Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 чэрвеня 2014 г. № Р-927/2014
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 мая 2014 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 мая 2014 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон вызначае асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа, а таксама меры дзяржаўнай падтрымкі, якiя аказваюцца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. У Канстытуцыі ўстаноўлена, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (артыкул 15); кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць; кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін (часткі першая і трэцяя артыкула 50).

 

Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах устаноўлена, што ў тых краінах, дзе існуюць этнічныя, рэлігійныя і моўныя меншасці, асобам, якiя належаць да такіх меншасцей, не можа быць адмоўлена ў праве сумесна з іншымі членамі той жа групы карыстацца сваёй культурай, вызнаваць сваю рэлігію і выконваць яе абрады, а таксама карыстацца роднай мовай (артыкул 27).

 

Дэкларацыяй аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 18 снежня 1992 года № 47/135, замацавана, што асобы, якія належаць да меншасцей, маюць права ўстанаўліваць і падтрымліваць без якой-небудзь дыскрымінацыі свабодныя і мірныя кантакты з іншымі членамі сваёй групы і з асобамі, якiя належаць да іншых меншасцей, а таксама кантакты праз граніцы з грамадзянамі іншых дзяржаў, з якімі яны звязаны нацыянальнымі, этнічнымі, рэлігійнымі або моўнымі сувязямі (пункт 5 артыкула 2).

 

У Канвенцыі аб забеспячэнні правоў асоб, што належаць да нацыянальных меншасцей, ад 21 кастрычніка 1994 года, падпісанай у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прадугледжана, што асобы, якія належаць да нацыянальных меншасцей, маюць права бесперашкодна падтрымліваць кантакты як паміж сабой на тэрыторыі дзяржавы пражывання, так і з грамадзянамі і арганізацыямі дзяржаў, з якімі іх звязвае агульнае этнічнае паходжанне, культура, мова альбо рэлігія, пры ўмове, што гэтыя сувязі не супярэчаць нацыянальнаму заканадаўству бакоў (пункт 1 артыкула 6).

 

2. Законам вызначаюцца ў тым ліку асноўныя прынцыпы, мэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ў мэтах забеспячэння салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце, захавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўмацавання іх сувязей з Рэспублікай Беларусь (артыкул 2). У Законе ўстанаўліваецца, што ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа павінна садзейнічаць у тым ліку стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры (абзац другі артыкула 18).

 

Дадзеныя мэты вынікаюць з замацаванай у Канстытуцыі нормы аб адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (артыкул 15). Грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, беларусы разам з іншымі нацыянальнымі супольнасцямі, якія пражываюць у Беларусі, стварылі дэмакратычную прававую сацыяльную дзяржаву – Рэспубліку Беларусь. Многія беларусы пражываюць за межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь, але захавалі сваю мову, культурныя традыцыі і працягваюць падтрымліваць рознабаковыя адносіны з Рэспублікай Беларусь. Беларусы, якія пражываюць як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі, складаюць агульную этнічную супольнасць з адной мовай і культурнымі традыцыямі. Таму беларуская дзяржава павінна праяўляць клопат аб захаванні культурнай і духоўнай спадчыны беларусаў, якія пражываюць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі.

 

Такім чынам, вывучэнне беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры накіравана на забеспячэнне салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце і захаванне іх нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці дзеля развіцця культуры і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

 

Указаныя вышэй мэты прававога рэгулявання дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваюцца таксама на канстытуцыйных правах кожнага захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць і карыстацца роднай мовай (часткі першая і трэцяя артыкула 50 Канстытуцыі). Акрамя таго, прыведзеныя палажэнні артыкула 2 Закона адпавядаюць норме абзаца чацвёртага пункта 33 Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 2005 года, які ў сілу часткі чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыі з’яўляецца праграмным законам. Дадзеная норма Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае неабходнасць рэалізацыі доўгатэрміновай стратэгіі садзейнічання духоўнаму і культурнаму развіццю беларускай дыяспары.

 

Часткай першай артыкула 10 Канстытуцыі ўстаноўлена, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзенае канстытуцыйнае палажэнне не абмяжоўвае магчымасці Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць дзейсныя меры па заступніцтву і падтрымцы грамадзян замежных краін і асоб без грамадзянства, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы ці з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, у рэалізацыі іх культурных правоў. Гэта вынікае з часткі першай артыкула 2 Канстытуцыі, згодна з якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, а таксама з прыведзеных палажэнняў артыкулаў 15 і 50 Канстытуцыі.

 

Абавязак дзяржавы праяўляць клопат аб сваіх суайчынніках за яе межамі прызнаецца і міжнародным правам. У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 27) і Дэкларацыі аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей (пункт 5 артыкула 2), адпаведна замацавана, што асобам, якія належаць да меншасцей, не можа быць адмоўлена ў тым ліку ў праве сумесна з іншымі членамі той жа групы карыстацца сваёй культурай, а таксама роднай мовай; яны маюць права ў тым ліку ўстанаўліваць і падтрымліваць без якой-небудзь дыскрымінацыі свабодныя і мірныя кантакты праз граніцы з грамадзянамі іншых дзяржаў, з якімі яны звязаны нацыянальнымі, этнічнымі, рэлігійнымі або моўнымі сувязямі.

 

3. Законам устанаўліваецца, што грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа могуць аказваць садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа; уносіць у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь прапановы па ўдасканальванні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа; папулярызаваць беларускія культурныя каштоўнасці, беларускую мову, а таксама беларускія традыцыі і звычаі; ажыццяўляць іншую дзейнасць у галіне адносін з беларусамі замежжа, не забароненую заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (артыкул 5).

 

Такім чынам, грамадскія аб’яднанні (арганізацыі) беларусаў замежжа і грамадскія аб’яднанні па сувязях з беларусамі замежжа не ўпаўнаважваюцца ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні на тэрыторыі замежных краін у мэтах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Тым самым палажэнні Закона накіраваны на забеспячэнне нормы Канстытуцыі аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права (частка першая артыкула 8), у тым ліку прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцыпу неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы, прадугледжаных у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (пункты 1, 7 артыкула 2), Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, што датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адобранай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 24 кастрычніка 1970 года № 2625 (XXV) (пункт 1).

 

З указанага вынікае, што ў Законе ўлічаны дактрынальныя падыходы Канстытуцыйнага Суда, выкладзеныя ім у рашэнні ад 7 красавіка 2011 г. «Аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па Законе Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка».

 

4. Артыкулам 16 Закона прадугледжваецца, што дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа засноўваецца ў тым ліку на прызнанні неабходнасці забеспячэння нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а таксама з улікам заканадаўства дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці і пастаяннага месца жыхарства беларусаў замежжа.

 

Дадзеныя палажэнні грунтуюцца на норме Канстытуцыі, згодна з якой Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць у тым ліку з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права (частка першая артыкула 18), а таксама на ўказаных вышэй палажэннях пунктаў 1 і 7 артыкула 2 Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і пункта 1 Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, што датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

 

Такое прававое рэгуляванне адпавядае прадугледжанаму ў частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі палажэнню аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства.

 

5. У артыкуле 1 Закона замацоўваецца тэрмін «беларусы замежжа» і вызначаецца, што беларусы замежжа асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы або з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь (абзац другі).

 

Разам з тым артыкулам 4 «Асобы, якія адносяцца да беларусаў замежжа» Закона ўстанаўліваецца, што да беларусаў замежжа адносяцца наступныя асобы: грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходзячай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народа або беларускай мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіx традыцый і звычаяў.

 

Такім чынам, у адпаведнасці з абзацам другім артыкула 1 Закона ўстанаўліваюцца дзве катэгорыі асоб, якія з’яўляюцца беларусамі замежжа: асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, i асобы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. У той жа час у артыкуле 4 Закона ў лiку асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, акрамя вышэйзгаданых катэгорый указаны і грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Аднак да грамадзян Рэспублікі Беларусь належаць таксама асобы, якія не ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці і не з’яўляюцца выхадцамі з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. У выніку такога заканадаўчага падыходу кола беларусаў замежжа згодна з артыкулам 4 Закона будзе шырэйшым, чым вызначанае ў абзацы другім артыкула 1 Закона.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што разгорнутае азначэнне пэўнай прававой катэгорыі ў спецыяльным артыкуле нарматыўнага прававога акта выключае неабходнасць прывядзення кароткай дэфініцыі таго ж самага паняцця ў артыкуле, які замацоўвае тэрміны, што прымяняюцца ў дадзеным акце. Гэта вынікае з патрабаванняў часткі першай артыкула 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» аб унутранай узгодненасці і лагічнай пабудове нарматыўнага прававога акта і здольна забяспечыць дакладнае разуменне зместу ўсіх палажэнняў Закона і прадухіленне неаднастайнай правапрымяняльнай практыкі.

 

6. У адпаведнасці з абзацам пятым артыкула 1 Закона дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне адносін з беларусамі замежжа – комплекс мер, накіраваных на падтрымку беларусаў замежжа, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь для садзейнічання беларусам замежжа ў рэалізацыі іх нацыянальных, культурных і іншых правоў. У шэрагу іншых палажэнняў Закона (артыкулах 9, 13, 16, 17) таксама выкарыстоўваецца тэрмін «нацыянальныя правы».

 

Аднак у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актах адсутнічае азначэнне паняцця «нацыянальныя правы», як і пералік апошніх. У этымалагічным значэнні дадзенага паняцця да нацыянальных правоў належаць правы асобы, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам (заканадаўствам канкрэтнай дзяржавы). У такім сэнсе тэрмін «нацыянальныя правы» выкарыстоўваецца ў прававой дактрыне некаторых замежных краін. У міжнародным праве азначаецца паняцце толькі аднаго нацыянальнага права права нацый на самавызначэнне. Разам з тым у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і міжнародных дакументах змяшчаецца паняцце «правы нацыянальных меншасцей» і прадугледжваецца іх канкрэтны пералік.

 

Такім чынам, выкарыстанне ў Законе паняцця «нацыянальныя правы», разгорнутае азначэнне якога адсутнічае як у самім Законе, так і ў іншых актах заканадаўства і прававой дактрыне, сведчыць аб наяўнасці прававой недакладнасці. Неакрэсленасць у прававых крыніцах, якія канкрэтна суб’ектыўныя правы належаць да нацыянальных правоў, ускладняе выпрацоўку прававых сродкаў іх абароны.

 

У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі). Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова адзначаў, што адным з элементаў вяршэнства права з’яўляецца прававая дакладнасць, якая прадугледжвае яснасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм. У вынiку забеспячэння прынцыпу прававой дакладнасці ў нарматворчасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным пры далейшым ўдасканальванні прававога рэгулявання дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа ліквідаваць дадзеную прававую недакладнасць шляхам канкрэтызацыі індывідуальных і калектыўных правоў беларусаў замежжа, якія маюць патрэбу ў іх забеспячэнні Рэспублікай Беларусь.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч