Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 ліпеня 2005 г. № Р-187/2005
14 ліпеня 2005 г. № Р-187/2005
Аб удасканальванні заканадаўства аб выплаце дапамог па часовай непрацаздольнасці
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы звароты грамадзян па пытаннях, якія датычацца выплаты дапамог па часовай непрацаздольнасці, устанавіў наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» (далей – Закон) дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ўяўляе сабой сістэму пенсій, дапамог і іншых выплат грамадзянам Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў дзяржаўных страхавых фондаў у выпадках, прадугледжаных Законам.
Часткай першай артыкула 11 Закона ўстаноўлена, што ўмовы, размеры і парадак назначэння і ажыццяўлення выплат па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгуляе пытанні дзяржаўнага сацыяльнага страхавання па адпаведнаму страхавому выпадку.
Парадак забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці (акрамя дапамог па часовай непрацаздольнасці ў сувязі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесіянальнымі захворваннямі) вызначаны ў Палажэнні аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 1997 г. № 1290 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 4 красавіка 2002 г. № 421, з дапаўненнямі і змяненнямі ад 12 снежня 2003 г. № 1606) (далей – Палажэнне).
Агульны парадак вылічэння дапамог па часовай непрацаздольнасці прадугледжаны ў пункце 31 Палажэння, згодна з якім дапамогі вылічаюцца з сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заработку за 2 каляндарныя месяцы, якія папярэднічаюць месяцу, у якім наступіла часовая непрацаздольнасць, водпуск па цяжарнасці і родах.
Для індывідуальных прадпрымальнікаў устаноўлены іншы парадак вылічэння дапамог па часовай непрацаздольнасці. Згодна з часткай першай пункта 39 Палажэння індывідуальным прадпрымальнікам, членам сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчым работнікам дапамогі вылічаюцца з даходу (заработку), з якога выплачаны страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, за 12 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу наступлення выпадкаў часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў. Указаным асобам, што ажыццяўляюць дзейнасць (працуюць) менш за 12 каляндарных месяцаў, дапамогі вылічаюцца з даходу (заработку), з якога выплачаны страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, за перыяд з дня дзяржаўнай рэгістрацыі (калі яны падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню) і з дня рэгістрацыі ў якасці плацельшчыкаў страхавых узносаў у органах Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь (калі яны падлягаюць сацыяльнаму страхаванню пры ўмове выплаты страхавых узносаў) да дня наступлення выпадкаў часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў. Сярэднядзённы даход (заработак) вызначаецца шляхам дзялення даходу (заработку), з якога выплачаны страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, за адпаведны перыяд на каляндарныя дні гэтага перыяду.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў Палажэнні прадугледжаны розныя падыходы да вызначэння максімальных размераў дапамог па часовай непрацаздольнасці. Так, у пункце 44 Палажэння вызначана, што максімальны размер дапамог, вылічаных у адпаведнасці з Палажэннем, акрамя дапамог, вылічаных у адпаведнасці з пунктамі 39 і 40 Палажэння, за каляндарны месяц па кожнаму месцу работы ўстанаўліваецца ў размеры трохкратнай велічыні сярэдняй заработнай платы рабочых і служачых у рэспубліцы ў месяцы, які папярэднічае кожнаму месяцу часовай непрацаздольнасці, водпуску па цяжарнасці і родах. Разам з тым для індывідуальных прадпрымальнікаў, згодна з часткай трэцяй пункта 39 Палажэння, размер дапамогі па аднаму выпадку часовай непрацаздольнасці або па цяжарнасці і родах (акрамя дапамогі па цяжарнасці і родах, вылічанай у мінімальным размеры, устаноўленым часткай чацвёртай пункта 27 Палажэння) не павінен перавышаць 70 працэнтаў ад сумы страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне, выплачаных у перыяд, за які вызначаецца сярэднядзённы даход (заработак).
Такім чынам, парадак вылічэння размеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці, якая належыць да выплаты, а таксама максімальныя размеры яе выплаты для індывідуальных прадпрымальнікаў адрозніваюцца ад агульнага парадку вылічэння і выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці, устаноўленага для іншых грамадзян, якія працуюць.
У той жа час індывідуальныя прадпрымальнікі, як і іншыя работнікі, падлягаюць абавязковаму сацыяльнаму страхаванню, за выключэннем пералічаных у артыкуле 7 Закона выпадкаў, калі сацыяльнае страхаванне праводзіцца на добраахвотных пачатках.
Размеры абавязковых страхавых узносаў для мэт пенсіённага страхавання вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абавязковых страхавых узносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь» і складаюць: для работадаўцаў – 29 працэнтаў; для работадаўцаў, занятых вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, аб'ём якой складае больш за 50 працэнтаў агульнага аб'ёму вырабленай прадукцыі, – 24 працэнты; для калегій адвакатаў – 8 працэнтаў; для фізічных асоб, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, – 30 працэнтаў; для членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак – 25 працэнтаў; для грамадзян, якія працуюць, акрамя членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, – 1 працэнт (частка першая артыкула 3).
Размер абавязковых страхавых узносаў па страхаванню на выпадак часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў, нараджэння дзіцяці, догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў, прадастаўлення аднаго свабоднага ад работы дня ў месяц маці, якая выхоўвае дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, смерці застрахаванага або члена яго сям'і (сацыяльнае страхаванне) для работадаўцаў і фізічных асоб, што самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, а таксама членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак складае 6 працэнтаў, для калегій адвакатаў – 2 працэнты (частка другая артыкула 3 дадзенага Закона).
Згодна з пунктам 81 Палажэння аб выплаце абавязковых страхавых узносаў і іншых плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2000 г. № 318 (са змяненнямі і дапаўненнямі), індывідуальныя прадпрымальнікі з дня дзяржаўнай рэгістрацыі выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы на выпадкі:
дасягнення пенсіённага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля (далей – пенсіённае страхаванне) у размеры 30 працэнтаў ад вызначаемага імі даходу, але не менш за суму названых узносаў, вылічаную ў тым жа размеры з велічыні зацвярджаемага ва ўстаноўленым парадку бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва;
часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў, нараджэння дзіцяці, догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў, смерці застрахаванага або члена яго сям’і (далей – сацыяльнае страхаванне) у размеры 6 працентаў ад вызначаемага імі даходу, але не менш за суму названых узносаў, вылічаную ў тым жа размеры з велічыні зацвярджаемага ва ўстаноўленым парадку бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Такім чынам, індывідуальныя прадпрымальнікі разам з работадаўцамі і грамадзянамі, якія працуюць, а таксама іншымі фізічнымі асобамі, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў дзяржаўныя страхавыя фонды, удзельнічаюць у фарміраванні сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на ўмовах і ў парадку, устаноўленых заканадаўчымі актамі.
Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.
Асноўнымі прынцыпамі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, замацаванымі ў артыкуле 2 Закона «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», з’яўляюцца: удзел наймальнікаў, грамадзян, якія працуюць, і фізічных асоб, што самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, у стварэнні дзяржаўных страхавых фондаў; размеркаванне сродкаў ад працаздольных грамадзян да непрацаздольных, ад тых, хто працуе, да тых, хто не працуе; гарантаванасць пенсій, дапамог і іншых выплат у адпаведнасці з заканадаўствам; роўнасць грамадзян Рэспублiкi Беларусь незалежна ад сацыяльнага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, мовы, роду заняткаў, месца жыхарства ў праве на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне; дыферэнцыяцыя ўмоў і размераў пенсій, дапамог і іншых выплат па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пункт 39 Палажэння супярэчыць прынцыпу роўнасці грамадзян Рэспублiкi Беларусь у праве на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне незалежна ад сацыяльнага становішча і роду заняткаў і не адпавядае артыкулам 22 і 23 Канстытуцыі, якімі адпаведна вызначана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі, артыкулам 7 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у мэтах рэалізацыі палажэнняў, замацаваных у артыкулах 22, 23 і 47 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, забяспечыць роўны падыход да рэгулявання парадку вылічэння і выплаты дапамог па часовай непрацаздольнасці ў адносінах да ўсіх асоб, якія падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, незалежна ад сферы іх дзейнасці.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч