Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
2 лютага 2005 г. № Р-183/2005
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2004 годзе
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2004 годзе» (тэкст дадаецца).
 
2. Апублікаваць Пасланне «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2004 годзе» ў газетах «Звязда» і «Народная газета» ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь і часопісе «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь».
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч 
 
 
 
                                                                                                                               Прэзідэнту
                                                                                                                               Рэспублікі Беларусь
                                                                                                                               Лукашэнку А.Р.
 
                                                                                                                               Палаце прадстаўнікоў
                                                                                                                               Нацыянальнага сходу
                                                                                                                               Рэспублікі Беларусь
 
                                                                                                                               Савету Рэспублікі
                                                                                                                               Нацыянальнага сходу
                                                                                                                               Рэспублікі Беларусь
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2004 ГОДЗЕ
 
У сацыяльна-палітычным жыцці Рэспублікі Беларусь 2004 год быў адзначаны шэрагам важнейшых падзей. У мінулым годзе споўнілася 10 гадоў з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшлі рэспубліканскі рэферэндум і чарговыя выбары ў Парламент.
 
Развіццё Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы патрабуе далейшага ўдасканальвання яе прававой сістэмы. Гэта прадугледжвае наяўнасць высокага ўзроўню заканадаўства, рэалізацыю фундаментальных канстытуцыйных прынцыпаў у рэгуляванні грамадскіх адносін, выкананне канстытуцыйных прадпісанняў усімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі.
 
У Рэспубліцы Беларусь створана неабходная прававая база для падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь зацверджана Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства, Парламентам прыняты Закон «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 зацверджаны Правілы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняты рэгламенты. Указаныя дакументы змяшчаюць асноўныя патрабаванні, якія прад'яўляюцца да падрыхтоўкі, прыняцця і выканання нарматыўных прававых актаў.
 
У дзяржаве набыты вопыт праватворчасці і правапрымянення. Большасць заканадаўчых актаў прыняты ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі і міжнародна-прававымі стандартамі і выконваюцца на практыцы належным чынам. Яны забяспечваюць дастаткова поўнае рэгуляванне грамадскіх адносін. Створаная прававая база дазваляе ўсім галінам дзяржаўнай улады рэалізоўваць свае паўнамоцтвы, забяспечваць абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.
 
Неад'емным элементам дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы з'яўляецца дзейнасць канстытуцыйных судоў як органаў канстытуцыйнага кантролю, закліканых да садзейнічання ўдасканальванню нацыянальнай прававой сістэмы і яе асобных галін, развіццю прававой ідэалогіі і прававой свядомасці.
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, як і аналагічныя органы канстытуцыйнага кантролю сучасных еўрапейскіх дзяржаў, валодае правам праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у дзяржаве. У сілу ўскладзеных на яго Канстытуцыяй задач Канстытуцыйны Суд як спецыялізаваны орган закліканы ў прымальных для яго формах і ў межах кампетэнцыі прымаць меры па забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці.
 
Падставай для ўдзелу Канстытуцыйнага Суда ў вырашэнні прававых спрэчак праз канстытуцыйнае правасуддзе з’яўляліся прапановы суб’ектаў, указаных у частцы чацвёртай артыкула 116 і частцы чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі. Акрамя таго, у сілу артыкула 40 Канстытуцыі, Закона «Аб зваротах грамадзян» і іншых актаў бягучага заканадаўства грамадзяне маюць права накіроўваць асабістыя і калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, да якіх адносіцца і Канстытуцыйны Суд, што абавязаны даць ім адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Абавязак ажыццяўляць прыём грамадзян для разгляду іх зваротаў ускладзены на службовых асоб дадзеным Законам, распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1997 г. № 128рп «Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян», іншымі прававымі актамі, якія датычацца паляпшэння работы са зваротамі грамадзян.
 
Звароты грамадзян з’яўляюцца адной з важнейшых форм узаемадзеяння дзяржавы і грамадзян, рэалізацыі грамадзянамі права на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы і грамадства, замацаванага ў артыкулах 37, 40 Канстытуцыі. Канстытуцыйны Суд падтрымлівае намаганні Кіраўніка дзяржавы і Парламента па значнаму паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян.
У 2004 годзе ў Канстытуцыйны Суд з індывідуальнымі і калектыўнымі зваротамі ў агульным выніку звярнулася больш за 5 тысяч грамадзян, на асабістым прыёме прынята каля 500 грамадзян.
 
У Канстытуцыйны Суд грамадзяне звяртаюцца як па пытаннях правапрымянення, так і ў сувязі з праверкай непасрэдна канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў. У зваротах адзначаюцца недасканаласць норм права і неналежная практыка іх выканання. Грамадзяне часта накіроўваюць у Канстытуцыйны Суд паўторныя звароты пасля разгляду іх пытанняў у іншых інстанцыях, у тым ліку і судовых органах.
 
Аналіз зваротаў грамадзян паказвае, што ў грамадстве ёсць усведамленне каштоўнасці асноў канстытуцыйнага ладу, канстытуцыйных правоў і свабод у паўсядзённым жыцці, разуменне таго, што дзяржава прызвана служыць людзям, абараняць і ахоўваць іх правы, свабоды і законныя інтарэсы. У сувязі з гэтым у большасці сваіх зваротаў грамадзяне апелююць да аўтарытэту дзяржавы, якая павінна, па іх меркаванню, аднавіць законнасць і справядлівасць. Вывучэнне ў Канстытуцыйным Судзе прадстаўленых грамадзянамі матэрыялаў у шэрагу выпадкаў паказвала, што, сапраўды, іх звароты з’яўляюцца абгрунтаванымі, але ў іншых дзяржаўных інстанцыях не былі разгледжаны правільна. Так, прааналізаваўшы Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце (рашэнне Мінгарвыканкома ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430), Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 15 красавіка 2004 г. прызнаў дадзенае Палажэнне неканстытуцыйным у частцы, якая фактычна выключае магчымасць вуснага звароту грамадзян на асабістым прыёме, а таксама ўстанаўлівае неабходнасць абгрунтавання грамадзянамі законнасці сваіх патрабаванняў. Аналагічнае рашэнне прынята Канстытуцыйным Судом 23 жніўня 2004 г. і ў адносінах да рашэння Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 17 красавіка 2003 г. № 267. Указаныя рашэнні Канстытуцыйнага Суда былі выкананы.
 
Канстытуцыйны Суд як адзін з органаў дзяржаўнай улады, на якія ў сілу артыкула 59 Канстытуцыі ўскладзены абавязак прымаць меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, сваёй дзейнасцю імкнуўся да забеспячэння канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя формы: прымаліся заключэнні, накіроўваліся прапановы ў іншыя інстанцыі, у тым ліку і прапановы па ўдасканальванню заканадаўства, выкладалася пазіцыя Суда па пастаўленых пытаннях і інш.
 
У цэлым можна адзначыць станоўчую дынаміку фарміравання прававой сістэмы. Аднак з улікам неабходнасці яе далейшага ўдасканальвання Канстытуцыйны Суд у гэтым Пасланні звяртае ўвагу ў першую чаргу на недахопы і хібы ў нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, якія часам не носяць глыбіннага характару. Іх устараненне не патрабуе дадатковых затрат і магчыма пры ўмове правядзення належнай арганізацыйна-прававой работы, павышэння адказнасці службовых асоб за падрыхтоўку праектаў нарматыўных прававых актаў і выкананне заканадаўства.
 
Для паспяховага станаўлення Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы важна забяспечыць фарміраванне сучаснай сістэмы заканадаўства, што базіруецца на канстытуцыйных прынцыпах і нормах. Акты бягучага заканадаўства павінны складаць пабудаваную на аснове Канстытуцыі прававую піраміду, у якой выключаны супярэчнасці і прабелы.
 
У Канстытуцыі замацавана ўзаемная адказнасць дзяржавы і грамадзян. Дзяржава мае права прыцягваць да адказнасці грамадзян, якія парушаюць закон, у сваю чаргу, грамадзяне ў сілу артыкулаў 1, 59 і іншых артыкулаў Канстытуцыі маюць права чакаць, што дзяржава будзе ажыццяўляць прававое рэгуляванне па ўстаноўленых ёю ж правілах. У сувязі з гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, павінна быць узмоцнена адказнасць службовых асоб за забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці як у праватворчасці, так і ў правапрымяненні.
 
На істотныя праблемы ў нарматворчасці і правапрымяненні Кіраўнік дзяржавы ўказаў у сваім выступленні 18 лістапада 2004 г. у Парламенце. Устараненне недахопаў, існуючых у гэтай сферы, садзейнічала б умацаванню канстытуцыйнасці, гэта значыць фарміраванню такога прававога парадку функцыяніравання дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой рэальна забяспечваюцца канстытуцыйныя правы і свабоды чалавека як вышэйшай мэты і каштоўнасці дзяржавы, аптымальны баланс інтарэсаў грамадства, грамадзяніна і дзяржавы на аснове дабра, роўнасці і справядлівасці.
 
Умацаванню канстытуцыйнай законнасці садзейнічае фарміраванне збалансаванай сістэмы заканадаўства, у якой ясна замацаваны правы і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб, дакладна вызначаны суадносіны і юрыдычная сіла актаў аднаго і розных узроўняў, а таксама актаў, што прымаюцца аднымі і тымі ж органамі з улікам часу іх прыняцця, кола асоб, на якіх яны распаўсюджваюць сваё дзеянне, ёсць адзіны паняційны аппарат.
 
Стварэнне дастаткова ёмістай прававой базы як у цэлым, так і ў асобных прававых галінах патрабуе дакладнай узгодненасці нарматыўных прававых актаў з канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі. Высокі ўзровень якасці заканадаўства прадугледжвае адсутнасць ў ім якой бы то ні было двухсэнсоўнасці, што з’яўляецца неабходнай умовай забеспячэння аднастайнага разумення прававых норм і іх практычнага прымянення. Разам з тым дзейнасць Канстытуцыйнага Суда па праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, скаргі грамадзян, якія паступаюць у яго адрас, сведчаць аб шматлікіх недахопах у гэтай сферы.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйныя нормы ў галіне правоў і свабод чалавека не сталі ў поўнай меры непасрэдна дзеючымі. Часта іх прымяненне залежыць ад таго, наколькі яны ўзноўлены ў актах бягучага заканадаўства, ці ў цэлым ад ведаў і перакананасці службовай асобы ў тым, што Канстытуцыя ва ўмовах постсавецкага перыяду павінна ўспрымацца як рэальна дзеючы дакумент. Да цяперашняга часу праяўляецца неразуменне асобнымі службовымі асобамі важнасці канстытуцыйных норм, іх прыярытэтнага месца ў прававой сістэме, неабходнасці бездакорнага выканання замацаванага ў артыкуле 137 Канстытуцыі правіла аб вышэйшай юрыдычнай сіле Асноўнага Закона.
 
На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што прававому рэгуляванню грамадскіх адносін пакуль яшчэ ўласцівы такія з’явы, як складанасць і нявызначанасць прававых прадпісанняў; несвоечасовасць унясення адпаведных змяненняў у заканадаўства ў сувязі з прыняццем актаў, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай; наданне нарматыўным прававым актам, якія пагаршаюць прававое становішча суб'ектаў права, зваротнай сілы; перавышэнне праватворчымі органамі межаў сваёй кампетэнцыі; прабелы ў прававым рэгуляванні; супярэчлівасць практыкі прымянення актаў заканадаўства; несвоечасовае растлумачэнне заканадаўства, асабліва таго, што змяшчае калізійныя нормы.
 
Часовая і змястоўная разузгодненасць актаў характэрна для многіх галін права. Аднак асабліва яна недапушчальна, калі размова ідзе аб адказнасці (адміністрацыйнай, крымінальнай, маёмаснай), што, на жаль, яшчэ мае месца.
 
Многія галіны заканадаўства маюць акты, што змяшчаюць палажэнні, якія супярэчаць адзін аднаму, ці адрозніваюцца грувасткім і складаным характарам прававога рэгулявання.
 
Як правіла, заканадавец і іншыя суб’екты нарматворчасці пры прыняцці новага нарматыўнага прававога акта абмяжоўваюцца даручэннем аб прывядзенні актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дадзеным актам. Пры гэтым часта, як устанаўліваў Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях, такія даручэнні, уключаючы і тыя, якія даваліся пры прыняцці кодэксаў, законаў, своечасова не выконваліся ці заставаліся без рэалізацыі. У падобных выпадках нярэдка ствараліся сітуацыі, калі разам з нормамі новых актаў працягвалі дзейнічаць нормы раней прынятых актаў, што прыводзіла да канкурэнцыі норм, захавання незаконнай правапрымяняльнай практыкі, а ў некаторых выпадках – да яўнага парушэння правоў і свабод грамадзян і суб’ектаў гаспадарання ці немагчымасці скарыстаць права, ужо замацаванае ў акце, які валодае больш высокай юрыдычнай сілай.
 
Нарматворчая дзейнасць можа значна палепшыцца пры выкананні такога важнейшага патрабавання, як уключэнне ў праект норм аб неабходных змяненнях іншых дзеючых актаў аналагічнага ўзроўню.
 
На практыцы часам сустракаюцца выпадкі, калі нарматыўныя прававыя акты прымаюцца па пытаннях, неабходнасць вырашэння якіх наспела даўно, што прыводзіць да надання такім актам зваротнай сілы. Гэта сведчыць аб тым, што органы, якія маюць адносіны да распрацоўкі нарматыўных прававых актаў, і асобы, якія ініцыіруюць іх прыняцце, своечасова і адэкватна не рэагуюць на патрэбнасці дзяржавы і грамадства і не прадугадваюць іх, прымушаючы суб’ектаў улады прымаць адпаведныя акты праз абставіны, што склаліся.
 
Такое палажэнне супярэчыць правілу, замацаванаму ў частцы шостай артыкула 104 Канстытуцыі і частцы першай артыкула 67 Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», згодна з якім нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян і іншым чынам паляпшае іх становішча. Нормы артыкула 67 указанага Закона аб праве нарматворчага органа вызначаць тэрмін увядзення ў дзеянне акта прымянімыя, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры выкананні патрабаванняў артыкулаў 104 і 23 Канстытуцыі, гэта значыць калі гэта выклікана аб’ектыўнымі прычынамі. На дадзеную акалічнасць Канстытуцыйны Суд указваў у сваіх рашэннях.
 
Кантралюючы канстытуцыйнасць прававых норм, якія ляжаць у аснове правапрымяняльных рашэнняў, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што прававыя прадпісанні і заснаваныя на іх рашэнні павінны грунтавацца на прынцыпах разумнасці і справядлівасці. Удзельнікі праваадносін павінны быць упэўнены ў стабільнасці свайго статусу, гарантаванасці прадастаўленых ім правоў і свабод і іх абароны. Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры абмежаванні ўжо набытых правоў асабліва неабходна ўлічваць прынцыпы справядлівасці і суразмернасці, максімальнага ўліку прыватных і публічных інтарэсаў.
 
Прадказальнасць і разумная стабільнасць нарматыўнага рэгулявання, якая базіруецца на спалучэнні інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, а таксама суб’ектаў гаспадарання, не толькі будзе садзейнічаць іх абароне, але і ўзмоцніць давер грамадзян да дзяржавы.
 
Такая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда адлюстравана, у прыватнасці, у яго Заключэнні ад 20 лютага 2004 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г.». Канстытуцыйны Суд, прызнаўшы апраўданым дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне ажыццяўлення медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, што абумоўлена неабходнасцю забеспячэння аховы жыцця і здароўя грамадзян і ўстанаўлення ў гэтых мэтах павышаных патрабаванняў да суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дадзеную дзейнасць, звярнуў увагу на тое, што суб’ектам гаспадарання, якія атрымалі ліцэнзіі на ажыццяўленне такой дзейнасці на падставе прадпісанняў раней дзеючага заканадаўства, павінна быць прадастаўлена рэальная магчымасць атрымання ліцэнзіі ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.
 
Канстытуцыйны Суд указаў таксама на недапушчальнасць негатыўных вынікаў для суб’ектаў гаспадарання ў выглядзе ліквідацыі (прыпынення дзейнасці) па прычынах, якія яны не маглі прадбачыць у момант утварэння. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае аператыўнасць выканання дадзенага Заключэння і Урадам, і Міністэрствам аховы здароўя, якімі ў найкарацейшыя тэрміны было знойдзена прымальнае для ўсіх зацікаўленых удзельнікаў вырашэнне праблем, што ўзніклі.
 
Канстытуцыйны Суд у рашэннях таксама адзначаў, што праватворчыя дзяржаўныя органы нярэдка прымаюць рашэнні з перавышэннем межаў сваёй кампетэнцыі. Асабліва гэта праяўляецца ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання, перш за ўсё па пытаннях падаткаабкладання. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па ўказанай праблеме грунтуецца на палажэннях артыкула 121 Канстытуцыі і заключаецца ў тым, што плацельшчыкі мясцовых падаткаў і збораў, а таксама асноўныя элементы падаткаабкладання (аб’ект, падатковая база, стаўкі і інш.) павінны быць вызначаны на ўзроўні закона ў поўным аб’ёме, дакладна і ясна па кожнаму віду мясцовага падатку і збору. Іменна такі падыход адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню аб устанаўленні мясцовых падаткаў і збораў у адпаведнасці з законам і накіраваны на абарону канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў – грамадзян і арганізацый. У 2004 годзе, як было выяўлена Канстытуцыйным Судом, асобныя мясцовыя Саветы дэпутатаў (напрыклад, Пухавіцкі, Пастаўскі і Верхнядзвінскі раённыя Саветы дэпутатаў) пры ўстанаўленні мясцовых падаткаў і збораў выходзілі за межы сваёй кампетэнцыі.
 
Аналіз заканадаўства сведчыць аб наяўнасці ў ім недахопаў, устараненне якіх садзейнічае рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян. Так, згодна з Законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» Урад, у прыватнасці, павінен быў вызначыць парадак пакрыцця шкоды жыццю і здароўю грамадзян пры пераходзе права патрабавання фізічнай асобы (у выпадку банкруцтва юрыдычнай асобы, абавязанай пакрываць гэту шкоду) у суме капіталізаваных пачасовых плацяжоў ад даўжніка да Рэспублікі Беларусь. Устаноўлены з улікам гэтага ў заканадаўстве парадак пакрыцця шкоды быў звязаны толькі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесійнымі захворваннямі, але ў адносінах да пакрыцця шкоды жыццю і здароўю фізічнай асобы, якой яна была ўчынена не ў сувязі з выкананнем працоўных абавязкаў, парадак не быў вызначаны.
 
З мэтай стварэння заканадаўства, якое адпавядае патрабаванням Асноўнага Закона, неабходна ўпарадкаваць інстытут экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў. У шэрагу выпадкаў экспертыза носіць фармальны характар, не сфарміравана практыка адказнасці аўтараў праектаў нарматыўных прававых актаў за якасць, эканамічнае абгрунтаванне і вынікі прыняцця праектаў, якія прапануюцца. Аналіз актаў сведчыць аб адсутнасці філалагічнай і лагічнай экспертызы праектаў нарматыўных прававых актаў. Няяснасць і няпэўнасць палажэнняў гэтых актаў, іх супярэчлівасць і двухсэнсоўнасць прыводзяць не толькі да парушэння правоў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, але і да самавольства, бюракратызму і злоўжыванняў асобных службовых асоб, якія ў такой сітуацыі могуць дзейнічаць не па закону, а ў адпаведнасці з іх суб’ектыўным успрыняццем закона.
 
Дакладнае выкананне ў праватворчай дзейнасці ўсіх патрабаванняў і правіл логікі з’яўляецца важным сродкам дасягнення сістэмнасці заканадаўства. Лагічная экспертыза праектаў нарматыўных прававых актаў дазволіць устараніць лагічныя памылкі, скарэкціраваць праект, распрацаваць рэкамендацыі па паляпшэнню лагічнай структуры праекта.
 
Актуальнай застаецца праблема прагназіравання вынікаў прыняцця нарматыўных прававых актаў. Як правіла, такі прагноз у дакументах, што прыкладаюцца да праекта нарматыўнага прававога акта, адсутнічае. У цяперашні час на параўнальна нізкім ўзроўні вядзецца работа па выяўленню і фарміраванню грамадскай думкі ў сувязі з мяркуемым прыняццем актаў заканадаўства, якія маюць сацыяльна значныя рэзультаты. Для любога акта заканадаўства важна пралічваць яго прававую і эканамічную эфектыўнасць і магчымыя сацыяльныя, крыміналагічныя і іншыя вынікі.
 
Згодна з артыкулам 1 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд правярае не толькі канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, але і зацвярджае законнасць у праватворчасці і правапрымяненні. Праверка канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў немагчыма без ацэнкі правапрымяняльнай практыкі, разумення сэнсу той або іншай нормы заканадаўства правапрымяняльнікамі, якое, на жаль, не заўсёды з’яўляецца адназначным.
 
Неабходна прызнаць, што ў сістэме заканадаўства супярэчнасці часта маюць латэнтны характар і пасля выяўлення іх на практыцы могуць быць устаранёны шляхам выкарыстання розных прававых сродкаў, у тым ліку шляхам карэкціроўкі заканадаўства і яго адпаведнага тлумачэння. Рознае правапрымяненне здольна прывесці да таго, што адзін і той жа закон можа прымяняцца па-рознаму ў розных выпадках і ў розных рэгіёнах. Такая практыка прымянення закона істотна скажае яго сутнасць, парушае прынцып роўнасці ўсіх перад законам. У сувязі з гэтым важнейшай задачай з’яўляецца распрацоўка метадаў аналізу нарматыўных прававых актаў у мэтах выяўлення ў іх супярэчнасцей.
 
Асабліва бездакорным павінна быць выкананне норм заканадаўства ў крымінальна-прававой сферы. Так, у выніку разгляду шматлікіх скарг асуджаных аб непрымяненні да іх правіла аб зваротнай сіле новага больш мяккага крымінальнага закона ў выпадках, калі зніжаюцца мінімальныя межы пакарання, назначанага ім за ўчыненае злачынства, або ў санкцыю артыкула ўводзяцца больш мяккія пакаранні, Канстытуцыйны Суд прааналізаваў нормы законаў, якія рэгулююць парадак прымянення дадзенага правіла (артыкул 5 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. «Аб увядзенні ў дзеянне Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», пункт 2 артыкула 4 Закона ад 22 ліпеня 2003 г. «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь»). У сваім рашэнні ад 21 кастрычніка 2003 г. ён зрабіў вывад, што нормы гэтых законаў дазваляюць прымяняць правіла аб зваротнай сіле крымінальнага закона ў поўным аб’ёме, у тым ліку і ў вышэйуказаных выпадках. Дадзеная пазіцыя была падтрымана Камісіяй па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У якасці пазітыўнага кроку Канстытуцыйны Суд адзначае, што, хаця і са спазненнем больш чым на год пасля прынятага ім рашэння, судовая практыка ў выніку арыентуецца на перагляд прыгавораў ва ўказаных выпадках.
 
Праведзены Канстытуцыйным Судом аналіз Закона ад 8 студзеня 2004 г. «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы» дазволіў забяспечыць выкананне прадугледжанага ў ім палажэння аб скарачэнні тэрміну пакарання на адзін год. Артыкул 10 указанага Закона да гэтага не прымяняўся да асоб, асуджаных у перыяд устаноўленага для выканання Закона аб амністыі тэрміну (шэсць месяцаў), прыгаворы ў адносінах да якіх адмяняліся, а новыя прыгаворы пастанаўляліся пасля заканчэння дадзенага тэрміну, хаця такія асобы, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ужо набылі права на амністыю.
 
Аналіз практыкі выяўляе праблемы заканадаўства, якія нябачны або здаюцца малазначнымі на стадыі прыняцця закона. Немалаважную ролю ва ўмацаванні канстытуцыйнай законнасці адыгрывае маніторынг правапрымяняльнай практыкі. У цяперашні час у той або іншай меры яго праводзяць усе органы дзяржавы, у тым ліку міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, іншыя суб’екты дзяржаўнай улады, навуковыя ўстановы. Аднак часта такі аналіз завяршаецца ацэнкамі работы ўнутры ведамства і не заўсёды прымаюцца кардынальныя крокі па яе паляпшэнню. Улічваючы неабходнасць паглыблення сістэмнага погляду на існуючыя праблемы, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, было б мэтазгодна ўскласці на адзін з суб’ектаў улады ажыццяўленне агульнага аналізу правапрымяняльнай практыкі ў Рэспубліцы Беларусь або такую функцыю мог бы ажыццяўляць Канстытуцыйны Суд як орган, спецыяльна створаны для зацвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўдасканальванне заканадаўства і практыкі яго прымянення з улікам сучасных патрабаванняў і іх адэкватнасць умовам развіцця грамадства, якія змяняюцца, з’яўляюцца важным фактарам стабільнасці і правапарадку, умацавання канстытуцыйнай законнасці, даверу да дзяржавы і яе інстытутаў улады.
 
Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 2 лютага 2005 года.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч