Пасланнi Канстытуцыйнага Суда

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 1998 ГОДЗЕ

Канстытуцыя абвяшчае Рэспублiку Беларусь унiтарнай, дэмакратычнай, сацыяльнай i прававой дзяржавай. Важнейшай задачай прававой дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне i абарона правоў i свабод чалавека i грамадзянiна. У адпаведнасцi з артыкулам 2 Канстытуцыi чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы. Вырашэнне гэтай задачы патрабуе намаганняў усiх дзяржаўных органаў, службовых i iншых асоб, якiм даверана ажыццяўленне дзяржаўных функцый, i якiя нясуць адказнасць за дзеяннi, што парушаюць правы i свабоды асобы.

Частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыi ўстанавiла, што дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы. З’яўляючыся састаўной часткай дзяржаўнага механiзма рэалiзацыi гэтых гарантый, Канстытуцыйны Суд у межах сваёй кампетэнцыi прымаў усе даступныя яму меры, неабходныя для забеспячэння правоў i свабод чалавека i грамадзянiна, умацавання канстытуцыйнай законнасцi. Яго дзейнасць у гэтым кiрунку ў 1998 годзе мела асаблiвую значнасць у сувязi з 50-годдзем Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека.

I

У 1998 годзе Канстытуцыйным Судом Рэспублiкi Беларусь вынесена 11 заключэнняў. (У 1996 годзе Канстытуцыйны Суд вынес 12 заключэнняў, з iх 6 – па справах, узбуджаных па ўласнай iнiцыятыве).

Правераны 8 законаў, 2 пастановы Вярхоўнага Савета, 2 пастановы Урада, 3 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь i 5 ведамасных нарматыўных актаў. Па вынiках разгляду 15 нарматыўных актаў прызнаны неканстытуцыйнымi часткова, у тым лiку 7 правераных законаў. Прадметам праверкi з’яўлялiся нарматыўныя акты, рэгулюючыя розныя праваадносiны i з прычыны актуальнасцi i значнасцi iх для грамадзян Рэспублiкi Беларусь, а таксама ў сувязi з адсутнасцю аднастайнай практыкi прымянення запатрабаваўшыя разгляду iх у Канстытуцыйным Судзе. Пры разглядзе спраў Канстытуцыйны Суд удзяляў асаблiвую ўвагу пытанням праверкi адпаведнасцi норм галiновага заканадаўства мiжнародным стандартам у сферы захавання правоў чалавека i асноўных свабод.

Значную частку спраў, разгледжаных у 1998 годзе, склалi справы аб канстытуцыйнасцi нормаў адмiнiстрацыйнага i крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства. Усе яны тычылiся пытанняў забеспячэння гарантый правоў асоб, прыцягваемых да адмiнiстрацыйнай або крымiнальнай адказнасцi. Вырашэнне гэтых пытанняў набыло асаблiвую актуальнасць у сувязi з тым, што працэс рэфармавання крымiнальнага, крымiнальна-працэсуальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства ў Рэспублiцы Беларусь яшчэ не завершаны, а прымяненне шэрага нормаў дзеючых кодэксаў, якiя супярэчаць Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь, прыводзiла да парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян.

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыi, а таксама патрабаванняў Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйным артыкул 246 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях у частцы немагчымасцi абскарджання асобай у судовым парадку адмiнiстрацыйнага затрымання, асабiстага вобыску, надгляду рэчаў i адабрання рэчаў i дакументаў.

Канстытуцыйны Суд прызнаў таксама неканстытуцыйнымi i супярэчнымi названаму Пакту пункты 1, 2, 3 артыкула 267 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i абзац другi пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад

20 верасня 1990 г. № 7 “Аб практыцы разгляду судамi Рэспублiкi Беларусь скаргаў на дзеяннi органаў i службовых асоб у сувязi з накладаннем адмiнiстрацыйных спагнанняў” у частцы непрызнання за грамадзянiнам права на абскарджанне ў суд пастановы па справе аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi ў выпадку абскарджання пастановы вышэйстаячай службовай асобе, а пункты 4 i 5 гэтага ж артыкула – у частцы замацавання правiла аб абскарджаннi пастановы толькi ў вышэйстаячы орган (вышэйстаячай службовай асобе) i пазбаўлення грамадзянiна права на абскарджанне ў суд пастановы аб накладаннi адмiнiстрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання, зафiксаванага на месцы ўчынення правапарушэння без складання пратакола.

У заключэннях па гэтых справах Канстытуцыйны Суд адназначна ўказаў на непасрэднае дзеянне артыкула 60 Канстытуцыi, якi гарантуе кожнаму абарону яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прымяненне дадзенай канстытуцыйнай нормы не можа быць абмежавана як заканадаўчымi актамi, так i правапрымяняльнай практыкай, у тым лiку i ў выпадку прабелаў у заканадаўстве. Такая выснова набывае асаблiвую значнасць у сувязi з тым, што на практыцы асобныя дзяржаўныя органы i службовыя асобы няправiльна трактуюць дадзенае канстытуцыйнае прадпiсанне i адмаўляюць грамадзянам у праве на судовую абарону.

Канстытуцыйны Суд прызнаў не адпавядаючым Канстытуцыi i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах пункт 3 часткi другой артыкула 66 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (КПК), паколькi замацаваная ў гэтай норме забарона дапытваць у якасцi сведкаў блiзкiх сваякоў i членаў сям’i асобы, якая ўчынiла злачынства, абмяжоўвала права сведкаў пры наяўнасцi iх згоды даваць паказаннi па справе. Акрамя таго, указаная норма абмяжоўвала i правы падазронага, абвiнавачванага або падсуднага на абарону, паколькi iх блiзкiм сваякам або членам сям’i маглi быць вядомы iстотныя акалiчнасцi па справе, у тым лiку i апраўдваючыя гэтую асобу або змякчаючыя яе адказнасць.

У ходзе разгляду дадзенай справы было ўстаноўлена, што, нягледзячы на яўную неканстытуцыйнасць указанай нормы, якая дзейнiчала на працягу амаль двух гадоў i прымяненне якой значна ўскладняла ажыццяўленне крымiнальнага судаводства i парушала канстытуцыйныя правы грамадзян, правапрымяняльныя органы, за выключэннем Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, не ставiлi ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнаннi гэтай нормы неканстытуцыйнай.

Па справе аб адпаведнасцi Канстытуцыi часткi пятай артыкула 92 КПК была праверана норма, якая прадугледжвае, што час азнаямлення абвiнавачванага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы пры вылiчэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай у якасцi меры стрымання не ўлiчваецца. Канстытуцыйны Суд прызнаў указаную норму не адпавядаючай Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам у той частцы, у якой у ёй адсутнiчае правiла аб утрыманнi абвiнавачванага пад вартай на падставе пiсьмовай пастановы суда або iншага органа, вызначанага законам, у перыяд азнаямлення абвiнавачванага i яго абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК. Канстытуцыйны Суд указаў, што правяраемая норма дае магчымасць фактычна абмяжоўваць свабоду абвiнавачванага ў перыяд азнаямлення яго i абаронцы з матэрыяламi крымiнальнай справы па заканчэннi максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, без вынясення адпаведнага рашэння кампетэнтнымi органамi, прадугледжанымi ў артыкуле 7 КПК. Заключэнне пад варту з’яўляецца самай строгай мерай стрымання, якая iстотна абмяжоўвае права на свабоду i асабiстую недатыкальнасць. Таму выпадкi, парадак i тэрмiны прымянення такой меры стрымання павiнны быць дэталёва рэгламентаваны законам. Канстытуцыйны Суд таксама адзначыў, што абвiнавачваны, якi ўтрымлiваецца пад вартай, у перыяд азнаямлення з матэрыяламi крымiнальнай справы звыш максiмальнага тэрмiну ўтрымання пад вартай, прадугледжанага часткай другой артыкула 92 КПК, фармальна абмежаваны ў магчымасцi абскардзiць у суд утрыманне пад вартай, паколькi ў гэтым выпадку не прадугледжваецца вынясенне судом або адпаведным пракурорам рашэння аб прадаўжэннi тэрмiну ўтрымання пад вартай.

Па справе аб адпаведнасцi Канстытуцыi часткi трэцяй артыкула 404 КПК Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што ўскладанне на суд (суддзю) абавязку фармуляваць у вызначэннi (пастанове) аб узбуджэннi крымiнальнай справы абвiнавачанне, пры разглядзе крымiнальных спраў у парадку пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкi матэрыялаў, супярэчыць Канстытуцыi, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом. Выкананне функцый следства i адпраўлення правасуддзя адным i тым жа судом парушае замацаваны ў Канстытуцыi прынцып спаборнасцi i роўнасцi бакоў у працэсе, iншыя прынцыпы крымiнальнага судаводства i абмяжоўвае права на юрыдычную дапамогу.

Канстытуцыйны Суд зрабiў выснову, што прызнанне не адпавядаючай Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам часткi трэцяй артыкула 404 КПК, якая ўскладае на суд абавязак фармуляваць абвiнавачанне, не выключае магчымасцi выкарыстання ў крымiнальным судаводстве iнстытута пратакольнай формы дасудовай падрыхтоўкi матэрыялаў пры ўмове, што будуць захаваны ўсе патрабаваннi па належнаму забеспячэнню правоў i законных iнтарэсаў усiх удзельнiкаў працэсу.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў мэтах больш поўнага забеспячэння спаборнасцi i роўнасцi бакоў, непрадузятасцi суда дапушчальна, да ўнясення змяненняў у КПК у адпаведнасцi з заключэннем Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне практыкi, у адпаведнасцi з якой фармуляванне абвiнавачання i разгляд спраў будзе праводзiцца рознымi складамi суда (суддзямi).

Па справе аб адпаведнасцi Канстытуцыi частак трэцяй i чацвёртай артыкула 123 КПК, узбуджанай у сувязi з узнiкшай спрэчкай аб падследнасцi крымiнальных спраў аб злачынствах, учыненых непаўналетнiмi ў саўдзеле з асобамi, якiя дасягнулi 18-гадовага ўзросту, Канстытуцыйны Суд прызнаў правяраемыя нормы адпавядаючымi Канстытуцыi. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што права на прыняцце рашэнняў аб падследнасцi крымiнальных спраў належыць органам пракуратуры ў межах iх кампетэнцыi.

Прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былi таксама нормы сямейнага, працоўнага заканадаўства, пытаннi сацыяльнага забеспячэння. Iх аналiз сведчыць аб тым, што заканадаўства ў дадзенай сферы i практыка яго прымянення патрабуюць удасканалення.

Канстытуцыйным Судом праверана адпаведнасць Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь пункта 38 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 17 чэрвеня 1994 г. № 5 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамi заканадаўства пры вырашэннi працоўных спрэчак” са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановамi Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 16 снежня 1994 г. № 12 i ад

28 чэрвеня 1996 г. № 8. Канстытуцыйны Суд прызнаў правяраемую норму не адпавядаючай Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь у частцы растлумачэння аб праве наймальнiка на скасаванне працоўнага дагавора з работнiкам па пункту 1 артыкула 33 Кодэкса законаў аб працы Рэспублiкi Беларусь у выпадку адмаўлення работнiка ад заключэння дагавора аб поўнай матэрыяльнай адказнасцi па ўважлiвых прычынах, у тым лiку, калi раней выконваемая работа не патрабавала заключэння такога дагавора i адсутнiчала магчымасць перавесцi работнiка з яго згоды на iншую работу. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу, што нормы, якiя абмяжоўваюць правы i свабоды, устанаўлiваюць абавязкi грамадзян, павiнны ўступаць у сiлу толькi пасля iх афiцыйнага апублiкавання.

З праблемамi сацыяльнага страхавання звязана справа, узбуджаная па iнiцыятыве Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь, аб канстытуцыйнасцi пункта 25 Пералiку вiдаў выплат, на якiя не налiчваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зацверджанага Мiнiстэрствам сацыяльнай абароны i Мiнiстэрствам працы, падпунктаў 5.2, 5.3 Iнструкцыi аб парадку збiрання i ўлiку страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь, зацверджанай Праўленнем Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь, раздзелаў 9, 10, 11 Iнструкцыi па статыстыцы колькасцi работнiкаў i заработнай платы, зацверджанай Мiнiстэрствам статыстыкi i аналiзу.

Пры вынясеннi заключэння Канстытуцыйны Суд улiчваў, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, у выпадку хваробы, iнвалiднасцi, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам. Канстытуцыйны Суд таксама зыходзiў з таго, што асноўнай крынiцай фармiравання даходнай часткi бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва з’яўляюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, якiя выплачваюцца юрыдычнымi асобамi i грамадзянамi.

Ацанiўшы пастаўленыя пытаннi ў сукупнасцi з канкрэтнай правапрымяняльнай практыкай, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што рэгуляванне адносiн у сувязi з выплатай абавязковых страхавых узносаў, у тым лiку вызначэнне складу аб’екта абкладання, устанаўленне льгот па аб’екту, павiнна ажыццяўляцца на ўзроўнi заканадаўчых актаў, а не актаў мiнiстэрстваў i ведамстваў.

У сваiм заключэннi Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь прызнаў неканстытуцыйнымi пункт 25 Пералiку вiдаў выплат, на якiя не налiчваюцца ўзносы па дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню, зыходзячы з таго, што рэгуляванне змешчаных у iм пытанняў не аднесена ва ўстаноўленым парадку да кампетэнцыi мiнiстэрстваў i iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, а таксама раздзелы 9, 10, 11 Iнструкцыi па статыстыцы колькасцi работнiкаў i заработнай платы.

Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што Iнструкцыя па статыстыцы колькасцi работнiкаў i заработнай платы прызначалася для кiраўнiцтва пры складаннi справаздачнасцi па працы юрыдычнымi асобамi, аднак на практыцы яе сталi прымяняць для вызначэння складу аб’ектаў (фонду заработнай платы, заработнай платы ў грашовай i натуральнай формах) пры налiчэннi абавязковых страхавых узносаў. Такое становiшча стала магчымым у сiлу таго, што пытаннi аб складзе аб’ектаў абкладання абавязковымi страхавымi ўзносамi не атрымалi свайго належнага вырашэння правамоцнымi органамi. Таму для ўстаранення недахопаў у рэгуляваннi парадку фармiравання бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь упарадкаваць заканадаўства, якое рэгулюе адносiны ў галiне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адпаведныя змяненнi i дапаўненнi ў Закон “Аб памерах абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь” былi ўнесены Нацыянальным сходам.

Разгледзеўшы справу аб канстытуцыйнасцi часткi другой артыкула 116 Кодэкса аб шлюбе i сям’i Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд прызнаў неканстытуцыйным пазасудовы парадак усынаўлення дзяцей без згоды бацькоў або асоб, якiя iх замяняюць. Высновы Суда грунтавалiся як на патрабаваннях Канстытуцыi, так i на нормах мiжнародных дагавораў, ратыфiкаваных Рэспублiкай Беларусь, якiя прадугледжваюць толькi судовы парадак аддзялення дзяцей ад сваёй сям’i супраць волi бацькоў або iншых асоб, якiя iх замяняюць.

Па справе, якая была ўзбуджана па iнiцыятыве Вышэйшага Гаспадарчага Суда i тычылася дзейнасцi прыватных натарыусаў у Рэспублiцы Беларусь у перыяд праводзiмага эксперыменту, Канстытуцыйны Суд прызнаў канстытуцыйнымi пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, што былi прыняты ў 1992 i 1994 гадах i паклалi пачатак прыватнай натарыяльнай дзейнасцi. Тым самым Канстытуцыйны Суд пацвердзiў магчымасць iснавання поруч з дзяржаўным прыватнага натарыята. Разам з тым Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што Урад, Мiнiстэрства юстыцыi i Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, якiя павiнны былi ў межах сваёй кампетэнцыi пасля прыняцця Вярхоўным Саветам адпаведных пастаноў своечасова вырашыць пытаннi арганiзацыi праводзiмага эксперыменту па ажыццяўленню прыватнай натарыяльнай дзейнасцi, неналежна выканалi даручэннi заканадаўчага органа, што i прывяло да сур’ёзных парушэнняў у сферы падаткаабкладання атрымлiваемых даходаў, неправамернай замене дзяржаўнай пошлiны за ўчыняемыя натарыяльныя дзеяннi натарыяльным зборам, якi не залiчваўся ў бюджэт, а складаў даход прыватных натарыусаў. У заключэннi Канстытуцыйны Суд асаблiва падкрэслiў, што пытаннi, звязаныя з аднаўленнем законнасцi ў дзейнасцi прыватных натарыусаў i пакрыццём дзяржаве прычыненай страты, павiнны вырашацца кампетэнтнымi органамi зыходзячы з адказнасцi дзяржаўных органаў, якiя маюць дачыненне да правядзення эксперыменту, за незабеспячэнне належнага прававога рэгулявання парадку арганiзацыi i дзейнасцi прыватных натарыусаў.

У заключэннi па справе “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Закона “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспублiцы Беларусь” Канстытуцыйны Суд указаў, што Канстытуцыя 1994 года, замацаваўшы прынцыпы народнага суверэнiтэту i падзелу ўлад, вызначыла iншыя, чым Канстытуцыя 1978 года, падыходы да арганiзацыi i дзейнасцi органаў дзяржаўнай улады, таму нормы закона, якiя ўстанаўлiваюць iншую ў параўнаннi з Канстытуцыяй кампетэнцыю дзяржаўных органаў, з’яўляюцца некастытуцыйнымi. Канстытуцыйны Суд у заключэннi таксама ўказаў, што шэраг нормаў гэтага закона фактычна страцiлi або змянiлi сваё значэнне ў сувязi з распадам Саюза ССР i прыняццем новай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што на падставе пастановы Вярхоўнага Савета ад 16 студзеня 1992 г. “Аб агаворцы да Пагаднення аб стварэннi Садружнасцi Незалежных Дзяржаў” заканадаўства былога Саюза ССР можа прымяняцца ва ўстаноўленым гэтым законам парадку на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

Канстытуцыйны Суд таксама прыйшоў да высновы аб неканстытуцыйнасцi палажэння дадзенага закона, што дапускала магчымасць для суддзяў, пракурорскiх работнiкаў, супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў, Камiтэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекi, ваеннаслужачых у перыяд выканання iмi сваiх абавязкаў быць членамi палiтычных партый i iншых грамадскiх аб’яднанняў, якiя дамагаюцца палiтычных мэт.

Аналiз разгледжаных у 1998 годзе спраў сведчыць аб тым, што, нягледзячы на наяўнасць у актах заканадаўства нормаў, якiя супярэчаць Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь, i прымяненне iх на практыцы, не ўсе суб’екты, надзеленыя правам звяртання ў Канстытуцыйны Суд, уносiлi прапановы аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных актаў. Нi разу не выкарысталi свае паўнамоцтвы па ўзбуджэнню канстытуцыйнага судаводства палаты Нацыянальнага сходу, Савет Мiнiстраў. Iнiцыятарамi зваротаў у Канстытуцыйны Суд у 1998 годзе з’яўлялiся Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь i Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублiкi Беларусь.

Вырашэнне спраў у Канстытуцыйным Судзе з боку некаторых асоб нярэдка ўспрымаецца як нешта надзвычайнае, тады як у дзяржавах са сталымi дэмакратычнымi традыцыямi канстытуцыйны кантроль разглядаецца як адна з найбольш эфектыўных формаў рэагавання на парушэннi канстытуцыйнай законнасцi i аб’ектыўнага, непрадузятага вырашэння спрэчак аб канстытуцыйнасцi прававых актаў.

Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што суды практычна не выконваюць абавязковых патрабаванняў артыкула 112 Канстытуцыi i артыкула 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” ставiць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнаннi нарматыўнага акта неканстытуцыйным, калi пры разглядзе канкрэтных спраў яны прыходзяць да высновы аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта Канстытуцыi. Невыкананне судамi дадзенага патрабавання прыводзiць да прымянення на працягу доўгага часу нарматыўных актаў, якiя супярэчаць Канстытуцыi, перашкаджае хутчэйшаму фармiраванню аднастайнай практыкi, што адмоўна адбiваецца на стане канстытуцыйнай законнасцi. Разгледжаныя Канстытуцыйным Судом у 1998 годзе справы сведчаць пра безынiцыятыўнасць i адвакатуры ў гэтым кiрунку. Канстытуцыйны Суд не мае даных, што па грамадзянскiх, крымiнальных справах заяўлялiся хадайнiцтвы адвакатаў перад судамi аб праверцы ва ўстаноўленым парадку канстытуцыйнасцi актаў, якiя падлягаюць прымяненню ў канкрэтнай справе.

Канстытуцыйны Суд станоўча ацэньвае дзейнасць дзяржаўных органаў i службовых асоб па выкананню заключэнняў Канстытуцыйнага Суда, прынятых iм у 1997 i 1998 гадах. Нацыянальны сход, Урад, мiнiстэрствы i iншыя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, чые акты былi прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда, своечасова ўносяць у iх неабходныя змяненнi, адпаведным чынам карэкцiруецца правапрымяняльная практыка. Высновы Канстытуцыйнага Суда ўлiчваюцца таксама пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных актаў.

II

Адной з важнейшых крынiц iнфармацыi аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў краiне з’яўляюцца звароты грамадзян у кампетэнтныя дзяржаўныя органы ў сувязi з парушэннем iх правоў, свабод i законных iнтарэсаў.

Згодна з артыкулам 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь кожны мае права накiроўваць асабiстыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, якiя абавязаны iх разгледзець i даць адказ па сутнасцi ў вызначаны законам тэрмiн.

У Канстытуцыйны Суд у мiнулым годзе паступiла каля 800 асабiстых i калектыўных зваротаў грамадзян i грамадскiх аб’яднанняў. Значная частка зваротаў грамадзян па свайму зместу выходзiць за межы чыста асабiстых iнтарэсаў, мае грамадскую значнасць i дазваляе рабiць пэўныя высновы аб ступенi прававой абароненасцi розных катэгорый грамадзян. У многiх з iх утрымлiваюцца не толькi крытычныя выказваннi на адрас канкрэтных дзяржаўных органаў i службовых асоб, iгнаруючых, па меркаванню заяўнiкаў, iх правы, свабоды i законныя iнтарэсы, але i выказваюцца ацэнкi дзеючага заканадаўства, недастаткова, з iх пункту гледжання, гарантуючага канстытуцыйны статус чалавека i грамадзянiна, ставяцца пытаннi аб неабходнасцi змянення заканадаўства i практыкi яго прымянення.

17 сакавiка 1998 г. Канстытуцыйны Суд разгледзеў пытанне аб рабоце са зваротамi грамадзян i прыняў рашэнне, у якiм указаў, што работа са зваротамi садзейнiчае больш поўнаму ажыццяўленню грамадзянамi сваiх канстытуцыйных правоў i свабод, выяўленню актаў, якiя патрабуюць праверкi на прадмет адпаведнасцi Канстытуцыi, удасканаленню заканадаўства, умацаванню законнасцi ў праватворчасцi i правапрымяненнi.

Паколькi Канстытуцыйны Суд не валодае правам даваць заключэннi аб канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў па прапановах грамадзян, ён выкарыстоўвае iншыя формы вырашэння iх зваротаў у адпаведнасцi з Канстытуцыяй, законамi “Аб зваротах грамадзян” i “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”. Па зваротах давалiся адпаведныя растлумачэннi, у неабходных выпадках скаргi накiроўвалiся ў органы, да кампетэнцыi якiх адносiцца iх разгляд, з просьбай вырашыць узнiкаючыя ў канкрэтных асоб пытаннi. У большасцi выпадкаў гэтыя дзяржаўныя органы (Савет Мiнiстраў, Пракуратура рэспублiкi, мiнiстэрствы юстыцыi, сацыяльнай абароны, працы, адукацыi, унутраных спраў, абароны, органы мясцовага кiравання i самакiравання) пазiтыўна i своечасова рэагавалi на звароты Канстытуцыйнага Суда.

У студзенi 1998 г. у Канстытуцыйны Суд паступiлi калектыўны зварот грамадзян-прадпрымальнiкаў (каля 5 тысяч), звароты Федэрацыi прафсаюзаў Беларускай, прафсаюзаў прадпрымальнiкаў, Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў, iншых грамадскiх аб’яднанняў па пытанню законнасцi ўстанаўлення парадку падаткаабкладання зыходзячы з сукупнага гадавога даходу, прадугледжанага Метадычнымi ўказаннямi Галоўнай дзяржаўнай падатковай iнспекцыi пры Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь (у цяперашнi час – Дзяржаўны падатковы камiтэт Рэспублiкi Беларусь) аб парадку прымянення Закона “Аб падаходным падатку з грамадзян” ад 12 красавiка 1996 г. № 5 (са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi ў iх Дзяржаўным падатковым камiтэтам у 1997 годзе). Па вынiках разгляду гэтых зваротаў Канстытуцыйны Суд, устанавiўшы неадпаведнасць гэтага парадку Канстытуцыi i законам i прыняўшы адпаведнае рашэнне, накiраваў 29 студзеня 1998 г. Ураду Рэспублiкi Беларусь прапановы аб адмене нормаў, якiя супярэчаць заканадаўству (Веснiк Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь, 1998, № 2). Дзяржаўны падатковы камiтэт загадам ад 4 лютага 1998 г. № 20 адмянiў не адпавядаючыя заканадаўству палажэннi Метадычных указанняў.

У сувязi са зваротамi грамадзян аб iстотным абмежаваннi права ўладальнiкаў перамешчаных цераз мяжу транспартных сродкаў выдаваць даверанасцi блiзкiм сваякам, якiя не пражываюць сумесна з iмi, на права карыстання гэтымi транспартнымi сродкамi Канстытуцыйным Судом

7 мая 1998 г. у Савет Мiнiстраў накiравана пiсьмо, у якiм абгрунтоўвалася мэтазгоднасць унясення ў Палажэнне аб парадку перамяшчэння фiзiчнымi асобамi асабiстай маёмасцi цераз мытную мяжу Рэспублiкi Беларусь змяненняў, што дапускаюць магчымасць карыстання па даверанасцi транспартным сродкам блiзкiмi сваякамi ўладальнiка гэтага транспартнага сродку незалежна ад месца iх пражывання. Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 17 верасня 1998 г. № 1457 “Аб унясеннi змянення у пастанову Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 1997 г. № 315” указаныя абмежаваннi былi адменены.

У 1998 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступалi скаргi ад асуджаных, якiм было адмоўлена ва ўмоўна-датэрмiновым вызваленнi ад пакарання ў сувязi з тым, што Законам ад 31 снежня 1997 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Крымiнальны, Крымiнальна-працэсуальны i Папраўча-працоўны кодэксы Рэспублiкi Беларусь” былi павышаны мiнiмальныя i максiмальныя тэрмiны пазбаўлення волi за некаторыя цяжкiя злачынствы. Канстытуцыйны Суд, прызнаўшы такiя скаргi абгрунтаванымi, у пiсьме Генеральнаму пракурору Рэспублiкi Беларусь выклаў сваё меркаванне аб тым, што пры прымяненнi да асоб, асуджаных да ўступлення ў сiлу ўказанага закона, умоўна-датэрмiновага вызвалення ад пакарання i замены пакарання больш мяккiм, а таксама ўмоўнага вызвалення з месцаў пазбаўлення волi з абавязковым прыцягненнем да працы тэрмiны адбытага пакарання вылiчваюцца на падставе санкцый артыкулаў Крымiнальнага кодэкса, па якiх яны былi асуджаны, гэта значыць павiнен прымяняцца больш мяккi закон. Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь у вынiку прапанаваў Камiтэту па выкананню пакаранняў Мiнiстэрства ўнутраных спраў i нiжэйстаячым органам пракуратуры ўстаранiць дапушчаныя парушэннi закона.

Шэраг абгрунтаваных скаргаў грамадзян тычылiся рашэнняў мясцовых органаў улады. Пасля вывучэння iх у Канстытуцыйным Судзе i накiравання адпаведных прапаноў скаргi былi пазiтыўна вырашаны органамi, якiя прынялi такiя рашэннi.

У Канстытуцыйны Суд працягваюць паступаць звароты грамадзян па пытаннях прыватызацыi пакояў у камунальных кватэрах. У iх адзначаецца, што дзеючы Закон “Аб прыватызацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь” абмяжоўвае магчымасць такой прыватызацыi i ставiць iх у няроўнае становiшча з iншымi наймальнiкамi жылых памяшканняў.

Асобныя скаргi тычацца рашэнняў аблвыканкомаў, якiя прадугледжваюць магчымасць рэалiзацыi права на пастаноўку на ўлiк маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў у залежнасцi ад тэрмiнаў пражывання (прапiскi) у дадзеным населеным пункце.

Улiчваючы грамадскую значнасць гэтых пытанняў, iх неадназначнае вырашэнне i ацэнкi, iснуючыя спрэчкi, Канстытуцыйны Суд адзначае, што шэраг дзеючых нарматыўных актаў мясцовых Саветаў, выканаўчых i распарадчых органаў маюць патрэбу ў праверцы на прадмет адпаведнасцi iх Канстытуцыi. Свой уклад у вырашэнне гэтых пытанняў мог бы ўнесцi Савет Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, якi з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўнiцтва.

У многiх зваротах грамадзян указваецца на неабходнасць удасканалення заканадаўства аб ветэранах. Ставiцца, у прыватнасцi, пытанне аб пенсiённым забеспячэннi асоб, аднесеных Законам “Аб ветэранах” да лiку ветэранаў вайны (грамадзяне, якiя прымалi ўдзел у складзе спецыяльных фармiраванняў у размiнiраваннi тэрыторыi пасля вызвалення яе ад нямецкай акупацыi ў 1943–1945 гадах, а таксама работнiкi спецыяльных фармiраванняў, пераведзеныя у перыяд Вялiкай Айчыннай вайны на становiшча асоб, якiя знаходзiлiся ў радах Чырвонай Армii i выконвалi задачы ў iнтарэсах армii i флоту у межах тылавых гранiц дзеючых франтоў або аператыўных зон дзеючых флатоў). У адносiнах да ўказаных асоб, у адрозненне ад iншых ветэранаў вайны, Закон “Аб пенсiённым забеспячэннi” павышэння пенсiй не прадугледжвае. Такое вырашэнне пытання ацэньваецца грамадзянамi як сацыяльна несправядлiвае, паколькi асобы, прызнаныя ветэранамi вайны, аказваюцца ў няроўным прававым становiшчы. У сувязi з гэтым было б мэтазгодна вырашыць указаную праблему ў новай рэдакцыi Закона “Аб ветэранах”, што распрацоўваецца ў цяперашнi час.

Мелi месца скаргi на парушэннi заканадаўства аб мовах, у прыватнасцi, на парушэнне раўнапраўя моў. У сувязi з гэтым Канстытуцыйным Судом з мэтай устаранення прабелу ў дзеючым заканадаўстве 12 лiстапада 1998 г. была накiравана ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу прапанова аб устанаўленнi адмiнiстрацыйнай адказнасцi за парушэнне заканадаўства аб мовах. Для забеспячэння канстытуцыйнасцi ў такой важнай сферы грамадскiх адносiн рашэнне гэтага пытання не павiнна зацягвацца.

Значная колькасць зваротаў грамадзян i грамадскiх аб’яднанняў па-ранейшаму звязана з праблемамi пакрыцця страт, панесеных у вынiку iнфляцыйнага абясцэньвання грашовых зберажэнняў, змешчаных ва ўклады ў Ашчадным банку, а таксама няпоўнага выканання дзяржавай пазыковых абавязацельстваў па каштоўных паперах былога Саюза ССР. Па меркаванню грамадзян, iснуе неабходнасць удасканалення заканадаўства аб больш поўных гарантыях пакрыцця грамадзянам Рэспублiкi Беларусь страт ад абясцэньвання ўкладаў i каштоўных папер з улiкам iнфляцыйных працэсаў.

Вялiкая колькасць зваротаў грамадзян i iх аб’яднанняў тычыцца пытання прымянення нормаў заканадаўства, якiя прадугледжваюць прадастаўленне розных iльгот. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў сувязi з супярэчлiвасцю нормаў заканадаўства розныя правапрымяняльныя органы, у тым лiку i суды, прымаюць рашэннi, якiя не адпавядаюць адно аднаму, што выклiкае крытыку i незадавальненне. Указаная праблема, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, таксама патрабуе хутчэйшага прававога вырашэння.

Ажыццяўляючы кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, Канстытуцыйны Суд асаблiвую ўвагу ўдзяляў пытанням прывядзення нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з нормамi мiжнародных пактаў аб правах чалавека i фармiравання нарматыўнай базы, якая адпавядае сусветным стандартам. У гэтых мэтах Канстытуцыйны Суд актыўна выкарыстоўваў сваё права на ўнясенне ў дзяржаўныя органы прапаноў па ўдасканаленню дзеючага заканадаўства.

Канстытуцыйны Суд не надзелены правам узбуджэння вядзення аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўных актаў паводле ўласнага меркавання. Таму, валодаючы аб’ектыўнай i дакладнай iнфармацыяй аб яўнай неканстытуцыйнасцi асобных нарматыўных актаў, пры адсутнасцi зваротаў ад суб’ектаў, якiя маюць такое права, Канстытуцыйны Суд, кiруючыся Канстытуцыяй i законам аб Канстытуцыйным Судзе, накiроўваў на адрас паўнамоцных органаў дзяржаўнай улады рашэннi, што маюць рэкамендацыйны характар. Як сведчыць практыка, гэта дазваляла аператыўна ўстараняць недахопы ў норматворчай i правапрымяняльнай дзейнасцi асобных дзяржаўных органаў.

III

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што эфектыўная дзейнасць па ўмацаванню канстытуцыйнай законнасцi ў многiм залежыць ад узроўню прававой iнфармаванасцi, вывучэння мiжнароднай практыкi.

У мэтах выкарыстання замежнага вопыту па забеспячэнню канстытуцыйнай законнасцi Канстытуцыйны Суд у мiнулым годзе працягваў развiваць супрацоўнiцтва з органамi канстытуцыйнага кантролю iншых краiн, а таксама рознымi мiжнароднымi праваабарончымi арганiзацыямi. З’яўляючыся адным з заснавальнiкаў Канферэнцыi канстытуцыйных судоў дзяржаў маладой дэмакратыi, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь актыўна ўдзельнiчае ў дзейнасцi гэтага органа. Канстытуцыйны Суд выступiў у рамках дадзенай Канферэнцыi таксама сазаснавальнiкам часопiса “Канстытуцыйнае правасуддзе”, выданне якога прызвана садзейнiчаць больш актыўнаму абмену вопытам у галiне канстытуцыйнага кантролю.

3–5 чэрвеня 1998 г. у г. Мiнску адбылася арганiзаваная Канстытуцыйным Судом Рэспублiкi Беларусь Мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Роля органаў канстытуцыйнага кантролю ў абароне сацыяльна-эканамiчных i сацыяльна-культурных правоў i свабод грамадзян”. У рабоце дадзенага форуму ўдзельнiчалi прадстаўнiкi 11 дзяржаў. На канферэнцыi адбыўся карысны i змястоўны абмен думкамi па важнейшых пытаннях станаўлення судовага канстытуцыйнага кантролю ў забеспячэннi эканамiчных, сацыяльных i культурных правоў i свабод грамадзян, iнстытута канстытуцыйнай скаргi, значэння i ролi прынцыпаў i нормаў мiжнароднага права ў ажыццяўленнi канстытуцыйнага кантролю, iншых формаў канстытуцыйнага правасуддзя ў забеспячэннi правоў i свабод грамадзян. На канферэнцыi адзначалася, што ажыццяўленне канстытуцыйнага кантролю з’яўляецца неабходнай умовай развiцця дзяржаў па дэмакратычнаму шляху. Выносячы канчатковыя i абавязковыя для выканання акты, канстытуцыйныя суды садзейнiчаюць устойлiваму развiццю i ўдасканаленню прававых сiстэм, рэальнаму забеспячэнню прынцыпу падзелу ўлад, абароне правоў i свабод грамадзян.

Канстытуцыйны Суд быў таксама адным з арганiзатараў навукова-практычнай канферэнцыi “Забеспячэнне непасрэднага дзеяння канстытуцыйных нормаў аб правах i свабодах грамадзян: вопыт, праблемы, перспектывы”, якая праводзiлася ў г. Мiнску 17 лiстапада 1998 г. Яна была прысвечана важнейшым аспектам канстытуцыйнага будаўнiцтва ў Рэспублiцы Беларусь, выпрацоўцы механiзмаў прамога дзеяння канстытуцыйных нормаў, забеспячэння iх прыярытэту ў правапрымяняльнай дзейнасцi. Гэта мае асобае значэнне ў сувязi з тым, што на практыцы яшчэ не ўсюды ёсць разуменне неабходнасцi забеспячэння непасрэднага дзеяння канстытуцыйных нормаў. Матэрыялы канферэнцыi былi апублiкаваны i накiраваны для выкарыстання высноў i iдэй, выказаных удзельнiкамi канферэнцыi, рэспублiканскiм дзяржаўным органам, навуковым, навучальным i iншым установам.

Суддзi Канстытуцыйнага Суда прымалi ўдзел у iншых навукова-практычных канферэнцыях i семiнарах па пытаннях удасканалення заканадаўства, абароны правоў i свабод чалавека i грамадзянiна, якiя праводзiлiся як у рэспублiцы, так i за мяжой.

У вераснi 1998 г. Канстытуцыйны Суд прадставiў у Савет канстытуцыйных судоў Еўропы нацыянальны даклад, якi датычыць становiшча спраў са свабодай сумлення i веравызнанняў у Рэспублiцы Беларусь i iншых звязаных з гэтым пытанняў, для падрыхтоўкi агульнага даклада па гэтай жа тэме на 11-ю Канферэнцыю еўрапейскiх канстытуцыйных судоў, у якiм у цэлым станоўча ацанiў дзеючае заканадаўства аб свабодзе сумлення i веравызнанняў i практыку яго прымянення ў Рэспублiцы Беларусь.

Канстытуцыйны Суд удзяляе вялiкую ўвагу пытанням узаемнага абмену iнфармацыяй у галiне канстытуцыйнага кантролю з адпаведнымi органамi iншых краiн. У гэтых мэтах Канстытуцыйны Суд абменьваецца з iмi сваiмi рашэннямi, падтрымлiваюцца i iншыя кантакты з органамi канстытуцыйнага кантролю iншых дзяржаў.

IV

Канстытуцыйны Суд, ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь, адзначае, што яшчэ не прыняты ўсе дастатковыя меры для забеспячэння вяршэнства права, прамога дзеяння канстытуцыйных нормаў, поўнага ажыццяўлення правоў i свабод чалавека i грамадзянiна ў Рэспублiцы Беларусь.

Вопыт ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю паказвае, што паўнацэнная абарона правоў i свабод чалавека i грамадзянiна забяспечваецца пры ўмове належнай iмплементацыi нормаў мiжнароднага права ў заканадаўства краiны. Гэта тлумачыцца тым, што на мiжнародным узроўнi выпрацоўваюцца канцэпцыi аднастайнага разумення i прымянення тых або iншых механiзмаў абароны правоў чалавека. У сувязi з гэтым уяўляецца вельмi важным стварэнне ўсiх неабходных умоў для эфектыўнага прымянення нормаў мiжнароднага права ў праватворчай i правапрымяняльнай дзейнасцi ўсiх дзяржаўных органаў.

Неабходнай умовай фармiравання прававой дзяржавы з’яўляецца ўдасканаленне i развiццё нацыянальнага заканадаўства, забеспячэнне рэальных гарантый правоў, свабод грамадзян i iх абароны. Гэта магчыма ў поўнай меры толькi пры наяўнасцi належнай прававой асновы, на што звярталася ўвага i на парламенцкiх слуханнях па праблемах правоў чалавека (чэрвень 1998 г.). Важная роля ў гэтым належыць Прэзiдэнту, Нацыянальнаму сходу, Савету Мiнiстраў.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Прэзiдэнтам, Парламентам, Урадам многае зроблена для ўдасканалення прававой сiстэмы Рэспублiкi Беларусь. Прыняты Грамадзянскi, Грамадзянскi працэсуальны, Мытны, Водны, Гаспадарчы працэсуальны кодэксы, кодэксы аб зямлi, аб нетрах, шэраг iншых сiстэмаўтвараючых законаў, наблiжаецца да завяршэння работа над iншымi буйнымi кадыфiкаванымi актамi – Крымiнальным, Крымiнальна-працэсуальным, Працоўным i некаторымi iншымi кодэксамi i законамi. Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што працэс прыняцця шэрага асноватворных законаў зацягнуўся. Да гэтага часу не прыняты законы, якiя напрамую вынiкаюць з Канстытуцыi (аб праве на свабоду перамяшчэння i выбар месца жыхарства, аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, аб надзвычайным i ваенным становiшчы, аб парадку рэалiзацыi грамадзянамi права на заканадаўчую iнiцыятыву, аб статусе горада Мiнска i iнш.).

Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным выключыць практыку рэгулявання значных грамадскiх адносiн на ўзроўнi падзаконных актаў, прыняцця дзяржаўнымi органамi актаў з перавышэннем паўнамоцтваў, прымянення неапублiкаваных актаў, якiя датычаць правоў, свабод i абавязкаў грамадзян, надання актам, што ўстанаўлiваюць адказнасць або iншым чынам абцяжарваюць становiшча ўдзельнiкаў праваадносiн, зваротнай сiлы.

Канстытуцыйны Суд падтрымлiвае выказаную ў рэкамендацыях Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па вынiках парламенцкiх слуханняў iдэю прадастаўлення грамадзянам права на звяртанне ў Канстытуцыйны Суд. Гэта абумоўлена тым, што найбольш распаўсюджанай формай абароны канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян у практыцы многiх краiн з’яўляецца iнстытут канстытуцыйнай скаргi, калi зварот грамадзянiна з просьбай разгледзець канстытуцыйнасць закона, якi неапраўдана ўшчамляе яго правы, свабоды, законныя iнтарэсы, з’яўляецца непасрэднай падставай для разгляду такой справы органам канстытуцыйнага кантролю.

Заканадаўчае замацаванне права грамадзян звяртацца з канстытуцыйнай скаргай адпавядала б мэтам усямернай абароны правоў чалавека i грамадзянiна i належнай рэалiзацыi палажэнняў артыкула 61 Канстытуцыi, якi прадугледжвае магчымасць звяртання ў мiжнародныя арганiзацыi толькi пасля таго, як вычарпаны ўсе ўнутрыдзяржаўныя сродкi прававой абароны, i не толькi адпавядала б мiжнароднай практыцы, але i садзейнiчала б вырашэнню задач, што стаяць перад прававой дзяржавай. У якасцi альтэрнатывы на сучасным этапе можна было б у выпадку прыняцця закона аб Упаўнаважаным па правах чалавека надзялiць яго правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасцi законаў i iншых нарматыўных актаў.

*

Аналiз стану канстытуцыйнай законнасцi сведчыць аб неабходнасцi ўзмацнення дзейнасцi ўсiх дзяржаўных органаў i службовых асоб па забеспячэнню канстытуцыйных правоў i свабод кожнага чалавека i грамадзянiна. Гэта з’яўляецца неад’емнай умовай зацвярджэння прынцыпу вяршэнства права, далейшага руху да дэмакратыi, свабоды, законнасцi, станаўлення i ўстойлiвага развiцця прававой дзяржавы.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 1999 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч