КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ СУДАЎЛАДКАВАННІ І СТАТУСЕ СУДДЗЯЎ
у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2023 г. № 285-З са змяненнямі, якія ўступілі ў сілу 22 ліпеня 2023 г., 27 ліпеня 2023 г., 1 кастрычніка 2023 г., з дня фарміравання Усебеларускага народнага сходу – 24 красавіка 2024 г. і з дня ўтварэння Апеляцыйнага эканамічнага суда – 6 красавіка 2025 г.
(выняткі, якія датычацца арганізацыі і дзейнасці Канстытуцыйнага Суда)
РАЗДЗЕЛ I
АСНОВЫ, ЗАДАЧЫ І ПРЫНЦЫПЫ ДЗЕЙНАСЦІ СУДОВАЙ СІСТЭМЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
ГЛАВА 1
АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў гэтым Кодэксе, і іх азначэнні
У гэтым Кодэксе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:
…
судовая пастанова – заключэнне і рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, а таксама прыгавор, рашэнне, пастанова, вызначэнне судоў агульнай юрысдыкцыі;
суддзя – асоба, прызначаная (выбраная) на пасаду суддзі ва ўстаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2023 г. № 248-З «Аб Усебеларускім народным сходзе» парадку для ажыццяўлення абавязкаў суддзі на прафесійнай аснове.
Артыкул 2. Судовая ўлада
Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судамі, утворанымі ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і гэтым Кодэксам.
…
Судовая ўлада ажыццяўляецца праз канстытуцыйнае, грамадзянскае, крымінальнае і іншыя формы судаводства, прадугледжаныя законам.
Судовая ўлада самастойная, яна ўзаемадзейнічае з заканадаўчай і выканаўчай уладамі.
…
Артыкул 5. Судовая сістэма Рэспублікі Беларусь
Судовую сістэму Рэспублікі Беларусь складаюць:
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь – орган судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, які ажыццяўляе судовую ўладу праз канстытуцыйнае судаводства;
…
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Апеляцыйны эканамічны суд, абласны (Мінскі гарадскі) суд, Эканамічны суд вобласці (горада Мінска) з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Артыкул 6. Задачы судоў Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прызваны абараняць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе прамое дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасць нарматыўных прававых актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сцвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, вырашэнне іншых пытанняў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
…
Артыкул 7. Законнасць пры ажыццяўленні правасуддзя
Суды ажыццяўляюць правасуддзе на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных прававых актаў.
Калі пры разглядзе канкрэтнай справы ў суда агульнай юрысдыкцыі ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню, суд да вынясення судовай пастановы ставіць ва ўстаноўленым законам парадку перад Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага нарматыўнага прававога акта.
Артыкул 14. Абавязковасць судовых пастаноў і патрабаванняў суддзі
Судовыя пастановы, якія ўступілі ў законную сілу, з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян і падлягаюць выкананню на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.
…
Артыкул 15. Выкарыстанне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь
На будынках Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, судоў агульнай юрысдыкцыі, у службовых кабінетах суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, судоў агульнай юрысдыкцыі, у памяшканнях пасяджэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, у залах судовых пасяджэнняў судоў агульнай юрысдыкцыі ўстанаўліваецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, а таксама змяшчаецца выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 16. Друкаваныя выданні судоў Рэспублікі Беларусь
Суды Рэспублікі Беларусь маюць права засноўваць друкаваныя выданні ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Артыкул 17. Пячатка судоў Рэспублікі Беларусь
Усе суды Рэспублікі Беларусь маюць пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і са сваім найменнем.
Артыкул 18. Месца знаходжання Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь
Пастаянным месцам знаходжання Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сталіца Рэспублікі Беларусь – горад Мінск.
Пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь праводзяцца ў месцы іх пастаяннага знаходжання. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь могуць правесці пасяджэнне ў іншым месцы, калі яны палічаць гэта неабходным.
РАЗДЗЕЛ II
ПАРАДАК ФАРМІРАВАННЯ І КАМПЕТЭНЦЫЯ СУДОЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
ГЛАВА 2
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 19. Склад Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў. Суддзямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца Старшыня, намеснік Старшыні і дзесяць суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыступае да працы і правамоцны даваць заключэнні і выносіць рашэнні, калі ў яго склад выбрана не менш за восем суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 20. Парадак фарміравання Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Старшыня, намеснік Старшыні і суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выбіраюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
Старшыня і намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выбіраюцца з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Парадак выбрання на пасаду і вызвалення ад пасады суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь вызначаецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Усебеларускім народным сходзе».
Артыкул 22. Кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:
аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь законаў, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:
аб канстытуцыйнасці праектаў законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;
аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым часткай шостай артыкула 100 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
аб канстытуцыйнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;
аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу.
У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:
па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу дае заключэнні аб канстытуцыйнасці правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні:
па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны;
па запытах судоў агульнай юрысдыкцыі, правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым законам:
па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выказвае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прыняты (выдадзены) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права;
прымае пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу, як у цэлым, так і асобных іх палажэнняў.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь не мае права выказваць пазіцыю аб пытанні, якое можа стаць прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь у парадку ажыццяўлення канстытуцыйнага судаводства, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.
Артыкул 23. Парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Парадак ажыццяўлення канстытуцыйнага судаводства ўстанаўліваецца заканадаўчымі актамі.
Пытанні арганізацыі падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, забеспячэння ўмоў для ажыццяўлення Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь і яго суддзямі сваіх паўнамоцтваў, а таксама іншыя пытанні ўнутранай дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, парадак і формы ўдзелу Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у падрыхтоўцы спраў да разгляду ў судовым пасяджэнні, не ўрэгуляваныя гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, а ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, – іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе канстытуцыйнага судаводства, рэгулююцца рэгламентам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь зацвярджаецца пратакольным рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і падлягае афіцыйнаму апублікаванню ў парадку, устаноўленым для заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 24. Заключэнні, рашэнні і іншыя дакументы Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Па пытаннях, указаных у частках першай – чацвёртай артыкула 22 гэтага Кодэкса, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь дае заключэнні.
Па пытаннях, указаных у частцы пятай і абзацы другім часткі шостай артыкула 22 гэтага Кодэкса, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь выносіць рашэнні.
Па пытанні, указаным у абзацы трэцім часткі шостай артыкула 22 гэтага Кодэкса, афармляецца пратакольнае рашэнне.
Па пытаннях працэдурнага характару і іншых пытаннях, якія ўзнікаюць у ходзе канстытуцыйнага судаводства, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прымаюць вызначэнні.
Звароты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб выкладаюцца ў форме запытаў і прадстаўленняў.
Заключэнні і рашэнні (за выключэннем пратакольных рашэнняў) Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь афармляюцца ў выглядзе асобнага дакумента.
Вызначэнні, запыты і прадстаўленні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь афармляюцца ў парадку, які ўстанаўліваецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь.
Заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць непасрэдна і не патрабуюць пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі.
Заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь уступаюць у законную сілу з дня іх прыняцця, калі ў гэтых актах не ўстаноўлены іншы тэрмін.
Артыкул 25. Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выбіраецца на пасаду тэрмінам на пяць гадоў. Па сканчэнні тэрміну паўнамоцтваў Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь працягвае выконваць свае абавязкі да выбрання яго на гэтую пасаду на новы тэрмін або да выбрання новага Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь:
арганізуе дзейнасць Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
старшынствуе ў пасяджэннях Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, а таксама выносіць на яго разгляд пытанні, аднесеныя да вядзення Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
арганізуе работу па ажыццяўленні кантролю за выкананнем заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад работнікаў Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
зацвярджае ў межах устаноўленай колькасці работнікаў структуру Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і штатны расклад Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
уносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прадстаўлення па пытаннях выбрання на пасаду і вызвалення ад пасады намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь для ўнясення ва ўстаноўленым парадку адпаведных прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу, а таксама прадстаўлення па іншых пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гэтым Кодэксам;
уносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, службовым асобам прапановы аб удасканальванні заканадаўства, а таксама аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства;
прадстаўляе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у адносінах з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, у тым ліку замежнымі і міжнароднымі;
вядзе асабісты прыём грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб (далей – асабісты прыём), арганізуе работу Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па асабістым прыёме і разглядзе зваротаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выдае загады па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі і не звязаны з ажыццяўленнем канстытуцыйнага судаводства.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь мае права прымаць удзел у пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх камісій, пасяджэннях Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго Прэзідыума, пасяджэннях іншых дзяржаўных органаў, пасяджэннях Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
У выпадку адсутнасці Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і яго намесніка або немагчымасці выканання імі сваіх абавязкаў паўнамоцтвы Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе старэйшы па ўзросце суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 26. Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выбіраецца на пасаду тэрмінам на пяць гадоў. Па сканчэнні тэрміну паўнамоцтваў намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь працягвае выконваць свае абавязкі да выбрання яго на гэтую пасаду на новы тэрмін або да выбрання новага намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь:
ажыццяўляе паўнамоцтвы Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у яго адсутнасць або ў выпадку немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў;
кіруе работай структурных падраздзяленняў Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў;
арганізуе работу па павышэнні кваліфікацыі работнікаў Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
вядзе асабісты прыём;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь мае права прымаць удзел у пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх камісій, пасяджэннях Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго Прэзідыума, пасяджэннях іншых дзяржаўных органаў, пасяджэннях Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 27. Навукова-кансультацыйны савет пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь
Пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь утвараецца Навукова-кансультацыйны савет, палажэнне аб якім зацвярджаецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь. Персанальны склад Навукова-кансультацыйнага савета зацвярджаецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ III
СТАТУС СУДДЗІ І НАРОДНАГА ЗАСЯДАЦЕЛЯ
ГЛАВА 4
АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ АБ СТАТУСЕ СУДДЗІ І НАРОДНАГА ЗАСЯДАЦЕЛЯ
Артыкул 66. Статус суддзі
Суддзі ўсіх судоў у Рэспубліцы Беларусь валодаюць адзіным статусам і адрозніваюцца паміж сабой паўнамоцтвамі. Суддзя займае дзяржаўную грамадзянскую пасаду, з'яўляецца дзяржаўным грамадзянскім служачым, і на яго распаўсюджваецца дзеянне заканадаўства аб дзяржаўнай службе.
Асаблівасці статусу суддзі вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Артыкул 67. Незалежнасць суддзі і народнага засядацеля, падпарадкаванне іх толькі закону
Суддзя і народны засядацель пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.
Незалежнасць суддзі і народнага засядацеля забяспечваецца ўстаноўленымі заканадаўчымі актамі парадкам іх прызначэння (выбрання, зацвярджэння), прыпынення і спынення паўнамоцтваў, недатыкальнасцю, працэдурай разгляду спраў і пытанняў, тайнай нарады пры вынясенні судовых пастаноў і забаронай патрабаваць яе выдавання, адказнасцю за непавагу да суду або ўмяшанне ў яго дзейнасць, іншымі гарантыямі, адпаведнымі статусу суддзі і народнага засядацеля, а таксама стварэннем належных арганізацыйна-тэхнічных умоў для дзейнасці судоў.
Уздзеянне ў якой-небудзь форме на суддзю і народнага засядацеля з мэтай перашкодзіць усебаковаму, поўнаму і аб'ектыўнаму разгляду канкрэтнай справы або дамагчыся вынясення незаконнай судовай пастановы цягне за сабой адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі.
Сродкі масавай інфармацыі не маюць права прадвызначаць у сваіх паведамленнях вынікі судовага разбору па канкрэтнай справе ці іншым чынам уздзейнічаць на суддзю або народнага засядацеля.
Артыкул 68. Нязменнасць суддзі
Суддзя не можа быць пераведзены на іншую пасаду або ў іншы суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі не могуць быць прыпыненыя або спыненыя інакш як у парадку і па падставах, устаноўленых гэтым Кодэксам.
Артыкул 69. Недатыкальнасць суддзі і народнага засядацеля
Суддзя з'яўляецца недатыкальным на працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў.
Недатыкальнасць суддзі распаўсюджваецца на яго жыллё, службовае памяшканне, транспарт і сродкі сувязі, карэспандэнцыю, маёмасць і дакументы, якімі ён карыстаецца.
Суддзя, народны засядацель не могуць быць прыцягнутыя да якой-небудзь адказнасці за выказанае імі пры ажыццяўленні правасуддзя меркаванне і (або) прынятае рашэнне, калі прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу, не будзе ўстаноўлена іх віна ва ўчыненні злачынства супраць інтарэсаў службы або віна суддзі ў вынясенні загадзя неправасуднай судовай пастановы.
У выпадку дачы ва ўстаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь парадку згоды на ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да суддзі, народнага засядацеля, прыцягненне іх у якасці падазраваных ці абвінавачваных па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асоб або па факце ўчыненага злачынства, а таксама на іх затрыманне або прымяненне да іх іншых мер працэсуальнага прымусу, звязаных з пазбаўленнем асабістай волі, адначасова прымаецца рашэнне аб прыпыненні паўнамоцтваў суддзі або вызваленні народнага засядацеля ад выканання абавязкаў па канкрэтнай справе.
Судаводства па крымінальных справах у дачыненні да суддзяў і народных засядацеляў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 70. Дзейнасць, не сумяшчальная з пасадай суддзі
На суддзю распаўсюджваюцца абмежаванні, звязаныя з дзяржаўнай грамадзянскай службай.
Суддзі не могуць быць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, членамі Цэнтральнай выбарчай камісіі, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, а таксама членамі палітычных партый.
Артыкул 71. Правы і абавязкі суддзяў і народных засядацеляў
Суддзі і народныя засядацелі маюць паўнамоцтвы, неабходныя для ажыццяўлення правасуддзя, валодаюць правамі і выконваюць абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Для ажыццяўлення правасуддзя суддзя мае права:
патрабаваць ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян выканання судовых пастаноў, звязаных з ажыццяўленнем ускладзеных на яго абавязкаў;
запытваць інфармацыю ў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і іншых грамадзян;
запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым парадку на бязвыплатнай аснове звесткі з інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) дзяржаўных органаў і іншых арганізацый і мець доступ, у тым ліку аддалены, да такіх інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), якія змяшчаюць персанальныя дадзеныя, запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым парадку на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацый звесткі з інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), якія змяшчаюць персанальныя дадзеныя, па пісьмовым запыце або на падставе пагаднення, заключанага Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь з уласнікам (уладальнікам) інфармацыйнага рэсурсу (сістэмы).
Суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь мае права патрабаваць склікання пасяджэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, прапаноўваць пытанні да яго разгляду, выказваць асобную думку з нагоды заключэнняў і рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Пры вырашэнні ўсіх пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь карыстаюцца роўнымі правамі. Суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь маюць права прысутнічаць на адкрытых (па запрашэннях – і на закрытых) пасяджэннях любых дзяржаўных органаў.
Пры ажыццяўленні правасуддзя суддзі і народныя засядацелі павінны няўхільна выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і іншыя заканадаўчыя акты, забяспечваць абарону правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў дзяржавы і арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ахоўваюцца заканадаўствам, высокую культуру судовай дзейнасці, быць справядлівымі і бесстароннімі.
Суддзя таксама абавязаны строга выконваць палажэнні Кодэкса гонару суддзі Рэспублікі Беларусь.
Суддзя і народны засядацель не павінны выказваць меркаванне па сутнасці спраў, якія знаходзяцца ў іх вядзенні, а таксама перадаваць справы каму б там ні было для азнаямлення інакш як у парадку і выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі.
…
Артыкул 72. Асабовая справа, службовае пасведчанне суддзі, асабовая справа, пасведчанне народнага засядацеля, рэзерв кадраў суддзяў
Асабовая справа суддзі вядзецца кадравай службай:
Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь – у дачыненні да суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
…
Суддзям выдаюцца службовыя пасведчанні, народным засядацелям – пасведчанні. Ніхто не мае права патрабаваць ад суддзі іншых, акрамя службовага пасведчання, дакументаў, якія пацвярджаюць яго статус і паўнамоцтвы.
Апісанне і ўзор службовага пасведчання суддзі зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Апісанне і ўзор пасведчання народнага засядацеля зацвярджаюцца Старшынёй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Парадак фарміравання і арганізацыі работы з рэзервам кадраў на пасады суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, старшынь Апеляцыйнага эканамічнага суда, абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей (горада Мінска) устанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а на пасады намеснікаў старшынь, суддзяў Апеляцыйнага эканамічнага суда, абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей (горада Мінска), старшынь, намеснікаў старшынь, суддзяў раённых (гарадскіх), спецыялізаваных судоў – пленумам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 5
СУДДЗЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 73. Патрабаванні да кандыдата на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Суддзёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае беларускай і рускай мовамі, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, з'яўляецца высокакваліфікаваным спецыялістам у галіне права, мае, як правіла, навуковую ступень і валодае высокімі маральнымі якасцямі.
На пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не можа быць выбрана:
асоба, у дачыненні да якой ёсць абвінаваўчы прыгавор суда, які ўступіў у законную сілу;
асоба, няздольная па стане здароўя выконваць абавязкі суддзі, што пацвярджаецца медыцынскім заключэннем;
асоба, прызнаная абмежавана дзеяздольнай або недзеяздольнай рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу.
Артыкул 74. Тэрмін паўнамоцтваў суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь выбіраюцца тэрмінам на 11 гадоў і могуць быць выбраны на новы тэрмін. Па сканчэнні тэрміну паўнамоцтваў суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь працягвае выконваць свае абавязкі да выбрання яго на гэтую пасаду на новы тэрмін або да выбрання новага суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Гранічны ўзрост знаходжання на дзяржаўнай грамадзянскай службе суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь – 70 гадоў. Суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі гранічнага ўзросту знаходжання на дзяржаўнай грамадзянскай службе, з іх згоды могуць застацца на дзяржаўнай грамадзянскай службе без абмежаванняў па тэрміне ў парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
На Старшыню Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь гранічны ўзрост знаходжання на дзяржаўнай грамадзянскай службе, устаноўлены часткай другой гэтага артыкула, не распаўсюджваецца.
Артыкул 75. Прысяга суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь мае права прымаць удзел у яго рабоце толькі пасля прынясення прысягі.
Да прысягі суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прыводзяцца Старшынёй Усебеларускага народнага сходу ў прысутнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Пачаткам цырымоніі прывядзення да прысягі з'яўляецца абвяшчэнне рашэння Усебеларускага народнага сходу аб выбранні на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, пасля чаго суддзя, які прысягае, зачытвае тэкст прысягі, падрыхтаваны на спецыяльным бланку. Пры гэтым яго правая рука знаходзіцца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прыносіць прысягу наступнага зместу:
"Я, (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць)), бяру на сябе абавязацельства перад народам Рэспублікі Беларусь чэсна, добрасумленна і бесстаронна абараняць канстытуцыйны лад і вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Суддзя ў перыяд ажыццяўлення ім сваіх паўнамоцтваў у Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь прыводзіцца да прысягі адзін раз.
Акт аб прынясенні прысягі падпісваецца суддзёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і захоўваецца ў асабовай справе суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Пасля прывядзення да прысягі суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь уручаюцца службовае пасведчанне суддзі, мантыя і іншыя прадметы з камплекта адзення, а таксама Кодэкс гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. Апісанне, узор, парадак і нормы забеспячэння мантыямі і іншымі прадметамі з камплекта адзення зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам.
ГЛАВА 8
АТЭСТАЦЫЯ СУДДЗЯЎ. КВАЛІФІКАЦЫЙНЫЯ КЛАСЫ СУДДЗЯЎ
Артыкул 87. Кваліфікацыйныя класы суддзяў
Для суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь устанаўліваюцца наступныя кваліфікацыйныя класы:
вышэйшы кваліфікацыйны клас 1-га рангу;
вышэйшы кваліфікацыйны клас 2-га рангу;
першы кваліфікацыйны клас;
другі кваліфікацыйны клас;
трэці кваліфікацыйны клас;
чацвёрты кваліфікацыйны клас;
пяты кваліфікацыйны клас.
Кваліфікацыйныя класы прысвойваюцца:
вышэйшы кваліфікацыйны клас 1-га рангу – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
вышэйшы кваліфікацыйны клас 2-га рангу – намесніку Старшыні і суддзям Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
…
Артыкул 89. Парадак прысваення і пазбаўлення кваліфікацыйнага класа
Прысваенне кваліфікацыйнага класа Старшыні, намесніку Старшыні і суддзям Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікам Старшыні і суддзям Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу, суддзям іншых судоў агульнай юрысдыкцыі – Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
…
Прысваенне кваліфікацыйнага класа Старшыні, намесніку Старшыні і суддзям Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікам Старшыні і суддзям Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца пасля выбрання іх на пасаду Усебеларускім народным сходам.
ГЛАВА 10
ДЫСЦЫПЛІНАРНАЯ АДКАЗНАСЦЬ СУДДЗЯЎ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 103. Падставы для прыцягнення суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці
Суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці:
за парушэнне патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні правасуддзя;
за парушэнне Кодэкса гонару суддзі Рэспублікі Беларусь;
за невыкананне правіл унутранага працоўнага распарадку, здзяйсненне іншага дысцыплінарнага ўчынку.
Артыкул 104. Меры дысцыплінарнага спагнання, якія могуць прымяняцца да суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Да суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь могуць прымяняцца наступныя меры дысцыплінарнага спагнання:
папярэджанне;
вызваленне ад пасады.
Пры прымяненні дысцыплінарнага спагнання ўлічваюцца характар парушэння і яго наступствы, цяжар учынку, асоба суддзі, ступень яго віны.
Артыкул 105. Тэрміны прымянення дысцыплінарных спагнанняў у дачыненні да суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
Дысцыплінарнае спагнанне да суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць прыменена не пазней за адзін год з дня выяўлення дысцыплінарнага ўчынку без уліку часу хваробы суддзі і (або) знаходжання ў адпачынку, але не пазней за два гады з дня здзяйснення ўчынку, а па выніках праверкі, праведзенай кампетэнтнымі органамі, – не пазней за два гады з дня здзяйснення дысцыплінарнага ўчынку. У названыя тэрміны не ўключаецца тэрмін судаводства па крымінальнай справе.
Калі на працягу аднаго года з дня прымянення дысцыплінарнага спагнання суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не будзе падвергнуты новаму дысцыплінарнаму спагнанню, ён лічыцца не маючым дысцыплінарнага спагнання.
Артыкул 106. Парадак прыцягнення суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці
Да разгляду Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь пытання аб прыцягненні суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ствараецца камісія з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь для правядзення службовага расследавання.
Камісія патрабуе ў суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да якога ўзнікла пытанне аб прыцягненні яго да дысцыплінарнай адказнасці, пісьмовае або вуснае тлумачэнне, а таксама дакументы, якія адносяцца да справы, прымае іншыя меры па ўстанаўленні наяўнасці або адсутнасці падстаў для прыцягнення суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці і ва ўстаноўлены Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь тэрмін рыхтуе і прадстаўляе адпаведнае заключэнне.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь склікае пасяджэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па пытанні аб прыцягненні суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці неадкладна пасля атрымання заключэння, прадстаўленага камісіяй.
Па выніках разгляду пытання аб прыцягненні суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне:
аб вынясенні суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь папярэджання;
аб наяўнасці падстаў для вызвалення суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад пасады і ўнясенні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прадстаўлення аб спыненні паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь для ўнясення ва ўстаноўленым парадку адпаведнай прапановы Усебеларускаму народнаму сходу;
аб адсутнасці падстаў для прыцягнення суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці.
Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па пытанні аб прыцягненні суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да дысцыплінарнай адказнасці павінна быць прынята не пазней за два месяцы з дня стварэння Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь камісіі для правядзення службовага расследавання.
ГЛАВА 11
ПРЫПЫНЕННЕ, АДНАЎЛЕННЕ І СПЫНЕННЕ ПАЎНАМОЦТВАЎ СУДДЗІ
Артыкул 107. Прыпыненне і аднаўленне паўнамоцтваў суддзі
Паўнамоцтвы суддзі прыпыняюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (паўнамоцтвы Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу) у выпадку ўзбуджэння ў дачыненні да суддзі крымінальнай справы, прыцягнення яго ў якасці падазраванага або абвінавачванага па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да іншых асоб або па факце ўчыненага злачынства, а таксама затрымання або прымянення да яго іншых мер працэсуальнага прымусу, звязаных з пазбаўленнем асабістай волі, – да ўступлення ў законную сілу прыгавора, пастановы (вызначэння) аб прымяненні ў дачыненні да суддзі прымусовых мер бяспекі і лячэння або пастановы (вызначэння) аб спыненні судаводства па крымінальнай справе.
Паўнамоцтвы суддзі аднаўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (паўнамоцтвы Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу) у выпадку, калі адпалі падставы для прыпынення паўнамоцтваў суддзі, прадугледжаныя часткай першай гэтага артыкула.
Пры наяўнасці падстаў для спынення паўнамоцтваў суддзі, прадугледжаных абзацамі шостым, сёмым, дзявятым – трынаццатым часткі першай, абзацамі шостым, сёмым, дзявятым – пятнаццатым часткі чацвёртай артыкула 108 гэтага Кодэкса, паўнамоцтвы Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь прыпыняюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь – да прыняцця Усебеларускім народным сходам рашэння па пытанні вызвалення названых асоб ад пасады. Пры гэтым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь уносіцца Усебеларускаму народнаму сходу прапанова аб вызваленні названых асоб ад пасады, папярэдне ўзгодненая з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
Паўнамоцтвы Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аднаўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадку няўзгаднення Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу прапановы, указанай у частцы трэцяй гэтага артыкула, або непрыняцця Усебеларускім народным сходам на бліжэйшым пасяджэнні адпаведнага рашэння.
За перыяд прыпынення паўнамоцтваў у адпаведнасці з гэтым артыкулам суддзі заработная плата не налічваецца, а выплачваецца штомесячная дзяржаўная дапамога ў выпадках, памеры і парадку, якія ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 108. Спыненне паўнамоцтваў суддзі
Паўнамоцтвы суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь могуць быць спынены ў выпадку:
адстаўкі;
падачы ім заявы аб вызваленні ад пасады па ўласным жаданні;
дасягнення гранічнага ўзросту знаходжання на пасадзе суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай другой артыкула 74 гэтага Кодэкса;
сканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў;
адмовы ад прынясення прысягі;
спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь з прычыны выхаду з грамадзянства або яго страты, атрымання грамадзянства (падданства) іншай дзяржавы, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь;
прызначэння (выбрання) на іншую пасаду або пераводу на іншую працу;
займання дзейнасцю, не сумяшчальнай з пасадай суддзі, незахавання абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай грамадзянскай службай;
грубага парушэння службовых абавязкаў, якое прызнаецца такім у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, здзяйснення ўчынку, не сумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай грамадзянскай службе;
уступленне ў законную сілу абвінаваўчага прыгавору;
уступлення ў законную сілу рашэння суда аб прызнанні суддзі абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным;
прызнання суддзі няздольным па стане здароўя выконваць абавязкі суддзі (пры наяўнасці медыцынскага заключэння);
смерці суддзі, абвяшчэння яго памерлым або прызнання без вестак адсутным рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу, – без прыняцця спецыяльнага рашэння.
Спыненне паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Усебеларускім народным сходам па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
Спыненне паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў тым ліку на падставе накіраванай Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь асабістай пісьмовай заявы суддзі аб адстаўцы або аб вызваленні ад пасады па ўласным жаданні, а таксама прадстаўлення Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па падставах, прадугледжаных абзацамі дзявятым і дзясятым часткі першай гэтага артыкула, або прадстаўлення Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь па іншых падставах, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула.
…
Працэдуру датэрміновага спынення паўнамоцтваў суддзі мае права ініцыяваць:
у дачыненні да Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
…
ГЛАВА 12
АДСТАЎКА СУДДЗІ
Артыкул 109. Адстаўка суддзі
Суддзя мае права на адстаўку ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам аб дзяржаўнай службе.
Артыкул 110. Правы і гарантыі суддзі, які выйшаў у адстаўку
За суддзёй, які выйшаў у адстаўку, захоўваюцца права ўдзелу ў дзейнасці органаў судзейскай супольнасці і іншыя гарантыі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Пры выхадзе суддзі ў адстаўку ў яго службовым пасведчанні ставіцца штамп «У адстаўцы» і ўказваецца дата пачатку адстаўкі.
Артыкул 111. Спыненне адстаўкі суддзі
Адстаўка суддзі спыняецца ў выпадку спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь, наўмыснага парушэння заканадаўства або здзяйснення ганебнага ўчынку, не сумяшчальных з высокім званнем суддзі.
Адстаўка суддзі спыняецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а адстаўка Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
…
Адстаўка суддзі спыняецца таксама ў сувязі са смерцю суддзі або абвяшчэннем яго ва ўстаноўленым парадку памерлым.
РАЗДЗЕЛ V
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЦІ СУДОЎ І ОРГАНАЎ СУДЗЕЙСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ
ГЛАВА 21
АРГАНІЗАЦЫЙНАЕ І МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ
Артыкул 173. Арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці судоў
Арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці судоў у межах дадзеных паўнамоцтваў ажыццяўляецца:
Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь – у дачыненні да Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь;
…
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй:
распрацоўваюць і ўносяць прапановы па пытаннях арганізацыі дзейнасці судоў Рэспублікі Беларусь і яе ўдасканальванні;
ажыццяўляюць з удзелам адпаведных судоў падбор і падрыхтоўку кандыдатаў у суддзі, павышэнне кваліфікацыі суддзяў і работнікаў Сакратарыята, апаратаў судоў;
арганізуюць работу па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні дзейнасці судоў і стварэнні належных умоў для іх дзейнасці, вядзенні судовай статыстыкі;
распрацоўваюць і ажыццяўляюць меры, накіраваныя на ўмацаванне незалежнасці суддзяў;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы па арганізацыйным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні дзейнасці судоў у адпаведнасці з заканадаўствам.
Адпаведныя мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы даюць судам неабходныя памяшканні, забяспечваючы іх пастаяннае тэхнічнае абслугоўванне.
Артыкул 174. Сакратарыят (апарат) суда
Сакратарыят (апарат) суда забяспечвае работу суда па ажыццяўленні правасуддзя, абагульненні судовай практыкі, аналізе судовай статыстыкі, сістэматызацыі заканадаўства, выкананні іншых функцый, а таксама ажыццяўляе меры па арганізацыйным забеспячэнні дзейнасці суда.
Старшыні судоў для непасрэднага забеспячэння ўскладзеных на іх паўнамоцтваў маюць памочнікаў.
Колькасць работнікаў Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, апаратаў судоў агульнай юрысдыкцыі ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні адпаведна Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Работнікі Сакратарыята (апарату) суда, за выключэннем асоб, якія ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне суда, з'яўляюцца дзяржаўнымі грамадзянскімі служачымі. Работнікі Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і апарату Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, якія з'яўляюцца дзяржаўнымі грамадзянскімі служачымі, прыраўноўваюцца па ўмовах аплаты працы, сацыяльна-бытавога, матэрыяльнага і іншага забеспячэння, медыцынскага абслугоўвання да адпаведных катэгорый работнікаў Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Упаўнаважаныя работнікі Сакратарыята (апарату) суда ў мэтах забеспячэння работы суда па ажыццяўленні правасуддзя маюць права ажыццяўляць паўнамоцтвы, прадугледжаныя абзацам чацвёртым часткі другой артыкула 71 гэтага Кодэкса.
ГЛАВА 22
ФІНАНСАВАННЕ СУДОЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. МАЁМАСЦЬ СУДОЎ
Артыкул 178. Фінансаванне судоў Рэспублікі Беларусь
Фінансаванне судоў Рэспублікі Беларусь павінна забяспечваць магчымасць эфектыўнага і незалежнага ажыццяўлення правасуддзя ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Фінансаванне судоў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама іншых крыніц у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Выдаткі на ўтрыманне судоў прадугледжваюцца ў рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год асобнымі радкамі.
Артыкул 179. Маёмасць судоў
Будынкі і іншыя памяшканні, а таксама транспартныя сродкі, аргтэхніка, сродкі сувязі і іншыя сродкі, неабходныя для забеспячэння дзейнасці судоў, не могуць выкарыстоўвацца для іншых мэт.
Пагаршэнне ўмоў размяшчэння судоў забараняецца.
Маёмасць, неабходная Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь, судам агульнай юрысдыкцыі для ажыццяўлення іх дзейнасці, з'яўляецца рэспубліканскай уласнасцю і знаходзіцца ў іх аператыўным кіраванні. Судам агульнай юрысдыкцыі для ажыццяўлення іх дзейнасці можа таксама перадавацца маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, паводле дагавораў бязвыплатнага карыстання.