Прэзідэнту
Рэспублiкi Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублiкi Беларусь
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2010 ГОДЗЕ
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Беларускі народ выказаў сваё суверэннае волевыяўленне на прайшоўшых выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія праведзены ў адпаведнасці з нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі і заснаваным на іх выбарчым заканадаўствам, што забяспечыла свабодны і дэмакратычны характар выбараў.
На чацвёртым Усебеларускім народным сходзе, які ўяўляе канстытуцыйную форму непасрэднага ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, былі адобраны асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады.
У мінулым годзе грамадзяне Рэспублікі Беларусь рэалізавалі таксама сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў шляхам выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, закліканага ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў Канстытуцыі, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.
Канстытуцыйны Суд прымаў рашэнні, у якіх фармуляваў прававыя пазіцыі праз прызму такіх канстытуцыйных каштоўнасцей, як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, правы і свабоды чалавека, вяршэнства права, справядлівасць і роўнасць, парламентарызм, канстытуцыйная эканоміка, з улікам неабходнасці іх далейшага развіцця.
I
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйнаму Суду нароўні з іншымі паўнамоцтвамі прадастаўлена права ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваныя ім у рашэннях, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, накіраваны на папярэджанне парушэнняў канстытуцыйнай законнасці, выключэнне магчымых негатыўных вынікаў дзеяння неканстытуцыйных норм законаў, дасягненне аднастайнасці правапрымяняльнай практыкі. Гэта садзейнічае павышэнню якасці законаў, эфектыўнасці прававога рэгулявання ў цэлым. Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь ствараюцца ўмовы для больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
Канстытуцыйны Суд у 2010 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў разгледзеў 129 законаў, у тым ліку 80 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.
Пры правядзенні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў у рашэннях Канстытуцыйнага Суда выкладаліся прававыя пазіцыі станоўчага зместу, у якіх канстатавалася замацаванне ў законах механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў і норм дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у тым ліку вяршэнства права, прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, гарантый дзяржавы па наданню ўсім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай дзейнасці, роўнасці ўсіх перад законам, абмежаванняў правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, а таксама канстытуцыйных асноў фінансавай і падатковай палітыкі.
У ходзе праверкі канстытуцыйнасці норм законаў, якія рэгулююць палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і іншыя грамадскія адносіны, Канстытуцыйны Суд даваў ім належную прававую ацэнку, грунтуючыся на прынцыпах вяршэнства права, прававой дакладнасці, суразмернасці абмежавання правоў і свабод асобы каштоўнасцям і мэтам, якія ахоўваюцца Канстытуцыяй, а таксама на канстытуцыйных нормах, што гарантуюць абарону правоў кожнага, у прыватнасці ў сферы эканамічнай дзейнасці.
1. Канстытуцыйны прынцып вяршэнства права і заснаваны на ім прынцып законнасці прадугледжваюць строгае прытрымліванне ў нарматворчасці і правапрымяненні Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых актаў заканадаўства. У шэрагу рашэнняў, вынесеных у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў, зыходзячы з норм і прынцыпаў Канстытуцыі, для недапушчэння неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.
У мэтах аднастайнага прымянення на практыцы прынцыпу прамога дзеяння норм Канстытуцыі, у прыватнасці артыкула 60, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, і забеспячэння тым самым у поўнай меры канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 29 красавіка 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» выкладзена адпаведная прававая пазіцыя. Дадзеная пазіцыя заключаецца ў тым, што рэалізацыя крымінальна-працэсуальнай меры ў выглядзе адхілення падазронага ад пасады выклікае вынікі, якія выходзяць за рамкі крымінальна-працэсуальных адносін, што істотна абмяжоўваюць такія канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзяніна, як права на працу, гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю асобы. Права на судовае абскарджанне прымянення указанай крымінальна-працэсуальнай меры на заканадаўчым узроўні не замацавана, што абцяжарвае падазронаму доступ да правасуддзя і ўшчамляе яго права на свабодны выбар сродку прававой абароны. Канстытуцыйны Суд указаў, што пры рэалізацыі крымінальна-працэсуальнай меры ў выглядзе адхілення падазронага ад пасады яму павінна быць забяспечана гарантаваная Канстытуцыяй магчымасць звароту ў суд за абаронай сваіх правоў і свабод.
Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сакрэтах», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 ліпеня 2010 г. адзначыў, што згодна з артыкулам 34 указанага Закона ўдзельнікам крымінальнага, грамадзянскага, гаспадарчага, адміністрацыйнага працэсу, якія не маюць допуску да дзяржаўных сакрэтаў, допуск да дзяржаўных сакрэтаў прадастаўляецца на падставе рашэнняў органаў, што вядуць адпаведна крымінальны, грамадзянскі, гаспадарчы або адміністрацыйны працэс. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне такога парадку допуску ўдзельнікаў крымінальнага, грамадзянскага, гаспадарчага, адміністрацыйнага працэсу адпавядае палажэнням артыкулаў 60 і 62 Канстытуцыі, якія гарантуюць правы грамадзян на судовую абарону і на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд прызнаў, што адмова ўдзельнікам крымінальнага, грамадзянскага, гаспадарчага, адміністрацыйнага працэсу ў прадастаўленні допуску да дзяржаўных сакрэтаў павінна быць матываванай і абгрунтаванай і выносіцца ў строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 22 снежня 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь» у мэтах рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў законнасці і недатыкальнасці ўласнасці адзначана, што Законам уносяцца змяненні ў артыкул 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса («Накладанне арышту на маёмасць»), якія дазваляюць падазроным, абвінавачваным або асобам, якія нясуць па закону матэрыяльную адказнасць за іх дзеянні, пад кантролем органа, у вядзенні якога знаходзіцца крымінальная справа, рэалізоўваць арыштаваную маёмасць у мэтах пакрыцця ўрону (шкоды), прычыненага злачынствам, выплаты даходу, атрыманага злачынным шляхам, і іншых маёмасных спагнанняў. Указаныя змяненні закліканы ўжо на дасудовай стадыі матываваць названых асоб да выканання ўказаных пазітыўных дзеянняў. Для выключэння магчымых парушэнняў канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу службовых асоб органа крымінальнага праследавання на неабходнасць няўхільнага выканання ў правапрымяняльнай практыцы прынцыпу добраахвотнасці волевыяўлення асобы на спыненне права ўласнасці, а таксама недапушчэння якога-небудзь прымушэння грамадзян, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, да ўчынення указаных здзелак па адчужэнню маёмасці ў мэтах пакрыцця ўрону (шкоды), прычыненага злачынствам, выплаты даходу, атрыманага злачынным шляхам, і іншых маёмасных спагнанняў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прымаючы да ўвагі асобую сацыяльную значнасць прававога рэгулявання адносін уласнасці і ўстаноўленыя Канстытуцыяй гарантыі яе недатыкальнасці, пры далейшым удасканальванні заканадаўства мэтазгодна на заканадаўчым узроўні замацаваць парадак рэалізацыі маёмасці, вызваленай ад арышту, прадугледзеўшы адначасова магчымасць ажыццяўлення пракурорскага нагляду за яе рэалізацыяй.
Указаны падыход да ўсведамлення канстытуцыйна-прававога сэнсу нарматыўных палажэнняў вышэйупамянутых законаў садзейнічае адназначнаму разуменню і аднастайнаму прымяненню іх на практыцы, забеспячэнню фундаментальных канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці і справядлівасці як неабходных умоў рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
2. Зыходзячы з вяршэнства норм Канстытуцыі, у шэрагу рашэнняў, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу, Канстытуцыйным Судом выкладзены прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм разгледжаных законаў з пункту гледжання рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў сацыяльнай дзяржавы, гарантый роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці, канстытуцыйных палажэнняў аб эканамічных і сацыяльных правах.
Згодна з прававой пазіцыяй, выкладзенай Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 6 ліпеня 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб гаспадарчых таварыствах», грамадзяне, рэалізуючы канстытуцыйнае права на свабоднае выкарыстанне сваіх здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі), маюць права вызначаць сферу гэтай дзейнасці і ажыццяўляць адпаведную дзейнасць у індывідуальным парадку або сумесна з іншымі асобамі шляхам удзелу ў гаспадарчым таварыстве, таварыстве або вытворчым кааператыве, гэта значыць шляхам стварэння камерцыйнай арганізацыі як формы калектыўнага прадпрымальніцтва, што вынікае з часткі другой артыкула 44 Канстытуцыі.
Разам з тым, як адзначыў Канстытуцыйны Суд, прадпрымальніцкая дзейнасць у арганізацыйна-прававой форме акцыянернага таварыства закранае інтарэсы вялікай колькасці асоб – акцыянераў, інвестараў, крэдытораў і інш., а таксама дзяржаўныя інтарэсы. Ажыццяўляючы рэгуляванне парадку стварэння, рэарганізацыі, ліквідацыі акцыянерных таварыстваў, іх прававога становішча, правоў і абавязкаў акцыянераў, а таксама забяспечваючы абарону правоў і законных інтарэсаў акцыянераў, заканадавец зыходзіць з таго, што дзяржава не мае права пазбаўляць акцыянерныя таварыствы правамоцтваў, якія складаюць асноўны змест канстытуцыйнага права на свабоднае выкарыстанне сваіх здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай дзейнасці. Паколькі ў працэсе прадпрымальніцкай дзейнасці акцыянернага таварыства могуць сутыкацца інтарэсы розных асоб, то адной з асноўных задач заканадаўства аб гаспадарчых таварыствах з’яўляецца забеспячэнне балансу іх законных інтарэсаў з улікам таго, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі ажыццяўленне права ўласнасці не павінна ўшчамляць абараняемыя законам правы і інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44).
Пры разглядзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 22 чэрвеня 2010 г. адзначыў, што на развіццё канстытуцыйнага прынцыпу рэгулявання дзяржавай эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства накіраваны нормы главы 2 указанага Закона. У гэтых нормах вызначаюцца прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; віды і ўмовы аказання дзяржаўнай падтрымкі, у тым ліку фінансавай, маёмаснай, інфармацыйнай, а таксама садзейнічання знешнегандлёвай дзейнасці суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падтрымкі гэтых суб’ектаў у сферы падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў; кампетэнцыя рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, саветаў па развіццю прадпрымальніцтва.
Са зместу прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда вынікае, што рэгуляванне эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраванае на стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь спрыяльных умоў для гаспадарчай дзейнасці прадпрымальнікаў і забеспячэнне аптымізацыі ўмяшання дзяржавы ў рэгуляванне эканамічных адносін, грунтуецца на канстытуцыйных нормах і прынцыпах, згодна з якімі дзяржава прадастаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантуе роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ажыццяўляецца ў інтарэсах чалавека і грамадства; накіраванне і каардынацыя дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці забяспечваюцца ў сацыяльных мэтах; абмежаванні правоў і свабод устанаўліваюцца толькі законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 кастрычніка 2010 г., грунтуючыся на палажэннях артыкула 13 Канстытуцыі, прыйшоў да вываду аб сацыяльнай накіраванасці Закона, што адпавядае характару сацыяльнай дзяржавы, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда канстатуецца, у прыватнасці, накіраванасць гэтага Закона на рэалізацыю артыкула 49 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на адукацыю, даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, магчымасць на конкурснай аснове бясплатна атрымаць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах. Гарантыямі рэалізацыі дадзеных правоў выступаюць палажэнні ўказанага Закона, у якіх прадугледжваюцца расходы рэспубліканскага бюджэту на адукацыю.
У рашэнні ад 11 кастрычніка 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд выклаў прававую пазіцыю, згодна з якой канстытуцыйнае права ўласнасці і канстытуцыйны абавязак грамадзян прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў з’яўляюцца ўзаемазвязанымі і ўзаемаабумоўленымі. Падаткаабкладанне, якое абмяжоўвае права ўласнасці, вынікае з паўнамоцтваў дзяржавы па рэгуляванню эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, у тым ліку звязаных з устанаўленнем падаткаў, і адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй. Тым не менш, памер падатку павінен быць справядлівым і разумным, забяспечваць аптымальнае спалучэнне дзяржаўных, грамадскіх і асабістых інтарэсаў.
Такім чынам, шляхам выяўлення сваіх прававых пазіцый Канстытуцыйны Суд арыентуе заканадаўца, іншыя дзяржаўныя органы на фарміраванне канстытуцыйнай эканомікі, маючы на ўвазе такое прававое рэгуляванне адносін у эканамічнай сферы, якое здольна забяспечыць дасягненне і абарону канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт.
3. Пры праверцы ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд кіраваўся ў тым ліку такім прынцыпам прававой дзяржавы, што вынікае з норм артыкула 23 Канстытуцыі, як прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод асобы каштоўнасцям, што ахоўваюцца Канстытуцыяй.
У рашэнні ад 22 лістапада 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што пунктам 31 артыкула 2 Закона Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях дапаўняецца артыкулам 8.111, які ўстанаўлівае права супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прымяняць блакіроўку колаў транспартнага сродку пры ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага новымі часткамі 3 і 4 артыкула 18.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях («Парушэнне правілаў спынення і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху»), калі вадзіцель не знаходзіцца ў транспартным сродку або ў непасрэднай блізкасці ад яго.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прыведзеныя меры абмежавальнага характару, якія замацоўваюцца ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, адпавядаюць частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якой абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Указаныя абмежаванні не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу і прымяняюцца толькі ў адносінах да пэўных катэгорый асоб. Такія абмежаванні з’яўляюцца сродкам прававой абароны грамадскага парадку, правоў і свабод іншых асоб і суразмерныя каштоўнасцям і мэтам, якія абараняюцца Канстытуцыяй.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 29 красавіка 2010 г. звярнуў увагу на тое, што пры паскораным вядзенні крымінальных спраў у адпаведнасці з гэтым Законам дапускаюцца выключэнні з агульных правілаў дасудовага вядзення спраў, што прадугледжвае неабходнасць адэкватных гарантый недапушчэння парушэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда заключаецца ў тым, што ўнясенне ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства змяненняў, якія цягнуць за сабой пэўныя абмежаванні правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу, з’яўляецца апраўданым, калі гэтыя змяненні накіраваны на дасягненне канстытуцыйна значных мэт. У прававой дзяржаве недапушчальна зніжэнне ўзроўню крымінальна-працэсуальных гарантый як найважнейшай умовы захавання канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, у тым ліку пры паскораным вядзенні крымінальных спраў.
Правяраючы ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 4 чэрвеня 2010 г. прызнаў дадзены Закон адпаведным Канстытуцыі. Пры гэтым быў выказаны шэраг прававых пазіцый, якія датычацца ўстанаўліваемых Законам абмежаванняў у правядзенні ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавай аперацыі, якая заключаецца, у прыватнасці, ва ўстанаўленні і фіксаванні ў адносінах да фізічнай асобы прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (пры наяўнасці), грамадзянства, даты і месца нараджэння, месца жыхарства (знаходжання), рэквізітаў дакумента, што сведчыць асобу, уліковага нумара плацельшчыка падаткаў (пры наяўнасці), у частцы замацавання за асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, абавязкаў па прыпыненню гэтых аперацый, а таксама ў адмове ў іх ажыццяўленні ў выпадках, прадугледжаных у Законе. Суд указаў, што абмежаванні канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адпавядаць патрабаванням справядлівасці і з’яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны канстытуцыйна значных каштоўнасцей. У тых выпадках, калі канстытуцыйныя нормы дазваляюць заканадаўча ўстанавіць абмежаванні правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не павінны скажаць рэальную сутнасць канстытуцыйных правоў і свабод. Адносна ўстаноўленага Законам абавязку па ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавай аперацыі Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што заканадавец пры ўстанаўленні прававога механізму па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і недапушчэнню фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці мае права прадугледжваць меры, накіраваныя на папярэджанне такіх дзеянняў, выяўлянне фізічных і юрыдычных асоб, якія іх учыняюць, а таксама ўстанаўліваць абавязак асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, праводзіць ідэнтыфікацыю ўдзельнікаў фінансавай аперацыі.
Артыкул 23 Канстытуцыі дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы. Пры гэтым, як вынікае з прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, абмежаванні павінны быць абумоўлены неабходнасцю забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Абмежаванні правоў і свабод грамадзян павінны ўстанаўлівацца з улікам канстытуцыйных крытэрыяў суразмернасці, забяспечваючы баланс дзяржаўных, грамадскіх і асабістых інтарэсаў.
4. Пры ацэнцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд правярае выкананне прынцыпу прававой дакладнасці. Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканатворчая дзейнасць павінна грунтавацца на гэтым прынцыпе, які прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць прававых норм. Прытрымліванне дадзенага прынцыпу прадухіляе неадназначнае разуменне, а значыць, і неправамернае прымяненне юрыдычных норм, якое можа выклікаць парушэнне правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
У рашэнні ад 7 ліпеня 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аб’ектах, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, і відах дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на нявызначанасць некаторых норм указанага Закона. У прыватнасці, рэалізацыя норм, што вызначаюць асобныя аб’екты, рашэнне аб спыненні выкарыстання якіх па прызначэнню прымаецца адпаведна Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў або ў парадку, устаноўленым мясцовымі Саветамі дэпутатаў, і не прадугледжваюць, якія органы (асобы) прымаюць такія рашэнні ў адносінах да іншых аб’ектаў, не пералічаных ва ўказаных нормах, можа прывесці да неадназначнага іх разумення і прымянення. Акрамя таго, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, няясна, ці неабходна пры прымяненні Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які дапускае атрыманне ў спадчыну не толькі па закону, але і па завяшчанню, улічваць палажэнні Закона, што забараняюць учыненне грамадзянінам якіх-небудзь здзелак з маёмасцю, якая адносіцца да ліку аб’ектаў, што павінны знаходзіцца ў адпаведнасці з указаным Законам толькі ва ўласнасці дзяржавы, акрамя здзелак па адчужэнню гэтых аб’ектаў ва ўласнасць дзяржавы, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што выкладзеныя пазіцыі адносна прававой недакладнасці асобных палажэнняў Закона «Аб аб’ектах, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, і відах дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы» могуць быць прыняты да ўвагі заканадаўцам у далейшым пры ўдасканальванні норм гэтага Закона, у тым ліку зыходзячы з практыкі прымянення.
У парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйным Судом была праверана канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў па пытаннях прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці». У рашэнні ад 6 ліпеня 2010 г. Канстытуцыйны Суд указаў, што для артыкула 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у новай рэдакцыі характэрна нявызначанасць прававога рэгулявання. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што паколькі новая рэдакцыя ўказанага Закона не прадугледжвае магчымасці продажу акцый на ільготных умовах, але такі продаж яшчэ будзе працягвацца пэўны час і пасля ўступлення Закона ў сілу, то ў артыкуле 31 гэтага Закона неабходна было ўстанавіць, у адпаведнасці з нормамі якіх актаў заканадаўства можна ажыццяўляць дадзены продаж акцый работнікам дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў і прыраўнаваным да іх асобам па цане, ніжэйшай за намінальны кошт акцый. З выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у іх узаемасувязі вынікае вывад аб магчымасці продажу на ільготных умовах акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе пераўтварэння дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў да ўступлення ў сілу дадзенага Закона.
У рашэнні ад 6 ліпеня 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што адсутнасць у крымінальна-працэсуальным заканадаўстве пераліку асоб, упаўнаважаных уносіць у палаты Нацыянальнага сходу прадстаўленні аб атрыманні згоды на затрыманне або пазбаўленне асабістай свабоды іншым чынам дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі, можа выклікаць неадназначнае тлумачэнне і прымяненне на практыцы норм, якія рэгламентуюць парадак затрымання або іншага пазбаўлення асабістай свабоды ўказаных асоб.
Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 30 снежня 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі» звярнуў увагу заканадаўца на невыкананне ім у поўнай меры пры ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, патрабавання стабільнасці прававой сістэмы, замацаваных у артыкулах 7 і 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Так, у артыкулы 24 і 50 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 2010 года ўжо ўносіліся змяненні. Акрамя таго, у сувязі з прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 276 (з улікам змянення і дапаўнення, унесеных у яго Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2010 г. № 402) змяненню падлягаюць таксама асобныя нормы законаў Рэспублікі Беларусь «Аб іпатэцы» і «Аб залогу», але ўнясенне ў іх неабходных змяненняў і дапаўненняў Законам не ажыццёўлена, што можа прывесці да недакладнасці ў правапрымяненні.
Правяраючы ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 30 снежня 2010 г. адзначыў, што асобныя нормы гэтага Кодэкса не забяспечваюць у поўнай меры паўнату, сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання адпаведнай сферы грамадскіх адносін. Так, згодна з пунктам 5 артыкула 25 дадзенага Кодэкса кампетэнцыя, склад і арганізацыя дзейнасці савета ўстановы адукацыі вызначаюцца Палажэннем аб савеце ўстановы адукацыі, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым савет установы адукацыі ў сілу пункта 4 артыкула 25 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі з’яўляецца асноўным органам самакіравання ўстановы адукацыі, кіраванне якім у адпаведнасці з пунктам 1 гэтага ж артыкула грунтуецца на спалучэнні прынцыпаў адзінаначалля і самакіравання, што прадугледжвае больш падрабязную рэгламентацыю пытанняў дзейнасці савета ў Кодэксе.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі мэтазгодна замацаваць таксама парадак назначэння (вызвалення) на пасады педагагічных работнікаў, у той час як у пункце 2 артыкула 50 дадзенага Кодэкса прадугледжваецца адсылачная норма, згодна з якой парадак назначэння (вызвалення) на пасады педагагічных работнікаў вызначаецца гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
У пункце 1 артыкула 86 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі прадугледжваецца, што выпускнікі, накіраваныя на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) і працуючыя, на працягу тэрміну абавязковай працы могуць быць перанакіраваны на працу (далейшае накіраванне на работу), пры гэтым падставы для далейшага накіравання на працу вызначаюцца Урадам. Аднак паколькі падставы для далейшага накіравання на працу датычацца правоў і абавязкаў грамадзян, то яны павінны ўстанаўлівацца ў заканадаўчым акце, якім з’яўляецца дадзены Кодэкс.
Агульнаправавы прынцып прававой дакладнасці непасрэдна вынікае з замацаванага Канстытуцыяй прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7). Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу на тое, што няяснасць і нявызначанасць палажэнняў нарматыўных прававых актаў, іх супярэчлівасць і двухсэнсавасць могуць прывесці не толькі да парушэнняў правоў і законных інтарэсаў грамадзян, але і да злоўжывання з іх боку сваімі правамі. Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна такіх норм заканадаўства, накіраваныя на пераадоленне недахопаў нарматыўнага рэгулявання, звернуты да суб’ектаў заканатворчай і правапрымяняльнай дзейнасці ў мэтах забеспячэння адназначнага разумення і тлумачэння прававых норм, а таксама іх аднастайнага прымянення.
5. Папярэдні канстытуцыйны кантроль законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца важным напрамкам дзейнасці Канстытуцыйнага Суда. Такія законы разглядаюцца Канстытуцыйным Судом з пазіцый іх канстытуцыйнасці па зместу норм, форме акта, парадку прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі дзяржаўных органаў пры іх прыняцці.
Практыка ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў паказвае, што паўнацэнная абарона правоў і свабод чалавека і грамадзяніна забяспечваецца пры ўмове належнай імплементацыі норм міжнароднага права ў заканадаўства краіны. У сувязі з гэтым уяўляецца неабходным стварэнне ўмоў для эфектыўнага прымянення норм міжнароднага права ў нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці.
У рашэнні ад 10 лістапада 2010 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Міжнароднай канвенцыі аб спрашчэнні і гарманізацыі мытных працэдур» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што далучэнне Рэспублікі Беларусь да названай Канвенцыі павінна ажыццяўляцца з улікам узятых міжнародных абавязацельстваў у рамках мытнага саюза. Пры гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, трэба ўлічваць, што Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан і Расійская Федэрацыя (далей – Бакi) 6 кастрычніка 2007 года заключылі Дагавор аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фарміраванні мытнага саюза. У адпаведнасці з артыкулам 5 дадзенага Дагавора з моманту стварэння адзінай мытнай тэрыторыі рэжым у адносінах да мытных пошлін і збораў, якія збіраюцца ў сувязі з імпартам або экспартам тавараў, метадаў спагнання такіх пошлін і збораў, правілаў і адміністрацыйных працэдур, што прымяняюцца ў сувязі з імпартам або экспартам тавараў, які кожны з Бакоў прадастаўляе любой трэцяй краіне на аснове міжнароднага дагавора або фактычна, не можа быць больш спрыяльным, чым рэжым, які дадзены Бок прадастаўляе іншым Бакам. Вышэйуказаныя дзяржавы з’яўляюцца таксама ўдзельнікамі Дагавора аб Мытным кодэксе мытнага саюза, падпісанага ў г. Мінску 27 лістапада 2009 года. Згодна з пунктам 2 артыкула 1 Мытнага кодэкса мытнага саюза мытнае рэгуляванне ў мытным саюзе ажыццяўляецца ў адпаведнасці з мытным заканадаўствам мытнага саюза, а ў частцы, не ўрэгуляванай такім заканадаўствам, да ўстанаўлення адпаведных праваадносін на ўзроўні мытнага заканадаўства мытнага саюза – у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў – членаў мытнага саюза.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ўпаўнаважаныя органы, кіруючыся часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі, маюць права ўносіць у Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь на адпаведнасць іх Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам. Разам з тым такіх прапаноў у 2010 годзе, як і раней, у Канстытуцыйны Суд не паступала.
Пры вынясенні рашэнняў у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі, імкнуўся забяспечыць не толькі разуменне сапраўднага зместу канстытуцыйных норм і прынцыпаў, але і іх непасрэднае дзеянне, фарміраваў канстытуцыйнае мысленне, кіруючыся прынцыпамі вяршэнства права, роўнасці, справядлівасці, прапарцыянальнасці, свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці, адзначаючы ў рашэннях, што дзяржава, яе органы і службовыя асобы маюць абавязкі і нясуць адказнасць перад народам, таксама як і грамадзяне адказныя перад дзяржавай за выкананне сваіх абавязкаў (артыкулы 2, 59 і іншыя артыкулы Канстытуцыі).
II
Канстытуцыйны Суд, ажыццяўляючы ў адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі функцыю кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, дае заключэнні аб канстытуцыйнасці гэтых актаў у парадку наступнага канстытуцыйнага кантролю.
Прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у парадку наступнага кантролю маюць права ўносіць у Канстытуцыйны Суд Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў.
У 2010 годзе ўпаўнаважаныя суб’екты з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся.
Акрамя права ўказаных суб’ектаў на зварот у Канстытуцыйны Суд у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь прадугледжана асобая форма ўскоснага доступу грамадзян і арганізацый да канстытуцыйнага правасуддзя – праз суб’ектаў, упаўнаважаных звяртацца з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд.
Ускосны доступ грамадзян і арганізацый да канстытуцыйнага правасуддзя з’яўляецца адным са спосабаў рэалізацыі артыкула 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму судовую абарону яго правоў і інтарэсаў.
Згодна з часткай трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў грамадзяне і арганізацыі маюць права звяртацца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта да органаў і асоб, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці акта. Па сваёй юрыдычнай прыродзе права грамадзяніна і арганізацыі на дадзены зварот да ўпаўнаважаных суб’ектаў уяўляе права на ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, гэта значыць права звярнуцца ў орган канстытуцыйнага кантролю ў апасродкаванай форме.
У 2010 годзе ва ўпаўнаважаныя органы паступіла каля 60 зваротаў грамадзян і арганізацый з просьбай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у сувязі з наяўнасцю ў іх, па меркаванню заяўнікаў, супярэчнасцей, якія выклікаюць неабгрунтаванае абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод. Аднак ні адзін з такіх ініцыятыўных зваротаў не быў падтрыманы ўпаўнаважанымі органамі, у сувязі з чым у шэрагу выпадкаў грамадзяне ў зваротах у Канстытуцыйны Суд спасылаюцца на тое, што падобная пазіцыя адпаведных упаўнаважаных органаў перашкаджае рэалізацыі іх права на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ва ўмовах адсутнасці непасрэднага права грамадзян на падачу канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд неабходна ўстанавіць дакладную прававую рэгламентацыю ўскоснага доступу праз упаўнаважаных суб’ектаў. Такая працэдура дасць магчымасць рэалізоўваць ініцыятывы грамадзян і арганізацый аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.
III
На падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі і часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў.
У мэтах выканання задач па забеспячэнню вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнасці нарматыўных прававых актаў Канстытуцыі, зацвярджэння законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, вырашэння іншых пытанняў, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд у рамках паўнамоцтваў, устаноўленых у частцы восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, на аснове аналізу прававых праблем, якія маюць значнасць для рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, уносіў прапановы, накіраваныя на ўстараненне прабелаў, выключэнне калізій і прававой недакладнасці ў актах заканадаўства.
Некаторыя з прынятых Канстытуцыйным Судом рашэнняў заснаваны на аналізе інфармацыі аб наяўнасці прававых прабелаў, калізій і прававой недакладнасці ў актах заканадаўства, якая змяшчаецца ў зваротах грамадзян і арганізацый.
Усяго у Канстытуцыйны Суд у 2010 годзе паступіў 1181 зварот, у тым ліку 1138 зваротаў грамадзян (з іх 52 калектыўныя за подпісам 2243 чалавек) і 43 звароты арганізацый.
Звароты грамадзян, як правіла, адлюстроўваюць рэальныя сацыяльна-эканамічныя працэсы ў краіне. Своечасовае рэагаванне на пастаўленыя ў іх пытанні садзейнічае аднаўленню парушаных правоў і ўмацаванню законнасці, устараненню супярэчнасцей і іншых недахопаў у заканадаўстве і практыцы яго прымянення.
У сувязі са зваротамі грамадзян прынята, напрыклад, рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 сакавіка 2010 г., накіраванае на рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і справядлівасці. Ва ўказаным рашэнні разгледжаны пытанні, якія датычацца прававога рэгулявання адносін, звязаных з назначэннем і выплатай грамадзянам, накіраваным на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, стыпендый у залежнасці ад падстаў спынення працоўнага дагавора, а таксама з вызначэннем выпадкаў, пры якіх у назначэнні дапамогі па беспрацоўю можа быць адмоўлена. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што заканадаўчае рэгуляванне адносін па спыненню працоўнага дагавора ў частцы вызначэння падстаў, якія ўплываюць на памер стыпендый і магчымасць назначэння дапамогі па беспрацоўю, мае патрэбу ва ўдакладненні, паколькі грамадзянам, якія адносяцца да адной і той жа катэгорыі (звольненыя з працы па прычынах, не звязаных з учыненнем імі вінаватых дзеянняў, і прызнаныя беспрацоўнымі), не забяспечваецца роўная абарона ад беспрацоўя, што не адпавядае прынцыпам роўнасці і справядлівасці.
У мэтах заканадаўчага замацавання магчымасцей рэалізацыі права кожнага на абарону ад беспрацоўя Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» змяненні і дапаўненні, што ўдакладняюць пералік падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх стыпендыя беспрацоўным назначаецца ў меншым памеры ў параўнанні з агульнаўстаноўленым, і пералік падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх беспрацоўным можа быць адмоўлена ў назначэнні дапамогі па беспрацоўю. У сувязі з гэтым Савету Міністраў прапанавана ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект адпаведнага закона.
У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 мая 2010 г., накіраваным на рэалізацыю канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, звернута ўвага на наяўнасць прабелу ў прававой рэгламентацыі парадку разгляду ў судзе скарг асуджаных да пазбаўлення волі, арышту, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер спагнання, што не ў поўнай меры забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на доступ да правасуддзя.
Зыходзячы з нормы артыкула 60 Канстытуцыі, замацаванае ў спецыяльных законах права асоб, фактычна пазбаўленых волі, на абскарджанне прымененых да іх мер спагнання з’яўляецца важнай гарантыяй абароны парушаных правоў дадзенай катэгорыі грамадзян, забеспячэння законнасці пры выкананні крымінальнага пакарання, адміністрацыйнага арышту і ўтрымання пад вартай. Тым не менш, заканадаўцам не вызначаны парадак разгляду ў судзе такіх скарг.
Для забеспячэння рэалізацыі ўказанага канстытуцыйнага права Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным заканадаўча вызначыць парадак і асаблівасці разгляду ў судзе скарг асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх мер дысцыплінарнага спагнання, у сувязі з чым прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам прынята рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 17 лістапада 2010 г., у якім адзначана, што адсутнасць у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях палажэнняў аб адказнасці за дзеянні, якія выразіліся ў нявыплаце або няпоўнай выплаце арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнні тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы дадзенай платы, сведчыць аб наяўнасці прабелу заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін. Гэта можа прыводзіць як да парушэння правоў плацельшчыкаў арэнднай платы, так і невыканання плацельшчыкамі абавязку па выплаце арэндных плацяжоў, а таксама з’яўлення магчымасці неадназначнага тлумачэння і, значыць, адвольнага прымянення закона, што супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам. Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел у заканадаўчым рэгуляванні адносін, якія датычацца адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, парушэнне тэрміну прадстаўлення плацельшчыкамі арэнднай платы за гэтыя ўчасткі разліку сумы арэнднай платы і прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у вышэйуказаны Кодэкс.
У рашэнні ад 15 снежня 2010 г. Канстытуцыйны Суд канстатаваў наяўнасць прабелу ў заканадаўчай рэгламентацыі пытанняў, звязаных з устанаўленнем парадку і тэрмінаў прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) у парадку дэлегавання паўнамоцтваў на іх прыняцце (выданне), у сувязі са спыненнем дэлегаваных паўнамоцтваў дзяржаўнага органа на прыняцце (выданне) акта. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой дакладнасці Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў распрацаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».
Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што эфектыўнасць нацыянальнай прававой сістэмы ў значнай ступені залежыць ад якасці заканадаўства, у прыватнасці ўзгодненасці і несупярэчлівасці ў цэлым прававых норм, цэласнасці і стабільнасці прававой сістэмы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэалізацыя накіраваных у адпаведныя дзяржаўныя органы прапаноў Суда аб устараненні прабелаў, выключэнні калізій і прававой недакладнасці ў актах заканадаўства дазваляе забяспечыць больш эфектыўнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін на падставе канстытуцыйных норм і прынцыпаў.
IV
Выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда – найважнейшы паказчык стану канстытуцыйнай законнасці ў грамадстве. Са зместу канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права аб’ектыўна вынікае неабходнасць своечасовага выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Належнае і якаснае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда не толькі гарантуе абарону правоў чалавека і грамадзяніна, але і садзейнічае эфектыўнаму дзяржаўнаму кіраванню і павышэнню даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўныя органы прымаюць неабходныя меры па ўстараненню выяўленых Канстытуцыйным Судом недахопаў заканадаўства.
Так, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 15 чэрвеня 2007 г. указвалася, што нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадастаўляюць розны аб’ём правоў па аказанню юрыдычнай дапамогі ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу. У прыватнасці, фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа самастойна ажыццяўляць абарону або карыстацца юрыдычнай дапамогай абаронцы, якім можа з’яўляцца толькі адвакат, у той час як пацярпелы мае права карыстацца паслугамі прадстаўніка, у якасці якога могуць выступаць не толькі адвакаты, але і іншыя асобы, якім ён даверыў прадстаўляць свае інтарэсы. Канстытуцыйны Суд прапанаваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў мэтах забеспячэння роўнасці правоў на атрыманне юрыдычнай дапамогі як пацярпелымі, так і фізічнымі асобамі, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, унесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Указаныя прапановы Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 года «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». Згодна са змяненнямі, унесенымі у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, па хадайніцтву фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у якасці абаронцы па пастанове органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, можа быць дапушчаны адзін з яго блізкіх сваякоў або законных прадстаўнікоў.
У мэтах забеспячэння належнай абароны права ўласнасці добрасумленных пакупнікоў тавараў у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях рэалізаваны прапановы Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваныя ім у рашэннях ад 24 мая 2005 г. і ад 23 лютага 2006 г. У адпаведнасці з вышэйназваным Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 года артыкул 6.10 дадзенага Кодэкса дапоўнены палажэннем аб забароне на канфіскацыю тавараў, што з’яўляюцца прадметам адміністрацыйнага мытнага правапарушэння, набытых пасля яго здзяйснення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асобай, якая не ўчыняла гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, калі такія тавары набыты ў рознічным гандлі, а ў іншых выпадках – калі ўказанай асобай ва ўстаноўленым парадку выкананы вызначаныя актамі заканадаўства патрабаванні, неабходныя для змяшчэння набытых тавараў пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага карыстання.
Змешчаны ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 22 снежня 2000 г. вывад аб тым, што ў выпадках, калі размова ідзе аб вынаходствах, якія маюць несумненную цікавасць для Рэспублікі Беларусь і сведчаць аб неабходнасці ўсямернага забеспячэння прыярытэтнасці дадзенага вынаходства для рэспублікі і належнай абароны правоў аўтараў, неабходна максімальна скарачаць тэрміны праходжання матэрыялаў заяўкі ад яе рэгістрацыі да афіцыйнай публікацыі звестак аб заяўцы, таксама ўлічаны заканадаўцам. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2010 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававой абароны вынаходстваў, карысных мадэлей, прамысловых узораў» унесены змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», у прыватнасці ў пункт 1 артыкула 20 гэтага Закона. У цяперашні час звесткі аб заяўцы на вынаходства, што прайшла папярэднюю экспертызу, па выніках якой прынята станоўчае рашэнне, могуць быць апублікаваны ў афіцыйным бюлетэні па сканчэнні 18 месяцаў не толькі з даты падачы такой заяўкі, але і, калі выклапатаны прыярытэт, з даты найбольш ранняга прыярытэту.
У рашэнні ад 6 снежня 2000 г. Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што парадак персанальнага размеркавання выпускнікоў дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вызначаны загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і звярнуў увагу на мэтазгоднасць замацавання парадку размеркавання выпускнікоў названых навучальных устаноў, а таксама магчымасці прадастаўлення ўказанай катэгорыі асоб адпаведных ільгот і гарантый на ўзроўні заканадаўчага акта, што забяспечыла б больш высокі ўзровень абароны правоў і законных інтарэсаў маладых спецыялістаў. З унясеннем у 2002 годзе змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» і прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2007 года «Аб вышэйшай адукацыі» ўказаны падыход у пэўнай ступені знайшоў адлюстраванне. У цяперашні час дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда атрымала больш поўную рэалізацыю ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у якім рэгламентаваны пытанні размеркавання і пераразмеркавання выпускнікоў.
У той жа час, ацэньваючы практыку рэалізацыі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, Суд звяртае ўвагу на неабходнасць іх своечасовага выканання. Скарачэнне перыяду часу ад моманту прыняцця рашэнняў Канстытуцыйнага Суда да іх выканання ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі дазволіць у больш кароткія тэрміны ўстараняць прабелы ў прававым рэгуляванні, выключаць калізіі або прававую недакладнасць у нарматыўных прававых актах, забяспечваючы тым самым належную якасць заканадаўства, абарону правоў і свабод чалавека як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, а таксама гарантый іх рэалізацыі.
V
Канстытуцыйны Суд пры ажыццяўленні ў 2010 годзе ўскладзеных на яго функцый па кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве ў прынятых рашэннях фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.
У рашэннях Канстытуцыйнага Суда канстатавалася замацаванне ў законах механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Канстытуцыйным Судом адзначалася, што абмежаванні правоў і свабод, якія ўстанаўліваюцца ў законах, былі абумоўлены неабходнасцю абароны канстытуцыйна значных каштоўнасцей, адпавядалі прынцыпу прапарцыянальнасці, забяспечвалі баланс дзяржаўных, грамадскіх і асабістых інтарэсаў.
У прынятых Канстытуцыйным Судом рашэннях сфармуляваны шэраг прававых пазіцый, накіраваных на выкананне прынцыпу прававой дакладнасці, забеспячэнне стабільнасці прававой сістэмы і комплекснасці прававога рэгулявання. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на недакладнасць, няяснасць, супярэчлівасць асобных норм законаў, на частае і не заўсёды апраўданае ўнясенне ў іх змяненняў і дапаўненняў.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што комплекснасць прававога рэгулявання дасягаецца ў тым ліку шляхам паслядоўнай кадыфікацыі заканадаўства. Аднак прыняцце кадыфікаванага нарматыўнага прававога акта з’яўляецца апраўданым у тым выпадку, калі яно забяспечвае больш поўнае і якаснае рэгуляванне грамадскіх адносін, якое выключае неабходнасць прыняцця значнай колькасці падзаконных нарматыўных прававых актаў.
У рашэннях, прынятых у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу, Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, сутнасць якіх заключалася ў канстатацыі таго, што ў правераных законах знайшлі развіццё нормы і прынцыпы Канстытуцыі аб наданні ўсім роўных правоў у мэтах ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, гарантый роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; аб рэгуляванні эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; аб забеспячэнні накіравання і каардынацыі дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, на падставе канстытуцыйных палажэнняў у Рэспубліцы Беларусь ствараюцца ўмовы і механізмы фарміравання канстытуцыйнай эканомікі як найважнейшай састаўляючай пабудовы сацыяльнай дзяржавы.
На стан канстытуцыйнай законнасці аказваюць уплыў як якасць заканадаўства, законнасць і справядлівасць правапрымянення, так і стан канстытуцыйнай культуры ў дзяржаве і грамадстве.
Канстытуцыйная культура ў цэлым абумоўлівае дэмакратычны працэс фарміравання грамадзянскага грамадства, прававой дзяржавы, а таксама больш поўнае забеспячэнне і абарону грамадзянамі і арганізацыямі сваіх правоў, свабод і законных інтарэсаў прававымі сродкамі, дзейнасць дзяржаўных органаў і службовых асоб у духу сапраўднай павагі да права як каштоўнасці, якая забяспечвае стабільнае і прагрэсіўнае развіццё грамадства і дзяржавы. Заснаваная на Канстытуцыі правасвядомасць, што адлюстроўвае погляды і ўяўленні адносна канстытуцыйных каштоўнасцей, садзейнічае забеспячэнню балансу інтарэсаў асобы, дзяржавы і грамадства.
Дасягнуты на пэўным этапе развіцця грамадства і дзяржавы ўзровень канстытуцыйнай культуры вызначае эфектыўнасць нарматворчасці і правапрымянення. Разуменне сутнасці канстытуцыйнага рэгулявання правоў, свабод чалавека і грамадзяніна і абавязкаў дзяржавы і грамадзяніна, якія карэспандуюць ім, садзейнічае стварэнню на аснове Канстытуцыі развітой і не супярэчлівай ёй сістэмы заканадаўства. У сваю чаргу, ад канстытуцыйнасці мыслення правапрымяняльнікаў пры выбары справядлівых і эфектыўных сродкаў абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў залежыць уменне прымяняць у практычнай дзейнасці непасрэдна нормы Асноўнага Закона, зыходзіць пры прыняцці рашэнняў таксама з канстытуцыйных прынцыпаў.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што правы і свабоды чалавека і грамадзяніна як найвышэйшая каштоўнасць павінны вызначаць змест і належнае прымяненне нарматыўных прававых актаў, а забеспячэнне рэальнага механізму іх рэалізацыі павінна быць прыярытэтным напрамкам у дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Прыняцце дзяржавай усіх даступных мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей забяспечваюць грамадзянскую згоду, непахіснасць асноў народаўладдзя і канстытуцыйнага ладу.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 25 студзеня 2011 г.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
П.П.Міклашэвіч