Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 12 чэрвеня 2014 г. у адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледзеў справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.).

Падставаай для звароту з прапановай у Канстытуцыйны Суд з’явіўся зварот у Палату прадстаўнікоў грамадзянкі Бялясавай Т.І., якая выказала нязгоду са спыненнем папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ў адносінах да яе памерлага сына з канстатацыяй вінаватасці апошняга ў здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінулі пасажыр і ён сам, паколькі як самім фактам спынення крымінальнай справы па  нерэабілітуючай падставе, так і яго магчымымі юрыдычнымі вынікамі істотна закрануты гонар і добрае імя памерлай асобы, а таксама законныя інтарэсы яго блізкіх сваякоў. Бялясава Т.І. лічыць, што спыненнем крымінальнай справы па нерэабілітуючай падставе без згоды блізкіх сваякоў парушаюцца палажэнні артыкулаў 26 і 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія замацоўваюць прэзумпцыю невінаватасці і права кожнага на судовую абарону.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (частку першая артыкула 25); ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу (артыкул 26); кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на яго гонар і годнасць (артыкул 28); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

Палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць, што крымінальная справа ў дачыненні да памерлай асобы не можа быць узбуджана, а па ўзбуджанай справе падлягаюць спыненню папярэдняе расследаванне і вядзенне па крымінальнай справе пры назначэнні судовага пасяджэння, а таксама ў судовым пасяджэнні, акрамя выпадкаў, калі вядзенне па справе неабходна для рэабілітацыі памерлай асобы (пункт 7 часткі 1 артыкула 29, частка 1 артыкула 250, частка 1 артыкула 279 і пункт 1 часткі 1 артыкула 303).

Пры спыненні крымінальнага праследавання ў адносінах да памерлай асобы спыняецца далейшае даказванне яе вінаватасці, але пры гэтым падазрэнне або абвінавачанне ва ўчыненні злачынства з яе не здымаецца. Разам з тым незаконнае або неабгрунтаванае крымінальнае праследаванне – гэта перш за ўсё замах на такія замацаваныя ў Канстытуцыі асабістыя нематэрыяльныя правы грамадзяніна, як годнасць і гонар, якія належаць чалавеку ад нараджэння і з'яўляюцца неадчужальнымі. Пры гэтым асоба, у адносінах да якой крымінальная справа спыняецца па прызначанай падставе, па прычыне смерці аб'ектыўна пазбаўлена магчымасці абараніць свае годнасць і гонар. Што тычыцца блізкіх сваякоў памерлай асобы, то ў крымінальна-працэсуальным законе не прадугледжана палажэнняў аб неабходнасці атрымання іх згоды на спыненне крымінальнага праследавання.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд у Заключэнні ўказаў, што нормы крымінальна-працэсуальнага закона ў той частцы, у якой яны дапускаюць указанне на вінаватасць у здзяйсненні злачынства грамадзяніна без вынясення абвінаваўчага прыгавору суда, не прадугледжваючы пры гэтым магчымасці праверкі законнасці і абгрунтаванасці крымінальнага праследавання памерлай асобы з удзелам яго блізкіх сваякоў у судовым парадку, не забяспечваюць магчымасць рэабілітацыі памерлага грамадзяніна для абароны яго годнасці і гонару. Канстытуцыйнае права кожнага на абарону ад замаху на яго годнасць і гонар распаўсюджваецца не толькі на перыяд жыцця чалавека; гэта права абавязвае дзяржаву прадугледзець неабходныя прававыя гарантыі забеспячэння судовай абароны чалавека і пасля яго смерці, да ліку якіх трэба аднесці права блізкіх сваякоў патрабаваць рэабілітацыі памерлай асобы ў рамках крымінальнага працэсу з выкананнем канстытуцыйнага прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў абвінавачання і абароны.

Зыходзячы з выкладзенага Канстытуцыйны Суд вырашыў прызнаць палажэнні пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць, што крымінальная справа ў адносінах да памерлай асобы не можа быць узбуджана, а па ўзбуджанай справе падлягаюць спыненню папярэдняе расследаванне і вядзенне па крымінальнай справе пры назначэнні суддзёй судовага пасяджэння, а таксама ў судовым пасяджэнні, акрамя выпадкаў, калі вядзеннне па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі памерлай асобы, не адпавядаючымі частцы першай артыкула 25, артыкулам 26, 28 і 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой гэтыя палажэнні ў сістэме дзеючага заканадаўства дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а па ўзбуджанай справе спыніць вядзенне без згоды яго блізкіх сваякоў.