Навіны
У Нацыянальным прэс-цэнтры 23 студзеня 2014 г. адбылася прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Мiклашэвiча П.П. на тэму «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе»

 

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда спыніўся на змесце прынятага 21 студзеня 2014 г. Канстытуцыйным Судом Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе». Пры гэтым было адзначана наступнае.

Пасланне Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе» прынята на пярэдадні 20-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца па сутнасці грамадскім дагаворам, што засноўвае лад сучаснага беларускага грамадства і дзяржавы, змяшчае фундаментальныя палажэнні, якія выступаюць рэгулятарамі сістэмы палітычных, эканамічных і сацыяльных адносін, служыць прававой асновай стратэгіі развіцця суверэннай Беларусі.

Суверэнная беларуская дзяржаўнасць, нацыянальная прававая сістэма, дзейнасць нарматворчых і правапрымяняльных органаў грунтуюцца на вяршэнстве Канстытуцыі, якая замацоўвае асноватворныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін і валодае вышэйшай юрыдычнай сілай.

Рэалiзоўваючы свае канстытуцыйныя функцыi, Канстытуцыйны Суд усталёўвае вяршэнства Канстытуцыі ў нарматворчасці і правапрымяненні, садзейнічае выпрацоўцы прававых механізмаў развіцця і абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і дасягнення мэт, якія маюць канстытуцыйную значнасць, арыентуе заканадаўца і правапрымяняльнікаў на няўхільнае прытрымліванне канстытуцыйных палажэнняў і іх рэальнае забеспячэнне.

Аналіз спраў і матэрыялаў, разгледжаных Канстытуцыйным Судом, дазваляе зрабіць вывад аб накіраванасці намаганняў дзяржаўных органаў і службовых асоб на падтрыманне належнага ўзроўню канстытуцыйнай законнасці як рэжыму няўхільнага выканання Канстытуцыі ў нарматворчасці і правапрымяненні ўсімі суб’ектамі права.

2. Канстытуцыйным Судом у 2013 годзе не было выяўлена выпадкаў істотнага парушэння канстытуцыйных палажэнняў у заканатворчым працэсе. Усе законы, правераныя ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю, прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.

У рашэннях і прававых пазіцыях Канстытуцыйнага Суда, прынятых па выніках праверкі канстытуцыйнасці законаў, адзначаны станоўчыя тэндэнцыі, якія сведчаць аб развіцці канстытуцыйных прынцыпаў і норм у прававым рэгуляванні грамадскіх адносін. Выяўленыя прававыя прабелыя і прававая недакладнасць у заканадаўчых актах не носяць сістэмнага характару і могуць быць устаранёны ў працэсе ўдасканальвання заканадаўчага рэгулявання.

3. У адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія ўступілі ў сілу, па прапановах упаўнаважаных органаў: Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь (з 1 студзеня 2014 г. Вярхоўны Суд і Вышэйшы Гаспадарчы Суд аб’яднаны ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь).

У мінулым годзе ад упаўнаважаных суб’ектаў такія прапановы не паступалі, што абумоўлена шэрагам фактараў як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару. Назіраецца тэндэнцыя пастаяннага ўдасканальвання нарматворчага працэсу, у ходзе якога ўдзяляецца належная ўвага аналізу адпаведнасці Канстытуцыі нарматыўных палажэнняў яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку шляхам правядзення юрыдычных экспертыз і іншых прававых даследаванняў у нарматворчых органах.

4. У парадку ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя ў 2013 годзе ва ўпаўнаважаныя органы паступіла 88 ініцыятыўных зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, у якіх ставіліся пытанні аб неабходнасці праверкі канстытуцыйнасці асобных норм законаў і падзаконных актаў. Аднак прапаноў ад ўпаўнаважаных органаў на падставе такiх зваротаў у Канстытуцыйны Суд не паступала, што ў пэўнай меры звязана з недастатковым прававым рэгуляваннем ускоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя.

У Канстытуцыйны Суд не паступалі прапановы ад агульных і гаспадарчых судоў на падставе артыкула 112 Канстытуцыі.

Адсутнасць зваротаў у Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, звязаных з іх прымяненнем, абмяжоўвае магчымасці праверкі канстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі судоў і іншых правапрымяняльных органаў.

5. Канстытуцыйным Судом у 2013 годзе рэалізоўваліся паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў аб ліквідацыі прававых прабелаў і прававой недакладнасці ў нарматыўных прававых актах. Так, на падставе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб прызнана неабходным:

вызначыць у Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях парадак вызвалення судом (суддзёй) фізічных асоб ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скарг на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку ў сувязі з маёмасным палажэннем такіх асоб;

замацаваць у Грамадзянскім кодэксе прававы механізм абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства, які ўлічвае ступень фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі;

прыняты іншыя рашэнні.

6. У 2013 годзе выканана 11 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

Так, на падставе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда Парламентам унесены змяненнi і дапаўненн ў Працоўны кодэкс, у адпаведнасці з якім:

да ліку дыскрымінацыйных абставін у сферы працоўных адносн аднесены ўзрост, месца жыхарства і іншыя абставіны, не звязаныя з дзелавымі якасцямі і не абумоўленыя спецыфікай працоўнай функцыі работніка (частка першая артыкула 14 Кодэкса);

устаранёна калізія паміж нормамі Працоўнага кодэкса і Закона «Аб барацьбе з карупцыяй» у частцы ўстанаўлення дадатковай падставы скасавання працоўнага дагавора з дзяржаўнымі службовымі асобамі ў выпадках непадпісання або парушэння імі пісьмовага абавязацельства па выкананні абмежаванняў, прадугледжаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй (пункт 5 артыкула 47 Кодэкса);

вызначана магчымасць прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяц да дасягнення ім узросту трох гадоў сваяку, члену сям’і дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, у выпадках, калі маці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, творчым работнікам, ажыццяўляе рамесную дзейнасць (артыкул 185 Кодэкса) і г.д.

Выкладзеныя ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда прававыя пазіцыі ўлічаны заканадаўцам і ў іншых нарматыўных прававых актах.

У заключнай частцы выступлення Старшынёй Канстытуцыйнага Суда былі прыведзены некаторыя вывады і прапановы, выкладзеныя ў Пасланні.

1. Канстытуцыяналiзацыя грамадскіх адносiн прадугледжвае прамое ўздзеянне канстытуцыйных прынцыпаў і норм на сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя працэсы пры дапамозе прававых механізмаў забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння.

Дасягнуты ўзровень дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця, існуючыя інтэграцыйныя працэсы абумоўліваюць неабходнасць распрацоўкі комплекснага дакумента – адзінай Канцэпцыі дзяржаўнай прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь у мэтах належнага прававога забеспячэння дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, правоў і свабод грамадзян у сучасных умовах.

2. Пры выпрацоўцы стратэгіі прававой палітыкі дзяржавы, удасканальванні прававой сістэмы неабходна грунтавацца на канстытуцыйна-прававой дактрыне, якая ўяўляе сабой тэарэтычныя палажэнні і навуковыя канцэпцыі, усведамленне і разуменне канстытуцыйных ідэй, каштоўнасцей і мэт, рэалізацыю і развіццё, інтэрпрэтацыю і дактрынальнае тлумачэнне канстытуцыйных прынцыпаў і норм як у навуковых крыніцах, так і ў нарматворчасці і правапрымяненні.

Пэўны ўклад у фарміраванне нацыянальнай канстытуцыйна-прававой дактрыны ўносіць Канстытуцыйны Суд, які сваімі рашэннямі і прававымі пазіцыямі пры дапамозе выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў сцвярджае вяршэнства Канстытуцыі, садзейнічае выпрацоўцы дзейснага механізму забеспячэння правоў і свабод чалавека.

3. Захаванне стабільнасці фундаментальных канстытуцыйных палажэнняў спрыяе паступальнаму развіццю дзяржавы і грамадства, удасканальванню механізмаў канстытуцыйна-прававой абароны правоў і свабод грамадзян. Разам з тым далейшае развіццё грамадскіх адносін не выключае магчымасці пэўнай карэкціроўкі асобных норм Канстытуцыі ў напрамку далейшай аптымізацыі канстытуцыйна-прававога рэгулявання з улікам узнікнення аб’ектыўных абставін.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што з прыняццем у адпаведнасці з артыкулам 109 Канстытуцыі заканадаўчых актаў, накіраваных на стварэнне адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, аб’яднаннем Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда ў адзіны вышэйшы судовы орган – Вярхоўны Суд узнікла аб’ектыўная неабходнасць удакладнення некаторых палажэнняў Канстытуцыі ў мэтах ліквідацыі прававой недакладнасці.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе, што, улічваючы месца і ролю Вярхоўнага Суда ў судовай сістэме Рэспублікі Беларусь, грунтуючыся на канстытуцыйным прынцыпе падзелу ўлад, неабходна на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Вярхоўнага Суда як вышэйшага судовага органа, які ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі.

Пры гэтым у мэтах пашырэння доступу да канстытуцыйнага правасуддзя мэтазгодна надзяліць Генеральнага пракурора правам унясення прапаноў у Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, а суды агульнай юрысдыкцыі – правам прэюдыцыяльнага запыту ў Канстытуцыйны Суд.

4. Увасабленне ў жыццё вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі, умацаванне канстытуцыйнай законнасці абумоўліваюць станаўленне ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыяналізму, важнейшымі складальнікамі якога выступаюць вяршэнства права, няўхільнае выкананне канстытуцыйных прадпісанняў усімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі, устанаўленне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы на аснове канстытуцыйных каштоўнасцей.

У другой частцы прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда адказаў на пытанні журналістаў.