Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
4 кастрычніка 2005 г. № З-189/2005
Аб рэалізацыі Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 27 верасня 2002 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезда за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу”
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З.
 
з удзелам прадстаўнiкоў:
 
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Кулакоўскага Ю.А., старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; Асмалоўскай Т.С., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; Арлова Л.К., намесніка начальніка ўпраўлення дзяржаўнага, адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
 
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Філановіча А.Г., саветніка-кансультанта ўпраўлення дзяржаўнага, адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
 
Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь – Бегуна А.Ю., першага намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь;
 
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь – Ланіна А.М., намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу аб рэалізацыі Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 27 верасня 2002 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезда за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу”.
 
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:
 
Вышкевiч В.М. – намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Козырава Л.Р. – намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Іваноўскі А.У. – намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Петраш А.С. – першы намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 5 верасня 2005 г. па прапанове Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкула 42 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 76 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
 
У прапанове Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь пастаўлена пытанне аб змяненні тэрмінаў рэалізацыі Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 27 верасня 2002 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезда за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу” (далей – Заключэнне ад 27 верасня 2002 г.). Прапанова Урада матывавана тым, што работы па стварэнню аўтаматызаванай сістэмы пагранічнага кантролю (далей – АСПК), якая дазваляе ажыццяўляць кантроль за асобамі, транспартнымі сродкамі і таварамі, што перасякаюць мяжу, а таксама па завяршэнню стварэння сістэмы ўліку, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублiкi Беларусь без прастаўлення адзнакі, да ўказанага ў Заключэнні ад 27 верасня 2002 г. тэрміну не могуць быць завершаны з прычыны іх недастатковага фінансавання.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шукліна В.З., прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, законаў, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, вывучыўшы меркаванні кампетэнтных дзяржаўных органаў, адказных за выкананне Заключэння ад 27 верасня 2002 г., і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У Заключэнні ад 27 верасня 2002 г. было адзначана, што нормы часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезда за мяжу, якія прадугледжваюць прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для часовага выезду за мяжу, не ў поўнай меры адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, паколькі абавязак прастаўлення адзнакі ў пашпарце, устаноўлены для ўсіх грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якія жадаюць часова выехаць за мяжу, абсалютная большасць якіх не мае абмежаванняў на выезд, змяншае іх правы і несуразмерны з каштоўнасцямі, што абараняюцца Канстытуцыяй.
 
Канстытуцыйны Суд указаў, што найбольш прымальным варыянтам, які дазваляе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь больш поўна рэалізаваць замацаванае ў артыкуле 30 Канстытуцыі права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакідаць Рэспублiку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, з’яўляецца ўстанаўленне такога парадку, пры якім агульнаграмадзянскі пашпарт, што адпавядае міжнародным стандартам, выкарыстоўваўся б для выезду за мяжу без прастаўлення адзнакі. Што датычыцца выключэння выезду за мяжу грамадзян, у адносінах да якіх устаноўлены часовыя абмежаванні, то гэтаму павінна садзейнічаць стварэнне сучаснай цэнтралізаванай сістэмы ўліку асоб, у адносінах да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам дапускаецца абмежаванне іх права на часовы выезд за мяжу.
 
У Заключэнні ад 27 верасня 2002 г. таксама ўказана, што прастаўленне ў пашпарце абавязковай адзнакі, якая мае тэрміновы і па сутнасці дазвольны характар, не вядзе да дасягнення тых мэт, што ставіліся Законам “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, паколькі рэальна могуць выязджаць за мяжу грамадзяне, у пашпартах якіх такія адзнакі адсутнічаюць, а таксама грамадзяне, у пашпартах якіх ёсць адпаведныя адзнакі, але абмежаванні на выезд узніклі пасля іх прастаўлення і адзнакі своечасова не ануляваны.
 
Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў, іншым дзяржаўным органам, упаўнаважаным на вырашэнне ўказаных пытанняў, у магчыма кароткія тэрміны, але не пазней 31 снежня 2005 г. завяршыць стварэнне такой сістэмы ўліку асоб, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублiкi Беларусь без прастаўлення адзнакі.
 
Прааналізаваўшы ход выканання Заключэння ад 27 верасня 2002 г., Канстытуцыйны Суд адзначае, што Саветам Міністраў і іншымі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі прымаліся пэўныя меры па яго рэалізацыі. У прыватнасці, з улікам тэрміну выканання Заключэння ад 27 верасня 2002 г. пяцігадовы тэрмін дзеяння адзнакі ў пашпарце для часовага выезду з Рэспублiкi Беларусь Саветам Міністраў 8 кастрычніка 2003 г. зменены на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў і ў залежнасці ад тэрміну дзеяння адзнакі ў пашпарце ўстаноўлены дыферэнцыраваныя размеры спагнання дзяржаўнай пошліны. Працягвалася работа па стварэнню АСПК, і колькасць пунктаў пропуску, абсталяваных такой сістэмай, павялічылася з 5 у 2002 годзе да 24 у 2005 годзе (усяго дзейнічае 59 пунктаў пропуску). У судовым пасяджэнні ўстаноўлена, што аператыўны кантроль у адносінах да асоб, якія маюць у адпаведнасці з заканадаўствам абмежаванні іх права на выезд за мяжу, ажыццяўляецца як у пунктах пропуску, абсталяваных АСПК, так і ў пунктах пропуску, дзе АСПК адсутнічае.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Заключэнне ад 27 верасня 2002 г. прымалася ў перыяд, калі ў Рэспублiцы Беларусь рэалізоўваліся дзяржаўныя праграмы, якія прадугледжваюць стварэнне АСПК, у прыватнасці Дзяржаўная праграма па ўзмацненню барацьбы са злачыннасцю на 2001 – 2003 гады, зацверджаная Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 15 мая 2001 г. № 266, і Комплексная праграма развіцця прыгранічнай інфраструктуры Рэспублiкi Беларусь, адобраная пастановай Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 14 красавіка 1999 г. № 515. У перыяд 2002 – 2005 гадоў рэалізоўваліся адпаведныя праграмы ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у ліку задач якіх таксама прадугледжвалася развіццё сувязі і аснашчэнне пунктаў пропуску тэхнічнымі сродкамі пагранічнага кантролю. Акрамя таго, пастановай Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 4 лістапада 2004 г. № 1397 была зацверджана Дзяржаўная праграма стварэння сумеснай інтэграванай тэлекамунікацыйнай сеткі Дзяржаўнага мытнага камітэта і Дзяржаўнага камітэта пагранічных войск на 2004 – 2006 гады.
 
У адпаведнасці з артыкулам 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
 
Устанаўліваючы ў Заключэнні ад 27 верасня 2002 г. больш чым трохгадовы тэрмін яго выканання, Канстытуцыйны Суд максімальна ўлічыў довады ўдзельнікаў судовага пасяджэння і зыходзіў з таго, што ва ўказаны перыяд упаўнаважаныя дзяржаўныя органы былі абавязаны выканаць дадзенае Заключэнне ў рамках дзяржаўных праграм, якія прадугледжваюць увядзенне АСПК у пунктах пропуску. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што законапаслухмяныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры прастаўленні адзнакі ў пашпарце пасля прыняцця Заключэння ад 27 верасня 2002 г. арыентаваліся на ўстаноўленыя ў ім тэрміны (гэта значыць да 31 снежня 2005 г.), а таксама тэрміны, прадугледжаныя адпаведнымі праграмамі, лічачы, што ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы прымуць усе неабходныя меры для яго выканання. Тым больш, што з улікам тэрмінаў выканання Заключэння ад 27 верасня 2002 г. Урад ужо ў кастрычніку 2003 г. замест пяцігадовага тэрміну дзеяння адзнакі ў пашпарце ўстанавіў дэферэнцыраваны тэрмін – ад аднаго года да пяці гадоў.
 
Аднак, як вынікае з матэрыялаў, прадстаўленых Канстытуцыйнаму Суду, дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на вырашэнне ўказаных пытанняў, не прынялі ў поўным аб’ёме неабходных мер па выкананню Заключэння ад 27 верасня 2002 г. і не завяршылі работы па стварэнню такой сістэмы ўліку, прымяненне якой дазволіла б выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублікі Беларусь без прастаўлення адзнакі, не адшукваліся для гэтага і дадатковыя крыніцы фінансавання.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прастаўленне адзнакі ў пашпарце з’яўляецца толькі частковай мерай выяўлення асоб, у адносінах да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам узніклі часовыя абмежаванні для выезду за межы Рэспублікі Беларусь. Як было ўстаноўлена Канстытуцыйным Судом у судовым пасяджэнні, з больш чым 350 тысяч грамадзян, якія звярнуліся ў органы ўнутраных спраў за прастаўленнем адзнакі ў 2004 годзе, толькі 514 у афармленні дакументаў на выезд было адмоўлена. Аднак і пасля прастаўлення адзнакі ў пашпарце абмежаванні на выезд маглі ўзнікнуць для асоб, якія валодаюць звесткамі, што складаюць дзяржаўную тайну; асоб, у адносінах да якіх узбуджана крымінальная справа; асоб, асуджаных за ўчыненне злачынства, і інш. (артыкул 5 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”). Указаныя асобы могуць быць своечасова выяўлены толькі пры ажыццяўленні належнага кантролю на граніцы, паколькі нават пры наяўнасці адзнак у пашпартах грамадзянам на пунктах пагранічнага кантролю можа быць адмоўлена ў выездзе за межы Рэспублікі Беларусь, у сувязі з тым што за перыяд дзеяння адзнак у пашпартах (ад аднаго года да пяці гадоў) маглі ўзнікнуць акалічнасці, якія перашкаджаюць іх выезду. Даныя Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь сведчаць аб тым, што ануляванне адзнак у пашпартах грамадзян ажыццяўляецца толькі праз адзін-тры месяцы з дня ўзнікнення такіх акалічнасцей. Канстытуцыйны Суд лічыць, што наяўная практыка анулявання адзнак (на працягу, як правіла, трох месяцаў) у пашпартах асоб, у адносінах да якіх у сілу закона ўзніклі абмежаванні на часовы выезд з Рэспублiкi Беларусь, значна зніжае эфектыўнасць існуючай сістэмы кантролю.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што хаця адзнака ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не выконвае ў поўнай меры функцыю кантролю, але ва ўмовах адсутнасці эфектыўнай сістэмы ўліку асоб, у адносінах да якіх устаноўлены часовыя абмежаванні на выезд за мяжу, яе прастаўленне можа быць захавана на сучасным этапе ў якасці дапаможнай меры кантролю, што дапаўняе пагранічны кантроль.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкулам 42 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулам 76 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь, прымаючы 27 верасня 2002 г. Заключэнне, якое датычыцца прастаўлення ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адзнакі для выезду за межы Рэспублікі Беларусь, і арыентуючыся на неабходнасць забеспячэння балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, максімальна ўлічыў прапановы ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, адказных за рэалізацыю на практыцы канстытуцыйнай нормы аб свабодзе перамяшчэння пры выездзе з Рэспублікі Беларусь і ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, адносна тэрмінаў стварэння сістэмы ўліку асоб, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублікі Беларусь без прастаўлення адзнакі, устанавіўшы пры гэтым больш чым трохгадовы тэрмін для яго выканання.
 
2. Прызнаць, што дзяржаўныя органы, адказныя за выкананне Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 27 верасня 2002 г., не прынялі ўсіх неабходных мер па яго своечасовай рэалізацыі.
 
3. Зыходзячы з неабходнасці абароны дзяржаўных і асабістых інтарэсаў і з улікам звароту Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь, падтрыманага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – ініцыятарам узбуджэння ў 2002 годзе вядзення па справе аб праверцы канстытуцыйнасці адпаведных нарматыўных прававых актаў, прадоўжыць тэрмін выканання Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 27 верасня 2002 г. да стварэння адпаведнай сістэмы ўліку асоб, якія правамерна абмежаваны ў выездзе з Рэспублiкi Беларусь і ўездзе ў Рэспублiку Беларусь, маючы пры гэтым на ўвазе, што іменна органы, падпарадкаваныя Савету Міністраў Рэспублiкi Беларусь, у сілу патрабаванняў артыкулаў 2, 30, 59 і іншых артыкулаў Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь адказныя перад грамадзянамі Рэспублiкi Беларусь за больш хуткае забеспячэнне ў поўным аб’ёме канстытуцыйнага права на свабоду перамяшчэння.
 
4. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублiкi Беларусь і падведамасным яму органам, адказным за рэалізацыю на практыцы канстытуцыйнай нормы аб свабодзе перамяшчэння:
 
інфармаваць грамадзян аб перспектывах адмены ў будучым адзнакі ў пашпарце і магчымым прававым рэгуляванні парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь;
 
на перыяд захавання адзнак у пашпартах для выезду за мяжу прыняць дадатковыя меры па спрашчэнню парадку іх прастаўлення (у тым ліку і скарачэнню тэрмінаў, на працягу якіх павінны быць прыняты адпаведныя рашэнні), асабліва ў адносінах да тых грамадзян, у пашпартах якіх раней адзнакі былі прастаўлены і не ануляваны.
 
5. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
6. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч