Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
24 чэрвеня 2005 г. № Р-186/2005
24 чэрвеня 2005 г. № Р-186/2005
Аб прапановах па прымяненню норм заканадаўства аб амністыі
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты асуджаных са скаргамі на непрымяненне да іх амністыі, устанавіў наступнае.
Артыкулам 10 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 8 студзеня 2004 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” прадугледжана магчымасць вызвалення ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год:
асоб, якім назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі;
асоб, якім назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 55 Крымінальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей – КК), і асоб, умоўна асуджаных да пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем асуджанага да працы (артыкул 231 КК 1960 г.);
асоб, якім неадбытая частка пазбаўлення волі заменена пакараннем ў выглядзе абмежавання волі або папраўчых работ (артыкул 91 КК), і асоб, якія ўмоўна вызвалены з месцаў пазбаўлення волі з абавязковым прыцягненнем асуджанага да працы (артыкул 512 КК 1960 г.);
ваеннаслужачых, якім назначана пакаранне ў выглядзе накіравання ў дысцыплінарную воінскую часць.
Указаным артыкулам прадугледжана таксама магчымасць вызвалення ад пакарання вышэйпералічаных асоб, у якіх на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш за адзін год.
Згодна з артыкулам 13 вышэйназванага Закона пад яго дзеянне падпадаюць асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу гэтага Закона, як асуджаныя, так і не асуджаныя судамі Рэспублiкi Беларусь, асобы, прыгаворы ў адносінах да якіх разглядаюцца ў касацыйным або наглядным парадку. Пад дзеянне ж артыкула 10 дадзенага Закона падпадаюць асуджаныя, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу гэтага Закона і ў адносінах да якіх прыгаворы пастаноўлены да заканчэння тэрміну, устаноўленага артыкулам 22 гэтага ж Закона.
Аналагічныя палажэнні змяшчаюцца ў адпаведных артыкулах Закона Рэспублiкi Беларусь ад 5 мая 2005 г. “Аб амністыі ў сувязі з 60-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў”.
У Канстытуцыйны Суд паступаюць скаргі асуджаных на непрымяненне да іх амністыі ў выглядзе скарачэння тэрміну адбывання назначанага пакарання на адзін год у тых выпадках, калі прыгаворы ў адносінах да іх былі вынесены да прыняцця закона аб амністыі ці ў перыяд яго выканання, а затым адмяняліся ў наглядным парадку і новыя прыгаворы пастанаўляліся пасля заканчэння тэрміну, адведзенага на выкананне закона аб амністыі.
Па пытаннях, звязаных з прымяненнем законаў аб амністыі, Канстытуцыйным Судом ужо прымаліся рашэнні, якія знаходзілі падтрымку як Парламента Рэспублікі Беларусь, так і Пракуратуры Рэспублікі Беларусь і ў далейшым атрымлівалі рэалізацыю ў саміх законах аб амністыі.
У рашэнні ад 17 лістапада 2000 г. Канстытуцыйным Судом сфармулявана пазіцыя, згодна з якой права на амністыю маюць асуджаныя, у адносінах да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем). Рашэннем ад 11 студзеня 2002 г. Канстытуцыйным Судом пацверджана права на амністыю асуджаных, у адносінах да якіх прыгаворы, што ўступілі ў законную сілу, пераглядаліся ў парадку нагляду.
Дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда замацавана ў законах аб амністыі, прынятых 15 ліпеня 2002 г., 8 студзеня 2004 г. і 5 мая 2005 г.
У сувязі з паступленнем у Канстытуцыйны Суд скарг асуджаных на непрымяненне да іх артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2004 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” (далей – Закон ад 8 студзеня 2004 г.) у тых выпадках, калі прыгаворы, вынесеныя ў адносінах да іх да ўступлення ў сілу закона аб амністыі або ў перыяд яго выканання, пераглядаліся, а новыя прыгаворы пастанаўляліся пасля заканчэння тэрміну, адведзенага на выкананне закона аб амністыі, Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне ад 9 лістапада 2004 г., якое накіравана Генеральнаму пракурору Рэспублiкi Беларусь. У рашэнні зноў звернута ўвага на тое, што асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу закона аб амністыі і асуджаныя да або ў перыяд выканання гэтага закона, маюць права на амністыю, нават калі ў далейшым прыгаворы ў адносінах да іх пераглядаліся. Дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда падтрымана Пракуратурай Рэспублікі Беларусь, і пытанне аб прымяненні амністыі вырашана станоўча ў адносінах да канкрэтных асоб, па скаргах якіх прынята ўказанае рашэнне (пісьмо ад 10 лютага 2005 г. № 17/102-2004 (4,5-2005).
Разам з тым скаргі асуджаных, якія працягваюць паступаць у Канстытуцыйны Суд, сведчаць аб адмаўленні ім у праве на амністыю ў вышэйуказаных выпадках. Так, Ж. і Т. былі асуджаны 24 снежня 2003 г., гэта значыць яшчэ да прыняцця Закона ад 8 студзеня 2004 г., але прыгавор у адносінах да іх адменены ў наглядным парадку, а новы прыгавор пастаноўлены пасля заканчэння тэрміну выканання ўказанага Закона. Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля, які вынес паўторны прыгавор у адносінах да гэтых асоб, прымяніў да іх артыкул 10 Закона, што прадугледжвае скарачэнне тэрміну пакарання на адзін год. З такім рашэннем пагадзілася і судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда. Аднак прэзідыум гэтага ж суда выключыў з прыгавору ўказанне на прымяненне да Ж. і Т. амністыі, спаслаўшыся на тое, што паўторны прыгавор суда быў вынесены пасля заканчэння шасці месяцаў, гэта значыць тэрміну, адведзенага для выканання закона аб амністыі. Скаргі асуджаных у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь на непрымяненне да іх артыкула 10 Закона ад 8 студзеня 2004 г. пакінуты без задавальнення.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такі падыход правапрымяняльніка знаходзіцца ў супярэчнасці з палажэннем часткі першай артыкула 13 Закона ад 8 студзеня 2004 г., згодна з якім пад дзеянне гэтага Закона падпадаюць асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення яго ў сілу, як асуджаныя, так і не асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь, асобы, прыгаворы ў адносінах да якіх разглядаюцца ў касацыйным або наглядным парадку.
Канстытуцыйны Суд прызнае відавочным той факт, што асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу Закона ад 8 студзеня 2004 г. і асуджаныя да або ў перыяд выканання гэтага Закона, ужо набылі права на амністыю, якое не можа быць абмежавана той акалічнасцю, што вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы ў далейшым адмяняліся, а новыя прыгаворы пастанаўляліся ўжо пасля заканчэння тэрміну выканання Закона аб амністыі. Прыняцце такога рашэння адпавядае частцы трэцяй артыкула 20 дадзенага Закона, якая дапускае магчымасць прымянення амністыі і пасля заканчэння шасцімесячнага тэрміну, ўстаноўленага ў артыкуле 22 Закона. На гэтую акалічнасць Канстытуцыйны Суд ужо звяртаў увагу ў сваіх рашэннях.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці такі падыход павінен быць забяспечаны і ва ўсіх аналагічных выпадках прымянення законаў аб амністыі.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь і Пракуратуры Рэспублiкi Беларусь забяспечыць аднастайную практыку прымянення законаў аб амністыі, у адпаведнасці з якімі асобы, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення ў сілу закона аб амністыі і асуджаныя да ўступлення яго ў законную сілу або ў перыяд яго выканання, маюць права на скарачэнне тэрміну пакарання на адзін год незалежна ад таго, што вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы ў далейшым адмяняліся, а новыя прыгаворы былі пастаноўлены пасля заканчэння тэрміну выканання закона аб амністыі, таму што гэтыя асобы ўжо набылі па закону права на амністыю.
2. Накіраваць скаргі асуджаных, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд, у Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь і Пракуратуру Рэспублiкi Беларусь для прыняцця рашэння аб прымяненні амністыі ў адпаведнасці з законам і рашэннямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь па дадзенаму пытанню.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч