Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
15 верасня 2004 г. № Р-176/2004
15 верасня 2004 г. № Р-176/2004
Аб прававым рэгуляваннi пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю або здароўю грамадзян, у сувязi з лiквiдацыяй юрыдычных асоб, абавязаных ажыццяўляць плацяжы ў пакрыццё дадзенай шкоды
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.І., Падгрушы В.В., Цiкавенкi А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе артыкула 40 i часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню невыканання рашэння суда аб пакрыццi шкоды, прычыненай здароўю грамадзянiна, у сувязi з лiквiдацыяй юрыдычнай асобы, абавязанай ажыццяўляць плацяжы ў пакрыццё дадзенай шкоды.
Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей – ГК), Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб эканамiчнай неплацежаздольнасцi (банкруцтве)”, Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 30 лiпеня 2003 г. № 18 “Аб абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiянальных захворванняў”, iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У адпаведнасцi з пунктам 1 артыкула 933 ГК шкода, прычыненая асобе або маёмасцi грамадзянiна, падлягае пакрыццю ў поўным аб’ёме асобай, якая прычынiла шкоду. Шкода, прычыненая жыццю або здароўю грамадзянiна пры выкананнi дагаворных абавязацельстваў, пакрываецца па правiлах, прадугледжаных главой 58 ГК, калi заканадаўствам або дагаворам не прадугледжаны больш высокi памер адказнасцi (артыкул 953 ГК).
Пры прычыненнi грамадзянiну калецтва або iншага пашкоджання здароўя пакрыццю падлягаюць страчаны пацярпеўшым заработак (даход), якi ён меў цi дакладна мог мець, а таксама дадаткова панесеныя расходы, выклiканыя пашкоджаннем здароўя (пункт 1 артыкула 954 ГК). Пакрыццё шкоды, выклiканай знiжэннем працаздольнасцi або смерцю пацярпеўшага, ажыццяўляецца штомесячнымi плацяжамi (пункт 1 артыкула 961 ГК). Сумы ў пакрыццё дадтковых расходаў (пункт 1 артыкула 954 ГК) могуць быць прысуджаны на будучы час у межах тэрмiнаў, якiя вызначаюцца на аснове заключэння медыцынскай экспертызы, а таксама пры неабходнасцi папярэдняй аплаты кошту адпаведных паслуг i маёмасцi, у тым лiку набыцця пуцёўкi, аплаты праезду, аплаты спецыяльных транспартных сродкаў (пункт 2 артыкула 961 ГК).
У выпадку лiквiдацыi юрыдычнай асобы, прызнанай ва ўстаноўленым парадку адказнай за шкоду, прычыненую жыццю або здароўю, адпаведныя плацяжы павiнны быць капiталiзаваны для выплаты iх пацярпеўшаму па правiлах, устаноўленых заканадаўствам (пункт 2 артыкула 962 ГК). Патрабаваннi грамадзян, перад якiмi лiквiдуемая юрыдычная асоба нясе адказнасць за прычыненне шкоды жыццю або здароўю шляхам капiталiзацыi адпаведных пачасовых плацяжоў, задавальняюцца ў першую чаргу (падпункт 1 пункта 1 артыкула 60 ГК).
Парадак капiталiзацыi пачасовых плацяжоў, якiя падлягаюць выплаце ў пакрыццё шкоды здароўю, у выпадку банкруцтва юрыдычнай асобы ўстаноўлены артыкулам 145 Закона “Аб эканамiчнай неплацежаздольнасцi (банкруцтве)” (далей – Закон). Вызначэнне памеру патрабаванняў фiзiчнай асобы, перад якой даўжнiк нясе адказнасць за прычыненне шкоды яго жыццю або здароўю, ажыццяўляецца шляхам капiталiзацыi не менш чым за пятнаццаць гадоў адпаведных пачасовых плацяжоў, устаноўленых на дату адкрыцця гаспадарчым судом лiквiдацыйнага вядзення або ўвядзення санацыi, што падлягаюць выплаце гэтай асобе да дасягнення ёю ўзросту сямiдзесяцi гадоў. Калi ўзрост фiзiчнай асобы перавышае семдзесят гадоў, тэрмiн для капiталiзацыi адпаведных пачасовых плацяжоў вылiчваецца ў пятнаццаць гадоў (частка першая артыкула 145 Закона).
Выплата сумы капiталiзаваных пачасовых плацяжоў, памер якой вызначаецца ў адпаведнасцi з часткай першай артыкула 145 Закона, спыняе адпаведнае абавязацельства даўжнiка (частка другая артыкула 145 Закона).
Права патрабавання да даўжнiка ў суме капiталiзаваных пачасовых плацяжоў пры наяўнасцi згоды фiзiчнай асобы пераходзiць да Рэспублiкi Беларусь. У гэтым выпадку абавязацельствы даўжнiка перад фiзiчнай асобай па выплаце пачасовых плацяжоў пераходзяць да Рэспублiкi Беларусь i выконваюцца Рэспублiкай Беларусь у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi ў парадку, устаноўленым Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь (частка трэцяя артыкула 145 Закона).
Згодна з артыкулам 145 Закона капiталiзацыя пачасовых плацяжоў ажыццяўляецца даўжнiком ва ўсiх выпадках прычынення шкоды жыццю або здароўю: як пры прычыненнi шкоды ў сувязi з выкананнем фiзiчнай асобай сваiх працоўных абавязкаў, так i пры прычыненнi шкоды, не звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў.
У прымяненнi да пакрыцця шкоды, прычыненай у вынiку няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiянальных захворванняў (г.зн. звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў), парадак капiталiзацыi адпаведных плацяжоў раней быў устаноўлены пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 4 лiстапада 1992 г. № 664 “Аб зацвярджэннi Правiлаў накаплення пачасовых плацяжоў лiквiдуемых прадпрыемстваў у сувязi з прычыненнем калецтва, iншым пашкоджаннем здароўя або са смерцю работнiка пры выкананнi iм працоўных абавязкаў”, а ў цяперашнi час – Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 30 лiпеня 2003 г. № 18 “Аб абавязковым страхаваннi ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiянальных захворванняў”, пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 10 кастрычнiка 2003 г. № 1301 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку ўнясення Беларускаму рэспублiканскаму унiтарнаму страхавому прадпрыемству “Белдзяржстрах” капiталiзаваных пачасовых плацяжоў пры лiквiдацыi (банкруцтве з лiквiдацыяй) або спыненнi дзейнасцi страхавальнiкаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасцi i прафесiянальных захворванняў”.
Такiм чынам, актамi заканадаўства ўстаноўлены толькi парадак пакрыцця шкоды, звязанай з няшчаснымi выпадкамi на вытворчасцi i прафесiянальнымi захворваннямi, i ажыццяўленне абавязковага страхавання такiх выпадкаў ускладзена на Беларускае рэспублiканскае унiтарнае прадпрыемства “Белдзяржстрах”. Парадак жа пакрыцця шкоды жыццю i здароўю фiзiчнай асобы, якой такая шкода прычынена не ў сувязi з выкананнем ёю працоўных абавязкаў, пры пераходзе права патрабавання фiзiчнай асобы ў суме капiталiзаваных пачасовых плацяжоў ад даўжнiка да Рэспублiкi Беларусь у заканадаўстве не вызначаны.
Закон “Аб эканамiчнай неплацежаздольнасцi (банкруцтве)” прыняты 18 лiпеня 2000 г. i апублiкаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь 11 жнiўня 2000 г. Артыкулам 260 Закона Савету Мiнiстраў даручана на працягу шасцi месяцаў з дня яго афiцыяльнага апублiкавання:
падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з дадзеным Законам;
унесцi Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь праекты нарматыўных прававых актаў, якiя забяспечваюць прывядзенне ў дзеянне дадзенага Закона;
прывесцi акты Урада ў адпаведнасць з дадзеным Законам;
прыняць прававыя акты, якiя забяспечваюць рэалiзацыю Закона;
прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi Закона.
Аднак да цяперашняга часу парадак рэалiзацыi прадугледжанага часткай трэцяй артыкула 145 Закона права грамадзян, здароўю якiх прычынена шкода, на пакрыццё гэтай шкоды вызначаны не поўнасцю.
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў дадзеным выпадку не ў поўнай меры выкананы артыкул 59 Канстытуцыi, якi прадугледжвае абавязак дзяржаўных органаў, службовых асоб прымаць у межах сваёй кампетэнцыi неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы.
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у мэтах устаранення прабелу ў прававым рэгуляваннi вызначыць парадак рэалiзацыi права фiзiчнай асобы на пакрыццё шкоды жыццю або здароўю, не звязанай з выкананнем працоўных абавязкаў, прадугледжаны часткай трэцяй артыкула 145 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб эканамiчнай неплацежаздольнасцi (банкруцтве)”, i пры гэтым разгледзець пытанне аб магчымай абароне маёмасных правоў асоб, якiм шкода прычынена пасля ўступлення ў сiлу ўказанага Закона.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч