Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
20 лютага 2004 г. № З-170/2004
20 лютага 2004 г. № З-170/2004
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя“ Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнiкоў:
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Лектарава В.М., старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi; Мяшковай Н.М., загадчыка аддзела дзяржаўнага права Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь – Раманенкава А.С., намеснiка Мiнiстра аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя “ Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:
Вышкевiч В.М. – намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Козырава Л.Р. – намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь, Калугiн В.Ю. – намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 8 снежня 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь унесла прапанову аб праверцы Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi, зацверджаных пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2003 г., № 122, 5/13295), якiя прадугледжваюць парадак i ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi.
Палата прадстаўнiкоў указала, у прыватнасцi, што пункт 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi адной з абавязковых умоў для атрымання лiцэнзii юрыдычнай асобай прадугледжвае наяўнасць у кiраўнiка арганiзацыi або ў кiраўнiка структурнага падраздзялення, што будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi i наяўнасць у штаце дадзенай арганiзацыi работнiкаў, якiя маюць таксама першую або вышэйшую катэгорыю. Аналагiчныя па сутнасцi патрабаваннi прад’яўляюцца i пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi да фармацэўтычных работнiкаў.
Па меркаванню Палаты прадстаўнiкоў, устаноўленыя ва ўказаных палажэннях дадатковыя (у параўнаннi з Законам “Аб ахове здароўя”) патрабаваннi да ўзроўню падрыхтоўкi медыцынскага персаналу пацягнуць за сабой закрыццё многiх арганiзацый аховы здароўя, асаблiва пярвiчнага звяна, дзе працуе невялiкая колькасць медыцынскiх работнiкаў з адпаведнымi катэгорыямi. Палата прадстаўнiкоў лiчыць, што гэта ў поўнай меры адносiцца i да аптэчных арганiзацый.
У адпаведнасцi з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” межы вырашэння пытанняў, пастаўленых на разгляд Канстытуцыйнага Суда, вызначае Суд. Таму, зыходзячы з сутнасцi ўнесеных Палатай прадстаўнiкоў прапаноў, Канстытуцыйным Судом ажыццёўлена праверка на прадмет канстытуцыйнасцi норм, якiя змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi, пунктах 9 i 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi.
Заслухаўшы паведамленне суддзi-дакладчыка Падгрушы В.В., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г.“Аб ахове здароўя” (у рэдакцыi Закона ад 11 студзеня 2002 г.), Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiпеня 2003 г. № 17 “Аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi” (далей – Дэкрэт № 17), нормы палажэнняў аб лiцэнзаваннi адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi, iншых нарматыўных прававых актаў, якiя маюць адносiны да пытання, што разглядаецца, даследаваўшы iншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
Згодна з артыкулам 2 Канстытуцыi чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы.
Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсiх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45 Асноўнага Закона).
У сiлу патрабаванняў артыкула 13 Канстытуцыi дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства, забяспечвае накiраванне i каардынацыю дзяржаўнай i прыватнай эканамiчнай дзейнасцi ў сацыяльных мэтах. Дзяржава прадастаўляе ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi.
Згодна з артыкулам 9 Закона “Аб ахове здароўя” сiстэму аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь складаюць дзяржаўная ахова здароўя i прыватная ахова здароўя. Пры гэтым, як указана ў Законе, асновай сiстэмы аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца дзяржаўная ахова здароўя.
Артыкулам 12 Закона “Аб ахове здароўя” прадугледжана, што медыцынская i фармацэўтычная дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi толькi пры наяўнасцi спецыяльнага дазволу (лiцэнзii).
Лiцэнзiя ўяўляе сабой спецыяльны дазвол на ажыццяўленне вiду дзейнасцi пры абавязковым выкананнi лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, якi выдадзены лiцэнзуючым органам суiскальнiку лiцэнзii або лiцэнзiяту i якi пацвярджае, што суб’ект гаспадарання прымае на сябе абавязацельствы па забеспячэнню належнага ажыццяўлення лiцэнзуемага вiду дзейнасцi.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, нарматворчыя органы, прымаючы акты ў межах сваёй кампетэнцыi, у тым лiку рэгулюючы медыцынскую i фармацэўтычную дзейнасць, маюць права вызначаць парадак i ўмовы яе ажыццяўлення, устанаўлiваць абмежаваннi, якiя павiнны адпавядаць крытэрыям, замацаваным у Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, а iменна: асноўвацца на законе i прымацца толькi ў iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб.
Дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне ажыццяўлення медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi абумоўлена неабходнасцю забяспечыць ахову жыцця i здароўя грамадзян. У гэтых мэтах нарматыўнымi прававымi актамi ўстанаўлiваюцца павышаныя патрабаваннi да суб’ектаў, якiя ажыццяўляюць такую дзейнасць, у тым лiку замацоўваецца абавязковасць лiцэнзавання ўказанай дзейнасцi.
Дэкрэтам № 17 прадугледжана, што права на ажыццяўленне юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi асобных вiдаў дзейнасцi, уключаючы медыцынскую i фармацэўтычную, можа быць рэалiзавана пасля атрымання ва ўстаноўленым парадку спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй). Згодна з падпунктам 3.9 пункта 3 Дэкрэта № 17 у выпадку разыходжання норм дадзенага Дэкрэта з iншымi заканадаўчымi актамi, якiя рэгулююць ажыццяўленне асобных вiдаў дзейнасцi на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй), прымяняюцца нормы гэтага Дэкрэта.
У адпаведнасцi з пунктам 2 Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi, зацверджанага Дэкрэтам № 17, лiцэнзiйныя патрабаваннi i ўмовы – гэта сукупнасць устаноўленых заканадаўствам патрабаванняў i ўмоў, што прад’яўляюцца да суiскальнiка лiцэнзii пры яе выдачы i да лiцэнзiята пры ажыццяўленнi iм дзейнасцi, на якую патрабуецца лiцэнзiя.
Пунктам 5 указанага Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi прадугледжана, што Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у межах сваёй кампетэнцыi зацвярджае палажэннi аб лiцэнзаваннi вiдаў дзейнасцi, якiя разам з iншымi ўмовамi i патрабаваннямi павiнны ўключаць пералiк лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, што прад’яўляюцца да юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, а таксама асаблiвасцi выдачы лiцэнзiй на асобны вiд дзейнасцi.
Дэкрэт № 17 разглядаўся Палатай прадстаўнiкоў i Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь адпаведна 9 i 17 кастрычнiка 2003 г. i прыняты да ведама без заўваг.
У мэтах выканання Дэкрэта № 17 Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь пастановай ад 20 кастрычнiка 2003 г. № 1378 зацверджаны Палажэнне аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i Палажэнне аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi.
Пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi прадугледжана, што абавязковымi ўмовамi для суiскальнiка лiцэнзii i лiцэнзiята пры ажыццяўленнi медыцынскай дзейнасцi (акрамя работ i паслуг, звязаных з вытворчасцю i абаротам медыцынскай тэхнiкi i вырабаў медыцынскага прызначэння) з’яўляюцца:
для юрыдычнай асобы: наяўнасць у кiраўнiка арганiзацыi або ў кiраўнiка структурнага падраздзялення арганiзацыi, якое непасрэдна будзе ажыццяўляць медыцынскую дзейнасць, вышэйшай медыцынскай адукацыi, спецыяльнай падрыхтоўкi, што адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першай або вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыi; наяўнасць у штаце дадзенай арганiзацыi работнiкаў, якiя маюць вышэйшую i (або) сярэднюю медыцынскую адукацыю, спецыяльную падрыхтоўку, што адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць квалiфiкацыйнай катэгорыi) (падпункт 9.1 пункта 9);
для iндывiдуальнага прадпрымальнiка i прыцягнутых iм ва ўстаноўленым парадку медыцынскiх работнiкаў – вышэйшая або сярэдняя медыцынская адукацыя, спецыяльная падрыхтоўка, якiя адпавядаюць патрабаванням i характару выконваемых работ i прадастаўляемых паслуг, i першая або вышэйшая квалiфiкацыйная катэгорыя (для сярэдняга медыцынскага персаналу наяўнасць квалiфiкацыйнай катэгорыi) (падпункт 9.2 пункта 9);
праходжанне тэматычнага ўдасканальвання ў аб’ёме, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь для кiраўнiка ў сферы медыцынскай дзейнасцi i медыцынскiх работнiкаў юрыдычнай асобы, а таксама для iндывiдуальнага прадпрымальнiка i прыцягнутых iм медыцынскiх работнiкаў (падпункт 9.3 пункта 9).
Пунктам 9 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi прадугледжана ў якасцi абавязковай умовы для атрымання лiцэнзii на фармацэўтычную дзейнасць (за выключэннем работ i паслуг, звязаных з прамысловай вытворчасцю лекавых сродкаў) наяўнасць у кiраўнiка юрыдычнай асобы (кiраўнiка структурнага падраздялення, якое займаецца фармацэўтычнай дзейнасцю) або iндывiдуальнага прадпрымальнiка вышэйшай фармацэўтычнай адукацыi, вышэйшай або першай квалiфiкацыйнай катэгорыi i ўдасканальвання па спецыяльнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Згодна з пунктам 10 Палажэння аб лiцэнзаваннi фармацэўтычнай дзейнасцi суіскальнік ліцэнзіі павінен заключыць працоўныя дагаворы (кантракты) або грамадзянска-прававыя дагаворы з работнікамі (не менш двух чалавек акрамя кіраўніка структурнага падраздзялення), якія маюць спецыяльную фармацэўтычную адукацыю (вышэйшую або сярэднюю), кваліфікацыйную катэгорыю і прайшлі ўдасканальванне па спецыяльнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Часткай першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя” прадугледжана, што права на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю маюць асобы, якiя атрымалi спецыяльную адукацыю i пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь. Пры допуску да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi ў якасці ўрача або правізара акрамя спецыяльнай адукацыі неабходны стажыроўка і наяўнасць сертыфікату (пасведчання) па адпаведнай спецыяльнасці, а ў прыватнай ахове здароўя – таксама стаж работы па віду дзейнасці, якi ліцэнзуецца, не менш чым тры гады.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы, якія змяшчаюцца ў частцы першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя”, не датычацца пытанняў ліцэнзавання медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці як тых, што адносяцца да спецыяльнага рэгулявання, а вызначаюць умовы і патрабаванні забеспячэння права асоб на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасці ўрача або правізара, але не ў якасці кіраўнікоў юрыдычных асоб (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў) і індывідуальных прадпрымальнiкаў, якія арганізуюць ажыццяўленне ліцэнзуемых відаў дзейнасці і нясуць усю паўнату адказнасці за належнае медыцынскае або фармацэўтычнае абслугоўванне.
Такі вывад вынікае са зместу часткі другой артыкула 12 Закона “Аб ахове здароўя”, згодна з якой парадак і ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці рэгулююцца актамі заканадаўства, пункта 5 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Дэкрэтам № 17, і прынятых на яго аснове Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь палажэнняў аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці.
Урачы і правізары, згодна з артыкулам 41 Канстытуцыі, рэалізуюць сваё права на працу, гэта значыць права на выбар роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, шляхам заключэння працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў з адпаведнымі суб’ектамі гаспадарання як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, якія павінны арганізаваць ажыццяўленне медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці ў адпаведнасці з існуючымі ў дзяржаве патрабаваннямі і стандартамі.
Суіскальнікам ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці можа быць юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік (пункт 3 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, пункт 5 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці). Да суіскальніка ліцэнзіі і прад’яўляюцца ў адпаведнасці з указанымі палажэннямі ліцэнзійныя патрабаванні і ўмовы.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстаноўленыя ў палажэннях аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасці патрабаванні да прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў арганізацый), індывідуальных прадпрымальнікаў, не супярэчаць артыкулу 15 Закона “Аб ахове здароўя”. Канстытуцыйны Суд зыходзіць пры гэтым з таго, што ўказанымі актамі рэгулююцца розныя віды адносін: палажэннямі аб ліцэнзаванні – адносіны, звязаныя з магчымасцю ажыццяўлення суб’ектамі гаспадарання ліцэнзуемых відаў медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, Законам “Аб ахове здароўя” – адносіны, якія датычацца рэалізацыі грамадзянамі права на заняцце медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю ў якасці ўрача або правізара.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на розныя падыходы, што змяшчаюцца ў пункце 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, у частцы патрабаванняў да прафесійнага ўзроўню медыцынскіх работнікаў, якія прыцягваюцца суб’ектамі гаспадарання. Калі па сэнсу абзаца трэцяга падпункта 9.1 пункта 9, што патрабуе наяўнасці ў штаце арганізацыі работнікаў, якія маюць першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, колькасць такіх работнікаў не агаворваецца (у судовым пасяджэнні прадстаўніком Савета Міністраў было выказана меркаванне, што дастаткова аднаго спецыяліста, які мае патрабуемую катэгорыю па ліцэнзуемаму віду дзейнасці), то ў прымяненні да індывідуальнага прадпрымальніка (падпункт 9.2 пункта 9) усе прыцягнутыя ім работнікі павінны мець першую або вышэйшую катэгорыю (для сярэдняга медперсаналу – кваліфікацыйную катэгорыю), нават калі ён будзе займацца ажыццяўленнем аднаго віду дзейнасці.
Адзначанае сведчыць аб неабходнасці ўдакладнення зместу палажэнняў аб ліцэнзаванні адпаведна медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці ў мэтах забеспячэння іх адназначнага разумення і прымянення на практыцы. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з замацаванага ў Канстытуцыі прынцыпу стварэння роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, мяркуе неабходным перагледзець норму часткі першай артыкула 15 Закона “Аб ахове здароўя”, якой устаноўлена абмежаванне на працу ў прыватнай ахове здароўя для ўрачоў і правізараў, якія маюць стаж работы па ліцэнзуемаму віду дзейнасці менш чым тры гады.
Канстытуцыйны Суд знаходзіць заслугоўваючымі ўвагі довады Палаты прадстаўнікоў аб тым, што ўстанаўленне дадатковых патрабаванняў да ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі кіраўнікоў арганізацый (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў) як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў пацягне за сабой для многіх з іх спыненне (прыпыненне) дзейнасці з-за адсутнасці кваліфікацыйных катэгорый, якiя патрабуюцца.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дзяржаўнай ахове здароўя па стану на 1 студзеня 2004 г. не маюць першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі 23,2 працэнта кіраўнікоў арганізацый і 38,7 працэнта кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, 42,1 працэнта правізараў – кіраўнікоў арганізацый (кіраўнікоў структурных падраздзяленняў). Па даных прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Лектарава В.М., толькі па Віцебскай вобласці па стану на 13 лістапада 2003 г. не мелі першай або вышэйшай катэгорыі галоўныя ўрачы 40 участковых бальніц, 13 гарадскіх і раённых бальніц, пяці раённых тэрытарыяльных медыцынскіх аб’яднанняў. Пры гэтым тры ўчастковыя бальніцы маюць статус юрыдычнай асобы.
Што датычыцца недзяржаўных арганізацый аховы здароўя, то, па прадстаўленых звестках, на цяперашнi час медыцынскую дзейнасць ажыццяўляюць 1228 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх працуе 3060 урачоў, з іх з вышэйшай катэгорыяй – 352 урачы, з першай – 659, што складае каля 33 працэнтаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абсалютная большасць спецыялістаў, якія працуюць у прыватнай ахове здароўя, маюць працяглы стаж работы: агульны ўрачэбны стаж 9 гадоў і больш маюць 2407 урачоў, ад 6 да 8 гадоў – 427. Фармацэўтычную дзейнасць ажыццяўляюць 1052 спецыялісты з вышэйшай фармацэўтычнай адукацыяй, якія працуюць у складзе 416 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. З iх iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, кiраўнiкоў юрыдычных асоб i структурных падраздзяленняў са стажам ад 6 да 8 гадоў – 114 чалавек, са стажам 9 гадоў i больш – 570.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што да ўвядзення новых патрабаванняў, што прад’яўляюцца да суіскальнікаў ліцэнзій і ліцэнзіятаў для ажыццяўлення медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці, дзейнічала Палажэнне аб парадку выдачы суб’ектам гаспадарання (юрыдычным асобам і прадпрымальнікам без утварэння юрыдычнай асобы) спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне відаў дзейнасці, якія знаходзяцца ў вядзенні Міністэрства аховы здароўя, зацверджанае загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 1998 г. № 15, згодна з якім выдача ліцэнзій на медыцынскую практыку, аптовую і рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў і лекавых раслін (падпункты 2.3.2 і 2.5 пункта 2) ажыццяўлялася пры меншым аб’ёме патрабаванняў і ўмоў, што прад’яўляюцца да суіскальнікаў (ліцэнзіятаў).
У адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнiчала раней, атрыманне суб’ектам гаспадарання ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці не залежала ад наяўнасці або адсутнасці ў кіраўніка арганізацыі (кіраўніка структурнага падраздзялення), індывідуальнага прадпрымальніка, а роўна прыцягнутых імі работнікаў першай або вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Больш за тое, згодна з пунктам 5 Палажэння аб парадку прысваення кваліфікацыйных катэгорый медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, зацверджанага пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2002 г. № 45, прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі праводзілася па ініцыятыве і жаданню асобы, якая працуе ў сістэме аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, і з’яўлялася адной з умоў павышэння аплаты працы работнікаў, якія маюць кваліфікацыйныя катэгорыі. Пунктам 36 указанага Палажэння прадугледжана таксама, што для прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі патрабуецца стаж работы па спецыяльнасці тры гады, першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі шэсць і дзевяць гадоў адпаведна.
У сувязі з выкладзеным, прызнаючы права Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай пятай артыкула 13 Канстытуцыі ўстанаўліваць патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў пры атрыманні імі ліцэнзій дзеля дасягнення галоўнай мэты – павышэння якасці медыцынскай дапамогі і фармацэўтычных паслуг насельніцтву, якія аказваюцца як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай ахове здароўя, Канстытуцыйны Суд у той жа час лічыць, што пры абмежаванні ўжо набытых правоў асабліва неабходна ўлічваць прынцыпы справядлівасці, суразмернасці, максімальнага ўліку прыватных і публічных інтарэсаў. Такі падыход садзейнічае фарміраванню давер’я грамадзян да дзяржавы. Важнейшым прынцыпам прававога рэгулявання адносін у прававой дзяржаве, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь, павінны быць прадказальнасць і разумная стабільнасць нарматыўнага рэгулявання, што базіруецца на спалучэнні інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, а таксама суб’ектаў гаспадарання.
Таму Канстытуцыйны Суд лiчыць правамерным прад’яўленне дадатковых патрабаванняў да новых асоб, якія жадаюць атрымаць ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці праз утварэнне юрыдычнай асобы або работу ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
Што датычыцца суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, якія атрымалі ліцэнзіі на ажыццяўленне медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці на падставе раней дзеючага заканадаўства, то Канстытуцыйны Суд лічыць, што для выключэння ліквідацыі (прыпынення дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання па прычынах, якія яны не маглі прадбачыць у момант іх стварэння, кіраўнікам гэтых арганізацый аховы здароўя, іншым асобам, указаным у пункце 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці і пунктах 9, 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, павінна быць прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у атэстацыі для атрымання адпаведнай катэгорыі з улікам стажу іх работы і іншых акалічнасцей, што заслугоўваюць увагі, у тэрмін, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў.
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць адпавядаючымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” нормы пункта 9 Палажэння аб ліцэнзаванні медыцынскай дзейнасці, пунктаў 9 і 10 Палажэння аб ліцэнзаванні фармацэўтычнай дзейнасці, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1378.ъ
2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з мэтай выключэння ліквідацыі (прыпынення дзейнасці) суб’ектў гаспадарання, якія займаліся ажыццяўленнем медыцынскай або фармацэўтычнай дзейнасці на аснове ліцэнзій, выдадзеных у адпаведнасці з раней дзеючым заканадаўствам, забяспечыць кіраўнікам гэтых арганізацый аховы здароўя (кіраўнікам структурных падраздзяленняў), індывідуальным прадпрымальнікам, прыцягнутым імі медыцынскім работнікам праходжанне атэстацыі для атрымання імі адпаведных кваліфікацыйных катэгорый з улікам стажу іх работы і іншых акалічнасцей, што заслугоўваюць увагі, у тэрмін, дастатковы пасля прыняцця дадзенага Заключэння для вырашэння гэтых пытанняў.
Для ўказаных асоб упаўнаважаныя дзяржаўныя органы маюць права змякчыць патрабаванні, прадугледжаныя Палажэннем аб парадку прысваення кваліфікацыйных катэгорый медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2002 г. № 45, у частцы прысваення кваліфікацыйных катэгорый па-за ўстаноўленай паслядоўнасцю, з улікам стажу работы, узроўню прафесійнай падрыхтоўкі і іншых акалічнасцей, уключаючы і факт стварэння імі суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўлялі медыцынскую або фармацэўтычную дзейнасць на падставе выдадзеных раней дзяржаўнымі органамі ліцэнзій.
3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
4. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч