Пасланнi Канстытуцыйнага Суда

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2002 ГОДЗЕ

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь замацоўвае якасна новы ўзровень адносiн памiж асобай i дзяржавай, дэмакратычную мадэль еўрапейскай дзяржаўнасцi — сацыяльную прававую дзяржаву, прызваную забяспечыць кожнаму свабоднае i годнае развiццё. Павага i выкананне Канстытуцыi, правоў i свабод чалавека становiцца сёння важным крытэрыем мiжнароднай i ўнутранай ацэнкi дзейнасцi органаў дзяржаўнай улады. Стварэнне сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомiкi ў нашай дзяржаве мае на ўвазе далейшае ўдасканальванне заканадаўства з улiкам норм мiжнароднага права i максiмальнае выкарыстанне агульнаправавых прынцыпаў i норм, замацаваных у Канстытуцыi.

Канстытуцыйны патэнцыял можа праяўляцца ў найбольшай ступенi ва ўсiх сферах жыццядзейнасцi грамадства i дзяржавы пры ўмове забеспячэння вяршэнства норм Канстытуцыi незалежна ад таго, у якой меры гэтыя нормы рэалiзаваны ў актах дзеючага заканадаўства, iх непасрэднага дзеяння ў праватворчай i правапрымяняльнай практыцы i абавязковасцi канстытуцыйных прадпiсанняў для ўсiх фiзiчных i юрыдычных асоб, а роўна для дзяржавы ў асобе яе органаў i службовых асоб.

* * *

Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе прыняў 40 рашэнняў, якiмi вырашаны канкрэтныя прававыя калiзii, што садзейнiчала зацвярджэнню ў Рэспублiцы Беларусь канстытуцыйнай законнасцi, развiццю прававой дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд кiраваўся тым, што згодна з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi на яго ўскладзены кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Сваiмi рашэннямi Канстытуцыйны Суд зацвярджаў у праватворчай i правапрымяняльнай дзейнасцi вяршэнства прынцыпаў i норм прававой дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы, замацаваных у Канстытуцыi i мiжнародна-прававых актах.

Канстытуцыйны прынцып падзелу i ўзаемадзеяння ўлад (артыкул 6 Канстытуцыi) азначае, што дзяржаўныя органы самастойныя i ажыццяўляюць сваю дзейнасць у межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў. Перавышэнне дзяржаўным органам паўнамоцтваў пры прыняццi нарматыўных прававых актаў цi неналежнае выкананне ўскладзеных на яго абавязкаў сведчыць аб адступленнi ад указанага прынцыпу i параджае неканстытуцыйную правапрымяняльную практыку.

Так, у адпаведнасцi з прынцыпам падзелу ўлад толькi заканадаўцу належыць права вызначаць змест норм крымiнальнага закона. Згодна з артыкулам 3 Крымiнальнага кодэкса злачыннасць дзеяння, яго каральнасць i iншыя крымiнальна-прававыя вынiкi вызначаюцца толькi Крымiнальным кодэксам, нормы гэтага Кодэкса падлягаюць строгаму тлумачэнню заканадаўцам.

Прымаючы 12 лiстапада 2002 г. рашэнне аб вызначэннi паняцця “даход” для мэт квалiфiкацыi незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi пры прыцягненнi да крымiнальнай адказнасцi, Канстытуцыйны Суд устанавiў, што ў Крымiнальным кодэксе прымяняльна да артыкула 233 састаў даходу i парадак яго вылiчэння заканадаўцам вызначаны не былi. Растлумачэнне паняцця даходу ад незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi даў Пленум Вярхоўнага Суда ў пастанове ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 (пункт 6). Кiруючыся палажэннямi Канстытуцыi (артыкулы 97 i 98), Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” (артыкулы 70 i 72) i зыходзячы з таго, што адзiным законам, якi рэгулюе пытаннi крымiнальнай адказнасцi, з’яўляецца Крымiнальны кодэкс, Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу вызначыць гэта паняцце непасрэдна ў Крымiнальным кодэксе. Адпаведныя дапаўненнi ва ўказаны Кодэкс унесены Законам ад 4 студзеня 2003 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь”.

Нягледзячы на дакладнае размежаванне ў Канстытуцыi i Законе “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь” паўнамоцтваў мясцовых прадстаўнiчых i выканаўчых органаў, на практыцы маюцца выпадкi прыняцця нарматыўных прававых актаў выканаўчымi камiтэтамi па пытаннях, якiя ўваходзяць у выключную кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што найбольш часта такая падмена паўнамоцтваў ажыццяўляецца пры ўстанаўленнi мясцовых падаткаў i збораў.

На дадзеную сiтуацыю Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу ў рашэннях ад 10 красавiка 2002 г. “Аб устанаўленнi фiксiраваных сум падаходнага падатку пры здачы ўнаём жылых памяшканняў у г. Мiнску”, ад 9 кастрычнiка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасцi пункта 23 рашэння Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мiнска на 2002 год” i iншых пытаннях, звязаных з падаткам на нерухомасць”. У рашэннi Канстытуцыйнага Суда ад 9 кастрычнiка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасцi ўстанаўлення мясцовага збору з фiзiчных асоб пры перасячэннi iмi мяжы Рэспублiкi Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты” было таксама ўказана на неканстытуцыйнасць дэлегавання выключных паўнамоцтваў Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў па ўстанаўленню мясцовага збору Брэсцкаму раённаму выканаўчаму камiтэту.

На падставе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда акты мясцовых прадстаўнiчых i выканаўчых органаў прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй, што сведчыць аб належных адносiнах да рашэнняў Канстытуцыйнага Суда i iмкненнi своечасова ўстараняць дапушчаныя парушэннi. Гэта з’яўляецца паказчыкам фармiравання ў службовых асоб, дэпутатаў мясцовых Саветаў сучаснай прававой свядомасцi.

Правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд кiраваўся i такiм канстытуцыйным прынцыпам прававой дзяржавы, як прынцып суразмернасцi (прапарцыянальнасцi) абмежавання правоў i свабод асобы абараняемым Канстытуцыяй каштоўнасцям.

Так, разгледзеўшы па iнiцыятыве Палаты прадстаўнiкоў справу аб адпаведнасцi Канстытуцыi нарматыўных прадпiсанняў, якiя рэгулююць парадак выезду грамадзян з Рэспублiкi Беларусь i ўезду ў яе, Канстытуцыйны Суд прызнаў, што абавязковасць прастаўлення адзнакi ў пашпарце для выезду з краiны, устаноўленая для ўсiх грамадзян, абсалютная большасць якiх не мае абмежаванняў на выезд, прынiжае iх правы i несуразмерна каштоўнасцям, што абараняюцца Канстытуцыяй (артыкулы 23, 30 i iнш.). Пры гэтым, устанаўлiваючы тэрмiн для рэалiзацыi свайго Заключэння ад 27 верасня 2002 г., Канстытуцыйны Суд улiчваў, што для стварэння такой сiстэмы ўлiку, прымяненне якой дазволiць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскi пашпарт у якасцi дакумента для выезду з Рэспублiкi Беларусь без прастаўлення адзнакi ў пашпарце, неабходны час i матэрыяльныя сродкi. У сувязi з выказваемымi пасля прыняцця Заключэння ад 27 верасня 2002 г. прапановамi аб увядзеннi замежных пашпартоў Канстытуцыйны Суд лiчыць, што выдача замежных пашпартоў разам з агульнаграмадзянскiмi пашпартамi мэтазгодна толькi для асобных катэгорый асоб, у прыватнасцi для тых, якiя шматразова выязджаюць за межы Рэспублiкi Беларусь, цi па жаданню самiх грамадзян.

Канстытуцыйным Судом разглядалiся i пытаннi абмежавання права грамадзян па распараджэнню жылымi памяшканнямi, якiя знаходзяцца ў iх уласнасцi, у адасобленых ваенных гарадках. Такiя пытаннi павiнны вырашацца з улiкам патрабаванняў артыкула 23 Канстытуцыi, якi дапускае абмежаваннi правоў i свабод асобы толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, i для дасягнення ўказаных у гэтым артыкуле мэт. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду прыняць меры па належнаму ўрэгуляванню адносiн уласнасцi на жылыя памяшканнi ў адасобленых ваенных гарадках для абароны iнтарэсаў дзяржавы i грамадзян.

На забеспячэнне канстытуцыйнага прынцыпу прадастаўлення роўных эканамiчных магчымасцей суб’ектам гаспадарання розных форм уласнасцi, якi не выконваўся пры прыняццi некаторых нарматыўных прававых актаў, было накiравана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 7 лютага 2002 г., вынесенае ў сувязi са зваротам Палаты прадстаўнiкоў. Iнструкцыя аб парадку фармiравання ставак арэнднай платы юрыдычнымi асобамi недзяржаўнай формы ўласнасцi пры здачы ў арэнду нежылых будынкаў (памяшканняў), зацверджаная Мiнiстэрствам эканомiкi, прызнана неканстытуцыйнай, паколькi яна прадугледжвала няроўныя ўмовы для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасцi суб’ектамi гаспадарання прыватнай формы ўласнасцi ў параўнаннi з суб’ектамi гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасцi. Дадзенае Заключэнне Канстытуцыйнага Суда выканана.

На рэалiзацыю ўказанага вышэй прынцыпу было накiравана таксама рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 мая 2002 г. па пытанню выдачы суб’ектам гаспадарання лiцэнзiй на адкрыццё аптэчных устаноў. На падставе гэтага рашэння Мiнiстэрства аховы здароўя аператыўна ўнесла адпаведныя змяненнi ў парадак адкрыцця аптэчных устаноў, што сведчыць аб iмкненнi да зацвярджэння на практыцы канстытуцыйных норм.

Развiццю прынцыпу сацыяльнага партнёрства садзейнiчала праверка канстытуцыйнасцi пастановы Савета Мiнiстраў ад 14 снежня 2001 г. № 1804. Указаўшы на недасканаласць механiзму ўплаты членскiх узносаў, прадугледжанага ў пастанове, Канстытуцыйны Суд у мэтах развiцця сацыяльнага партнёрства i гарманiзацыi працоўных адносiн у рашэннi ад 20 сакавiка 2002 г. прапанаваў Ураду ўдасканалiць заканадаўства, якое датычыцца парадку пералiчэння наймальнiкамi прафсаюзных узносаў па ўказанню работнiка. Пастановай ад 18 верасня 2002 г. № 1282 Савет Мiнiстраў прадугледзеў магчымасць утрымання грашовых сум, у тым лiку прафсаюзных узносаў, з заработнай платы на падставе пiсьмовай заявы работнiка ў безнаяўным парадку, адносна якога раней i ўзнiкалi спрэчкi.

Важнае месца ў нарматворчасцi займае прынцып дастатковасцi i паўнаты прававога рэгулявання грамадскiх адносiн. Насуперак гэтаму прынцыпу нарматыўныя прававыя акты нярэдка змяшчаюць прабелы, супярэчнасцi, няясныя фармулёўкi, асаблiва ў частцы юрыдычнай адказнасцi. У той жа час сустракаюцца i выпадкi залiшняй рэгламентацыi грамадскiх адносiн у нарматыўных прававых актах.

Канстытуцыйны Суд, у прыватнасцi, разгледзеў пытанне аб дапушчальнасцi заключэння фiзiчнымi асобамi дагавораў пазыкi замежнай валюты i прыйшоў да вываду аб магчымасцi заключэння дагавораў пазыкi ў замежнай валюце грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь толькi з нерэзiдэнтамi без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне валютнай аперацыi. Кампетэнтным органам было прапанавана вывучыць магчымасць удасканальвання заканадаўства аб валютным рэгуляваннi, у тым лiку пры заключэннi грамадзянамi дагавораў пазыкi ў замежнай валюце, што выключыла б неадназначнае разуменне i прымяненне ўказаных норм на практыцы, а таксама садзейнiчала б больш поўнай абароне маёмасных iнтарэсаў грамадзян.

Непаўната i супярэчлiвасць прававога рэгулявання была ўстаноўлена Канстытуцыйным Судом i ў адносiнах да механiзму ацэнкi кошту зямельных участкаў пры iх наследаваннi. У заканадаўстве i ў правапрымяняльнай практыцы выявiлiся iстотныя супярэчнасці, якія вядуць да ўшчамлення правоў асоб, якім зямля належыць на праве ўласнасці. Рашэнне гэтых пытанняў адносіцца да вядзення Урада, таму Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў даць адзінае паняцце кошту зямлі і ўстанавіць парадак яго вызначэння пры ўзнікненні адпаведных праваадносін. У мэтах выканання рашэння Канстытуцыйнага Суда Урадам прынята пастанова ад 17 снежня 2002 г. № 1764, якой зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення ацэнкі, пераацэнкі зямель, зямельных участкаў.

У аснове дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання ляжыць прынцып канстытуцыйнасці (законнасці). У адпаведнасці з артыкулам 7 Канстытуцыі дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Нарматворчая дзейнасць дзяржаўных органаў не можа супярэчыць устаноўленаму ў артыкулах 7 і 9 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” патрабаванню аб прыняцці (выданні) нарматыўнага прававога акта ўпаўнаважаным на тое дзяржаўным органам у межах яго кампетэнцыі.

Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам рашэннямі ад 28 снежня 2000 г. № 1566, ад 30 сакавіка 2001 г. № 374, ад 24 верасня 2001 г. № 1329, ад 22 снежня 2001 г. № 1748 быў прыпынены прыём дакументаў на індэксацыю падораных, атрыманых у спадчыну і набытых ва ўстаноўленым парадку ў грамадзян чэкаў “Жыллё” без уліку часу, на працягу якога яны маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мінгарвыканком, зыходзячы з недастатковасці фінансавых сродкаў для індэксацыі жыллёвых квот, не прадугледжаных на гэтыя мэты Парламентам і Урадам, фактычна прыпыніў дзеянне часткі першай артыкула 21 Закона “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь” і часткі першай пункта 4 Палажэння аб індэксацыі жыллёвай квоты (сумы квот), зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 21 верасня 2001 г. № 1399. У якасці станоўчага факта вырашэння гэтай праблемы Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў Законе “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” прадугледжаны сродкі на індэксацыю жыллёвых квот, налічаных непасрэдна грамадзянам, членам іх сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама атрыманых у спадчыну і падораных блізкімі сваякамі.

У 2002 годзе Канстытуцыйны Суд паслядоўна праводзіў лінію, пачатую ім у папярэдні перыяд, па забеспячэнню канстытуцыйнага права кожнага чалавека на доступ да правасуддзя, што ў міжнародным праве разглядаецца ў якасці неад’емнага і з’яўляецца важнейшай характарыстыкай любой дзяржавы, якая прэтэндуе на статус прававой і дэмакратычнай. У сувязі са шматлікімі скаргамі наконт парушэнняў указанага права Канстытуцыйны Суд быў вымушаны неаднаразова прымаць адпаведныя рашэнні, накіраваныя на пацвярджэнне права кожнага на судовую абарону, і растлумачваць службовым асобам органаў судовай улады, што норма часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі з’яўляецца нормай прамога дзеяння і мае ў сілу артыкула 137 Канстытуцыі вяршэнства як у выпадку разыходжання супярэчнасці) паміж Канстытуцыяй і падканстытуцыйнымі актамі, так і пры адсутнасці адпаведных норм аб парадку яго рэалізацыі ў бягучым заканадаўстве.

У прыватнасці, нягледзячы на тое, што ў 2001 годзе Канстытуцыйным Судом было прынята рашэнне “Аб праве асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”, у 2002 годзе Канстытуцыйны Суд двойчы звяртаўся да разгляду гэтага пытання, прыняўшы рашэнні ад 15 ліпеня 2002 г. “Аб забеспячэнні канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волі на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання” і ад 24 снежня 2002 г. “Аб канстытуцыйных гарантыях права асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання”. Ва ўказаных рашэннях зноў падкрэслена, што асуджаныя атрымалі права на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання з 30 сакавіка 1994 г., гэта значыць з дня ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і што на падставе артыкула 137 Канстытуцыі рэалізацыя гэтага права не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад яго замацавання ў падканстытуцыйных актах. Непрыняцце ж судамі скарг асуджаных на прымяненне да іх мер спагнання азначае невыкананне норм Канстытуцыі, i суды ў такіх выпадках бяруць на сябе адказнасць за парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян.

На забеспячэнне доступу да правасуддзя было накіравана таксама рашэнне ад 15 студзеня 2002 г. “Аб выплаце дзяржаўнай пошліны асобамі, якія абскарджваюць у судовым парадку адмову ў рэгістрацыі хадайніцтва аб прызнанні бежанцамі і адмову ў прызнанні бежанцамі”. Згодна з Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь дзяржава павінна прадаставіць кожнаму бежанцу права свабоднага звароту ў суд. У той жа час устаноўлены заканадаўствам размер дзяржаўнай пошліны не дазваляў такім асобам выплацiць яе i, гэта значыць, рэалізаваць сваё права на доступ да правасуддзя. Канстытуцыйны Суд адзначае, што Савет Міністраў на падставе ўказанага рашэння Суда ў пастанове ад 8 красавіка 2002 г. № 443 істотна знізіў размер дзяржаўнай пошліны для бежанцаў па асобных катэгорыях спраў пры звароце іх за судовай абаронай.

Важнейшымі прынцыпамі, якімі кіраваўся Канстытуцыйны Суд у сваёй дзейнасці, з’яўляюцца канстытуцыйныя прынцыпы роўнасці усіх перад законам і справядлівасці. Зыходзячы з гэтых прынцыпаў, Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаўся да разгляду пытанняў, звязаных з прымяненнем амністыі да асоб, якія ўчынілі злачынствы. Рашэннем ад 11 студзеня 2002 г. было прызнана, што асобы, у адносінах да якіх вынесеныя прыгаворы ўступілі ў законную сілу на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі, маюць права на амністыю і ў тых выпадках, калі ў далейшым праводзіцца праверка гэтых прыгавораў у парадку нагляду.

Зыходзячы з прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, Канстытуцыйны Суд у сувязі з паступаючымі скаргамі выказаў пазіцыю аб тым, што асобы, асуджаныя за ўчыненыя імi злачынствы судамі іншых дзяржаў, але перададзеныя ў Рэспубліку Беларусь для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, маюць права на прымяненне да іх пры наяўнасці адпаведных падстаў законаў Рэспублікі Беларусь аб амністыі, калi такая перадача ажыццяўлялася не толькi на падставе міжнародных дагавораў, але i на ўмовах прынцыпу ўзаемнасці. З улiкам гэтай пазіцыі амністыя стала прымяняцца да ўказаных асоб.

Як і ў папярэднія гады, Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях і пісьмах уносіў прапановы па ўдасканальванню законаў аб амністыі з мэтай аптымальнага забеспячэння роўнасці асоб, якія ўчынілі злачынствы. Законам ад 15 ліпеня 2002 г. “Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы” прапановы Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны. Разам з тым няўзгодненасць асобных норм гэтага Закона, што не дазваляюць адназначна прымяняць прынцып роўнасці да асоб, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення яго ў сілу, выклікала неабходнасць звярнуцца да Парламента з прапановай аб дачы ім афіцыяльнага тлумачэння гэтых норм.

Разгледзеўшы справу аб канстытуцыйнасці змяншэння банкамі ў аднабаковым парадку працэнтных ставак па дагаворах банкаўскага ўкладу (дэпазіту), Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 6 лістапада 2002 г. прыйшоў да вываду, што грамадзяне-ўкладчыкі пазбаўлены магчымасці ўплываць на змест дагавора, таму як эканамічна больш слабы бок яны маюць патрэбу ў асобай абароне сваіх правоў. Для забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці і сацыяльнай накіраванасці эканамічнай дзейнасці, абароны правоў грамадзян і гарантый іх рэалізацыі Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту вызначыць у Банкаўскім кодэксе выпадкі, пры якіх дапушчальна зніжэнне банкамі працэнтных ставак па ўкладах у аднабаковым парадку, што дазволіла б выключыць адвольнае пагаршэнне ўмоў дагавора для грамадзяніна-ўкладчыка пры адсутнасці аб’ектыўных прадпасылак для гэтага.

Пасля разгляду пытання адносна нявыплаты пенсій за выслугу гадоў былым ваеннаслужачым, якія пражываюць у іншых краінах, Канстытуцыйны Суд адзначыў, што выезд грамадзяніна, які мае права на атрыманне пенсіі ў адпаведнасці з законам, за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае месца жыхарства не з’яўляецца падставай для абмежавання гэтага права. Адпаведныя прапановы аб удасканальванні заканадаўства ў гэтай сферы былі накіраваны Ураду.

Канстытуцыя абавязвае дзяржаву, дзяржаўныя органы і службовых асоб у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення правоў і свабод асобы (артыкул 59). Парушэнне гэтых абавязкаў не садзейнічае ўмацаванню даверу грамадзян да дзяржавы і яе органаў.

Так, пасля разгляду пытання наконт несвоечасовасці выплаты заработнай платы па віне наймальніка, у сувязі з чым грамадзяне не мелі магчымасці своечасова ўносіць кватэрную плату і аплачваць камунальныя паслугі, што цягнула за сабой спагнанне з іх пені за несвоечасовае выкананне абавязацельстваў перад жыллёва-камунальнай службай, Канстытуцыйны Суд прапанаваў кампетэнтным дзяржаўным органам устанавіць адказнасць наймальніка за парушэнне тэрмінаў выплаты заработнай платы, увесці індэксацыю заработнай платы ў выпадку яе несвоечасовай выплаты, а таксама прадугледзець права работніка на спагнанне матэрыяльнай і маральнай шкоды, выкліканай затрымкай выплаты заработнай платы.

Пытанні рэалізацыі на практыцы канстытуцыйнага прадпісання аб інфармаванні грамадзян аб рашэннях, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, былі разгледжаны Канстытуцыйным Судом у ходзе праверкі канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў на падставе пісем грамадзян. Канстытуцыйны Суд выявіў парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб абавязковым апублікаванні нарматыўных прававых актаў у афіцыяльных выданнях, у тым ліку мясцовых, а таксама факты неабгрунтаванага надання ім зваротнай сілы, увядзення ў дзеянне нарматыўных прававых актаў без прадастаўлення грамадзянам неабходных тэрмінаў для азнаямлення з імі. Тым самым не выконвалася патрабаванне артыкула 7 Канстытуцыі, які прадугледжвае абавязковасць публікацыі або давядзення да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам нарматыўных актаў дзяржаўных органаў. Канстытуцыйны Суд, у прыватнасці, звярнуў увагу абласных выканаўчых камітэтаў на неабходнасць забеспячэння належнага азнаямлення грамадзян з нарматыўнымі прававымі актамі, якія прымаюцца ў адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках.

Зыходзячы з патрабаванняў артыкула 40 Канстытуцыі і Закона “Аб зваротах грамадзян”, Канстытуцыйны Суд разглядае звароты грамадзян як важную крыніцу інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў па выкананню норм Канстытуцыі і абароне правоў і свабод асобы. У 2002 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла больш за 1300 пісьмовых зваротаў, у тым ліку 950 ад асобных грамадзян, 20 калектыўных за подпісам 900 чалавек, 249 ад грамадскіх аб’яднанняў (у тым ліку 63 пісьмы за подпісам 3500 іх членаў). Акрамя таго, на асабістым прыёме ў Канстытуцыйным Судзе было прынята больш за 200 грамадзян. Звароты, якія паступалі ў Канстытуцыйны Суд, сведчаць аб узрастаючым узроўні правасвядомасці грамадзян, аб іх імкненні садзейнічаць удасканальванню заканадаўства і яго належнаму выкананню ва ўсіх сферах жыцця нашага грамадства з улікам патрабаванняў Канстытуцыі.

Найбольшая колькасць зваротаў грамадзян у мінулым годзе паступала па пытаннях правамернасці дзеянняў органаў расследавання, заключэння пад варту, разгляду крымінальных спраў у судах, адмовы ў разглядзе наглядных скарг, выканання законаў аб амністыі і інш.

Шэраг зваротаў у Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе быў звязаны з забеспячэннем жыллёвых правоў грамадзян, у тым лiку ў галiне прадастаўлення льготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсiдый i iншых форм дзяржаўнай падтрымкi грамадзян у паляпшэннi iмi жыллёвых умоў. Усе гэтыя i звязаныя з iмi пытаннi павiнны атрымаць вырашэнне ў новым жыллёвым заканадаўстве.

Работнiкi некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў, якiя атрымлiваюць жылыя памяшканнi ў бестэрмiновае карыстанне па дагавору найму, скардзiлiся на тое, што гэтыя прадпрыемствы адначасова патрабуюць ад iх перадачы на бязвыплатнай аснове жылых памяшканняў, што належаць iм на праве ўласнасцi. Абавязковая ўмова аб бязвыплатнай перадачы прадпрыемству жылля, што знаходзiцца ва ўласнасцi грамадзянiна, якi паляпшае жыллёвыя ўмовы па дагавору найму, ставiць яго ў няроўнае становiшча з грамадзянамi, якiя не маюць жылых памяшканняў на праве ўласнасцi, таму Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнiкоў вызначыць парадак прадастаўлення дзяржаўнымi прадпрыемствамi сваiм работнiкам жылых памяшканняў па дагавору найму, не аднесеных да катэгорыi сацыяльнага жылля.

З улiкам шматлiкiх скарг грамадзян па пытаннях, якiя датычацца належнага выканання дзяржавай сваiх пазыковых абавязацельстваў па дзяржаўнай мэтавай беспрацэнтнай пазыцы СССР 1990 года, Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду (рашэнне ад 31 снежня 2002 г.) разгледзець пытанне аб неабходнасцi ўдасканальвання механiзму кампенсацыi страт грамадзянам — уладальнiкам такiх аблiгацый.

У мiнулым годзе паступалi звароты ад жанчын, якiя выхоўваюць дзяцей без бацькi, у якiх адзначалася, што адсутнасць у заканадаўстве мiнiмальнага размеру алiментаў, якiя спаганяюцца на ўтрыманне непаўналетнiх дзяцей, iстотна ўшчамляе iх законныя iнтарэсы. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуўся да Нацыянальнага сходу з прапановай устанавiць мiнiмальны размер алiментаў, якiя спаганяюцца з бацькоў на ўтрыманне непаўналетнiх дзяцей, як гэта было прадугледжана ў заканадаўстве раней.

У шматлiкiх скаргах грамадзян указвалася на супярэчнасцi памiж пенсiённым заканадаўствам i Крымiнальна-выканаўчым кодэксам у частцы рэгулявання пытанняў утрымання з пенсiй асоб, асуджаных да пазбаўлення волi, i залiчэння на iх асабовыя рахункi часткi налiчаных даходаў. Пры гэтым на практыцы не забяспечвалiся гарантыi, устаноўленыя Крымiнальна-выканаўчым кодэксам, а прымянялiся нормы пенсiённага заканадаўства, нягледзячы на тое што, зыходзячы з палажэнняў Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь”, нормы кодэкса ў адносiнах да iншага закона валодаюць большай юрыдычнай сiлай. У мэтах устаранення калiзii памiж названымi нарматыўнымi прававымi актамi Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу да 1 студзеня 2003 г. прывесцi нормы законаў аб пенсiённым забеспячэннi ў адпаведнасць з нормамi крымiнальна-выканаўчага закона i ўрэгуляваць пытаннi ўтрымання з пенсiй асоб, асуджаных да пазбаўлення волi, i залiчэння на iх асабовыя рахункi часткi налiчаных даходаў.

У шэрагу зваротаў ставiлiся пытаннi аб пашырэннi кола асоб, якiя прызнаюцца ахвярамi палiтычных рэпрэсiй 20–80-х гадоў, i ўзмацненнi сацыяльнай абароны дадзенай катэгорыi грамадзян. Аўтары такiх зваротаў прапаноўваюць аднесцi да лiку рэпрэсiраваных асоб дзяцей, якiя засталiся ў непаўналетнiм узросце без апекi бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсiраваных па палiтычных матывах. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што такога роду прапановы павiнны быць усебакова вывучаны ў працэсе работы па ўдасканальванню заканадаўства.

Важным крытэрыем ацэнкi стану канстытуцыйнай законнасцi з’яўляецца выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, накiраваных на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыi i яе непасрэднага дзеяння. Як устаноўлена артыкулам 10 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, рашэннi Канстытуцыйнага Суда абавязковыя для выканання на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь усiмi дзяржаўнымi органамi, прадпрыемствамi, установамi, арганiзацыямi, службовымi асобамi i грамадзянамi. Рашэннi, як гэта прадпiсана артыкулам 401 названага Закона, падлягаюць выкананню неадкладна пасля апублiкавання, калi iншыя тэрмiны спецыяльна ў iх не агавораны.

Большасць вынесеных Канстытуцыйным Судом рашэнняў выканана, што адзначана ў гэтым Пасланнi.

Акрамя таго, у 2002 годзе выкананы раней прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэннi ад 19 мая 2000 г. аб умоўна-датэрмiновым вызваленнi ад пакарання непаўналетнiх, у адносiнах да якiх прыменена амнiстыя, i ад 6 снежня 2000 г. аб парадку размеркавання выпускнiкоў дзяржаўных вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Мiнiстэрства ўнутраных спраў прыняло пастанову ад 5 сакавiка 2002 г. № 59, якiм выканала рашэннi Канстытуцыйнага Суда аб праве затрыманага, падазронага, заключанага на сустрэчы ў iзалятары часовага ўтрымання з абаронцам без раздзяляльнай перагародкi i без абмежавання iх колькасцi i працягласцi, ва ўмовах, калi супрацоўнiк iзалятара можа бачыць затрыманага або заключанага пад варту i абаронцу, але не чуць iх. Рашэнне ўказаных пытанняў, хаця i з некаторым спазненнем, з’яўляецца сведчаннем зацвярджэння на практыцы прынцыпаў прававой дзяржавы.

Разам з тым маюць месца выпадкi, калi выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда iгнаруецца дзяржаўнымi органамi i службовымi асобамi. Так, невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда аб рэалiзацыi права асуджаных да пазбаўлення волi на судовае абскарджанне дысцыплiнарных спагнанняў, якiя накладаюцца на iх адмiнiстрацыяй папраўчых устаноў, цягнула цэлы шэраг парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян. Былi выпадкi несвоечасовага выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда i па iншых пытаннях.

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што выкананне дзяржаўнымi органамi i службовымi асобамi рашэнняў Канстытуцыйнага Суда выяўляе iх адносiны да прадпiсанняў Канстытуцыi, разуменне месца i ролi кожнага дзяржаўнага органа ў фармiраваннi прававой сiстэмы дзяржавы.

* * *

Аналiз стану канстытуцыйнай законнасцi ў 2002 годзе сведчыць аб наяўнасцi ў праватворчай i правапрымяняльнай сферах у Рэспублiцы Беларусь як вартасцей, так i недахопаў, якiя ўплываюць на стан канстытуцыйнай законнасцi.

Праведзеная заканатворчымi органамi за мiнулыя гады работа па стварэнню сiстэмы нацыянальнага заканадаўства, безумоўна, з’яўляецца станоўчым фактарам дзяржаўнасцi, што сведчыць аб фармiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь якасна новай сiстэмы права суверэннай дзяржавы.

Аднак у праватворчасцi i правапрымяненнi ў мiнулым годзе мелiся iстотныя недахопы: калiзii нарматыўных прававых актаў аднаго ўзроўню, прабелы ў прававым рэгуляваннi важных для абароны канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян пытанняў, супярэчнасцi ў нарматыўным рэгуляваннi адных i тых жа пытанняў нарматыўнымi прававымi актамi роўнай юрыдычнай сiлы, адступленнi ад прынцыпаў вяршэнства Канстытуцыi i iнш. На такiя негатыўныя з’явы неаднаразова звяртаў увагу ў сваiх рашэннях Канстытуцыйны Суд.

Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу i на тое, што ў Рэспублiцы Беларусь фактычна адсутнiчае практыка тлумачэння праватворчымi органамi выдаваемых iмi прававых актаў нават у тых выпадках, калi неабходнасць тлумачэння выклiкаецца супярэчнасцямi ў дзейнасцi правапрымяняльных органаў, у тым лiку судоў.

У сiлу сваёй прыроды Канстытуцыйны Суд у 2002 годзе садзейнiчаў умацаванню канстытуцыйнай законнасцi, удасканальванню нацыянальнай прававой сiстэмы, гарманiзацыi iнтарэсаў чалавека, грамадства i дзяржавы, фармiраванню канстытуцыйна-прававой мадэлi забеспячэння прававой бяспекi асобы, якая з’яўляецца асновай нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь.

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўмацаванне канстытуцыйнай законнасцi можа быць забяспечана пры безумоўным выкананнi ўсiмi дзяржаўнымi органамi, службовымi асобамi i грамадзянамi ў праватворчай i правапрымяняльнай дзейнасцi прынцыпаў i норм, замацаваных у Асноўным Законе.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 5 лютага 2003 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч