Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 лютага 2004 г. № Р-169/2004
Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Шукліна В.З., разгледзеўшы пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкулам 44 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” і артыкулам 80 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда,

 ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту і палатам Парламента Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе” (тэкст дадаецца).
 
2. Апублікаваць Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2003 годзе” ў газетах “Звязда” і “Народная газета” ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь і часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч 

 


 
                                                                                                                         Прэзiдэнту
                                                                                                                         Рэспублiкi Беларусь
 
                                                                                                                         Палаце прадстаўнiкоў
                                                                                                                         Нацыянальнага сходу
                                                                                                                         Рэспублiкi Беларусь
 
                                                                                                                         Савету Рэспублiкi
                                                                                                                         Нацыянальнага сходу
                                                                                                                         Рэспублiкi Беларусь
 
 
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
 
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦI
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2003 ГОДЗЕ
 
Важнай вехай у развiццi канстытуцыйных працэсаў у Беларусi з’явiлася прыняцце ў 1994 годзе Канстытуцыi – асноўнага элемента новай беларускай дзяржаўнасцi, складанай часткi еўрапейскай канстытуцыйнай прасторы.
 
На аснове Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь развiваецца дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, створаны новыя органы дзяржаўнай улады, фармiруецца нацыянальная прававая сiстэма, будуюцца якасна новыя адносiны памiж асобай, грамадствам i дзяржавай, арганiзуецца эканамiчнае, палiтычнае, сацыяльнае i культурнае жыццё. Канстытуцыя Беларусi выступае палiтыка-прававой асновай фармiравання i развiцця сацыяльна-прававой дзяржаўнасцi, галоўным фактарам праватворчага i правапрымяняльнага працэсаў. На працягу дзесяцiгадовага перыяду дзеяння Канстытуцыi на аснове i ў адпаведнасцi з ёй створана шырокая заканадаўчая база для эканамiчных, палiтычных i сацыяльных пераўтварэнняў, забеспячэння правоў i свабод грамадзян, гарантый iх рэалiзацыi, сфармiравана новая прававая сiстэма, якая адлюстроўвае сучасныя дасягненнi еўрапейскай прававой культуры.
 
Створаны ў 1994 годзе на аснове новай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыйны Суд сваёй дзейнасцю няўхiльна садзейнiчаў фармiраванню дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, i ў першую чаргу абароне правоў, свабод i законных iнтарэсаў чалавека i грамадзянiна.
 
Ацэньваючы дзесяцiгадовы шлях станаўлення, развiцця i зацвярджэння канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспублiцы Беларусь, Канстытуцыйны Суд адзначае, што яно стала рэальнасцю, адной са складаных канстытуцыйных асноў беларускай дзяржаўнасцi. Рашэннi Канстытуцыйнага Суда садзейнiчалi ўмацаванню канстытуцыйнага ладу, рэалiзацыi правоў i свабод чалавека i грамадзянiна, сталi рэальным фактарам удасканальвання прававой сiстэмы, фармiравання правасвядомасцi, прававой iдэалогii.
 
Прававая сiстэма Рэспублiкi Беларусь у цэлым паспяхова развiваецца на падставе i ў рамках дзеючай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i ў адпаведнасцi з агульнапрызнанымi прынцыпамi i нормамi мiжнароднага права. Аднак Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў у сваiх пасланнях такiя недахопы прававога рэгулявання, як прабельнасць, калiзiйнасць, адступленне ад прынцыпу вяршэнства Канстытуцыi. Даючы ў шэрагу сваiх рашэнняў ацэнку канстытуцыйнасцi норм матэрыяльнага права, Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу i на недасканаласць норм працэсуальнага права. Адсутнасць механiзмаў рэалiзацыi норм матэрыяльнага права нярэдка давала падставу службовым асобам для невыканання палажэнняў Канстытуцыi, нормы якой маюць непасрэднае i прамое дзеянне. У сувязi з гэтым больш поўнае замацаванне ў заканадаўстве парадку рэалiзацыi правоў i свабод грамадзян садзейнiчала б умацаванню канстытуцыйнай законнасцi i дапамагло некаторым службовым асобам усвядомiць неабходнасць няўхiльнага выканання прадпiсанняў Канстытуцыi як Асноўнага Закона дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд актыўна i непасрэдна ўдзельнiчаў у развiццi i ўдасканальваннi сiстэмы права ў цэлым i асобных яго галiн. Сваiмi рашэннямi Канстытуцыйны Суд сцвярджаў агульныя i галiновыя прынцыпы права, у тым лiку вяршэнства i непасрэднае дзеянне канстытуцыйных норм, якiя замацоўваюць правы чалавека (у прыватнасцi, права кожнага на судовую абарону, на юрыдычную дапамогу). Прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда адносна канстытуцыйнага раўнапраўя грамадзян i форм уласнасцi, даступнасцi правасуддзя для грамадзян, прынцыпу непрыдання зваротнай сiлы нарматыўным актам, за выключэннем тых, якiя змякчаюць або адмяняюць адказнасць грамадзян, з’яўляецца важнай састаўляючай развiцця прававой культуры Беларусi.
 
Пры вынясеннi рашэнняў Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на нормах Канстытуцыi, iмкнуўся забяспечыць не толькi разуменне сапраўднага зместу канстытуцыйных норм i прынцыпаў, але i iх непасрэднае дзеянне, кiруючыся справядлiвасцю, разумнасцю, суразмернасцю, збалансаванасцю, праводзячы ў рашэннях лiнiю на тое, што дзяржава, яе органы i службовыя асобы маюць абавязкi i нясуць адказнасць перад народам, роўна як i грамадзяне адказны перад дзяржавай за выкананне сваiх абавязкаў (артыкулы 2, 59 i iншыя артыкулы Канстытуцыi).
 
Адным з важнейшых арыенцiраў у дзейнасцi Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца звароты грамадзян, у якiх ставяцца праблемы, якiя датычацца стану канстытуцыйнай законнасцi.
 
У 2003 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступiла 1638 пiсьмовых зваротаў ад грамадзян, грамадскiх аб’яднанняў i iншых юрыдычных асоб. З улiкам асабiстых i калектыўных зваротаў грамадзян агульная колькасць асоб, якiя звярнулiся ў Канстытуцыйны Суд, склала 12 266 чалавек. Канстытуцыйны Суд адзначае, што звароты грамадзян закраналi пытаннi крымiнальных, крымiнальна-працэсуальных праваадносiн (12,8%), былi звязаны са скаргамi на судовыя рашэннi i дзеяннi службовых асоб розных дзяржаўных органаў (23,8%), а таксама датычылiся сацыяльнай абароны насельнiцтва (7%), забеспячэння эканамiчных, сацыяльных, культурных правоў i свабод (10,3%), жыллёвых праваадносiн (5,5 %), растлумачэнняў прававога характару (11,2%) i iнш.
 
Пры разглядзе кожнага звароту Канстытуцыйны Суд кiраваўся Канстытуцыяй, мiжнародна-прававымi актамi, законамi “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, “Аб зваротах грамадзян”, iншымi нарматыўнымi прававымi актамi i зыходзiў з суадносiн заканадаўчых актаў, тэрмiнаў iх прыняцця, грамадскай значнасцi пастаўленых пытанняў, а таксама ацэнкi сацыяльных вынiкаў прымянення прававых прадпiсанняў. Асноўнымi напрамкамi ў дзейнасцi Канстытуцыйнага Суда з’яўлялiся забеспячэнне правоў i свабод грамадзян, а таксама рэалiзацыя асноватворных прынцыпаў сацыяльнай i прававой дзяржавы, што знайшло адлюстраванне ў 36 рашэннях, прынятых у 2003 годзе.
 
Абвяшчэнне Рэспублiкi Беларусь як сацыяльнай дзяржавы мае на ўвазе, зыходзячы з прыроды такой дзяржавы, з аднаго боку, абарону найбольш слабых пластоў насельнiцтва ад неспрыяльнага ўздзеяння рынку, а з другога – садзейнiчанне развiццю эканамiчнай актыўнасцi грамадзян, пераадоленню ўтрыманскiх настрояў у сацыяльнай сферы.
 
Для значнай часткi насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь асобую важнасць мае дзейнасць дзяржавы ў галiне забеспячэння сацыяльных правоў грамадзян.
 
Абароне аднаго з важнейшых сацыяльных правоў грамадзян – права на адукацыю прысвечана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 31 кастрычнiка 2003 г.
 
Вывучыўшы нарматыўныя прадпiсаннi Мiнiстэрства адукацыi па методыцы пераводу ў балы выстаўленых раней адзнак атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыi пры прыёме ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд, кiруючыся прынцыпамi справядлiвасцi i роўнасцi правоў грамадзян, прыйшоў да вываду, што прымяняемая схема пераводу ў балы вядзе да перавагi атэстатаў пяцiбальнай сiстэмы ў адносiнах да дзесяцiбальнай, якая цягне за сабой няроўную канкурэнцыю памiж абiтурыентамi, i прапанаваў Мiнiстэрству адукацыi ўрэгуляваць дадзеныя адносiны ў сферы адукацыi ў належным нарматыўным прававым акце.
 
Засноўваючыся на канстытуцыйным прынцыпе даступнасцi сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi для ўсiх у адпаведнасцi са здольнасцямi кожнага, а таксама з улiкам права грамадзян на атрыманне дакладнай i поўнай iнфармацыi Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 9 кастрычнiка 2003 г. прапанаваў Мiнiстэрству адукацыi загадзя ў правiлах прыёму ў навучальныя ўстановы, якiя зацвярджаюцца штогадова, устанаўлiваць тэрмiны i парадак вызначэння кантрольных лiчбаў прыёму абiтурыентаў на атрыманне адукацыi за кошт бюджэтных сродкаў i сродкаў фiзiчных i юрыдычных асоб.
 
Кiруючыся прынцыпамi роўнасцi ўсiх перад законам i роўнай абароны правоў i законных iнтарэсаў, у мэтах рэалiзацыi права грамадзян на пенсiённае забеспячэнне Канстытуцыйны Суд 21 лiстапада 2003 г. прыняў рашэнне “Аб выплаце пенсii iндывiдуальнаму прадпрымальнiку”. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што згодна з часткай першай артыкула 83 Закона “Аб пенсiённым забеспячэннi” частка пенсii, вылiчаная з улiкам заработку звыш 130 працэнтаў сярэдняй заработнай платы рабочых i служачых у рэспублiцы, якая прымяняецца для карэкцiроўкi фактычнага заработку пенсiянера (артыкулы 56 i 70), не выплачваецца ў перыяд работы цi заняцця прадпрымальнiцкай дзейнасцю. Указанае правiла прымянялася на практыцы незалежна ад таго, цi мела месца ў сапраўднасцi прадпрымальнiцкая дзейнасць грамадзянiна пасля набыцця статусу iндывiдуальнага прадпрымальнiка, нягледзячы на тое што Закон “Аб пенсiённым забеспячэннi” ў якасцi ўмовы абмежавання размеру выплачваемай пенсii прадугледжвае менавiта заняцце прадпрымальнiцкай дзейнасцю.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб недасканаласцi норм права i прапанаваў Ураду ўстаранiць iснуючы прававы прабел у заканадаўстве, якi выключаў бы фармальнае тлумачэнне абмежаванняў i прад’яўленне неабгрунтаваных матэрыяльных патрабаванняў да пенсiянераў з боку дзяржавы. Органамi выканаўчай улады былi дадзены адпаведныя растлумачэннi, накiраваныя на рэалiзацыю ўказанага рашэння Канстытуцыйнага Суда.
 
Прынцыпы сацыяльнай дзяржавы знайшлi адлюстраванне i ў рашэннi Канстытуцыйнага Суда ад 31 кастрычнiка 2003 г. па пытанню абароны правоў iнвалiдаў, забеспячэння iх роўнасцi i паўнапраўнага ўдзелу ў жыццi грамадства. Разгледзеўшы пытаннi прадастаўлення iнвалiдам зямельных участкаў для размяшчэння гаражоў, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу Савета Мiнiстраў на неабходнасць устаранення супярэчнасцей, якiя ёсць у заканадаўстве аб зямлi i спецыяльным нарматыўным акце аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў. У прыватнасцi, згодна з Кодэксам аб зямлi 1999 года iнвалiды з парушэннем апорна-рухальнага апарату не маюць права на атрыманне зямельнага ўчастка ў часовае карыстанне i, адпаведна, на будаўнiцтва гаража блiзка ад месца пражывання, калi яны не падпадаюць пад катэгорыi грамадзян, пералiчаныя ў частцы другой артыкула 74 названага Кодэкса. Разам з тым у сiлу прадпiсанняў Закона “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь” такое права iнвалiдам прадастаўлена. Канстытуцыйны Суд прапанаваў Ураду прыняць меры па ўстараненню гэтай калiзii i забяспечыць справядлiваць у адносiнах да абароны правоў iнвалiдаў.
 
Канстытуцыйны Суд адзначыў таксама недасканаласць прававых прадпiсанняў па прадастаўленню дзяржавай абароны асобам, якiя прымалi ўдзел у аперацыях па баявому траленню мiн у паслеваенны перыяд. Кiруючыся канстытуцыйным прынцыпам роўнасцi ўсiх перад законам, а таксама зыходзячы з неабходнасцi унiфiкацыi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь i Расiйскай Федэрацыi, Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 24 красавiка 2003 г. прапанаваў Савету Мiнiстраў увайсцi ў парадку заканадаўчай iнiцыятывы з прапановай аб унясеннi адпаведных дапаўненняў у Закон “Аб ветэранах” у мэтах устаранення супярэчнасцей у заканадаўстве.
 
Адным з асноўных сацыяльных правоў у Рэспублiцы Беларусь з’яўляецца права на ахову здароўя i даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Прадастаўленне высокаквалiфiкаваных медыцынскiх паслуг насельнiцтву ажыццяўляецца з улiкам патрабаванняў артыкула 45 Канстытуцыi, якi гарантуе бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя i стварэнне належных умоў даступнага для ўсiх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.
 
На рэалiзацыю ўказанага канстытуцыйнага права грамадзян было накiравана Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 26 мая 2003 г. “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жнiўня 1996 г. № 566 “Аб платных вiдах медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя”, прынятае па справе, узбуджанай па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. Канстытуцыйны Суд у Заключэннi ўказаў, што фармiраванне i прымяненне дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў павiнна ажыццяўляцца зыходзячы з прынцыпаў захавання канстытуцыйных правоў грамадзян у галiне сацыяльных гарантый; усебаковай абгрунтаванасцi iх устанаўлення i прымянення з улiкам эканамiчных магчымасцей дзяржавы; агульнадаступнасцi, мэтавага i адраснага iх фiнансавання; шырокай iнфармаванасцi грамадзян праз сродкi масавай iнфармацыi аб гэтых сацыяльных стандартах. Канстытуцыйны Суд адзначае, што яшчэ да вынясення ўказанага Заключэння Савет Мiнiстраў прыняў пастанову ад 25 красавiка 2003 г. № 556, у якой пералiк платных медыцынскiх паслуг быў значна скарочаны.
 
На сацыяльную абарону адзiнокiх i састарэлых грамадзян i рэалiзацыю прынцыпу справядлiвасцi ў падатковых праваадносiнах накiравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 2003 г., якое датычыцца падаткаабкладання маёмасцi, атрыманай па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем. У рашэннi адзначана, што ў грамадзянскiм заканадаўстве прадугледжана магчымасць прымянення да адносiн бакоў па бязвыплатнаму дагавору рэнты ў частцы перадачы маёмасцi правiл аб дагаворы дарэння (артыкул 556 ГК). У адпаведнасцi з падатковым заканадаўствам даходы, атрыманыя ў вынiку дарэння, вызваляюцца ад абкладання падаходным падаткам поўнасцю цi ў пэўнай частцы (падпункт 1.14 пункта 1 артыкула 3 Закона “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб”). Адначасова падатковае заканадаўства пакiнула адкрытым пытанне аб парадку падаткаабкладання маёмасцi, атрыманай пад выплату рэнты. У вынiку на практыцы па бязвыплатных дагаворах рэнты даход падлягае падаткаабкладанню ў выглядзе ўсёй маёмасцi, атрыманай плацельшчыкам рэнты, у той час як абдорваемы пры атрыманнi такой жа маёмасцi ў дар атрымлiвае iстотную льготу.
 
Прымаючы да ўвагi сутнасць рэнтных адносiн, Канстытуцыйны Суд палiчыў супярэчлiвымi такую пазiцыю заканадаўца i практыку прымянення палажэнняў Закона “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб” у частцы падаткаабкладання маёмасцi, атрыманай пад выплату рэнты па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем, i прыйшоў да вываду аб неабходнасцi выключэння выпадкаў абкладання падаходным падаткам нерухомай маёмасцi, перадаваемай па дагавору пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем ва ўласнасць плацельшчыка рэнты бясплатна, i ўнясення адпаведных змяненняў i дапаўненняў у падатковае заканадаўства.
 
З улiкам указанага рашэння распрацаваны праект закона аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб”, у якiм адлюстравана прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда па дадзенаму пытанню.
 
У сувязi са зваротамi, якiя паступалi, Канстытуцыйны Суд у 2003 годзе, як i ў папярэднiя гады, на падставе часткi першай артыкула 116, часткi чацвёртай артыкула 122, артыкула 137 Канстытуцыi правяраў таксама канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых i распарадчых органаў.
 
Прымаючы рашэннi па дадзеных пытаннях, Канстытуцыйны Суд сцвярджаў прынцып канстытуцыйнасцi (законнасцi), абараняў канстытуцыйныя правы i свабоды чалавека i грамадзянiна, а таксама iнтарэсы дзяржавы.
 
У рашэннях ад 14 лютага 2003 г., ад 3 лiстапада 2003 г. i ад 16 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што мясцовыя Саветы дэпутатаў рэалiзавалi сваё выключнае права на ўвядзенне асобных мясцовых збораў у адпаведнасцi з палажэннямi артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год”. Дадзены вывад датычыўся рашэння Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада; рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 у частцы ўвядзення мясцовага збору за права гандлю i рашэння Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 аб увядзеннi мясцовага збору за паслугi ў частцы абкладання гэтым зборам паслуг па ахове кватэр i ўстаноўцы ахоўнай сiгналiзацыi.
 
Правяраючы канстытуцыйнасць рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83 “Аб увядзеннi мясцовых збораў i аб зацвярджэннi палажэнняў аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”, Канстытуцыйны Суд не знайшоў прававых падстаў для аднясення мясцовага збору за права пастаўкi вуглевадароднай сыравiны з мэтай прамысловай перапрацоўкi на давальнiцкiх умовах да збораў з карыстальнiка цi да збораў за паслугi, а таксама нi да аднаго з вiдаў мясцовых падаткаў i збораў, права на ўвядзенне якiх было прадастаўлена мясцовым Саветам дэпутатаў пунктам 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”, i прызнаў не адпавядаючымi артыкулу 121 Канстытуцыi i артыкулу 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год” асобныя нормы рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 83, якiмi быў уведзены такi збор i зацверджана палажэнне аб iм.
 
Рашэннем ад 25 чэрвеня 2003 г. № 19 Наваполацкi гарадскi Савет дэпутатаў выканаў рашэнне Канстытуцыйнага Суда, адмянiўшы мясцовы збор за права пастаўкi вуглевадароднай сыравiны з мэтай прамысловай перапрацоўкi на давальнiцкiх умовах. З мясцовага бюджэту плацельшчыкам дадзенага збору былi вернуты (залiчаны ў лiк iншых плацяжоў, што належаць у бюджэт) грашовыя сродкi ў суме 652 млн. рублёў.
 
Канстытуцыйны Суд у рашэннi ад 14 лютага 2003 г., прызнаўшы права Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада, адначасова звярнуў увагу на асобныя нормы Палажэння аб дадзеным зборы, зацверджанага рашэннем Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, якiмi парушалiся канстытуцыйныя правы грамадзян i юрыдычных асоб. У рашэннi Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў адносiнах да многiх плацельшчыкаў збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада, вызначаных у пункце 1 Палажэння, дзейнiчаюць заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь, у адпаведнасцi з якiмi яны ўжо з’яўляюцца плацельшчыкамi абавязковых плацяжоў пры ўчыненнi аналагiчных дзеянняў цi наяўнасцi пэўнай маёмасцi. Апроч таго, Пiнскi гарадскi Савет дэпутатаў пры ўвядзеннi мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада не ў поўнай меры ўлiчыў адпаведныя палажэннi рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласцi на 2002 год” у частцы вызначэння кола плацельшчыкаў збору, устанаўлення iх адказнасцi за нявыплату цi несвоечасовую выплату дадзенага збору. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд прызнаў пункт 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада, а таксама заснаваныя на дадзеным пункце iншыя нормы Палажэння не адпавядаючымi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь i не маючымi юрыдычнай сiлы з дня iх прыняцця.
 
Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана. Падаткаплацельшчыкам вернуты грашовыя сродкi ў суме 30023,6 тыс. рублёў з адпаведнага мясцовага бюджэту.
 
Аналiзуючы нормы дзеючага заканадаўства ў сферы мясцовага падаткаабкладання, Канстытуцыйны Суд неаднаразова выказваў прававую пазiцыю адносна таго, што для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў i законных iнтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, а таксама ў мэтах правядзення на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь адзiнай бюджэтна-фiнансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палiтыкi (артыкул 132 Канстытуцыi) заканадаўцу неабходна ўстанавiць вычарпальны пералiк мясцовых падаткаў i збораў, якiя мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзiць на адпаведнай тэрыторыi. Канстытуцыйны Суд таксама звяртаў увагу на тое, што параметры важнейшых элементаў мясцовых падаткаў i збораў (плацельшчыкi, аб’екты абкладання, размер стаўкi, парадак i тэрмiны выплаты), у рамках якiх мясцовыя Саветы дэпутатаў павiнны рэалiзоўваць свае выключныя паўнамоцтвы на ўвядзенне мясцовых падаткаў i збораў, таксама трэба вызначыць у законе. Канстытуцыйны Суд адзначае, што многiя прававыя пазiцыi, якiя змяшчаюцца ў яго рашэннях, ужо знайшлi сваё прававое замацаванне ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2004 год”.
 
Практыка разгляду спраў у Канстытуцыйным Судзе паказвае, што больш за ўсё парушэнняў дапускаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню пры ўвядзеннi мясцовых збораў з карыстальнiкаў i за паслугi. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што заканадаўцу неабходна iсцi па шляху далейшага ўдасканальвання прававога рэгулявання адносiн у сферы мясцовага падаткаабкладання. Гэта будзе ў поўнай меры садзейнiчаць рэалiзацыi адпаведных палажэнняў Канстытуцыi (артыкулаў 21–23, 121 i 132), а таксама дазволiць выключыць неканстытуцыйную практыку ўвядзення мясцовымi Саветамi дэпутатаў мясцовых падаткаў i збораў, якая працягвала мець месца ў 2003 годзе.
 
Рэалiзацыя прынцыпу законнасцi ў дзейнасцi мясцовых прадстаўнiчых i выканаўчых органаў правяралася Канстытуцыйным Судом i пры разглядзе рашэння Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 “Аб мерах па павелiчэнню даходаў i змяншэнню страт ад работы гарадскога пасажырскага транспарту i прыгарадных аўтобусаў”, якое прадугледжвала рэалiзацыю праязных бiлетаў (талонаў) на адну паездку ў гарадскiм пасажырскiм транспарце непасрэдна вадзiцелямi. Канстытуцыйны Суд устанавiў, што рашэнне Мiнгарвыканкома ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 прынята ў мэтах яго кампетэнцыi, прадугледжанай законамi Рэспублiкi Беларусь. Разам з тым Мiнгарвыканкому прапанавана ўрэгуляваць пытанне аб вызваленнi вадзiцеляў ад абавязку прадаваць праязныя бiлеты (абанементныя талоны), перш за ўсё на маршрутах з iнтэнсiўным дарожным рухам i вялiкiм пасажырапатокам, а таксама разгледзець пытанне аб пашырэннi сеткi продажу праязных талонаў, у тым лiку з выкарыстаннем, як гэта было раней, магчымасцей рознiчнай гандлёвай сеткi цi iншых форм, прымальных як для перавозчыкаў, так i для пасажыраў.
 
У мэтах выканання даручэння Савета Мiнiстраў аб прыняццi мер па рэалiзацыi рашэння Канстытуцыйнага Суда Мiнiстэрствам транспарту i камунiкацый прапанавана кiраўнiкам транспартных арганiзацый рэспублiкi разгледзець дадзеную праблему i вызначыць магчымасць пашырэння сеткi продажу праязных дакументаў, а таксама неабходнасць вызвалення вадзiцеляў ад продажу праязных бiлетаў (талонаў) на маршрутах гарадскога транспарту.
 
На працягу ўсёй сваёй дзейнасцi Канстытуцыйны Суд паслядоўна адстойваў прынцыпы справядлiвасцi i роўнасцi i ў галiне крымiнальна-прававога рэгулявання, забяспечваў аптымальную рэалiзацыю дэмакратычных iнстытутаў крымiнальнага права ў правапрымяняльнай практыцы, стымулюючы яе пераход ад сфармiраваных стэрэатыпаў да новых падыходаў, якiя ў поўнай меры адпавядаюць прадпiсанням Канстытуцыi i мiжнародна-прававых актаў.
 
Паколькi ўдасканальванне крымiнальнага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у апошнiя гады ажыццяўляецца ў напрамку яго гуманiзацыi, важнае значэнне набыло пытанне аб правiльным разуменнi i прымяненнi на практыцы правiла аб зваротнай сiле крымiнальнага закона. Да разгляду гэтага пытання Канстытуцыйны Суд звяртаўся неаднаразова (Заключэнне ад 9 лiпеня 1997 г., рашэнне ад 5 кастрычнiка 2001 г.). Рашэннем ад 21 кастрычнiка 2003 г. “Аб падставах перагляду прыгавораў у адпаведнасцi з правiлам аб зваротнай сiле крымiнальнага закона” Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сутнасцi i унiверсальнага характару правiла аб зваротнай сiле закона, замацаванага як у Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, так i ў мiжнародна-прававых актах, змянiў сфармiраваныя ў заканадаўчай i правапрымяняльнай практыцы падыходы да прымянення правiла аб зваротнай сiле больш мяккага закона, указаўшы, што гэта правiла павiнна прымяняцца без якiх-небудзь абмежаванняў, у поўным аб’ёме ва ўсiх выпадках, калi новым законам змякчаецца крымiнальная адказнасць. Дадзенае рашэнне, падтрыманае заканадаўцам, накiравана на аднаўленне прынцыпаў справядлiвасцi i канстытуцыйнай законнасцi пры назначэннi пакарання, а таксама прынцыпу роўнасцi ўсiх перад законам, замацаванага ў артыкуле 22 Канстытуцыi. Нормы дзеючага заканадаўства дазваляюць прымяняць гэта правiла ў поўным аб’ёме. Практыка ж яго прымянення пры пераглядзе вынесеных судамi прыгавораў павiнна быць скарэкцiравана Вярхоўным Судом.
 
Неаднаразова звяртаючыся да разгляду пытанняў, звязаных з прымяненнем актаў аб амнiстыi, якiя перыядычна прымаюцца ў рэспублiцы, Канстытуцыйны Суд, забяспечваючы рэалiзацыю прынцыпаў роўнасцi ўсiх перад законам i справядлiвасцi, аднавiў права на амнiстыю асоб, якiя асуджаны судамi замежных дзяржаў, але перададзены для адбывання пакарання ў Рэспублiку Беларусь; асоб, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу ў сувязi з iх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем); асоб, прыгаворы ў адносiнах да якiх разглядалiся ў наглядным парадку; асоб, якiя ўчынiлi злачынствы да ўступлення ў сiлу законаў аб амнiстыi, але прыгаворы ў адносiнах да якiх былi вынесены ўжо пасля ўступлення ў сiлу такiх законаў (рашэннi ад 17 лiстапада 2000 г., ад 11 студзеня 2002 г. i ад 24 снежня 2002 г.).
 
Паколькi рашэннi Канстытуцыйнага Суда рэалiзоўвалiся ў законах аб амнiстыi, якiя прымалiся ў далейшы час, Канстытуцыйны Суд, засноўваючыся на канстытуцыйных прынцыпах справядлiвасцi i роўнасцi ўсiх перад законам, звярнуўся ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу з прапановай разгледзець пытанне аб распаўсюджваннi дзеяння законаў аб амнiстыi ад 18 студзеня 1999 г. i ад 14 лiпеня 2000 г. на асоб, якiя ўчынiлi злачынствы i асуджаны да ўступлення гэтых законаў у сiлу, прыгаворы ў адносiнах да якiх разглядалiся ў касацыйным або наглядным парадку, а таксама аб распаўсюджваннi Закона аб амнiстыi ад 18 студзеня 1999 г. на асоб, якiя асуджаны судамi замежных дзяржаў, але адбываюць пакаранне ў папраўчых установах на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд паслядоўна праводзiць лiнiю па забеспячэнню канстытуцыйнага права кожнага на доступ да правасуддзя, цвёрда прытрымлiваючыся прынцыпу прамога дзеяння норм Канстытуцыi, i перш за ўсё артыкула 60, якi гарантуе кожнаму абарону яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом. Пры гэтым у рашэннях Канстытуцыйнага Суда пастаянна падкрэслiваецца, што ўказаная норма, з’яўляючыся нормай непасрэднага дзеяння, мае ў сiлу артыкула 137 Канстытуцыi вяршэнства, таму права на судовую абарону не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад яго замацавання ў падканстытуцыйных актах (Заключэнне ад 13 мая 1999 г., рашэннi ад 2 красавiка 2001 г., ад 3 красавiка 2001 г., ад 15 лiпеня 2002 г., ад 24 снежня 2002 г. i iнш.). Неразуменне цi iгнараванне службовымi асобамi прынцыпу прамога дзеяння норм Канстытуцыi прыводзiць да парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян.
 
У 2003 годзе Канстытуцыйны Суд зноў разгледзеў пытаннi, звязаныя з забеспячэннем права на судовую абарону. У рашэннi ад 3 лiстапада 2003 г., пацвердзiўшы права абвiнавачваных на зварот у суд у выпадках, калi з iх згоды прынята пастанова аб спыненнi крымiнальнай справы ў сувязi са сканчэннем тэрмiнаў даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi, у мэтах забеспячэння больш поўнай абароны правоў такiх асоб Канстытуцыйны Суд прапанаваў заканадаўчаму органу ўстанавiць у КПК прымальны тэрмiн, на працягу якога абвiнавачваны меў бы магчымасць звярнуцца ў суд са скаргай па пытаннях, звязаных са спыненнем вядзення па справе па ўказанай падставе, а таксама замацаваць у законе абавязак службовых асоб органаў крымiнальнага праследавання, якiя прымаюць рашэнне аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе ў сувязi са сканчэннем тэрмiнаў даўнасцi, растлумачваць абвiнавачваным прававы характар i прававыя вынiкi такога рашэння.
 
У рашэннi ад 1 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што асуджаныя да пазбаўлення волi, якiя не маюць сродкаў на выплату дзяржаўнай пошлiны пры абскарджваннi прыгавораў у наглядным парадку маюць права на вызваленне ад выплаты такой пошлiны, i падкрэслiў, што больш поўнаму забеспячэнню права на зварот з нагляднымi скаргамi на вынесеныя ў адносiнах да iх прыгаворы павiнна садзейнiчаць справядлiвае вырашэнне кампетэнтнымi дзяржаўнымi органамi адпаведных заяў асуджаных з улiкам аб’ектыўных прычын iх матэрыяльнай неплацежаздольнасцi.
 
На забеспячэнне права грамадзян на судовую абарону былi накiраваны i рашэннi Канстытуцыйнага Суда аб прававым рэгуляваннi выплаты дзяржаўнай пошлiны пры разглядзе працоўных спрэчак, а таксама пры падачы касацыйных i наглядных скарг на судовыя пастановы па iсках аб спагнаннi алiментаў (рашэннi ад 24 красавiка 2003 г. i ад 12 лiстапада 2003 г.). Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу ўнесцi неабходныя змяненнi i дапаўненнi ў Закон “Аб дзяржаўнай пошлiне”, якiя прадугледжваюць вызваленне ад выплаты (або ўстанаўлiваюць роўныя ўмовы аплаты) дзяржаўнай пошлiны работнiкаў па працоўных спрэчках i iстцоў па iсках аб спагнаннi алiментаў пры iх звароце ў суды i органы пракуратуры. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 24 красавiка 2003 г. у частцы вызвалення работнiкаў ад выплаты дзяржаўнай пошлiны па працоўных спрэчках рэалiзавана ў Законе ад 1 студзеня 2004 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь па пытаннях падаткаабкладання”.
 
Па вынiках вывучэння пастаўленых у зваротах пытанняў Канстытуцыйны Суд нярэдка выносiў прапановы па ўдасканальванню крымiнальнага, крымiнальна-працэсуальнага i iншага заканадаўства, якiя, як правiла, прымалiся да ўвагi заканадаўцам.
 
Так, у рашэннi ад 27 мая 2003 г. аб залiку меры стрымання ў выглядзе дамашняга арышту ў тэрмiн пакарання Канстытуцыйны Суд прапанаваў Парламенту разгледзець пытанне аб унясеннi ў Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь дапаўненняў, якiя прадугледжваюць парадак i правiлы залiку меры стрымання ў выглядзе дамашняга арышту ў тэрмiн пакарання, назначанага судом. Указаная прапанова была рэалiзавана ў Законе ад 22 лiпеня 2003 г., згодна з якiм у артыкул 75 Крымiнальнага кодэкса ўнесены адпаведныя дапаўненнi, што прадугледжваюць правiлы залiку ў тэрмiн пакарання тэрмiнаў не толькi ўтрымання пад вартай, але i дамашняга арышту.
 
Праблемы канстытуцыйнай законнасцi аналiзавалiся Канстытуцыйным Судом i пры разглядзе пытання аб рэалiзацыi на практыцы канстытуцыйнага права грамадзян на карыстанне роднай мовай. У прыватнасцi, на забеспячэнне роўнага выкарыстання дзяржаўных моў было накiравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйны Суд устанавiў, што ў сферы абслугоўвання абарачэння банкаўскiх пластыкавых картак i ў сiстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання пры фармальна-юрыдычным раўнапраўi дзяржаўных моў на практыцы баланс iх выкарыстання не захоўваецца. Таму Канстытуцыйны Суд палiчыў неабходным звярнуцца ў Парламент з прапановай аб унясеннi ў Закон “Аб мовах у Рэспублiцы Беларусь” i iншыя акты заканадаўства адпаведных змяненняў i дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць у выкарыстаннi дзяржаўных моў.
 
Усталяванню прынцыпу канстытуцыйнай законнасцi садзейнiчае i выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Канстытуцыйны Суд адзначае, што большасць дзяржаўных органаў належным чынам выконваюць рашэннi Суда, у тым лiку прынятыя ў папярэднiя гады. У некаторых выпадках гэта абумоўлена тым, что Канстытуцыйны Суд устанаўлiвае больш працяглыя тэрмiны для выканання сваiх рашэнняў у мэтах прадастаўлення магчымасцi для падрыхтоўкi адпаведных нарматыўных прававых актаў i стварэння ўмоў для iх рэалiзацыi. Так, толькi ў 2003 годзе ў заканадаўстве рэалiзаваны рашэннi Канстытуцыйнага Суда, звязаныя з пытаннямi аказання юрыдычнай дапамогi асуджаным, забеспячэннем асуджаным да пазбаўлення волi права на судовае абскарджанне прымененых да iх мер спагнання, правам грамадзян на абскарджанне рашэння органа крымiнальнага праследавання аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальнай справы ў судовым парадку, удакладненнем прававога статусу дзяржаўных служачых, а таксама паняцця службовай асобы ў крымiнальным праве па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў, лiцэнзаваннем дзейнасцi навучальных устаноў, валютным рэгуляваннем, i iншыя. У сувязi з гэтым правапрымяняльнiкi абавязаны няўхiльна выконваць палажэннi прававых актаў, прыведзеных у адпаведнасць з Канстытуцыяй.
 
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што сярод дзяржаўных органаў найбольшую актыўнасць у своечасовым выкананнi рашэнняў Канстытуцыйнага Суда праяўляюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы.
 
* * *
 
Канстытуцыйны кантроль ахоплiвае ўсе галiны права i правапрымяняльнай дзейнасцi. Аднак Канстытуцыйны Суд не з’яўляецца адзiным дзяржаўным органам, адказным за стан канстытуцыйнай законнасцi ў дзяржаве, стварэнне правапарадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод асобы. Артыкул 59 Канстытуцыi абавязвае ўсе дзяржаўныя органы i службовых асоб абараняць правы i свабоды асобы i ўскладае на iх адказнасць за дзеяннi, якiя iх парушаюць. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд разлiчвае на ўзаемадзеянне з усiмi дзяржаўнымi органамi i службовымi асобамi, дзейнасць якiх павiнна быць накiравана на няўхiльнае выкананне прынцыпаў i норм Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Гэта Пасланне прынята на пасяджэннi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь 6 лютага 2004 года.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч