Пасланнi Канстытуцыйнага Суда

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Вярхоўнаму Савету 
Рэспублікі Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 1995 ГОДЗЕ

Аналiз сiтуацыi, што склалася ў Рэспублiцы Беларусь у 1995 годзе, сведчыць аб тым, што крызiс, якi ахапiў практычна ўсе сферы грамадства, не быў пераадолены. Працягваўся спад вытворчасцi, знiжаўся жыццёвы ўзровень большасцi насельнiцтва. Абвастрылася крымiнагенная абстаноўка. Правы i свабоды грамадзян, абвешчаныя Канстытуцыяй i законамi, забяспечвалiся не ў поўнай меры.

Парламенцкi крызiс, якi зацягнуўся, прывёў да таго, што ў рэспублiцы нейкi час фактычна не функцыянаваў Вярхоўны Савет – вышэйшы прадстаўнiчы i адзiны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады. Па гэтай прычыне быў паралiзаваны заканатворчы працэс, аслаблены кантроль за выкананнем законаў. На практыцы законы сталi падмяняцца падзаконнымi актамi. Парушаўся канстытуцыйны прынцып падзелу ўладаў, не было належнага ўзаемадзеяння памiж заканадаўчай i выканаўчай уладамi.

Гэты i iншыя фактары негатыўна ўплывалi на фармiраванне ў рэспублiцы асноў прававой дзяржавы, абвешчанай Канстытуцыяй.

У такiх умовах Канстытуцыйны cуд ажыццяўляў дзейнасць па абароне канстытуцыйнага ладу, забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыi, сцвярджэнню канстытуцыйнай законнасцi ў рэспублiцы.

I

У 1995 г. Судом праверана на прадмет адпаведнасцi Канстытуцыi 26 нарматыўных актаў, у тым лiку 7 законаў, 2 пастановы Вярхоўнага Савета, 14 указаў Прэзiдэнта i 3 пастановы Урада. Iнiцыятарамi разгляду спраў з'ўлялiся: Старшыня Вярхоўнага Савета – па 7 справах, дэпутаты Вярхоўнага Савета – па 3, Прэзiдэнт – па 2, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, в. а. Генеральнага пракурора – па 3. Дзве справы Канстытуцыйны суд узбудзiў па ўласнай iнiцыятыве. Прызнаны неадпаведнымi Канстытуцыi поўнасцю цi часткова 16 нарматыўных актаў: 4 законы, 1 пастанова Вярхоўнага Савета i 11 указаў Прэзiдэнта.

Больш як палову спраў склалi справы, якiя датычаць абароны канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян.

Пры разглядзе справы аб адпаведнасцi Канстытуцыi пастаноў Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 красавiка 1992 г. № 186 «Аб дзяржаўных каштоўных паперах былога Саюза ССР» i ад 5 сакавiка 1993 г. № 125 «Аб выкупе аблiгацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкi 1990 года на набыццё тавараў працяглага карыстання» Суд прызнаў, што дзяржава неабгрунтавана адмовiлася выканаць узятыя ёю на сябе абавязацельствы ў адносiнах да грамадзян – уладальнiкаў аблiгацый указанай пазыкi, якiя не згадзiлiся на прапанаваныя ўмовы iх пагашэння. Тым самым былi парушаны не толькi асноватворныя нормы грамадзянскага заканадаўства, але i канстытуцыйны прынцып узаемнай адказнасцi дзяржавы i грамадзянiна.

Указам Прэзiдэнта ад 1 верасня 1995 г. № 350 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання працоўнай дзейнасцi i пенсiённага забеспячэння грамадзян» са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi ў яго указамi ад 11 кастрычнiка 1995 г. № 419 i ад 20 кастрычнiка 1995 г. № 437, абмяжоўвалася права значнай колькасцi працуючых пенсiянераў на атрыманне поўнай пенсii i прадугледжвалася перавесцi iх на абавязковую кантрактную форму найму.

Праверыўшы канстытуцыйнасць гэтых указаў, Суд прызнаў iх неадпаведнымi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь як у частцы абмежавання правоў працуючых пенсiянераў на атрыманне поўнай пенсii, так i ў частцы абавязковага заключэння з iмi кантрактаў.

Канстытуцыйны суд выказаўся ў абарону грамадзянскiх i палiтычных правоў i свабод грамадзян па справе аб канстытуцыйнасцi Указа Прэзiдэнта ад 21 жнiўня 1995 г. № 336 «Аб некаторых мерах па забеспячэнню стабiльнасцi i правапарадку ў Рэспублiцы Беларусь».

Гэтым указам была спынена дзейнасць Свабоднага прафсаюза i пярвiчнай прафсаюзнай арганiзацыi Мiнскага метрапалiтэна Прафсаюза чыгуначнiкаў i транспартных будаўнiкоў Рэспублiкi Беларусь; пракуратуры прадпiсвалася ўнесцi ў суды прадстаўленнi аб забароне дзейнасцi гэтых прафсаюзных арганiзацый; прадугледжвалася, што ўдзел палiтычных партый, грамадскiх аб'яднанняў i прафсаюзаў у забастоўках на прадпрыемствах, уключаных у Пералiк, зацверджаны пастановай Кабiнета Мiнiстраў ад 28 сакавiка 1995 г. № 158, цягне спыненне iх дзейнасцi. Акрамя таго, указам прыпынялася дзеянне нормаў законаў, якiя датычаць недатыкальнасцi дэпутатаў Вярхоўнага i мясцовых Саветаў.

Суд прызнаў, што ўказаныя меры супярэчаць Канстытуцыi, законам Рэспублiкi Беларусь, Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Канвенцыi Мiжнароднай арганiзацыi працы «Аб свабодзе асацыяцый i абароне права на арганiзацыю», ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь.

Указам Прэзiдэнта ад 1 верасня 1995 г. № 349 «Аб упарадкаваннi некаторых iльгот для асобных катэгорый грамадзян» прыпынена прадастаўленне льгот i пераваг, устаноўленых васемнаццаццю законамi («Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», «Аб ветэранах», «Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў», «Аб мiлiцыi» i iнш.). Гэтыя льготы i перавагi датычалi бясплатнага праезду ў грамадскiм транспарце, 50-працэнтнай скiдкi па аплаце жылля i камунальных паслуг, выдачы беспрацэнтных пазык на будаўнiцтва цi набыццё жылля i дачных домiкаў, бясплатнага набыцця па рэцэптах урачоў лякарстваў i г. д.

Прааналiзаваўшы нормы Канстытуцыi, законаў, мiжнародна-прававых актаў, Суд прыйшоў да высновы, што, прыпынiўшы сваiм указам прадастаўленне льгот i пераваг, прадугледжаных законамi, Прэзiдэнт тым самым узяў на сябе функцыi органа заканадаўчай улады, чым перавысiў свае паўнамоцтвы.

З абаронай працоўных грамадзян звязана справа аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Указа Прэзiдэнта ад 13 лiпеня 1995 г. № 271 «Аб аплаце працы службовых асоб некаторых дзяржаўных органаў».

Суд вырашыў, што ўстанаўленне гэтым указам новых памераў заработнай платы службовым асобам вышэйшых органаў дзяржаўнай улады (Старшынi Вярхоўнага Савета, яго намеснiкам, старшыням дэпутацкiх камiсiй, дэпутатам Вярхоўнага Савета, якiя працуюць на прафесiянальнай аснове, Генеральнаму пракурору, Старшыням Вярхоўнага суда, Вышэйшага гаспадарчага суда, Канстытуцыйнага суда i iнш.), не стасуецца з палажэннямi Канстытуцыi i законаў аб Вярхоўным Савеце, аб судовым ладзе i статусе суддзяў, аб Канстытуцыйным судзе, аб Кабiнеце Мiнiстраў, аб Пракуратуры.

Акрамя таго, Суд адзначыў, што гэты указ не быў апублiкаваны i не даведзены да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам, што супярэчыць Канстытуцыi i Указу Прэзiдэнта ад 3 снежня 1994 г. № 252 «Аб парадку апублiкавання i ўступлення ў сiлу ўказаў i распараджэнняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь».

Па iнiцыятыве дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якiя паставiлi пытанне аб манапалiзацыi сродкаў масавай iнфармацыi, Судом на прадмет канстытуцыйнасцi правераны тры ўказы Прэзiдэнта (ад 4 жнiўня 1994 г. № 19, ад 5 жнiўня 1994 г. № 27 i ад 28 верасня 1994 г. № 128), якiя датычалi дзейнасцi выдавецтва «Беларускi Дом друку» i Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii. Суд устанавiў, што выдавецтва «Беларускi Дом друку» займае дамiнуючае становiшча на рынку газетнай прадукцыi. Злоўжыванне гэтым становiшчам з боку некаторых службовых асоб дзяржаўных органаў прывяло да выхаду ў снежнi 1994 г. некаторых газет з «белымi плямамi», чым было парушана канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай, праўдзiвай i своечасовай iнфармацыi. Негатыўныя вынiкi такога становiшча мелi месца i ў 1995 г., калi з парушэннем устаноўленага парадку выдавецтвам «Беларускi Дом друку» былi скасаваны дагаворы з шэрагам недзяржаўных выданняў, што прымусiла iх шукаць палiграфiчную базу за межамi рэспублiкi.

Суд таксама прыйшоў да высновы, што Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя з'яўлялася не толькi сродкам масавай iнфармацыi, займаючы дамiнуючае становiшча ў сферы тэлерадыёвяшчання, але i была надзелена функцыямi цэнтральнага органа дзяржаўнага кiравання. Гэта прывяло фактычна да ўстанаўлення яе манаполii ў сферы электронных сродкаў масавай iнфармацыi.

На гэтай падставе Суд прызнаў асобныя нормы Палажэння аб Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii, зацверджанага Указам Прэзiдэнта ад 28 верасня 1994 г. № 128, супярэчным Канстытуцыi, якая забараняе манапалiзацыю сродкаў масавай iнфармацыi дзяржавай, грамадскiмi аб'яднаннямi цi асобнымi грамадзянамi.

Указам Прэзiдэнта ад 19 кастрычнiка 1995 г. № 429 у Палажэнне аб Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii ўнесены змяненнi i дапаўненнi, якiя не лiквiдуюць поўнасцю адзначаныя Судом парушэннi Канстытуцыi i законаў.

Вялiкi грамадскi рэзананс выклiкала справа аб канстытуцыйнасцi Пастановы Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь ад 12 жнiўня 1994 г. № 15/1 «Аб дэнамiнацыi беларускага рубля». Суд, прызнаўшы пастанову адпаведнай Канстытуцыi, разам з тым прапанаваў Прэзiдэнту, Вярхоўнаму Савету, Кабiнету Мiнiстраў i Нацыянальнаму банку распрацаваць i ажыццявiць меры, накiраваныя на кампенсацыю насельнiцтву ўрону, нанесенага ў вынiку iнфляцыйнага абясцэньвання грашовых зберажэнняў, укладзеных у Ашчадны банк. Пры гэтым Канстытуцыйны суд прапанаваў выкарыстаць магчымасцi маёмаснай кампенсацыi шляхам бясплатнай цi на льготных умовах прыватызацыi жылля, зямельных участкаў, выпуску акцый, аблiгацый дзяржаўнай пазыкi i iншых спосабаў абароны правоў i законных iнтарэсаў грамадзян.

У радзе сваiх рашэнняў Канстытуцыйны суд звярнуў увагу на неабходнасць захавання прынцыпу падзелу ўладаў, у адпаведнасцi з якiм дзяржаўныя органы ў межах сваiх паўнамоцтваў самастойныя, узаемадзейнiчаюць памiж сабой, стрымлiваюць i ўраўнаважваюць адзiн аднаго.

Разгледзеўшы справу аб адпаведнасцi Канстытуцыi артыкула 7 Закона «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублiкi Беларусь», асобных артыкулаў Часовага рэгламенту Вярхоўнага Савета, Суд прыйшоў да высновы, што Канстытуцыя не дапускае такой сiтуацыi, калi адсутнiчае вышэйшы прадстаўнiчы i адзiны заканадаўчы орган улады, якiм з'яўляецца Вярхоўны Савет. Грунтуючыся на Канстытуцыi i Законе аб парадку ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Суд прызнаў, што Вярхоўны Савет дванаццатага склiкання меў права ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да першага пасяджэння Вярхоўнага Савета трынаццатага склiкання, выбранага ў правамоцным саставе.

Суд прыйшоў да высновы аб неадпаведнасцi Канстытуцыi i Законам аб бюджэтнай сiстэме, аб Вярхоўным Савеце, аб Прэзiдэнце, аб Кабiнеце Мiнiстраў, аб бюджэце рэспублiкi на 1995 год i iншым законам Указа Прэзiдэнта ад 12 лiпеня 1995 г. № 267 «Аб удакладненнi бюджэту Рэспублiкi Беларусь на 1995 год i часовых мерах па скарачэнню бюджэтных расходаў». Гэтым указам уносiлiся ўдакладненнi ў даходную i расходную часткi бюджэту, у сумы датацый у мясцовыя бюджэты абласцей i горада Мiнска, прыпынялася прадастаўленне льгот па падаходнаму падатку ваеннаслужачым, супрацоўнiкам органаў унутраных спраў i Камiтэта дзяржаўнай бяспекi, прадпiсвалася Мiнiстэрству адукацыi i навукi перавесцi сетку вячэрнiх класаў пры дзённых школах на платную аснову навучання.

У сваiм рашэннi Суд указаў, што нiякiя меркаваннi мэтазгоднасцi не могуць быць прызнаны прыярытэтнымi ў адносiнах да Канстытуцыi, у адпаведнасцi з якой змяненнi ў рэспублiканскi бюджэт мае права ўнесцi толькi Вярхоўны Савет i толькi ў форме закона.

Пытаннi дакладнага размежавання паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета i Прэзiдэнта, а таксама вызначэння iх месца ў сiстэме органаў дзяржаўнай улады былi разгледжаны Судом пры праверцы канстытуцыйнасцi Законаў аб Вярхоўным Савеце i аб Прэзiдэнце. Суд прызнаў неадпаведнымi Канстытуцыi асобныя палажэннi Закона аб Вярхоўным Савеце, у прыватнасцi, вызначэнне статусу Вярхоўнага Савета звычайнымi законамi; ажыццяўленне Вярхоўным Саветам паўнамоцтваў уласнiка ў адносiнах да ўласнасцi Рэспублiкi Беларусь; прыняцце Вярхоўным Саветам без галасавання пастановы аб адстаўцы Прэзiдэнта; надзяленне Прэзiдыума Вярхоўнага Савета правам разглядаць не толькi пытаннi арганiзацыi i забеспячэння дзейнасцi Вярхоўнага Савета, але i аналагiчныя пытаннi ў адносiнах да Кантрольнай палаты, пракуратуры i iншых органаў, ствараемых Вярхоўным Саветам i падпарадкаваных яму; распаўсюджанне дэпутацкай недатыкальнасцi на былых дэпутатаў; ажыццяўленне Вярхоўным Саветам кантролю за дзейнасцю органаў мясцовага кiравання i самакiравання, не звязанай з выкананнем iмi заканадаўства.

Судом устаноўлена неканстытуцыйнасць некаторых нормаў Закона аб Прэзiдэнце. Сярод iх такiя, як датэрмiновае спыненне паўнамоцтваў Прэзiдэнта ў вынiку недаверу, выказанага яму на рэферэндуме; пераход паўнамоцтваў Прэзiдэнта да Старшынi Вярхоўнага Савета з моманту заключэння Канстытуцыйнага суда аб парушэннi Канстытуцыi Прэзiдэнтам або спецыяльнай камiсii аб учыненнi Прэзiдэнтам злачынства; прызнанне ў якасцi падставы для датэрмiновага вызвалення Прэзiдэнта ад пасады па стану здароўя адмовы Прэзiдэнта ад урачэбнага медыцынскага агляду; права Прэзiдэнта ўносiць у Вярхоўны Савет прапановы аб вызваленнi ад пасад Старшынь Вярхоўнага суда, Вышэйшага гаспадарчага суда, Канстытуцыйнага суда, Праўлення Нацыянальнага банка; ажыццяўленне Саветам Бяспекi па рашэнню Вярхоўнага Савета функцый дзяржаўнай улады i кiравання пры ўвядзеннi надзвычайнага становiшча.

Канстытуцыйны суд лiчыць, што наяўнасць Законаў аб Вярхоўным Савеце i аб Прэзiдэнце дазваляе дакладна вызначыць сферы дзейнасцi вышэйшых органаў дзяржаўнай улады i забяспечыць эфектыўнае ўзаемадзеянне iх памiж сабой, як таго патрабуе Канстытуцыя.

Актуальнымi ў мiнулым годзе заставалiся пытаннi функцыянавання сiстэмы органаў мясцовага кiравання i самакiравання.

Указам Прэзiдэнта ад 19 верасня 1995 г. № 383 «Аб правядзеннi рэформы органаў мясцовага кiравання i самакiравання» лiквiдаваны раённыя ў гарадах Саветы дэпутатаў i iх органы. На тэрыторыi гэтых раёнаў утвораны мясцовыя адмiнiстрацыi, якiя сталi правапераемнiкамi выканаўчых камiтэтаў раённых Саветаў дэпутатаў. Гэтым жа ўказам было прыпынена правядзенне выбараў у раённыя ў гарадах Саветы дэпутатаў. Наступнымi ўказамi Прэзiдэнта ад 27 лiстапада 1995 г. № 481 i ад 30 лiстапада 1995 г. № 485 зацверджана прыкладная структура мясцовай адмiнiстрацыi i ўнесены змяненнi i дапаўненнi ў Часовае палажэнне аб мясцовай адмiнiстрацыi.

Разгледзеўшы гэтыя ўказы, Суд вырашыў, што лiквiдацыя раённых у гарадах Саветаў дэпутатаў i iх органаў i стварэнне на тэрыторыi раёнаў у гарадах мясцовых адмiнiстрацый супярэчаць Канстытуцыi i Закону аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi, а прыпыненне правядзення выбараў у раённыя ў гарадах Саветы дэпутатаў -- Канстытуцыi i Закону аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Прадметам разгляду Суда была таксама справа аб канстытуцыйнасцi Закона, аб унясеннi дапаўнення ў Закон «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь». Канстытуцыйны суд прызнаў, што замацаванне на заканадаўчым узроўнi палажэння аб тым, што паўнамоцтвы мясцовых Саветаў захоўваюцца да адкрыцця першых пасяджэнняў адпаведных мясцовых Саветаў дэпутатаў новага склiкання, не супярэчыць Канстытуцыi.

Усе рашэннi Канстытуцыйнага суда, як указаныя ў гэтым пасланнi, так i па iншых разгледжаных справах, былi апублiкаваны ў друку.

II

Сур'ёзную заклапочанасць выклiкае невыкананне прынятых Канстытуцыйным судом рашэнняў.

Законам аб Канстытуцыйным судзе прадугледжана, што рашэннi Суда абавязковыя для выканання ўсiмi дзяржаўнымi органамi, прадпрыемствамi, установамi, арганiзацыямi, службовымi асобамi i грамадзянамi. Невыкананне, неналежнае выкананне цi перашкоджанне выкананню рашэнняў Канстытуцыйнага суда цягне адказнасць, устаноўленую законам. Аднак спецыяльнага закона, якi б прадугледжваў такую адказнасць, няма. Гэта з'яўляецца адной з прычын таго, што рашэннi Канстытуцыйнага суда, як правiла, не выконваюцца.

Да гэтага часу Вярхоўным Саветам не ўнесены змяненнi i дапаўненнi ў Закон «Аб замежных iнвестыцыях на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь» i ў Крымiнальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь, прапанаваныя ў рашэннях Суда ад 17 кастрычнiка i ад 19 снежня 1994 г.

Вярхоўнаму Савету неабходна на аснове рашэнняў Канстытуцыйнага суда ўнесцi змяненнi i дапаўненнi ў Законы аб Вярхоўным Савеце i аб Прэзiдэнце, а таксама ў Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 13 красавiка 1995 г. «Аб тлумачэннi пункта 4 часткi першай Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце».

Кабiнетам Мiнiстраў не выканана рашэнне Суда па справе «Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Пастаноў Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 красавiка 1992 г. № 186 «Аб дзяржаўных каштоўных паперах былога Саюза ССР» i ад 5 сакавiка 1993 г. № 125 «Аб выкупе аблiгацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкi 1990 года на набыццё тавараў працяглага карыстання», а таксама не прынята канкрэтных мераў па рэалiзацыi прапаноў Суда, якiя змяшчалiся ў яго рашэннi аб канстытуцыйнасцi Пастановы Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь ад 12 жнiўня 1994 г. № 15/1 «Аб дэнамiнацыi беларускага рубля».

Застаюцца да гэтага часу нявыкананымi рашэннi Суда, якiя прызналi поўнасцю або часткова неадпаведнымi Канстытуцыi 11 указаў Прэзiдэнта, выдадзеных у 1994 – 1995 гадах. Больш таго, 29 снежня 1995 г. Прэзiдэнт выдаў распараджэнне, якiм прадпiсваў Кабiнету Мiнiстраў i iншым дзяржаўным органам забяспечыць захаванне нормаў указаў, раней прызнаных Судом неканстытуцыйнымi. Тым самым праяўлена непавага да Канстытуцыi i законаў Рэспублiкi Беларусь.

III

Адным з важных паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасцi з'яўляюцца звароты грамадзян i юрыдычных асоб у Канстытуцыйны суд, колькасць якiх працягвае няўхiльна расцi. Калi ў 1994 г. паступiла каля 300 зваротаў, то ў 1995 г. – больш як 800.

Найбольшая колькасць скаргаў датычала льгот i пераваг, якiх былi пазбаўлены асобныя катэгорыi грамадзян Указам Прэзiдэнта ад 1 верасня 1995 г. № 349, а таксама абмежаванняў правоў працуючых пенсiянераў на атрыманне поўнай пенсii i ўвядзення для iх абавязковай кантрактнай формы найму, прадугледжаных Указам Прэзiдэнта ад 1 ве-расня 1995 г. № 350.

Многiя грамадзяне скардзяцца на непрыняцце мераў па кампенсацыi ўрону, прычыненага абясцэньваннем грашовых укладаў у Ашчадным банку, а таксама на невыкананне дзяржавай пазыковых абавязацельстваў па пагашэнню аблiгацый мэтавай беспрацэнтнай пазыкi 1990 года на набыццё тавараў працяглага карыстання.

У Канстытуцыйны суд паступаюць таксама скаргi, не звязаныя з яго рашэннямi. У асноўным гэта скаргi па пытаннях жыллёвых правоў, пенсiённага забеспячэння, несвоечасовай выплаты зарплаты, збiрання дзяржаўнай пошлiны пры звяртаннi ў суд па абарону працоўных i iншых правоў грамадзян.

Юрыдычныя асобы ў сваiх зваротах у Суд адзначаюць недахопы гаспадарчага i перш за ўсё падатковага заканадаўства, наяўнасць вялiкай колькасцi падзаконных нарматыўных актаў, няўзгодненых адзiн з адным i часта супярэчных закону, немагчымасць у шэрагу выпадкаў знайсцi належную судовую абарону.

Павелiчэнне патоку скаргаў у Канстытуцыйны суд, адлюстроўваючы аб'ектыўныя цяжкасцi ў сацыяльна-эканамiчным становiшчы рэспублiкi, у той жа час сведчыць аб недасканаласцi дзеючага заканадаўства i аб нездавальняючай арганiзацыi разгляду скаргаў некаторымi органамi выканаўчай i судовай улады.

У сувязi з гэтым Канстытуцыйны суд лiчыць неабходным прыняць Закон аб зваротах грамадзян, аб распрацоўцы якога ўказвалася ў Пасланнi аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў рэспублiцы ў 1994 годзе.

IV

Канстытуцыйны суд лiчыць, што стан канстытуцыйнай законнасцi ў рэспублiцы не можа быць прызнаны здавальняючым.

Прынцып падзелу уладаў не атрымаў належнага ўвасаблення на практыцы. У вынiку неправамернага ўзмацнення выканаўчай улады прынiжалася роля i значэнне iншых галiн улады. У шэрагу выпадкаў законы падмянялiся супярэчнымi iм падзаконнымi актамi. Гэта штурхала службовых асоб на парушэнне закона i дэзарыентавала грамадзян, параджаючы прававы нiгiлiзм.

Суд адзначае, што такое становiшча склалася ў пэўнай меры з прычыны iгнаравання выканаўчай уладай Вярхоўнага Савета дванаццатага склiкання ў апошнi перыяд яго дзейнасцi i адвольнага тлумачэння пункта 1 артыкула 100 Канстытуцыi. На думку Суда, гэта норма не можа тлумачыцца як аўтаномная, адарваная ад iншых нормаў Канстытуцыi, што дае Прэзiдэнту якiя-небудзь «надзвычайныя паўнамоцтвы». На ўказаную акалiчнасць Суд неаднаразова звяртаў увагу ў сваiх рашэннях па канкрэтных справах.

Процiстаянне выканаўчай i заканадаўчай уладаў прывяло да парушэння прынцыпу вяршэнства закона, згодна з якiм дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй законаў.

У гэтых умовах рашэннi Канстытуцыйнага суда па забеспячэнню канстытуцыйнай законнасцi сталi прычынай для сiстэматычнага i мэтанакiраванага цiску, аказваемага на Суд, што ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй i Законам аб Канстытуцыйным судзе з'яўляецца недапушчальным. Ажыццяўлялiся спробы абвiнавацiць Суд у дэстабiлiзацыi абстаноўкi. Больш таго, у апошнi час праз сродкi масавай iнфармацыi пачала праводзiцца iдэя аб лiквiдацыi Канстытуцыйнага суда. Гэта памылковая iдэя супярэчыць прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы i сусветнаму вопыту дзяржаўнага будаўнiцтва.

У многiм застаюцца дэкларатыўнымi нормы Канстытуцыi, якiя гарантуюць правы i свабоды грамадзян, у тым лiку правы на абарону сваiх эканамiчных i сацыяльных iнтарэсаў, на працу i на ўзнагароджанне за выкананую работу, на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, на ўдзел у вырашэннi дзяржаўных спраў як непасрэдна, так i праз свабодна выбраных прадстаўнiкоў, на атрыманне поўнай, праўдзiвай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў. Разам з эканамiчнымi i iншымi прычынамi ўзнiкшае становiшча тлумачыцца недасканаласцю законаў, адсутнасцю належных механiзмаў iх рэалiзацыi, а таксама недастаткова эфектыўнай судовай абаронай правоў i свабод грамадзян.

Частка нарматыўных актаў, якiя датычаць правоў чалавека, як i раней, уводзiцца ў дзеянне без iх апублiкавання цi давядзення да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам.

Трэба прызнаць, што дзеючае заканадаўства з-за аб'ектыўных i суб'ектыўных прычын марудна прыводзiцца ў адпаведнасць з Канстытуцыяй i агульнапрызнанымi нормамi мiжнароднага права, застаючыся ў значнай частцы супярэчлiвым i не адпаведным патрэбам сённяшняга дня.

На стане канстытуцыйнай законнасцi адмоўна адбiваецца недаацэнка ролi права ў дзяржаўным i грамадскiм жыццi. У свядомасць грамадзян укараняецца лжывая думка аб дзяленнi законаў на «дрэнныя» i «добрыя» i вынiкаючым адсюль «правам» не выконваць «дрэнныя». Не выхоўваюцца паважлiвыя адносiны да Канстытуцыi i законаў, слаба прапагандуюцца прынцыпы дэмакратычнай прававой дзяржавы.

На многiя з указаных акалiчнасцей Суд звярнуў увагу ў сваiм Пас-ланнi аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў рэспублiцы ў 1994 годзе. Аднак належнага рэагавання на яго з боку Прэзiдэнта i Вярхоўнага Савета не адбылося.

 

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнай законнасцi, рэальнай абароны правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян, усталявання прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы Канстытуцыйны суд уносiць наступныя прапановы.

1. Для збалансавання дзейнасцi заканадаўчай i выканаўчай уладаў унесцi ў Законы аб Прэзiдэнце, аб Вярхоўным Савеце i iншыя нарматыўныя акты змяненнi i дапаўненнi ў адпаведнасцi з прынятымi па iх рашэннямi Канстытуцыйнага суда, даць тлумачэнне пункта 1 артыкула 100 Канстытуцыi.

2. Зыходзячы з прынцыпу вяршэнства закона, на падставе рашэнняў Канстытуцыйнага суда разгледзець пытаннi, вырашаныя ва ўказах Прэзiдэнта, якiя прызнаны поўнасцю або часткова неадпаведнымi Канстытуцыi.

3. Улiчваючы, што згодна з Канстытуцыяй чалавек з'яўляецца вышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы, лiчыць абарону правоў i свабод грамадзян важнейшым напрамкам дзейнасцi заканадаўчай, выканаўчай i судовай уладаў.

Павысiць ролю Суда як асноўнага гаранта абароны правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян. Прыняць меры па далейшай рэалiзацыi Канцэпцыi судова – прававой рэформы, прынятай Вярхоўным Саветам 23 красавiка 1992 года.

Заснаваць у рэспублiцы пасаду Упаўнаважанага па правах чалавека.

4. Прызнаць недапушчальным прымяненне нарматыўных актаў, якiя датычаць правоў чалавека, да iх апублiкавання цi давядзення да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам.

5. Распрацаваць праграму падрыхтоўкi новых законаў i перагляду дзеючых з мэтай прывядзення ў адпаведнасць з Канстытуцыяй i агульнапрызнанымi прынцыпамi мiжнароднага права.

У першачарговым парадку рэфармiраваць грамадзянскае i крымiнальнае заканадаўства з мэтай стварэння сучаснай прававой асновы развiцця рыначных адносiнаў i ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю.

Для ўдасканалення арганiзацыi заканатворчай дзейнасцi падрыхтаваць i прыняць закон, у якiм прадугледзець парадак падрыхтоўкi, прыняцця, уступлення ў сiлу i спынення дзеяння законаў i iншых нарматыўных актаў.

6. Унесцi дапаўненнi ў Канстытуцыю i ў Закон аб Канстытуцыйным судзе, прадаставiўшы права Суду тлумачыць Канстытуцыю. Прадугледзець магчымасць разгляду Судом на прадмет канстытуцыйнасцi ўсiх прававых актаў вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, а таксама скаргаў грамадзян на парушэнне iх канстытуцыйных правоў i свабод. Устанавiць адказнасць за невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага суда.

Канстытуцыйны суд выказвае надзею, што змешчаныя ў пасланнi прапановы знойдуць разуменне i падтрымку Прэзiдэнта i Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь.

Гэта пасланне прынята ў адпаведнасцi з артыкулам 44 Закона «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублiкi Беларусь» i артыкулам 81 Рэгламенту Канстытуцыйнага суда на пасяджэннi Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь 9 лютага 1996 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
В.Г.Цiхiня