Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 ліпеня 2004 г. № Р-173/2004
1 ліпеня 2004 г. № Р-173/2004
Аб канстытуцыйнасцi падпункта 1.3 пункта 1 рашэння Вiлейскага раённага выканаўчага камiтэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканомii бюджэтных сродкаў у 2003 годзе”
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткі першай артыкула 116, часткi чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь зварот аб правамернасцi ўстанаўлення рашэннем Вiлейскага раённага выканаўчага камiтэта панiжаючых каэфiцыентаў да норм накладных расходаў i планавых накапленняў у будаўнiцтве.
Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь”, Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 “Аб некаторых мерах па стабiлiзацыi цэн (тарыфаў) у Рэспублiцы Беларусь” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У мэтах удасканальвання сiстэмы цэнаўтварэння Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 19 мая 1999 г. № 285 (са змяненнямi i дапаўненнямi) зацверджаны пералiк тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы), надбаўкi (скiдкi) на якiя рэгулююцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, iншымi дзяржаўнымi арганiзацыямi, падпарадкаванымi Ураду Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальным банкам, аблвыканкомамi i Мiнскiм гарвыканкомам. Дадзеным пералiкам прадугледжана, што цэны ў будаўнiцтве, за выключэннем будаўнiцтва, якое ажыццяўляецца за кошт замежных iнвестыцый (па ўзгадненню з Мiнiстэрствам эканомiкi), рэгулююцца Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва.
У цяперашнi час нормы накладных расходаў i планавых накапленняў для будаўнiча-мантажных арганiзацый, якiя выконваюць будаўнiчыя, мантажныя i спецыяльныя будаўнiчыя работы падрадным спосабам, вызначаны нарматыўнымi прававымi актамi Урада Рэспублiкi Беларусь.
Так, пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 11 лютага 1993 г. № 67 “Аб новых каштарысных нормах i цэнах у будаўнiцтве” для будаўнiча-мантажных арганiзацый незалежна ад форм уласнасцi, якiя выконваюць будаўнiчыя, мантажныя i спецыяльныя будаўнiчыя работы падрадным спосабам, былi зацверджаны гранiчныя нормы накладных расходаў i планавых накапленняў (пункт 2).
З 1 студзеня 1996 г. пастановай Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 кастрычнiка 1995 г. № 599 “Аб увядзеннi панiжаючых каэфiцыентаў да гранiчных норм накладных расходаў i планавых накапленняў для будаўнiча-мантажных арганiзацый” уведзены панiжаючыя каэфiцыенты да гранiчных норм накладных расходаў i планавых накапленняў 0,996 i 0,96 адпаведна. Мiнiстэрству архiтэктуры i будаўнiцтва было даручана ў месячны тэрмiн вызначыць парадак прымянення ўказаных каэфiцыентаў.
У мэтах устанаўлення адзiнага парадку пераходу ў 2001 – 2002 гадах на новую каштарысна-нарматыўную базу ў будаўнiцтве пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 лiпеня 2001 г. № 997 “Аб пераходзе на рэсурсна-каштарысныя нормы ў будаўнiцтве” зацверджаны новыя нормы накладных расходаў i планавых накапленняў для будаўнiча-мантажных арганiзацый, якiя выконваюць будаўнiчыя, мантажныя i спецыяльныя будаўнiчыя работы падрадным спосабам (пункт 2). Пунктам 3 дадзенай пастановы дазволена прымяняць для разлiкаў за выкананыя работы ў адпаведнасцi з раней заключанымi дагаворамi (кантрактамi) будаўнiчага падраду гранiчныя нормы накладных расходаў i планавых накапленняў для будаўнiча-мантажных арганiзацый, якiя выконваюць будаўнiчыя, мантажныя i спецыяльныя будаўнiчыя работы падрадным спосабам, зацверджаныя пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 11 лютага 1993 г. № 67.
Нягледзячы на тое што ў пункце 2 пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 лiпеня 2001 г. № 997 гаворка iдзе аб зацвярджэннi норм накладных расходаў i планавых накапленняў, пры непасрэдным вызначэннi размераў гэтых норм Урад прадугледзеў гранiчныя нормы (у працэнтах да сумы асноўнай заработнай платы рабочых i кошту эксплуатацыi машын) накладных расходаў i планавых накапленняў.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што тэрмiн “гранiчныя нормы” неабходна разглядаць як найвышэйшы размер, якi не падлягае павелiчэнню пры заключэннi дагавораў, але якi можна знiжаць.
Мiнскi абласны выканаўчы камiтэт рашэннем ад 18 сакавiка 2003 г. № 191 “Аб мерах па рэалiзацыi рашэння Мiнскага абласнога Савета дэпутатаў “Аб бюджэце вобласцi на 2003 год” рэкамендаваў арганiзацыям камунальнай уласнасцi – заказчыкам пры заключэннi новых дагавораў з арганiзацыямi любой формы ўласнасцi на будаўнiчыя i рамонтныя работы, якiя выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, прымяняць панiжаючы каэфiцыент да планавых накапленняў i накладных расходаў (акрамя работ па рамонту дахаў са стальнымi i шыфернымi пакрыццямi жыллёвага фонду): па будаўнiцтву, рэканструкцыi i капiтальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5 (падпункт 7.2 пункта 7).
Вiлейскi раённы выканаўчы камiтэт у мэтах выканання ўказаных рэкамендацый Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта i ў мэтах “аптымiзацыi i скарачэння бюджэтных расходаў, удасканальвання структуры кiравання бюджэтнай сферай i арганiзацыямi камунальнай гаспадаркi” ў рашэннi ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканомii бюджэтных сродкаў у 2003 годзе” вызначыў, што арганiзацыi камунальнай уласнасцi пры заключэннi новых дагавораў з арганiзацыямi любой формы ўласнасцi на будаўнiчыя i рамонтныя работы, якiя выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, прымяняюць панiжаючы каэфiцыент да планавых накапленняў i накладных расходаў: па будаўнiцтву, рэканструкцыi i капiтальнаму рамонту – 0,8, па бягучаму рамонту – 0,5 (падпункт 1.3 пункта 1).
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рашэнне Вiлейскага раённага выканаўчага камiтэта ў частцы ўстанаўлення панiжаючых каэфiцыентаў накiравана на эканомiю бюджэтных сродкаў, што мае для рэгiёна станоўчыя сацыяльныя вынiкi, паколькi змяншэнне расходаў дазваляе павялiчваць аб’ёмы будаўнiчых работ, праводзiць рэканструкцыю i капiтальны рамонт большай колькасцi аб’ектаў iнфраструктуры раёна: школ, бальнiц, дамоў культуры, спартыўных збудаванняў.
У адпаведнасцi з артыкулам 121 Канстытуцыi да выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў адносiцца вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кiравання i распараджэння камунальнай уласнасцю.
У пункце 5 часткi дзесятай артыкула 9 Закона “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь” прадугледжана, што выканаўчы камiтэт распараджаецца камунальнай уласнасцю адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi ў парадку, устаноўленым Саветам.
Камунальная ўласнасць складаецца з казны адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi i маёмасцi, замацаванай за камунальнымi юрыдычнымi асобамi. Казну адпаведнай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi складаюць сродкi мясцовага бюджэту i iншая камунальная маёмасць, не замацаваная за камунальнымi юрыдычнымi асобамi (частка першая артыкула 36 Закона “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь”). Згодна з часткай першай артыкула 41 дадзенага Закона выканаўчыя камiтэты выконваюць мясцовыя бюджэты ў iнтарэсах насельнiцтва. У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 33 Закона “Аб бюджэтнай сiстэме Рэспублiкi Беларусь i дзяржаўных пазабюджэтных фондах” мясцовыя Саветы дэпутатаў самастойна ў межах сваiх паўнамоцтваў вызначаюць напрамкi выкарыстання сродкаў мясцовых бюджэтаў, за выключэннем перададзеных iм з вышэйстаячага бюджэту фiнансавых рэсурсаў, якiя маюць мэтавае прызначэнне.
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Вілейскі раённы выканаўчы камітэт, прадугледзеўшы ў рашэнні ад 27 лютага 2003 г. № 84 паніжаючыя каэфіцыенты да планавых накапленняў і накладных расходаў, якія падлягаюць прымяненню арганізацыямі-заказчыкамі пры заключэнні новых дагавораў з арганізацыямі любой формы ўласнасці на будаўнічыя і рамонтныя работы, што выконваюцца падрадным спосабам за кошт бюджэтных сродкаў, не парушыў адпаведныя палажэннi пастаноў Савета Міністраў ад 11 лютага 1993 г. № 67 і ад 6 ліпеня 2001 г. № 997, паколькі дадзенымі пастановамі вызначаны гранічныя нормы накладных расходаў і планавых накапленняў.
Адначасова Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што паніжаючыя каэфіцыенты згодна з рашэннем самога Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 прымяняюцца толькі да новых дагавораў, якія заключаюцца пасля прыняцця дадзенага рашэння і ўступлення яго ў сілу. Акрамя таго, у адпаведнасці з артыкулам 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян або іншым чынам паляпшае становішча асоб, на якіх распаўсюджваецца дзеянне нарматыўнага прававога акта, ці калі ў самім нарматыўным прававым акце або ў акце аб увядзенні яго ў дзеянне прама прадугледжваецца, што ён распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі да яго ўступлення ў сілу.
У выпадку невыканання ўказаных патрабаванняў будаўнічыя арганізацыі маюць права абскарджваць дзеянні дзяржаўных органаў у гаспадарчы суд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць падпункт 1.3 пункта 1 рашэння Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 27 лютага 2003 г. № 84 “Аб дадатковых мерах па эканоміі бюджэтных сродкаў у 2003 годзе” адпавядаючым Канстытуцыі і актам заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч