Навіны
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргеева В.Г. прыняла ўдзел у рабоце XVI Кангрэса Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў

12–13 мая 2014 года ў г. Вене адбыўся XVI Кангрэс Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў.

Прадстаўнікі 39 органаў канстытуцыйнага кантролю краін Еўропы, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага суда па правах чалавека, Суда Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі) абмяркоўвалі пытанні па тэме чарговага Кангрэса Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў – «Супрацоўніцтва канстытуцыйных судоў у Еўропе – рамачныя ўмовы і перспектывы ў цяперашні час».

Дэлегацыя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца асацыіраваным членам Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў, на чале з намеснікам Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г. прыняла ўдзел у названым форуме.

На адкрыцці Кангрэса з прывітальным словам выступіў Федэральны прэзідэнт Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнц Фішэр, які адзначыў вялікае значэнне Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў для абмену інфармацыяй па метадах работы і практыкі канстытуцыйных судоў, ідэямі, якія закранаюць канстытуцыйнае правасуддзе, а таксама для садзейнічання незалежнасці канстытуцыйных судоў як важнага элемента гарантыі і ажыццяўлення дэмакратыі, прававой дзяржавы.

У прывітальным звароце Старшыні Канстытуцыйнага Суда Аўстрыйскай Рэспублікі, Старшыні Канферэнцыі еўрапейскіх канстытуцыйных судоў Герхарта Хольцингера было ўказана на неабходнасць дасягнення найвышэйшай юрыдычнай якасці рашэнняў канстытуцыйных судоў, якія ажыццяўляюць кантроль за прытрымліваннем канстытуцыі, іх непрадузятасць; супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі канстытуцыйнымі судамі і судамі на еўрапейскім узроўні для дасягнення ў доўгатэрміновай перспектыве агульнай прасторы права ў Еўропе.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда Аўстрыйскай Рэспублікі Крыстоф Грабенвартер, які выступіў на Кангрэсе з Генеральным дакладам, раскрыў тэму Кангрэса, асабліва спыніўшыся на такіх пытаннях як канстытуцыйныя суды паміж канстытуцыйным правам і Еўрапейскім правам; узаемадзеянне паміж канстытуцыйнымі судамі; узаемадзеянне паміж еўрапейскімі судамі. Асновай для Генеральнага даклада паслужылі нацыянальныя даклады 41 канстытуцыйнага суда па названых пытаннях.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь таксама прадставіў нацыянальны даклад па тэме Кангрэса з улікам палажэнняў Канстытуцыі, іншых законаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку якія закранаюць кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда.

У прыватнасці, у нацыянальным дакладзе адзначана, што нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адпавядаюць універсальным міжнародным стандартам правоў чалавека, у тым ліку палажэнням Еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. Беларусь, з'яўляючыся еўрапейскай дзяржавай, пры развіцці сваёй прававой сістэмы шмат у чым арыентуецца на агульнае для краін Еўропы прававое рэгуляванне. Згодна артыкулу 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, таму беларуская дзяржава прыводзіць у адпаведнасць з дадзенымі прынцыпамі ўсю сістэму нацыянальнага заканадаўства. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прызваны забяспечваць вяршэнства і непасрэднае дзеянне Канстытуцыі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, зацвярджэнне законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь пры фарміраванні ўласных прававых пазіцый аналізуе прававыя пазіцыі замежных канстытуцыйных судоў, прымаючы ва ўвагу іх аргументацыю і довады па сходных прававых праблемах.