міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы. Дадзеным артыкулам, у прыватнасці, прадугледжваецца прадастаўленне Міністэрствам культуры гарантыйных абавязацельстваў аб захаванні і своечасовым вяртанні дакументаў з фонду замежнай бібліятэкі і (або) з фонду замежнага музея ў выпадку арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь міжнароднай выстаўкі такіх дакументаў.
Указанае прававое рэгуляванне, якое ўстанаўлівае дзяржаўныя гарантыі захавання і своечасовага вяртання дакументаў з фонду замежнай бібліятэкі і (або) з фонду музея ў выпадку арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь міжнароднай выстаўкі, адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі і артыкулу 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў.
6. Законам (абзац сёмы пункта 8 артыкула 1) замацоўваецца палажэнне, згодна з якім пры ліквідацыі дзяржаўнай бібліятэкі яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць бібліятэчнага фонду і перадаць яго іншай дзяржаўнай бібліятэцы (бібліятэкам).
Дадзены прававы падыход забяспечвае рэалізацыю прынцыпу прававой дакладнасці, які вынікае з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7) і падразумявае комплекснасць і ўзгодненасць прававога рэгулявання. Заканадаўцам улічаны палажэнні падпункта 1.22 пункта 1 артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Об объектах, находящихся только в собственности государства, и видах деятельности, на осуществление которых распространяется исключительное право государства», у адпаведнасці з якімі да аб’ектаў, што знаходзяцца выключна ва ўласнасці дзяржавы, адносяцца матэрыяльныя культурныя каштоўнасці (у тым ліку гісторыка-культурныя каштоўнасці), якія складаюць Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў дзяржаўных бібліятэках.
Палажэнне Закона аб захаванні бібліятэчнага фонду дзяржаўнай бібліятэкі пры яе ліквідацыі, роўна як і прадугледжваемае пераважнае права дзяржаўных бібліятэк на набыццё дакументаў бібліятэчнага фонду ў выпадку іх адчужэння пры ліквідацыі прыватнай бібліятэкі (абзац восьмы пункта 8 артыкула 1), у пэўнай меры абмяжоўвае канстытуцыйныя гарантыі роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці (частка другая артыкула 13 Канстытуцыі).
Канстытуцыйны Суд лічыць указаныя абмежаванні адпаведнымі палажэнням артыкула 23 Канстытуцыі ў сувязі з тым, што яны прадугледжваюцца законам, з’яўляюцца сацыяльна апраўданымі, паколькі накіраваны на забеспячэнне правоў і свабод іншых асоб у сферы культурнага жыцця і карыстання інфармацыяй і не скажаюць сутнасці канстытуцыйнага права ўласнасці, а таксама частцы шостай артыкула 44 Канстытуцыі, згодна з якой ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці, наносіць шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.
Удасканальванне Законам прававых асноў бiблiятэчнай справы ў Рэспублiцы Беларусь, рэгулявання ўзаемаадносiн бiблiятэк з дзяржавай, фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi ў мэтах задавальнення iнфармацыйных, культурных, навуковых i iншых патрэбнасцей асобы і грамадства засноўваецца на палажэннях Канстытуцыі аб забеспячэнні права кожнага на ўдзел у культурным жыцці, абавязках дзяржавы садзейнічаць развіццю культуры.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымi актамi.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч