Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
15 красавіка 2004 г. № Р-172/2004
Аб канстытуцыйнасці Палажэння аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. на падставе часткі першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь разгледзеў зварот грамадзяніна Шырко А.М. па пытанню канстытуцыйнасці Палажэння аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджанага рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430.
 
У звароце ўказана, што пункт 7 дадзенага Палажэння змяшчае нормы, якія абмяжоўваюць права грамадзян на непасрэдны зварот да старшыні Мінгарвыканкома па пытаннях, што адносяцца да яго кампетэнцыі.
 
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У артыкуле 40 Канстытуцыі замацавана права кожнага накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай.
 
Парадак рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 г. “Аб зваротах грамадзян” (далей – Закон). Законам устаноўлены парадак звароту грамадзян з прапановамі, заявамі і скаргамі да службовых асоб дзяржаўных органаў, органаў грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў незалежна ад форм уласнасці, а таксама парадак разгляду прапаноў, заяў і скарг.
 
Законам прадугледжаны, у прыватнасці, абавязак кіраўнікоў органаў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў ажыццяўляць асабісты прыём грамадзян. Згодна з часткамі першай і трэцяй артыкула 5 Закона кіраўнікі органаў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў абавязаны праводзіць асабісты прыём грамадзян і не маюць права адмовіць грамадзяніну ў асабістым прыёме пры яго звароце ва ўстаноўленым парадку непасрэдна да іх з пытаннямі, якія адносяцца да іх кампетэнцыі.
 
Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 1997 г. № 128 рп “Аб мерах па паляпшэнню работы са зваротамі грамадзян” на кіраўнікоў дзяржаўных органаў, а таксама кіраўнікоў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў незалежна ад форм уласнасці ўскладзены абавязак па забеспячэнню выканання Закона “Аб зваротах грамадзян”.
 
Згодна з пунктам 14 часткі дзесятай артыкула 9 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” выканаўчы камітэт прымае рашэнні, накіраваныя на абарону правоў і задавальненне законных інтарэсаў грамадзян, арганізуе прыём насельніцтва кіраўнікамі выканаўчага камітэта.
 
Парадак арганізацыі прыёму грамадзян старшынёй Мінгарвыканкома, першым намеснікам старшыні, намеснікамі старшыні, кіраўніком спраў у межах іх кампетэнцыі ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў устаноўлены Палажэннем аб парадку прыёму грамадзян у Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце, зацверджаным рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430 (Нацыянальны рэестр прававых актаў, 2002 г., № 116, 9/2176).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 1 кастрычніка 2002 г. № 1430 прынята на падставе законаў Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” і “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
 
У пункце 7 Палажэння ўстаноўлена, што грамадзяне запісваюцца на прыём да старшыні гарвыканкома на падставе пісьмовай заявы па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі, калі іх патрабаванні законныя і не вырашаны адпаведнымі службовымі асобамі. Заявы аб асабістым прыёме, што паступаюць на імя старшыні Мінгарвыканкома, накіроўваюцца першаму намесніку старшыні, намеснікам старшыні, кіраўніку спраў згодна з размеркаваннем абавязкаў, зацверджаных ва ўстаноўленым парадку, для даклада старшыні пры неабходнасці.
 
Як вынiкае з адказу Мiнгарвыканкома на запыт Канстытуцыйнага Суда, “для вырашэння пытання запiсу на прыём да старшынi гарвыканкома грамадзянiну прапаноўваецца выкласцi сваё пытанне ў пiсьмовым выглядзе з указаннем новых доказаў i фактаў, г.зн. абгрунтаваць законнасць свайго звароту”.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ажыццяўленне папярэдняга запiсу грамадзян садзейнiчае больш стараннай, якаснай падрыхтоўцы да асабiстага прыёму, таму што дазваляе дасканала вывучыць пастаўленае пытанне, падабраць неабходныя матэрыялы, запрасіць у выпадку неабходнасці спецыялістаў, але гэта не павiнна выключаць замацаванае ў Законе права грамадзян на вусныя звароты на асабiстым прыёме.
 
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што ўстанаўленне ў якасцi ўмовы асабiстага прыёму грамадзян старшынёй Мiнгарвыканкома законнасцi патрабаванняў, якiя змяшчаюцца ў зваротах грамадзян, не адпавядае палажэнням частак першай i трэцяй артыкула 5 Закона. Абгрунтаванне законнасцi не з’яўляецца абавязкам грамадзянiна. Гэта павiнны ўстанавiць органы i службовыя асобы, на якiх Законам ускладзены абавязак разгледзець зварот i даць матываваны адказ. Для вызначэння правамернасцi (законнасцi) зваротаў грамадзян Законам устанаўлiваюцца адпаведныя тэрмiны (15 дзён, 1 месяц, 2 месяцы). Гэта сведчыць аб тым, што законнасць звароту павiнна ўстанаўлiвацца не на стадыi папярэдняга запiсу на прыём, а ў ходзе яго разгляду.
 
Абавязак дзяржаўных служачых у межах сваiх службовых паўнамоцтваў своечасова i аб’ектыўна разглядаць звароты грамадзян i вырашаць iх у парадку, устаноўленым заканадаўствам, артыкулам 21 Закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспублiцы Беларусь” аднесены да лiку iх асноўных абавязкаў.
 
Гэта не выключае права грамадзянiна, якi мяркуе, што яго правы ўшчэмлены, звярнуцца са скаргай у суд на неправамерныя, на яго думку, дзеяннi (бяздзеянне) дзяржаўных органаў, службовых асоб у парадку, устаноўленым Грамадзянскiм працэсуальным кодэксам.
 
Кiруючыся артыкулам 7, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць Палажэнне аб парадку прыёму грамадзян у Мiнскiм гарадскiм выканаўчым камiтэце, зацверджанае рашэннем Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 1 кастрычнiка 2002 г. № 1430, у частцы, якая фактычна выключае магчымасць вуснага звароту грамадзян на асабiстым прыёме, а таксама ўстанаўлiвае неабходнасць абгрунтавання грамадзянамi законнасцi сваiх патрабаванняў, не адпавядаючым часткам першай, трэцяй i чацвёртай артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”.
 
2. Звярнуць увагу Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта, iншых мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў на неабходнасць належнага забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на падачу зваротаў у дзяржаўныя органы, у тым лiку права на вусныя звароты на асабiстым прыёме.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          Р.А. Васілевіч