Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 ліпеня 2004 г. № Р-174/2004
Аб канстытуцыйнасці пункта 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 “Аб выніках выканання бюджэту г. Мінска і стане кантрольна-эканамічнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 і эканоміі бюджэтных сродкаў у 2004 годзе”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот аб правамернасці надання зваротнай сілы рашэнню Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў частцы норм, якія ўстанаўліваюць паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і іншых актаў заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 “Аб выніках выканання бюджэту г. Мінска і стане кантрольна-эканамічнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 і эканоміі бюджэтных сродкаў у 2004 годзе” змяшчае даручэнне кiраўнiкам адмiнiстрацый раёнаў, кіраўнікам камітэтаў, упраўленняў Мінгарвыканкома, арганізацый камунальнай уласнасці г. Мінска забяспечыць эканомнае і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на ўзмацненне кантролю за расходваннем пазабюджэтных сродкаў і фондаў, якія выдзяляюцца на правядзенне капітальнага рамонту жылога фонду, вуліц горада, рамонт і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і іншых аб’ектаў (падпункт 3.1 пункта 3); пастаянна праводзіць работу па скарачэнню расходаў за кошт зніжэння затрат і сабекошту аказваемых паслуг, а таксама крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці (падпункт 3.2 пункта 3).
 
Устаноўлена таксама, што камітэты, упраўленні Мінгарвыканкома, адміністрацыі раёнаў, юрыдычныя асобы, якія фінансуюцца з бюджэту, не маюць права заключаць дагаворы аб пастаўцы тавараў, выкананні работ (аказанні паслуг), не забяспечаныя планавымі бюджэтнымі асігнаваннямі, што падлягаюць выдзяленню з бюджэту г. Мінска на 2004 год (пункт 5).
 
У пункце 10 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта змяшчаецца прадпісанне арганізацыям-заказчыкам жыллёва-камунальнай і невытворчай сферы пры выкананні капітальнага і бягучага рамонту за кошт бюджэтных асігнаванняў прымяняць пры заключэнні (перазаключэнні) дагавораў з падраднымі арганізацыямі любой формы ўласнасці наступныя паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў (акрамя работ па рамонту дахаў з шыферным і стальным пакрыццём): па капітальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5.
 
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па пытанню канстытуцыйнасці ўстанаўлення выканаўчымі камітэтамі паніжаючых каэфіцыентаў да планавых накапленняў і накладных расходаў выкладзена ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 1 ліпеня 2004 г. № Р-173/2004 “Аб канстытуцыйнасці падпункта 1.3 пункта 1 рашэння Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 85 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе”. Канстытуцыйны Суд пацвердзiў права выканаўчага камітэта распараджацца камунальнай уласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якая складаецца з казны адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і маёмасці, замацаванай за камунальнымі юрыдычнымі асобамі ў парадку, устаноўленым Саветам дэпутатаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рашэнне выканаўчага камітэта ў частцы ўстанаўлення паніжаючых каэфіцыентаў накіравана на эканомію бюджэных сродкаў, што мае для рэгіёна станоўчыя сацыяльныя вынікі, паколькі памяншэнне расходаў дазваляе павялічваць аб’ёмы будаўнічых работ, праводзіць рэканструкцыю і капітальны рамонт большай колькасці аб’ектаў інфраструктуры: школ, бальніц, дамоў культуры, спартыўных збудаванняў. Адначасова Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што згодна з рашэннем самога Вілейскага раённага выканаўчага камітэта паніжаючыя каэфіцыенты прымяняюцца толькі да новых дагавораў, заключаных пасля прыняцця дадзенага рашэння і ўступлення яго ў сілу. Таму Канстытуцыйны Суд прызнаў рашэнне ў частцы ўстанаўлення паніжаючых каэфіцыентаў адпавядаючым Канстытуцыі і актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
Згодна з пунктам 25 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 сакавіка 2004 г. № 453 яно ўступае ў сілу з 1 студзеня 2004 г., гэта значыць дадзенаму нарматыўнаму прававому акту нададзена зваротная сіла. Рашэнне ўключана ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка 2004 г., № 9/3294.
 
Вывучэнне правапрымяняльнай практыкі паказала, што ў перыяд з 1 студзеня 2004 г. да прыняцця рашэння і яго ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь арганізацыямі-заказчыкамі жыллёва-камунальнай і невытворчай сферы былі заключаны (перазаключаны) дагаворы з падраднымі арганізацыямі на выкананне работ па капітальнаму і бягучаму рамонту за кошт бюджэтных асігнаванняў без уліку паніжаючых каэфіцыентаў да планавых накапленняў і накладных расходаў. Адны дагаворы былi спынены ў сувязі з выкананнем абавязацельстваў абодвума бакамі, другiя – выкананы падрадчыкамі, але не аплачаны заказчыкам, трэцiя – выкананы падрадчыкамі не поўнасцю. Пасля прыняцця рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 2004 г. № 453 падрадным арганiзацыям прапанавана зрабiць пераразлiк кошту выкананых з 1 студзеня 2004 г. работ з улiкам панiжаючых каэфiцыентаў.
 
Згодна з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыi закон не мае зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. У артыкуле 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” прадугледжана, што нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сiлы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносiны, што ўзнiклi да ўступлення яго ў сiлу, за выключэннем выпадкаў, калi ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян або iншым чынам паляпшае становiшча асоб, на якiх распаўсюджваецца дзеянне нарматыўнага прававога акта, або калi ў самiм нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзеннi яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на адносiны, якiя ўзнiклi да яго ўступлення ў сiлу.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што замацаванае ў Канстытуцыi i ўказаным Законе правiла надання зваротнай сiлы нарматыўнаму прававому акту азначае недапушчальнасць надання зваротнай сiлы нарматыўнаму прававому акту не толькi пры вырашэннi пытання аб ускладаннi юрыдычнай адказнасцi, але i пры такiм змяненнi заканадаўства, у вынiку якога пагаршаецца становiшча грамадзян або юрыдычных асоб. Канстытуцыйны Суд адзначае, што i ў тых выпадках, калi ў самiм нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзеннi яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на праваадносiны, якiя ўзнiклi да яго ўступлення ў сiлу, зваротная сiла можа быць нададзена толькi тым нормам гэтага акта, якiя не пагаршаюць становiшча грамадзян або юрыдычных асоб. На неабходнасць выканання прынцыпу надання актам зваротнай сiлы, якi вынiкае з Канстытуцыi, Канстытуцыйным Судом звярталася ўвага ў шэрагу яго рашэнняў (заключэнняў).
 
Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд адзначае, што наданне зваротнай сiлы нормам, якiя змяшчаюцца ў пункце 10 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 2004 г. № 453, супярэчыла б устаноўленым у артыкуле 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь прынцыпам вяршэнства права i роўнасцi правоў удзельнiкаў грамадзянскiх адносiн.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць выканання канстытуцыйнага прынцыпу свабоды дагавора (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыi; абзац сёмы часткi другой артыкула 2, артыкул 391 Грамадзянскага кодэкса), з улiкам якога рашэнне Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 2004 г. № 453 з’яўляецца падставай для перагавораў арганiзацый-заказчыкаў з падрадчыкамi аб змяненi ўмоў дагавора або, пры недасягненнi пагаднення, – аб яго спыненнi. Выключэнне, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, з улiкам палажэнняў часткi другой пункта 3 артыкула 276 Грамадзянскага кодэкса могуць скласцi толькi выпадкi, калi заказчыкам i падрадчыкам па дагавору выступаюць унiтарныя камунальныя прадпрыемствы.
 
Кiруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што прымяненне пункта 10 рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 4 сакавiка 2004 г. № 453 “Аб вынiках выканання бюджэту г. Мiнска i стане кантрольна-эканамiчнай работы за 2003 год, задачах па выкананню рашэння Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2003 г. № 72 i эканомii бюджэтных сродкаў у 2004 годзе”, якi ўстанаўлiвае панiжаючыя каэфiцыенты, павiнна ажыццяўляцца з улiкам патрабаванняў артыкула 104 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь”, якiмi не дапускаецца пагаршэнне прававога становiшча ўдзельнiкаў грамадскiх адносiн, а таксама норм Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, якiя замацоўваюць прынцып свабоды дагавора.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                        Р.А. Васiлевiч