Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
21 верасня 2006 г. № З-195/2006
21 верасня 2006 г. № З-195/2006
Аб адпаведнасці Канстытуцыі, законам і іншым актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь пастановы ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, размерах і парадку выключэння расходаў з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб”, прынятай міністэрствамі па падатках і зборах, эканомікі, фінансаў, статыстыкі і аналізу, культуры Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З.
з удзелам прадстаўнікоў бакоў:
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Унучкі Р.І., Старшыні Пастаяннай камісіі па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці; Буравай Г.М., намесніка Старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтву, гандлю і прыватызацыі; Марахіна В.І., намесніка Старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэту, фінансах і падатковай палітыцы; Чупракова А.У., саветніка-кансультанта ўпраўлення грамадзянскага, працоўнага і сацыяльнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу;
міністэрстваў па падатках і зборах, эканомікі, фінансаў, статыстыкі і аналізу, культуры Рэспублікі Беларусь –
Дарашэнкі А.А., намесніка Міністра па падатках і зборах; Сяліцкай Э.А., начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах; Грыгарчук М.А., начальніка аддзела вылічэння маёмасных падаткаў, дэкларавання даходаў і маёмасці ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах; Хлабардова У.А., начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі; Федаракі Д.І., намесніка начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў; Счастнага М.Б., намесніка начальніка ўпраўлення падатковай палітыкі Галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў; Міхно В.Г., намесніка Міністра статыстыкі і аналізу; Гарбайчука Д.Я., галоўнага юрысконсульта ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры,
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі, законам і іншым актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь пастановы ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, размерах і парадку выключэння расходаў з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб”, прынятай міністэрствамі па падатках і зборах, эканомікі, фінансаў, статыстыкі і аналізу, культуры Рэспублікі Беларусь”.
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
Вышкевіч В.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь; Іваноўскі А.У. – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь; Тушынскі І.Г. – намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 27 чэрвеня 2006 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 і 27 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
Праверцы падлягала пастанова Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, размерах і парадку выключэння расходаў з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб” (далей – пастанова ад 5 студзеня 2002 г.) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 10, 8/7697).
У прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адзначана, што згодна з дзеючым да 1 студзеня 2006 г. заканадаўствам імянныя прыватызацыйныя чэкі “Жыллё” (далей – чэкі “Жыллё”) маглі быць выкарыстаны для прыватызацыі займаемых грамадзянамі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду або выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве ці пагашэння крэдыту (пазыкі), узятага на гэта будаўніцтва. У такіх выпадках вартасць аднаго чэка “Жыллё” вызначалася з улікам індэкса росту кошту будаўніцтва жылля і, напрыклад, у 2005 годзе складала 10 – 13 тысяч беларускіх рублёў. У далейшым, як адзначае Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у сувязі са змяненнямі ў сярэдзіне 2005 года заканадаўства, што ўстанавілі новыя правілы абарачэння чэкаў “Жыллё”, грамадзяне сталі прадаваць іх па цане 0,7 – 2 тысячы беларускіх рублёў. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу лічыць, што Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь пры абкладанні падаходным падаткам даходаў грамадзян ад продажу чэкаў “Жыллё” паступіла незаконна, прымяніўшы пры падаткаабкладанні такіх даходаў для вызначэння расходаў індэкс спажывецкіх цэн замест індэкса росту кошту будаўніцтва жылля, прадугледжанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, іх эксплуатацыі і рамонце і Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот)”.
Заслухаўшы паведамленне суддзі-дакладчыка Бойка Т.С., прадстаўнікоў бакоў, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
1. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права грамадзян Рэспублікі Беларусь на жыллё. Яно забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля (артыкул 48).
У адпаведнасці з Законам “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” прыватызацыя жыллёвага фонду ажыццяўляецца на выплатнай, бязвыплатнай або змешанай аснове (артыкул 9), прычым бязвыплатная прыватызацыя жылых памяшканняў ажыццяўляецца шляхам надзялення грамадзян Рэспублікі Беларусь жыллёвай квотай у грашовай форме, што засведчваецца чэкамі “Жыллё” (артыкулы 10, 11).
Чэкі “Жыллё” ў першую чаргу выкарыстоўваюцца для прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага і грамадскага жыллёвага фонду. Не выкарыстаныя па мэтаваму прызначэнню чэкі “Жыллё” могуць быць накіраваны на іншыя мэты, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 12 Закона “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь”).
Згодна з артыкулам 16 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” пры немагчымасці выкарыстання чэкаў “Жыллё” часткова або поўнасцю для прыватызацыі займаемых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду яны выкарыстоўваюцца для: выплаты паявога ўзносу ў жыллёвым або жыллёва-будаўнічым кааператыве ці пагашэння крэдыту (пазыкі), узятага на гэта будаўніцтва; фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве, пры набыцці жылля шляхам яго куплі, а таксама для пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты; прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці; абмену на каштоўныя паперы. Акрамя таго, да 1 студзеня 2006 г. чэкі “Жыллё” можна было прадаваць (артыкул 16 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і артыкул 11 Закона “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь”).
2. У адпаведнасці з Законам “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” у рэдакцыі Закона ад 9 сакавіка 1999 г. даходы грамадзян ад продажу каштоўных папер з 1 студзеня 1999 г. сталі аб’ектам абкладання падаходным падаткам (падпункт 1.11 пункта 1 артыкула 3 дадзенага Закона). Паколькі згодна з артыкулам 1 Закона “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь” чэк “Жыллё” з’яўляецца дзяржаўнай імянной каштоўнай паперай Рэспублікі Беларусь, то даходы грамадзян ад продажу гэтых чэкаў пачалі абкладацца падаходным падаткам.
Для фізічных асоб, якія атрымалі даходы ад выплатнага адчужэння маёмасці, да якой адносяцца і каштоўныя паперы, уключаючы чэкі “Жыллё”, абкладаемы даход змяншаўся на суму дакументальна пацверджаных расходаў, звязаных з атрыманнем гэтых даходаў (артыкул 16 Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”). Склад такіх расходаў, парадак іх вызначэння і выключэння з даходаў, згодна з часткай трэцяй пункта 1 артыкула 19 Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб”, зацвярджаліся Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе дэлегаваных яму заканадаўцам паўнамоцтваў пастановай ад 9 чэрвеня 1999 г. № 863 “Аб складзе расходаў, звязаных з атрыманнем даходаў фізічнымі асобамі” вызначыў такія ўпаўнаважаныя органы. Загадам Дзяржаўнага падатковага камітэта, міністэрстваў эканомікі, фінансаў, статыстыкі і аналізу, прадпрымальніцтва і інвестыцый, культуры ад 28 ліпеня 1999 г. № 185/73/204/174/102/262 было зацверджана Палажэнне аб складзе, размерах і парадку выключэння расходаў з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб. Дадзеным Палажэннем устанаўліваліся розныя методыкі індэксацыі расходаў, прымяненне якіх залежала ад віду адчужальнай маёмасці.
У адпаведнасці з пунктам 11 Палажэння аб складзе расходаў і парадку іх выключэння з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб у рэдакцыі пастановы ад 5 студзеня 2002 г. (далей – Палажэнне 2002 г.) (страціла сілу з 27 сакавіка 2006 г.) расходы па набыццю маёмасці вызначаліся зыходзячы з фактычна зробленых і дакументальна пацверджаных расходаў па яе набыццю (частка першая); у расходы па набыццю маёмасці ўключаўся кошт гэтай маёмасці на момант набыцця, павялічаны на каэфіцыент, які ўлічвае змяненне індэкса спажывецкіх цэн (частка другая).
Такім чынам, падатковымі органамі пры падаткаабкладанні даходаў ад продажу чэкаў “Жыллё” стаў прымяняцца каэфіцыент, які ўлічваў змяненне індэкса спажывецкіх цэн, што было прадугледжана пунктамі 11 і 14 Палажэння 2002 г., выкарыстоўваючы які падатковыя органы праводзілі разлік расходаў, гэта значыць сум, што не ўключаюцца ў падаткаабкладаемую базу.
Між тым, як вынікае з тлумачэнняў прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, выкарыстанне індэкса росту кошту будаўніцтва жылля было б найлепшым і ў падатковых праваадносінах, у сувязі з тым што размер расходаў, якія вылічваюцца з падлягаючых падаткаабкладанню сум даходаў, атрыманых ад продажу чэкаў “Жыллё”, быў бы вышэй, чым у выпадку выкарыстання індэкса спажывецкіх цэн, а значыць, зменшыўся б і размер падаходнага падатку.
Аднак індэкс росту кошту будаўніцтва жылля, устаноўлены заканадаўствам аб прыватызацыі, пры падаткаабкладанні даходаў ад продажу чэкаў “Жыллё” не прымяняўся ў сувязі з прыняццем адпаведнымі міністэрствамі на аснове дэлегаваных ім паўнамоцтваў Палажэння 2002 г. У дадзеным выпадку забароны на прымяненне індэкса спажывецкіх цэн актамі, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, не было. Індэкс росту кошту будаўніцтва жылля падлягаў прымяненню толькі пры ўмове выкарыстання чэкаў “Жыллё” ў адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем, устаноўленым заканадаўствам аб прыватызацыі (частка чацвёртая артыкула 11 і частка першая артыкула 21 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”).
Згодна з указаным Законам вызначэнне парадку індэксацыі чэкаў “Жыллё” з улікам росту кошту будаўніцтва жылля было аднесена да кампетэнцыі Урада Рэспублікі Беларусь. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай ад 21 верасня 2001 г. № 1399 зацвердзіў Палажэнне аб прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, іх эксплуатацыі і рамонце (далей – Палажэнне аб прыватызацыі жылых памяшканняў) і Палажэнне аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот) (далей – Палажэнне аб індэксацыі). (Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2005 г. № 968 Палажэнне аб індэксацыі прызнана страціўшым сілу.) Канстытуцыйны Суд адзначае, што ва ўказаных палажэннях вырашаліся пытанні індэксацыі чэкаў “Жыллё” толькі пры выкарыстанні іх па мэтаваму прызначэнню, перш за ўсё для прыватызацыі жылля. Прадугледжаныя ў гэтых палажэннях індэксы не ўстанаўліваліся для продажу чэкаў “Жыллё” і вырашэння пытанняў падаткаабкладання.
Зыходзячы са зместу часткі чацвёртай артыкула 11 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і часткі першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі, у выпадках продажу чэкаў “Жыллё” права на іх індэксацыю з улікам змянення кошту будаўніцтва жылля пераходзіць да асобы, якая купіла дадзеныя чэкі і выкарыстоўвае іх у далейшым па мэтаваму прызначэнню.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што індэкс росту кошту будаўніцтва жылля, прадугледжаны нарматыўнымі прававымі актамі аб прыватызацыі, прымяняўся толькі ў выпадках выкарыстання грамадзянамі чэкаў “Жыллё” пры прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду ці пры ажыццяўленні грамадзянамі і членамі іх сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку шляхам долевага ўдзелу ў ім, рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве, або ўступілі ў арганізацыю грамадзян-забудоўшчыкаў, а таксама пры пагашэнні запазычанасці па крэдытах банкаў і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты.
3. Канстытуцыйны Суд, разглядаючы пытанне аб правамернасці прыняцця адпаведнымі міністэрствамі пастановы ад 5 студзеня 2002 г., адзначае наступнае.
Часткай першай артыкула 55 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” прадугледжана, што нарматворчы орган (службовая асоба) мае права дэлегаваць частку сваіх нарматворчых паўнамоцтваў іншым нарматворчым органам (службовым асобам), калі гэта не супярэчыць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь.
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 19 Закона “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” пастановай ад 9 чэрвеня 1999 г. № 863 “Аб складзе расходаў, звязаных з атрыманнем даходаў фізічнымі асобамі” перадаў вырашэнне ўказаных пытанняў Дзяржаўнаму падатковаму камітэту (у цяперашні час – Міністэрства па падатках і зборах), міністэрствам эканомікі, статыстыкі і аналізу, фінансаў, культуры і іншым зацікаўленым органам Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд, зыходзячы са зместу нарматыўных прававых актаў, якія маюць адносіны да разглядаемага пытання, прыйшоў да вываду, што пастанова ад 5 студзеня 2002 г. была прынята ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, што валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Такім чынам, нормы Палажэння 2002 г., зацверджанага гэтай пастановай, у частцы вызначэння расходаў з мэтай іх выключэння з даходаў, якія абкладаюцца падаткам пры продажы чэкаў “Жыллё” з выкарыстаннем індэкса спажывецкіх цэн, не супярэчаць Канстытуцыі, законам “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь”, іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь, а таксама пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2001 г. № 1399 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб прыватызацыі жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, іх эксплуатацыі і рамонце і Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот)”.
Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях, прадметам разгляду якіх з’яўляліся нормы падатковага заканадаўства, што змяшчаюцца ў падзаконных нарматыўных прававых актах міністэрстваў, мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў, звяртаў увагу на неабходнасць вызначэння асноўных элементаў падаткаабкладання (плацельшчыкі, аб’ект падаткаабкладання, падатковая база, падатковы перыяд, падатковая стаўка (стаўкі), парадак вылічэння, парадак і тэрміны выплаты) на ўзроўні заканадаўчых актаў. Указаная пазіцыя датычыцца таксама рэспубліканскіх падаткаў, у прыватнасці прававога рэгулявання спагнання і вылічэння падаходнага падатку з фізічных асоб, і атрымала пацвярджэнне ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 2005 г. № 520 “Аб удасканальванні прававога рэгулявання некаторых адносін у эканамічнай сферы”.
Разгляд дадзенай справы таксама сведчыць аб тым, што пры дэлегаванні Парламентам і Урадам паўнамоцтваў іншым органам па пытаннях, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян, мэтазгодна вызначаць межы прававога рэгулявання падзаконнымі актамі. Гэта дазволіць выключыць выпадкі прыняцця рашэнняў, якія не ў поўнай меры адпавядаюць мэтам заканадаўчага рэгулявання.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ва ўмовах сфарміраванага прававога рэгулявання парадку індэксацыі чэкаў “Жыллё” дзеянні Міністэрства па падатках і зборах у цэлым не супярэчылі заканадаўству. Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што чэкі “Жыллё” былі выдадзены грамадзянам бязвыплатна з улікам іх працоўнага ўкладу ў стварэнне жыллёвага фонду, які да прыватызацыі з’яўляўся дзяржаўным. Хаця чэкі “Жыллё” і адносяцца да каштоўных папер, аднак у сілу спецыфікі надзялення імі грамадзян і іх мэтавага прызначэння прававы рэжым дадзеных чэкаў можа мець асаблівасці. У сувязі з гэтым у сваіх шматлікіх зваротах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу грамадзяне выказвалі пярэчанні наконт таго, што заробленыя імі чэкі “Жыллё” пры іх першасным продажы падлягалі падаткаабкладанню. У такой сітуацыі Канстытуцыйны Суд станоўча ацэньвае пазіцыю Міністэрства па падатках і зборах, калі ў выпадку несвоечасовай выплаты падатку падатковыя органы пры першасным продажы чэкаў “Жыллё” абмяжоўваліся толькі вынясеннем папярэджанняў замест накладання штрафаў. Разам з тым, па наяўнай інфармацыі, многія грамадзяне былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. Канстытуцыйны Суд не мае права разглядаць пытанні аб пераглядзе прынятых рашэнняў аб прыцягненні грамадзян да адказнасці. Магчымасці канстытуцыйнага правасуддзя маглі б быць больш эфектыўнымі пры ўмове своечасовай пастаноўкі пытанняў перад Канстытуцыйным Судом упаўнаважанымі суб’ектамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, у тым ліку прынятых у развіццё і ў мэтах выканання законаў, што дазволіла б Канстытуцыйнаму Суду своечасова ў перыяд дзеяння такіх актаў уздзейнічаць на існуючую прававую сітуацыю ў межах наяўных у Суда паўнамоцтваў.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць адпавядаючай Канстытуцыі, законам і іншым актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь прынятую Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь пастанову ад 5 студзеня 2002 г. № 2/1/1/1/2 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб складзе, размерах і парадку выключэння расходаў з сум аўтарскіх узнагароджанняў і іншых даходаў фізічных асоб” у частцы вызначэння расходаў з выкарыстаннем індэкса спажывецкіх цэн для іх выключэння з даходаў, якія абкладаюцца падаткам пры продажы чэкаў “Жыллё”.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь пры дэлегаванні паўнамоцтваў па пытаннях, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян, вызначаць межы прававога рэгулявання падзаконнымі актамі, што дазволіць выключыць прыняцце рашэнняў, якія не ў поўнай меры адпавядаюць мэтам заканадаўчага рэгулявання.
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А.Васілевіч