Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 сакавіка 2004 г. № З-171/2004
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь палажэнняў Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, якiя прадугледжваюць прымяненне ў якасцi пакарання смяротнай кары
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнiкоў:
 
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Кiбака I.А., намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па нацыянальнай бяспецы; Нарэйкi А.I., члена Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па прамысловасцi, палiўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязi i прадпрымальнiцтву; Дамарада А.А., загадчыка аддзела мiжнароднага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
 
Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Карповiч Н.А., начальнiка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь палажэнняў Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, якiя прадугледжваюць прымяненне ў якасцi пакарання смяротнай кары”.
 
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:
 
Мiклашэвiч П.П. – першы намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. – намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Петраш А.С. – першы намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 4 лiстапада 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
 
Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу прапанавала Канстытуцыйнаму Суду даць заключэнне аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь палажэнняў Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, якiя прадугледжваюць прымяненне ў якасцi пакарання смяротнай кары.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркiсаву Э.А., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь, iншых мiжнародна-прававых актаў, нормы Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей – КК) i практыку iх прымянення, ацанiўшы пазiцыi дзяржаўных органаў i вучоных, вывучыўшы iншыя матэрыялы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
 
У артыкуле 24 Канстытуцыi, прынятай 15 сакавiка 1994 г., прадугледжана, што кожны мае права на жыццё. Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасцi з законам як выключная мера пакарання за асаблiва цяжкiя злачынствы i толькi згодна з прыгаворам суда.
 
Дадзеная норма Канстытуцыi ўпершыню ў Рэспублiцы Беларусь замацавала неад’емнае права кожнага чалавека на жыццё i абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. У мэтах забеспячэння абароны права чалавека на жыццё Канстытуцыя дапусцiла прымяненне пакарання ў выглядзе смяротнай кары, указаўшы адначасова на яго выключны i часовы характар.
 
Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
 
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў якасці прыярытэтнага права кожнага чалавека абвясціла права на жыццё (артыкул 3). Гэта права абвешчана і гарантавана іншымі міжнароднымі актамі.
 
У артыкуле 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці, прадугледжана, што права на жыццё ёсць неад’емнае права кожнага чалавека. Гэта права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця. У краінах, якія не адмянілі смяротную кару, смяротныя прыгаворы могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы ў адпаведнасці з законам, які дзейнічаў у час учынення злачынства (пункты 1, 2).
 
Пактам устаноўлена, што смяротная кара павінна насіць выключны характар, яе прымяненне апраўдана толькі за самыя сур’ёзныя злачынствы і пры абмежаваным коле асоб, у адносінах да якіх гэта пакаранне можа быць прыменена. У Пакце таксама замацавана імкненне дзяржаў да адмены гэтага пакарання і падтрымана развіццё іх заканадаўства ў дадзеным напрамку.
 
Мiжнародныя пагадненнi, удзельнiцай якiх з’яўляецца Рэспублiка Беларусь, замацоўваюць не толькi выключны, але i часовы характар смяротнай кары, што адлюстроўвае падыходы да ацэнкi гэтага пакарання, якiя склалiся, i сведчыць аб паслядоўным iмкненнi дзяржаў да паступовай адмовы ад яго прымянення.
 
Прыхільнасць Рэспублікі Беларусь сусветным тэндэнцыям, накіраваным на паступовую адмову ад смяротнай кары, прасочваецца на працэсе развіцця нацыянальнага крымінальнага заканадаўства.
 
Да прыняцця ў 1994 г. Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічала і развівалася крымінальнае заканадаўства на аснове і ў цесным узаемадзеянні з заканадаўствам былога СССР. Пры гэтым пачынаючы з 1917 г. смяротная кара адмянялася тройчы: у 1917, у 1920 і ў 1947 гг. Аднак кожны раз праз некаторы час пасля прыняцця актаў аб адмене смяротнай кары яе прымяненне аднаўлялася, што ў пэўных гістарычных умовах тлумачылася неабходнасцю ўзмацнення барацьбы з асабліва небяспечнымі злачынствамі. У адпаведнасці з КК 1928 г. гэта пакаранне магло быць прыменена за ўчыненне звыш 60 відаў злачынстваў. У КК 1960 г. кола злачынстваў, за якія можна было прымяніць смяротную кару, было істотна зменшана, але ўсё ж заставалася дастаткова шырокім. Гэта пакаранне прадугледжвалася за ўчыненне больш чым 30 відаў злачынстваў (уключаючы воiнскiя), у тым ліку і не звязаных з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека.
 
Разам з тым і ў КК 1928 г., і ў КК 1960 г. замацоўваўся часовы характар смяротнай кары.
 
Пачынаючы з 90-х гадоў ХХ ст. заканадавец, прытрымліваючыся міжнародных тэндэнцый, пайшоў па шляху паслядоўнага звужэння сферы прымянення смяротнай кары, выключыўшы яе перш за ўсё з санкцый артыкулаў КК, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы, не звязаныя з наўмысным замахам на жыццё чалавека. Законам ад 23 красавіка 1992 г. зменена рэдакцыя артыкула 85 КК 1960 г., які прадугледжваў адказнасць за парушэнне правіл аб валютных аперацыях, і разам з гэтым з яго санкцыі выключана пакаранне ў выглядзе смяротнай кары. Законам ад 6 ліпеня 1993 г. смяротная кара была выключана з санкцый артыкулаў 84, 911 і 169 КК, якія прадугледжвалі адказнасць за выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай ці каштоўных папер, учыненыя ў выглядзе промыслу, раскраданне маёмасці ў асабліва буйных размерах, атрыманне хабару пры асабліва абцяжваючых акалічнасцях.
 
Звужэнне сферы прымянення смяротнай кары ажыццяўлялася паралельна з расшырэннем кола асоб, якім не магло быць назначана гэта пакаранне. У прыватнасці, па КК 1960 г. да прыняцця Закона ад 1 сакавіка 1994 г. у гэта кола ўваходзілі асобы, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту да ўчынення злачынства, і жанчыны, якія знаходзіліся ў стане цяжарнасці ў час учынення злачынства, да моманту вынясення цi выканання прыгавору. Згодна з артыкулам 22 КК у рэдакцыі ўказанага Закона прымяненне смяротнай кары не дапускалася да жанчын наогул.
 
У КК Рэспублікі Беларусь, прынятым 9 ліпеня 1999 г. і ўведзеным у дзеянне з 1 студзеня 2001 г., смяротная кара прадугледжана ў якасці выключнага пакарання (артыкул 59). Пры гэтым у КК больш чым у два разы скарочана сфера прымянення гэтага пакарання, у параўнаннi з КК 1960 г. Яно дапускаецца толькi за ўчыненне асаблiва цяжкiх злачынстваў, звязаных з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалiчнасцях.
 
У адпаведнасцi з КК смяротная кара можа быць назначана за асаблiва цяжкiя злачынствы супраць мiру i бяспекi чалавецтва, а таксама ваенныя злачынствы: развязванне цi вядзенне агрэсiўнай вайны (частка другая артыкула 122); забойства прадстаўнiка замежнай дзяржавы або мiжнароднай арганiзацыi з мэтай правакацыi мiжнародных ускладненняў або вайны (частка другая артыкула 124); мiжнародны тэрарызм (артыкул 126); генацыд (артыкул 127) i iншыя злачынствы, прадугледжаныя ў артыкулах 128, 134, у частцы трэцяй артыкула 135 КК. КК таксама ўстанаўлiвае магчымасць прымянення смяротнай кары за наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця iншага чалавека – забойства пры абцяжваючых акалiчнасцях (дзвюх або больш асоб; заведама малалетняга, састарэлага або асобы, якая знаходзiцца ў бездапаможным стане; заведама для вiнаватага цяжарнай жанчыны i iншых абцяжваючых акалiчнасцях, прадугледжаных у частцы другой артыкула 139 КК). Магчымасць назначэння смяротнай кары ўстаноўлена ў КК таксама за ўчыненне тэрарызму, спалучанага з забойствам чалавека цi ўчыненага арганiзаванай групай (частка трэцяя артыкула 289); здраду дзяржаве, спалучаную з забойствам (частка другая артыкула 356); захоп цi ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, якiя выклiкалi гiбель людзей цi звязаны з забойствам (частка трэцяя артыкула 357); тэрарыстычны акт (артыкул 359); дыверсiю, якая ўчынена арганiзаванай групай цi выклiкала гiбель людзей або iншыя цяжкiя вынiкi (частка другая артыкула 360); забойства работнiка мiлiцыi ў сувязi з выкананнем iм абавязкаў па ахове грамадскага парадку (артыкул 362).
 
Разам з гэтым яшчэ больш пашырана кола асоб, у адносiнах да якiх дадзенае пакаранне не можа быць прыменена, шляхам уключэння ў яго мужчын, якiя дасягнулi да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў.
 
Аналiз развiцця крымiнальнага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якое рэгулюе прымяненне смяротнай кары, дазваляе зрабiць вывад, што яно мае тэндэнцыю да скарачэння выкарыстання гэтага пакарання з перспектывай яе наступнай адмены. Канстытуцыйны Суд адначасова адзначае, што ў дзеючым КК не замацаваны часовы характар пакарання ў выглядзе смяротнай кары, як гэта вынiкае з часткi трэцяй артыкула 24 Канстытуцыi, i лiчыць, што ў артыкулах 48 i 59 КК гэта павiнна быць замацавана.
 
Ацэньваючы артыкул 24 Канстытуцыi ў сiстэме з iншымi яе нормамi, а таксама засноўваючыся на мiжнародных прынцыпах i падыходах да праблемы смяротнай кары i ўлiчваючы, што з часу прыняцця Канстытуцыi прайшло дзесяць гадоў, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры вырашэннi пытання аб гэтым пакараннi неабходна кiравацца наступным.
 
1. Канстытуцыя абвясцiла Рэспублiку Беларусь дэмакратычнай прававой дзяржавай. У яе прэамбуле гаворыцца, што народ Рэспублiкi Беларусь усведамляе сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольнiцтва, пацвярджае сваю прыхiльнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, жадае забяспечыць грамадзянскую згоду, непахiсныя ўстоi народаўладдзя i прававой дзяржавы.
 
У раздзеле I Канстытуцыi “Асновы канстытуцыйнага ладу” змяшчаюцца базавыя палажэннi, якiя вызначаюць характар i сутнасць дзяржавы Рэспублiкi Беларусь, на аснове i ў кантэксце з якiмi сфармуляваны ўсе iншыя нормы Асноўнага Закона.
 
У артыкуле 2 Канстытуцыi замацавана, што чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянiнам за стварэнне ўмоў для свабоднага i годнага развiцця асобы.
 
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыi ў Рэспублiцы Беларусь устанаўлiваецца прынцып вяршэнства права.
 
Нормы, якiя змяшчаюцца ў iншых раздзелах Канстытуцыi, у тым лiку тыя, што датычацца правоў i свабод чалавека, развiваюць i канкрэтызуюць асноватворныя палажэннi раздзела I Асноўнага Закона: забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы (артыкул 21); усе роўныя перад законам i маюць права без усялякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22); абмежаванне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб (артыкул 23).
 
Жыццё чалавека прызнаецца ў цывiлiзаванай чалавечай супольнасцi ў якасцi самага каштоўнага дабра, права на яго з’яўляецца натуральным i неадчужальным, атрыманым чалавекам з моманту яго нараджэння. Пры пазбаўленнi жыцця чалавека ўсе яго iншыя натуральныя правы губляюць сэнс, паколькi знiкае iх носьбiт. Таму агульнапрызнанае i замацаванае ў цэлым шэрагу мiжнародных дакументаў i нормах нацыянальнага заканадаўства палажэнне аб тым, што кожны мае права на жыццё, носiць усеабдымны характар, узаемазвязаны з пытаннем аб правамернасцi пазбаўлення чалавека жыцця, у тым лiку i праз прымяненне смяротнай кары ў якасцi крымiнальнага пакарання.
 
2. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры ацэнцы пытання аб смяротнай кары неабходна ўлiчваць прававую сiстэму дзяржавы, яе традыцыi i гiсторыю, умовы, у якiх фармулявалiся нормы законаў, iх змяненне, а таксама стан злачыннасцi на сучасным этапе.
 
Пры прыняццi ў 1994 г. Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь палажэнне артыкула 24 Канстытуцыi, якое замацавала магчымасць прымянення смяротнай кары ў якасцi выключнага пакарання, фармулявалася з улiкам падыходаў, што склалiся, калi КК не прадугледжваў такога выключнага пакарання, як пажыццёвае заключэнне, якое па сваёй суровасцi можа выступаць у якасцi рэальнай альтэрнатывы смяротнай кары. У той час у якасцi альтэрнатыўнага выключнай меры пакарання, якая прымяняецца за асаблiва цяжкiя злачынствы, у тым лiку i за наўмысныя забойствы пры абцяжваючых акалiчнасцях, як максiмальна магчымае пакаранне прадугледжвалася пазбаўленне волi на тэрмiн да 15 гадоў, што было яўна несуразмерна такому пакаранню, як смяротная кара.
 
За гады, якiя прайшлi пасля прыняцця Канстытуцыi, у Рэспублiцы Беларусь ажыццёўлена карэннае рэфармаванне крымiнальнага заканадаўства, прычым працэс яго ўдасканальвання ажыццяўляўся ў асноўным у напрамку гуманiзацыi крымiнальнай адказнасцi, у тым лiку i ў напрамку звужэння кола злачынстваў, за якiя прадугледжвалася магчымасць назначэння смяротнай кары. У бок скарачэння прымянення смяротнай кары развiвалася i судовая практыка.
 
Пытанне аб смяротнай кары непасрэдна звязана з магчымасцямi дзяржавы забяспечыць бяспеку грамадства i ахову чалавека, i перш за ўсё яго жыцця, ад злачынных замахаў. На гарантыю такой бяспекi мае права разлiчваць кожны чалавек, якi з’яўляецца грамадзянiнам прававой дэмакратычнай дзяржавы. Для забеспячэння гэтай задачы крымiнальнае закадаўства ўстанаўлiвае строгую адказнасць за асаблiва цяжкiя злачынствы, што робяць замах на жыццё чалавека. Пры гэтым за забойства, учыненае пры абцяжваючых акалiчнасцях, i iншыя асаблiва цяжкiя злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека, прадугледжваюцца самыя строгiя пакараннi – пазбаўленне волi на тэрмiн да 25 гадоў, пажыццёвае заключэнне або смяротная кара. Гэтыя пакараннi па сваёй сутнасцi павiнны былi б выступаць у ролi важных сродкаў забеспячэння бяспекi грамадства, перш за ўсё аховы жыцця людзей. Пагроза iх прымянення прызвана служыць забеспячэнню мэты агульнага папярэджання, гэта значыць недапушчэння ўчынення злачынстваў з боку грамадзян.
 
Разам з тым, нягледзячы на прымяненне ўказаных пакаранняў, у рэспублiцы мае месца рост злачынных замахаў на жыццё чалавека. У параўнаннi з 1994 г., калi былi зарэгiстраваны 952 забойствы, у тым лiку i замахаў на забойства, колькасць такiх злачынстваў у 2002 г. узрасла на 23,7 %. Прэвентыўная ж роля смяротнай кары, узаемазалежнасць яе прымянення i ўзроўню ўчыняемых забойстваў фактычна не прасочваюцца. Наадварот, рост лiку забойстваў, учыненых пры абцяжваючых акалiчнасцях, пры наяўнасцi якiх законам прадугледжана магчымасць назначэння смяротнай кары, прыходзiўся ў асноўным на тыя гады, калi гэта пакаранне прымянялася параўнальна ў вялiкiм аб’ёме. Напрыклад, у перыяд з 1994 г. па 1998 г. колькасць прыгавораных да смяротнай кары павялiчвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек), але разам з гэтым рос i лiк асоб, якiя асуджаюцца за забойства, учыненае пры абцяжваючых акалiчнасцях (278, 345, 411, 480, 517 чалавек). Аднак, нягледзячы на тое што ў 2002 г. да смяротнай кары былi прыгавораны 4 чалавекi, у 2003 г. колькасць зарэгiстраваных у рэспублiцы забойстваў, у тым лiку i замахаў на забойства, у параўнаннi з 2002 г. знiзiлася на 104 злачынствы.
 
Нi практыка, нi навуковыя даследаваннi не выявiлi залежнасцi ўчыняемых забойстваў ад ступенi выкарыстання ў дзяржаве смяротнай кары i не вызначылi ўзровень яе эфекту, якi застрашвае. Гэты факт знаходзiць сваё пацвярджэнне i ў iншых дзяржавах, што з’явiлася для iх адным з дастаткова сур’ёзных аргументаў на карысць адмены смяротнай кары. Па сваёй прыродзе смяротная кара не можа забяспечыць дасягнення i iншых мэт крымiнальнай адказнасцi, замацаваных у частцы другой артыкула 44 КК: выпраўленне асобы, якая ўчынiла злачынства, i папярэджанне ўчынення ёй новых злачынстваў.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што пры вырашэннi пытання аб прымяненнi смяротнай кары не могуць быць поўнасцю выключаны памылкi ў прызнаннi асобы вiнаватай ва ўчыненнi злачынстваў, за якiя яна асуджаецца да гэтага пакарання.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для забеспячэння бяспекі грамадства, недапушчэння рэцэдыву з боку асоб, якія ўчыняюць наўмысныя замахі на жыццё пры абцяжваючых акалічнасцях, дзяржава валодае дастаткова эфектыўнымі крымінальна-прававымі сродкамі, што дазваляюць ізаляваць злачынцаў ад грамадства і тым самым не дапусціць учынення імі новых злачынстваў. Такімі сродкамі ўздзеяння, у прыватнасці, на злачынцаў у Рэспубліцы Беларусь, як і ў многіх іншых краінах, з’яўляюцца пакаранні ў выглядзе пажыццёвага заключэння цi пазбаўлення волі, што назначаецца на тэрмін да 25 гадоў. Іменна гэтым пакаранням, і перш за ўсё пазбаўленню волі, што назначаецца на працяглыя тэрміны, суды аддаюць перавагу пры вынясенні прыгавораў асобам, якія асуджаюцца за асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця пры абцяжваючых акалічнасцях. У структуры пакаранняў, якія назначаюцца за ўказаныя злачынствы, удзельная вага пазбаўлення волі складае больш за 90 %. Напрыклад, у 2001 г. яна склала 96 %, у 2002 г. – 95 % і ў 2003 г. – 96 %. Пажыццёвае заключэнне ў гэтыя гады было назначана адпаведна 2,3 %, 4,2 %, 2,6 % ад агульнай колькасці асуджаных за такія злачынствы. Між тым прыярытэтнае выкарыстанне судамі ў якасці карнай меры пазбаўлення волі ў адносінах да небяспечных злачынцаў, якія замахваюцца на жыццё чалавека, не ставіць пад пагрозу бяспеку грамадства, забеспячэнне задач барацьбы са злачыннасцю.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што вырашэнню задачы абароны грамадства ад злачынных замахаў, і перш за ўсё ад наўмысных замахаў на жыццё чалавека, павінна садзейнічаць павышэнне эфектыўнасці дзейнасці праваахоўных органаў, накіраванай у тым ліку і на аптымальную рэалізацыю прынцыпу няўхільнасці адказнасці, павышэнне ўзроўню раскрывальнасці ўказаных злачынстваў, забеспячэнне збалансаванасці крымінальнай палітыкі ў адносінах да злачынцаў, якія замахваюцца на жыццё чалавека.
 
3. Канстытуцыйны Суд улiчвае, што на захаванне смяротнай кары ў крымiнальным заканадаўстве Рэспублiкi Беларусь аказваюць уплыў рэзультаты праведзенага 24 лiстапада 1996 г. рэферэндуму, у ходзе якога 80,44 % грамадзян, што прынялi ўдзел у галасаваннi, на пастаўленае пытанне: “Цi падтрымлiваеце Вы адмену смяротнай кары ў Рэспублiцы Беларусь?” – адказалi адмоўна.
 
Рэферэндум праходзiў ва ўмовах, калi ў КК у якасцi альтэрнатывы смяротнай кары прадугледжвалася толькi пазбаўленне волi на тэрмiн да 15 гадоў, гэта значыць пакаранне, якое яўна не адпавядае характару i ступенi грамадскай небяспекi наўмысных забойстваў, што ўчыняюцца пры абцяжваючых акалiчнасцях. Пажыццёвае заключэнне як выключнае i альтэрнатыўнае смяротнай кары пакаранне было ўведзена ў КК Рэспублiкi Беларусь толькi ў снежнi 1997 г.
 
Неабходна адзначыць, што ў многiх еўрапейскiх дзяржавах, у тым лiку i краiнах Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, рашэннi аб адмене смяротнай кары цi аб аб’яўленнi мараторыя на яе прымяненне прымалiся ва ўмовах, калi грамадская думка аб захаваннi гэтага пакарання ў заканадаўстве, як правiла, пераважала над меркаваннем аб яго адмене.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на тое, што рашэнне праведзенага ў 1996 г. народнага галасавання па ўказанаму пытанню не мела абавязковага характару. З моманту правядзення галасавання прайшло больш за сем гадоў, гэта значыць час, дастатковы для карэкцiроўкi ацэнак, звязаных з прымяненнем смяротнай кары, яе захаваннем або адменай.
 
Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагi тую акалiчнасць, што нi адмена смяротнай кары наогул, нi аб’яўленне мараторыя на яе прымяненне або выкананне, ажыццёўленыя ў iншых дзяржавах, i перш за ўсё ў дзяржавах, што ўваходзiлi раней у склад СССР, стан i дынамiка злачыннасцi ў якiх не маюць iстотных адрозненняў, не выклiкалi выбуху крымiнагеннага становiшча i не пацягнулi за сабой росту забойстваў. Не ўскладнiлася крымiнагенная сiтуацыя ў Рэспублiцы Беларусь i ў 2000 – 2003 гг., калi прымяненне смяротнай кары было зведзена да адзiнкавых выпадкаў. Пры гэтым узровень судзiмасцi за злачынствы пры абцяжваючых акалiчнасцях у гэтыя гады ў параўнаннi з гадамi, калi смяротная кара прымянялася ў параўнальна вялiкiм аб’ёме, знiзiўся.
 
4. Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства. У сiлу гэтага Рэспублiка Беларусь не можа не ўлiчваць тэндэнцый i працэсаў, звязаных з адменай смяротнай кары, якiя адбываюцца ў сусветным супольнiцтве, цi знаходзiцца ўбаку ад гэтых працэсаў.
 
У прэамбуле Другога факультатыўнага пратакола да Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, накiраванага на адмену смяротнай кары, прынятага рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеi ААН ад 15 снежня 1989 г., дзяржавы – удзельнiцы Пратакола адзначылi, што адмена смяротнай кары садзейнiчае ўмацаванню чалавечай годнасцi i прагрэсiўнаму развiццю правоў чалавека. Дзяржавы-ўдзельнiцы перакананы ў тым, што ўсе меры па адмене смяротнай кары неабходна разглядаць як прагрэс у забеспячэннi права на жыццё. У артыкуле 1 Пратакола ўказана, што нi адна асоба, якая знаходзiцца пад юрысдыкцыяй дзяржавы – удзельнiцы гэтага Пратакола, не падвяргаецца смяротнай кары (пункт 1); кожная дзяржава-ўдзельнiца прымае ўсе неабходныя меры для адмены смяротнай кары ў рамках сваёй юрысдыкцыi (пункт 2).
 
На працягу некалькiх гадоў Камiсiя ААН па правах чалавека рэгулярна прымала рэзалюцыi, у якiх заклiкала дзяржавы да ўвядзення мараторыя на смяротную кару ў мэтах яе поўнай адмены.
 
У Рэзалюцыi 1998/8, прынятай 3 красавiка 1998 г., Камiсiя ААН па правах чалавека прызвала ўсе краiны, якiя захоўваюць смяротную кару, “устанавiць мараторый на кары з разлiкам на поўную адмену смяротнай кары”. За прыняцце гэтай Рэзалюцыi галасавала i Рэспублiка Беларусь.
 
Больш iнтэнсiўны працэс, звязаны з адменай смяротнай кары, характэрны для еўрапейскага рэгiёну. Ён пачаўся з моманту прыняцця Еўрапейскай Канвенцыi аб абароне правоў чалавека i асноўных свабод (далей – Еўрапейская Канвенцыя), падпiсанай у Рыме 4 лiстапада 1950 г. дзесяццю дзяржавамi – членамi Савета Еўропы.
 
У артыкуле 2 гэтай Канвенцыі абвяшчалася наступнае:
 
1. Права кожнай асобы на жыццё ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць наўмысна пазбаўлены жыцця інакш як у мэтах выканання смяротнага прыгавору, вынесенага судом за ўчыненне злачынства, у адносінах да якога законам прадугледжана такое пакаранне.
 
2. Пазбаўленне жыцця не разглядаецца як парушэнне гэтага артыкула, калі яно з’яўляецца вынікам абсалютна неабходнага прымянення сілы:
 
а) для абароны любой асобы ад проціпраўнага насілля;
 
b) для ажыццяўлення законнага затрымання або папярэджання ўö¸ку асобы, затрыманай на законных падставах;
 
с) для падаўлення, у адпаведнасці з законам, бунту або мецяжу.
 
Еўрапейская Канвенцыя не абвясціла адмену смяротнай кары, працэсы ў гэтым напрамку сталі паслядоўна праходзіць у еўрапейскіх дзяржавах. Практыка гэтых дзяржаў, многія з якіх перасталі фактычна прымяняць гэта пакаранне, з’явілася адным з пабуджальных матываў прыняцця Пратакола № 6 да Еўрапейскай Канвенцыі адносна адмены смяротнай кары, падпісанага дзяржавамі – членамі Савета Еўропы 28 красавіка 1983 г. у Страсбургу, якім абвешчана адмена смяротнай кары (артыкул 1). У прэамбуле гэтага Пратакола прама ўказвалася, што развіццё, якое мела месца ў некалькіх дзяржавах – членах Савета Еўропы, адлюстроўвае агульную тэндэнцыю на карысць адмены смяротнай кары. Дадзены Пратакол не выключаў прымянення смяротнай кары за дзеянні, учыненыя ў час вайны або пры непазбежнай пагрозе вайны (артыкул 2).
 
У Рэкамендацыі № 1246 (1994) Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, прынятай у 1994 г., указвалася, што смяротная кара не мае законнага месца ў пенітэнцыярных сістэмах сучасных цывілізаваных грамадстваў і што яе прымяненне можа быць параўнальна з пакутамі і разгледжана як бесчалавечнае і прыніжаючае пакаранне ў сэнсе артыкула 3 Еўрапейскай Канвенцыі. Гэта было зноў пацверджана ў Рэзалюцыi № 1253 (2001), прынятай у 2001 г.
 
Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы ўстанавіла практыку прад’яўлення патрабавання дзяржавам, якія выказалі жаданне стаць членам Савета Еўропы, уводзіць мараторый на прымяненне прыгавораў аб смяротнай кары, выключаць з нацыянальнага заканадаўства гэта пакаранне, падпісаць і ратыфікаваць Пратакол № 6 да Еўрапейскай Канвенцыі адносна адмены смяротнай кары.
 
Згодна з Пратаколам № 13 да Еўрапейскай Канвенцыi, якi датычыцца адмены смяротнай кары пры любых акалiчнасцях, падпiсаным дзяржавамi – членамi Савета Еўропы 3 мая 2002 г. у Вiльнюсе, абвешчана поўная адмена смяротнай кары, у тым лiку i за дзеяннi, учыненыя у час вайны або пры непазбежнай пагрозе вайны. У прэамбуле ўказанага Пратакола гаворыцца, што права кожнага чалавека на жыццё з’яўляецца асноўнай каштоўнасцю ў дэмакратычным грамадстве i што адмена смяротнай кары iстотная для абароны гэтага права i для поўнага прызнання ўласцiвай людзям годнасцi. Поўная адмена гэтага пакарання ў дзяржавах – членах Савета Еўропы ажыццёўлена ў мэтах узмацнення абароны права на жыццё, гарантаванага Еўрапейскай Канвенцыяй.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць еўрапейскiх дзяржаў ужо некалькi дзесяцiгоддзяў наогул не прымяняе смяротную кару. У цяперашнi час 45 дзяржаў – членаў Савета Еўропы адмовiлiся ад прымянення гэтага пакарання. Прагрэсiўны рух у гэтым напрамку адзначаецца асаблiва ў канцы ХХ i пачатку ХХI ст. У 1999 г. Пратакол № 6 да Еўрапейскай Канвенцыi ратыфiкавалi, напрыклад, Балгарыя, Вялiкабрытанiя, Латвiя, Лiтва. У 2000 г. указаны Пратакол ратыфiкавалi Албанiя, Грузiя, Кiпр, Польшча, Украiна, у 2002 г. – Азербайджан, Боснiя i Герцагавiна. Пратакол № 6 падпiсалi ў 2001 г. – Арменiя, у 2003 г. – Сербiя i Чарнагорыя, Турцыя. Рэспублiка Казахстан, не з’яўляючыся членам Савета Еўропы, аб’явiла ў снежнi 2003 г. мараторый на выкананне смяротнай кары.
 
Тэндэнцыя да адмены смяротнай кары або скарачэння яе прымянення характэрна для ўсёй сусветнай супольнасцi. У цяперашнi час не прымяняюць смяротную кару звыш ста дзяржаў i тэрыторый.
 
Абмежаванне прымянення дадзенага пакарання праяўляецца i ў судовай практыцы Рэспублiкi Беларусь, дзе ўсё больш аддаецца перавага iншаму выключнаму пакаранню – пажыццёваму заключэнню. У 2002 г. з 496 асуджаных за забойства пры абцяжваючых акалiчнасцях i за забойства работнiка мiлiцыi (частка другая артыкула 139 i артыкул 362 КК) былi прыгавораны да смяротнай кары 4 чалавекi, а да пажыццёвага заключэння – 21 чалавек. У 2003 г. з 466 асуджаных за ўказаныя злачынствы да смяротнай кары было прыгаворана 4, да пажыццёвага заключэння – 12 чалавек. Гэтыя даныя сведчаць аб тым, што суды, маючы права на прымяненне такога вiду пакарання, як смяротная кара, iдуць па шляху максiмальнага скарачэння выкарыстання не толькi гэтага, але i iншага выключнага пакарання – пажыццёвага заключэння, не ствараючы пры гэтым умоў для пагаршэння крымiнагеннага становiшча ў рэспублiцы.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што развiццё Рэспублiкi Беларусь ажыццяўлялася паралельна з развiццём iншых дзяржаў – рэспублiк былога СССР. Пры гэтым узровень злачыннасцi, яе тэндэнцыi i меры барацьбы з ёй былi падобнымi для ўсiх гэтых дзяржаў, у тым лiку i для Рэспублiкi Беларусь. У цяперашнi час многiя з гэтых дзяржаў (Азербайджан, Арменiя, Грузiя, Латвiя, Лiтва, Малдова, Расiйская Федэрацыя, Украiна, Эстонiя) увайшлi ў Савет Еўропы, што абумовiла прыняцце iмi рашэнняў аб адмене смяротнай кары цi аб аб’яўленнi мараторыя на яе прымяненне або выкананне. Вопыт гэтых дзяржаў у вырашэннi праблемы смяротнай кары з’яўляецца важнай акалiчнасцю, якая аблягчае прыняцце адпаведнага рашэння Рэспублiкай Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што рашэннi аб адмене смяротнай кары ва ўказаных дзяржавах прымалiся звычайна iх прадстаўнiчымi органамi цi органамi канстытуцыйнага кантролю. Пры гэтым еўрапейскiя канстытуцыйныя суды прымалi адпаведныя рашэннi ва ўмовах, калi iх дзяржавы былi прыняты ў Савет Еўропы цi пытанне аб прыёме iх у гэтую арганiзацыю было прадвырашана. У сувязi з гэтым Еўрапейская Канвенцыя i пратаколы да яе для iх былi абавязковымi.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Рэспублiка Беларусь, нават не з’яўляючыся членам Савета Еўропы, у апошнiя гады паслядоўна праводзiць актыўную пазiцыю па абмежаванню смяротнай кары як на заканадаўчым узроўнi, так i на практыцы, што адпавядае патрабаванням, прадугледжаным у мiжнародных актах. Па сутнасцi, яна наблiзiлася да вырашэння дадзенага пытання, а ўступленне ў Савет Еўропы i падпiсанне ў першую чаргу Еўрапейскай Канвенцыi, пратаколаў № 6 i 13 да яе мае на ўвазе безумоўнае прыняцце рашэння аб адмене смяротнай кары.
 
Канстытуцыйны Суд у якасцi станоўчага факта адзначае, што 13 чэрвеня 2002 г. Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па вынiках парламенцкiх слуханняў на тэму “Палiтыка-прававыя праблемы адмены смяротнай кары ў Рэспублiцы Беларусь” прыняты Рэкамендацыi (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 70, 4/2960), у якiх Савету Мiнiстраў, Мiнiстэрству ўнутраных спраў, Мiнiстэрству адукацыi, Мiнiстэрству юстыцыi, Вярхоўнаму Суду, Мiнiстэрству iнфармацыi i Iнстытуту сацыяльна-палiтычных даследаванняў пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь прапанавана ажыццявiць мерапрыемствы, якiя садзейнiчалi б прыняццю рашэння па пытанню аб смяротнай кары. Аднак большасць рэкамендаваных мерапрыемстваў яшчэ не выканана. Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што дзяржаўныя органы (Савет Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекi, Вярхоўны Суд, Пракуратура, Мiнiстэрства ўнутраных спраў, Мiнiстэрства юстыцыi, Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь), Рэспублiканская калегiя адвакатаў i большасць прадстаўнiкоў навуковых устаноў i вышэйшых навучальных устаноў, якiм у ходзе разгляду дадзенай справы накiроўвалiся запыты з прапановай выкласцi сваю пазiцыю па пытанню аб смяротнай кары, не выказалiся за адмену гэтага пакарання, уключаючы i мараторый на яго прымяненне, i адзначылi адпаведнасць норм Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародным прававым актам, што з’яўляюцца абавязковымi для Рэспублiкi Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на тое, што за апошняе дзесяцiгоддзе ў Рэспублiцы Беларусь дынамiка асаблiва цяжкiх злачынстваў, спалучаных з наўмысным замахам на жыццё чалавека пры абцяжваючых акалiчнасцях, характарызуецца ростам. Толькi ў 2002 – 2003 гг. намецiлася тэндэнцыя да iх знiжэння, якую неабходна замацаваць намаганнямi праваахоўных органаў.
 
Канстытуцыйны Суд прыходзiць да вываду, што норма часткi трэцяй артыкула 24 Канстытуцыi, якая прадугадвае адмену смяротнай кары i ўстанаўлiвае своеасаблiвае пераходнае палажэнне, калi яна можа часова прымяняцца ў якасцi выключнай меры толькi за асаблiва цяжкiя злачынствы, мае на ўвазе адмову дзяржавы ад выкарыстання гэтага пакарання.
 
На падставе выкладзенага, кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 11 часткi першай артыкула 48 i артыкул 59 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь не адпавядаючымi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь у частцы адсутнасцi ў iх указання на часовы характар смяротнай кары.
 
2. Лiчыць, што частка трэцяя артыкула 24 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, якая ўстанавiла магчымасць прымянення смяротнай кары ў якасцi выключнай меры пакарання толькi да яе адмены, дазваляе прыняць рашэнне аб аб’яўленнi мараторыя на прымяненне смяротнай кары або аб поўнай адмене гэтага пакарання.
 
Зыходзячы са зместу дадзенай нормы, дынамiкi злачыннасцi, неабходнасцi выканання Рэкамендацый Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па пытанню аб смяротнай кары, прынятых пастановай Палаты прадстаўнiкоў ад 13 чэрвеня 2002 г., а таксама ўлiчваючы, што Другi факультатыўны пратакол да Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах не ратыфiкаваны Рэспублiкай Беларусь, не вырашана пытанне аб яе паўнапраўным членстве ў Савеце Еўропы i ў сiлу гэтага не падпiсаны i не ратыфiкаваны Еўрапейская Канвенцыя аб абароне правоў чалавека i асноўных свабод i адпаведныя пратаколы да яе, што абумовiла б у сiлу артыкулаў 8 i 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь вяршэнства ўказаных мiжнародных актаў у сiстэме нацыянальнага права, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў сучасных умовах пытанне аб адмене гэтага вiду пакарання або як першым кроку – аб аб’яўленнi мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашана Кiраўнiком дзяржавы i Парламентам.
 
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                            Р.А. Васілевіч