Навіны
Адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Г. з суддзямі Канстытуцыйнага Суда напярэдадні 20-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Напярэдадні 20-годдзя Канстытуцыі нашай краіны Кіраўнік дзяржавы 14 сакавіка 2014 г. сустрэўся з суддзямі Канстытуцыйнага Суда.

А.Г.Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды суддзям Канстытуцыйнага Суда за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё судовай сістэмы і ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці. Медалём «За працоўныя заслугі» узнагароджаны суддзя Чыгрынаў Сяргей Пятровіч. Ганаровае званне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь» прысвоена суддзі Варановічу Тадэушу Валянцінавічу.

Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена суддзі Iзотку Уладзіміру Пятровічу за шматгадовую плённую працу ў дзяржаўных органах, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё нацыянальнай прававой сістэмы.

У ходзе сустрэчы выступiў Старшыня Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiч П.П., які адзначыў наступнае.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увабрала ў сябе многія базавыя каштоўнасці, выпрацаваныя развіццём чалавецтва, вызначыла агульнадэмакратычныя арыенціры для развіцця грамадства і дзяржавы.

На канстытуцыйнай аснове забяспечваецца ўстанаўленне грамадзянскай і грамадскай згоды, фарміраванне дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Напярэдадні 20-годдзя Канстытуцыі Мiклашэвiч П.П. звярнуў увагу на наступныя канстытуцыйна-прававыя аспекты.

Па-першае, стабільнасць Канстытуцыі як вызначальная ўмова стабільнасці канстытуцыйнага ладу.

Мінулы перыяд будаўніцтва суверэннай беларускай дзяржавы паказвае, што ў яго аснове ляжаць каштоўнасныя ўстаноўкі, закладзеныя ў прэамбуле Канстытуцыі аб неад’емным праве народа на самавызначэнне, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольнiцтва, жаданне забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, імкненне зацвердзіць правы і свабоды грамадзян.

Узнікшыя на пачатковым этапе канстытуцыйнага развіцця праблемы, звязаныя з рэалізацыяй прынцыпу раздзялення ўлад, былі паспяхова вырашаны канстытуцыйным шляхам на ўсенародным рэферэндуме.

У цяперашні час важна забяспечыць далейшае канстытуцыйнае развіццё эвалюцыйным шляхам, захоўваючы і развіваючы канстытуцыйныя каштоўнасці, паслядоўна ажыццяўляючы канстытуцыялiзацыю грамадскіх адносiн.

Замацаваныя ў Канстытуцыі нормы і прынцыпы павінны заставацца дзейсным арыенцірам для ўсяго грамадства. Пры гэтым неабходна фарміраванне правасвядомасці грамадзян, каб яны маглі сябе ідэнтыфікаваць не з абстрактным правам і дзяржавай, а з дзяржавай, якая прымае ўсе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

На гэтай аснове фарміруецца канстытуцыйны патрыятызм, калі грамадзяне не толькі праяўляюць любоў і павагу да сваёй краіны, народа, Айчыны, але і карыстаючыся ў поўнай меры канстытуцыйнымі правамі, адказна выконваюць канстытуцыйныя абавязкі, імкнуцца ўнесці свой уклад у дасягненне канстытуцыйных мэт, праяўляюць належную павагу да Асноўнага Закона сваёй краіны.

Па-другое, сістэмная рэалізацыя рэгулятыўнага патэнцыялу Канстытуцыі.

Развіццё грамадскіх адносiн, дынаміка грамадскага жыцця абумоўліваюць неабходнасць звязваць канстытуцыйнае развіццё з тлумачэннем, заканадаўчым развіццём і рэалізацыяй прынцыпаў і норм Канстытуцыі.

Развiццёвы патэнцыял Канстытуцыі варта рэалізоўваць шляхам і больш глыбокага асэнсавання і разумення, вытлумачэння і ажыццяўлення канстытуцыйных палажэнняў.

У сваіх рашэннях Канстытуцыйны Суд, фармулюючы прававыя пазіцыі, праводзіць інтэрпрэтацыю канстытуцыйных норм і прынцыпаў да канкрэтных праваадносін, арыентуе заканадаўцу на далейшае іх развіццё, а правапрымяняльнiкаў – на недапушчэнне скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу прававога рэгулявання.

Рэгулятыўны патэнцыял Канстытуцыі трэба больш актыўна раскрываць і Парламенту шляхам выкарыстання свайго права на тлумачэнне Канстытуцыі, комплекснае ўкараненне канстытуцыйных норм і прынцыпаў у заканадаўства.

Канстытуцыялiзацыя грамадскіх адносiн мае на ўвазе прамое ўздзеянне канстытуцыйных прынцыпаў і норм на сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя працэсы пры дапамозе прававых механізмаў забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння.

Дасягнуты ўзровень дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця, сучасныя інтэграцыйныя працэсы абумоўліваюць неабходнасць распрацоўкі комплекснага дакумента – адзінай Канцэпцыі дзяржаўнай прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь у мэтах належнага прававога забеспячэння дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў і свабод грамадзян у сучасных умовах.

Па-трэцяе, эфектыўнасць папярэдняга канстытуцыйнага кантролю.

Сваёй дзейнасцю Канстытуцыйны Суд забяспечвае юрыдычную ахову вяршэнства Канстытуцыі.

З 2008 года Канстытуцыйным Судом рэалiзаваны папярэдні кантроль канстытуцыйнасці больш за 600 законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі, да падпісання іх Прэзідэнтам.

Пры праверцы канстытуцыйнасці норм законаў практычна ў кожным рашэнні фармуляваліся прававыя пазіцыі станоўчага зместу, у якіх указвалася на развіццё канкрэтных канстытуцыйных норм і прынцыпаў у заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносiн.

Разам з тым было выкладзена больш за 100 прававых пазіцый, у якіх указвалася на прававыя прабелы, прававую нявызначанасць у некаторых заканадаўчых нормах.

У цэлым, кажучы аб эфектыўнасці папярэдняга кантролю, можна сцвярджаць, што Канстытуцыйны Суд, з аднаго боку, пацвярджае, што ў прынятых законах развіваюцца канстытуцыйныя палажэнні, з другога боку – нацэльвае заканадаўцу на далейшае ўдасканальванне заканадаўчых актаў у мэтах вырабу дзейснага прававога механізма рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Па-чацвёртае, стан канстытуцыйнай законнасці.

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда, накіраваным палатам Нацыянальнага сходу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, дадзены аналіз стану канстытуцыйнай законнасці за мінулы год і зроблены аб’ектыўны вывад аб накіраванасці намаганняў дзяржаўных органаў і службовых асоб на падтрыманне належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці як рэжыму няўхільнага прытрымлівання Канстытуцыі ў нарматворчасці і правапрымяненні.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу, што зацвярджэнне ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця канстытуцыйнай законнасці, забеспячэнне канстытуцыялiзацыi грамадскіх адносiн, фарміраванне канстытуцыйнай культуры з’яўляюцца абавязкам усіх дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, службовых асоб і грамадзян.

Станаўленне чалавека і грамадзяніна як носьбіта канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў, актыўнага ўдзельніка канстытуцыйных адносiн адбываецца праз асэнсаванне і рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў.

Па-пятае, развіццё канстытуцыйнага правасуддзя.

Улічваючы ролю і значнасць канстытуцыйнага кантролю ў зацвярджэнні вяршэнства права, фарміраванні дэмакратычнай прававой дзяржавы, паслядоўна ўдасканальваецца нарматыўна-прававое рэгуляванне дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.

Заканадаўчыя акты, якія ўступаюць у сілу ў красавіку 2014 года, накіраваны на ўдакладненне функцый Канстытуцыйнага Суда, удасканаленне канстытуцыйнага судаводства.

Разам з тым патрабуюць далейшай прапрацоўкі пытанні рэгламентацыі доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, рэальнага ўдзелу судоў агульнай юрысдыкцыі ў ініцыяванні праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе канкрэтных судовых спраў. І ў канчатковым выніку – забеспячэнне дзейснага механізма праверкі канстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі судоў і другіх правапрымяняльных органаў.

У заключэннi Мiклашэвiч П.П. падкрэсліў, што Канстытуцыйны Суд у сучасных умовах будзе ўсiмi сiламi павышаць эфектыўнасць судовага канстытуцыйнага кантролю ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека, забеспячэння вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.