Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
7 верасня 2005 г. № Р-188/2005
7 верасня 2005 г. № Р-188/2005
Аб удасканальванні жыллёвага заканадаўства ў частцы прадастаўлення жылых памяшканняў ва ўласнасць замест жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў многакватэрным жылым доме і прызнаны непрыгоднымі для пражывання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот намесніка старшыні Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта аб прававым рэгуляванні адносін, што датычацца перадачы жылых памяшканняў у прыватную ўласнасць грамадзянам замест жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў іх уласнасці ў многакватэрным жылым доме і прызнаны непрыгоднымі для пражывання.
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Жыллёвага кодэкса і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія датычацца пытанняў, што даследуюцца, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з часткай трэцяй артыкула 44 Канстытуцыі ўласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.
У артыкуле 105 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ЖК) прадугледжана, што калі грамадзяніну на праве ўласнасці належыць жылое памяшканне, якое знаходзіцца ў многакватэрным жылым доме, і гэты дом (жылое памяшканне) знаходзіцца ў аварыйным стане або пагражае абвалам, падлягае пераабсталяванню ў нежылы або падлягае зносу ў сувязі з канфіскацыяй зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб, то прадпрыемствам, установай, арганізацыяй, якім адводзіцца зямельны ўчастак ці прызначаецца жылы дом (жылое памяшканне), што падлягае пераабсталяванню, прадастаўляецца гэтаму грамадзяніну сумесна з членамі яго сям'і ва ўласнасць жылое памяшканне, раўнацэннае па ўпарадкаванасці, па агульнай плошчы не менш раней займаемага жылога памяшкання і адпавядаючае патрабаванням артыкула 73 ЖК, ці па яго жаданню выплачваецца грашовая кампенсацыя за жылое памяшканне, якое належала яму на праве ўласнасці, вызначаная на падставе заключэння экспертызы аб кошце жылога памяшкання.
Са зместу ўказанага артыкула бачыцца, што ўласніку жылога памяшкання, якое знаходзіцца ў многакватэрным жылым доме, замест гэтага жылога памяшкання прадастаўляецца іншае жылое памяшканне ва ўласнасць сумесна з членамі яго сям'і толькі ў выпадках, калі дом (жылое памяшканне):
знаходзіцца ў аварыйным стане або пагражае абвалам;
падлягае пераабсталяванню ў нежылое;
падлягае зносу ў сувязі з канфіскацыяй зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 1999 г. № 1392 «Аб парадку абследавання стану жылых памяшканняў, прызнання іх не адпавядаючымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыгоднымі для пражывання» ўмовы, пры якіх жылыя памяшканні прызнаюцца не адпавядаючымі санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыгоднымі для пражывання, устанаўліваюцца Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі па ўзгадненню з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрствам аховы здароўя. У падпункце 2.2 пункта 2 і пункце 6 пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2000 г. № 4 «Аб зацвярджэнні ўмоў, пры якіх жылыя памяшканні прызнаюцца не адпавядаючымі санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыгоднымі для пражывання» вызначана, што непрыгоднымі для пражывання прызнаюцца жылыя памяшканні, калі фактычны знос мураваных жылых дамоў звыш 70%, а жылых дамоў драўляных і са сценамі з іншых матэрыялаў з фактычным зносам звыш 65%, а таксама ў выпадку аварыйнага стану жылых памяшканняў, устараненне якога немагчыма.
Згодна з пунктамі 11 і 12 Палажэння аб парадку абследавання стану жылых памяшканняў, прызнання іх не адпавядаючымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыгоднымі для пражывання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 1999 г. № 1392, калі жылое памяшканне прызнаецца выканаўчым або распарадчым органам не адпавядаючым устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням і непрыгодным для пражывання, то ўказаны орган уносіць у абласны (Мінскі гарадскі) выканаўчы камітэт прапанову аб аднаўленні жылых памяшканняў для выкарыстання па назначэнню, пераабсталяванні для выкарыстання ў іншых мэтах (пераводзе ў нежылое) або зносе непрыгоднага для пражывання жылога памяшкання. Пры гэтым рашэнне ўзгадняецца з уласнікам ці юрыдычнай асобай, у гаспадарчым веданні або аператыўным кіраванні якой знаходзіцца такое памяшканне.
Абласны (Мінскі гарадскі) выканаўчы камітэт разглядае прадстаўленыя матэрыялы і прымае рашэнне аб аднаўленні для выкарыстання па назначэнню, пераабсталяванні для выкарыстання ў іншых мэтах (пераводзе ў нежылое) або зносе непрыгоднага для пражывання жылога памяшкання.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў ЖК не ў поўнай меры ўрэгуляваны парадак і падставы (умовы) прызнання жылых памяшканняў непрыгоднымі для пражывання па санітарных і тэхнічных патрабаваннях і прававыя вынікі такога прызнання, аб чым сведчаць пытанні, якія ўзнікаюць на практыцы.
Разам з тым сістэмнае тлумачэнне прыведзеных норм дазваляе зрабіць вывад аб тым, што калі жылое памяшканне, якое знаходзіцца ў многакватэрным жылым доме і належыць на праве ўласнасці грамадзяніну, прызнана ва ўстаноўленым парадку непрыгодным для пражывання і не падлягаючым аднаўленню, а падлягае пераабсталяванню ў нежылое памяшканне або зносу, то грамадзяніну-ўласніку сумесна з членамі яго сям’і прадастаўляецца ва ўласнасць іншае жылое памяшканне, раўнацэннае па ўпарадкаванасці, па агульнай плошчы не менш раней займаемага жылога памяшкання, у межах дадзенага населенага пункта ці па яго жаданню выплачваецца грашовая кампенсацыя за жылое памяшканне, якое належала яму на праве ўласнасці.
Напрыклад, калі ўласнік (склад сям’і чатыры чалавекі) пражывае ў аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 30,26 кв.м многакватэрнага жылога дома і ўказаная кватэра прызнана ва ўстаноўленым парадку непрыгоднай для пражывання і падлягаючай пераабсталяванню ў нежылое памяшканне, то ўласніку сумесна з членамі яго сям’і павінна быць прадастаўлена на праве ўласнасці аднапакаёвая кватэра агульнай плошчай не менш як 30,26 кв.м.
Такім чынам, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, палажэнні артыкула 105 ЖК прымяняюцца і ў выпадках прызнання ва ўстаноўленым парадку жылых памяшканняў непрыгоднымі для пражывання па санітарных і тэхнічных патрабаваннях у сувязі з іх аварыйным станам або зносам.
Акрамя таго, заканадаўствам устаноўлена, што ўласнік у такім выпадку мае права адмовіцца ад кватэры, якая прадастаўляецца, і патрабаваць грашовую кампенсацыю, вызначаную на падставе заключэння экспертызы аб кошце жылога памяшкання, непрыгоднага для пражывання (частка першая артыкула 105 ЖК). Разам з тым калі ўласніку выдзяляецца кватэра агульнай плошчай, якая перавышае размер займаемай кватэры, то ні ЖК, ні іншыя акты заканадаўства не прадугледжваюць спагнання з уласніка розніцы ў кошце непрыгоднай для пражывання і кватэры, якая прадастаўляецца.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што недасканаласць жыллёвага заканадаўства, наяўнасць прабелаў, у прыватнасці адсутнасць у ЖК пераліку падстаў (умоў) прызнання жылых памяшканняў непрыгоднымі для пражывання па санітарных і тэхнічных патрабаваннях і прававых вынікаў такога прызнання, не толькі ўскладняюць прымяненне на практыцы норм права, але і не забяспечваюць у поўнай меры абарону жыллёвых правоў і законных інтарэсаў як уласніка, так і дзяржавы.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае неабходнасць належнага прававога рэгулявання парадку і падстаў (умоў) прадастаўлення жылых памяшканняў ва ўласнасць у выпадках прызнання непрыгоднымі для пражывання жылых памяшканняў, якія належаць грамадзянам на праве ўласнасці і знаходзяцца ў многакватэрным жылым доме, у прыватнасці у сувязі з іх аварыйным станам або зносам, шляхам удасканальвання палажэнняў ЖК.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з таго, што прававыя прадпісанні і заснаваныя на іх рашэнні павінны базіравацца на прынцыпах разумнасці і справядлівасці з максімальным улікам прыватных і публічных інтарэсаў, лічыць магчымым прапанаваць заканадаўцу прадугледзець правіла, у адпаведнасці з якім па жаданню ўласніка яму можа быць прадастаўлена жылое памяшканне большага размеру з аплатай кошту плошчы, што перавышае размер раней займаемага і прызнанага непрыгодным для пражывання жылога памяшкання.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 36, 38, 40, 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах больш поўнай абароны жыллёвых правоў грамадзян-уласнікаў і законных інтарэсаў дзяржавы прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прадугледзець у Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь належнае прававое рэгуляванне парадку і падстаў (умоў) прадастаўлення жылых памяшканняў у выпадках прызнання жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў многакватэрным жылым доме і належаць грамадзянам на праве ўласнасці, не адпавядаючымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням і непрыгоднымі для пражывання ў сувязі з іх аварыйным станам або зносам.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч