Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 мая 2005 г. № Р-185/2005
12 мая 2005 г. № Р-185/2005
Аб падаткаабкладанні кампенсацыі
маральнай шкоды
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян аб канстытуцыйнасці заканадаўства, якое рэгулюе пытанні падаткаабкладання сум кампенсацыі фізічным асобам маральнай шкоды.
Вывучыўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў, Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з часткай другой артыкула 60 Канстытуцыі з мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
Шкода, прычыненая асобе або маёмасці грамадзяніна, у адпаведнасці з часткай першай пункта 1 артыкула 933 Грамадзянскага кодэкса (далей – ГК) падлягае пакрыццю ў поўным аб’ёме асобай, якая прычыніла шкоду. Падставы і размер кампенсацыі грамадзяніну маральнай шкоды вызначаюцца правіламі, прадугледжанымі главой 58 і артыкулам 152 ГК (пункт 1 артыкула 968 ГК). Згодна з артыкуламі 152 і 970 ГК кампенсацыя маральнай шкоды ажыццяўляецца ў грашовай форме. Размер кампенсацыі вызначаецца судом у залежнасці ад характару прычыненых пацярпеўшаму фізічных і маральных пакут, а таксама ступені віны прычыніцеля шкоды ў выпадках, калі віна з’яўляецца падставай пакрыцця шкоды. Пры вызначэнні размеру кампенсацыі шкоды павінны ўлічвацца патрабаванні разумнасці і справядлівасці. Характар фізічных і маральных пакут ацэньваецца судом з улікам фактычных акалічнасцей, пры якіх была прычынена маральная шкода, і індывідуальных асаблівасцей пацярпеўшага.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадзянскае заканадаўства Рэспублiкi Беларусь змяшчае прававыя нормы, якія рэгулююць адносіны па пакрыццю маральнай шкоды і вызначэнню судом размеру яе кампенсацыі.
У адпаведнасці з падпунктам 1.35 пункта 1 артыкула 3 Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (далей – Закон) не падлягаюць падаткаабкладанню ўсе віды прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь кампенсацыйных выплат у межах норм, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь (за выключэннем кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак, кампенсацыі за выкарыстанне транспартных сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку), у тым ліку звязаных з:
выкананнем фізічнай асобай працоўных абавязкаў (уключаючы пераезд на работу ў іншую мясцовасць і пакрыццё камандзіровачных расходаў). Пры аплаце работніку расходаў на камандзіроўкі як унутры краіны, так і за яе межамі ў абкладаемы падаткам даход не ўключаюцца сутачныя ў межах норм, якія ўстанаўліваюцца Міністэрствам фінансаў Рэспублiкi Беларусь, а таксама фактычна ажыццёўленыя і дакументальна пацверджаныя мэтавыя расходы, звязаныя з камандзіроўкамі;
пакрыццём шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры, суда;
пакрыццём шкоды пры страце працаздольнасці, звязанай з калецтвам або іншым пашкоджаннем здароўя, а таксама ў сувязі са стратай карміцеля;
бясплатным прадастаўленнем жылых памяшканняў і камунальных паслуг;
аплатай кошту і (або) выдачай належнага натуральнага забеспячэння, а таксама выплатай грашовых сродкаў узамен гэтага забеспячэння;
аплатай кошту харчавання, спартыўнага забеспячэння, абсталявання, спартыўнай і параднай формы, якія атрымліваюцца спартсменамі і работнікамі фізкультурна-спартыўных арганізацый для вучэбна-трэніровачнага працэсу і ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах;
гібеллю, устанаўленнем інваліднасці, якая звязана з выкананнем службовых абавязкаў або наступіла ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях або дзяржаўных служачых пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў.
Вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказвае, што сумы грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, за выключэннем непасрэдна пералічаных у Законе выпадкаў пакрыцця такой шкоды, разглядаюцца падатковымі органамі ў якасці даходаў, што падлягаюць падаткаабкладанню, і абкладаюцца падаходным падаткам як «іншыя даходы». Такі парадак падаткаабкладання сум, выплачаных грамадзянам у мэтах пакрыцця маральнай шкоды, устаноўлены пунктам 48 Інструкцыі аб парадку вылічэння і выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб, зацверджанай пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2002 г. № 16.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што існуючая практыка, калі з адных сум кампенсацыі маральнай шкоды падатак выплачваецца, а з іншых – не, не ў поўнай меры заснавана на палажэннях Закона, таму што адрозненне ў падаткаабкладанні сум кампенсацыі маральнай шкоды ў залежнасці ад абставін, якія з’явіліся прычынай яе пакрыцця, з норм Закона «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» прама не вынікае. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, практыка, якая склалася, з’яўляецца вынікам выкарыстання ў Законе неадназначнай фармулёўкі: «ў межах норм, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь».
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што мэтай кампенсацыі маральнай шкоды з’яўляецца не атрыманне даходу, а пакрыццё панесеных маральных і фізічных пакут.
Згодна з артыкуламі 97, 98 Канстытуцыі права афіцыяльнага тлумачэння законаў належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Парламент валодае правам устанаўліваць рэспубліканскія падаткі і зборы, у тым ліку вызначаць не толькі істотныя элементы падатку, але і льготы па яго вылічэнню і выплаце.
У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2004 годзе» адзначана, што высокі ўзровень якасці заканадаўства прадугледжвае адсутнасць у ім якой бы то ні было двухсэнсавасці, што з’яўляецца неабходнай умовай аднастайнага разумення прававых норм і іх практычнага прымянення.
Кіруючыся артыкулам 40 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняць меры па ўдасканальванню норм Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», якія рэгулююць падаткаабкладанне кампенсацыі маральнай шкоды, і практыкі іх прымянення шляхам тлумачэння дадзенага Закона ці ўнясення ў яго змяненняў для выключэння неадназначнага разумення і прымянення ўказаных норм у мэтах больш поўнай абароны правоў грамадзян.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч