Прэзідэнту
Рэспублiкi Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублiкi Беларусь
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2006 ГОДЗЕ
У 2006 годзе Рэспубліка Беларусь працягвала дынамічна развівацца як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Выканана абсалютная большасць асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Праведзены такія важныя дзяржаўныя мерапрыемствы, як выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і трэці Уcебеларускі народны сход. Усе галіны ўлады, ажыццяўляючы свае паўнамоцтвы, у цэлым імкнуліся рэалізоўваць прынцыпы і нормы беларускай Канстытуцыі, гарантам якой з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублiкi Беларусь. Працягвалася ўдасканальванне нацыянальнай прававой сістэмы. На працягу года прынята больш за 100 законаў, 22 дэкрэты, больш за 760 указаў Прэзідэнта, больш за 1800 пастаноў Урада, каля 2000 ведамасных нарматыўных прававых актаў, каля 120 пастаноў Праўлення Нацыянальнага банка, больш за 700 актаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў абласнога ўзроўню. Яшчэ больш значная колькасць актаў органаў мясцовага кіравання і самакіравання прынята на пярвічным і базавым узроўні. Колькасць жа дзеючых нарматыўных прававых актаў складае дзесяткі тысяч, што абумоўлівае павышаныя патрабаванні да ўзроўню нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці. У сілу гэтага вельмі важныя сістэмнасць заканадаўства, яго разумная збалансаванасць, аднастайнае і дакладнае прымяненне на практыцы, кантроль за яго выкананнем.
Працэс абнаўлення нацыянальнага заканадаўства і яго ўдасканальвання з’яўляецца натуральным адлюстраваннем патрабаванняў часу, новых рэалій, якія прадугледжваюць больш глыбокае разуменне сутнасці адносін паміж дзяржавай і чалавекам.
Дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай сферы неразрыўна звязаны з адпаведным прававым рэгуляваннем. Калі права і эканоміка не выступаюць у якасці антаганістаў, а, наадварот, узгоднена вырашаюць узнікаючыя задачы, то грамадства і дзяржава развіваюцца дынамічна. Асаблівасць беларускага шляху развіцця заключаецца ў тым, што мы кіруемся законам не «дзікага» (ранняга) рынку, а рынку ўжо ўсталяванага, калі рашэнні прымаюцца не спантанна, а абдумана, з улікам спалучэння інтарэсаў чалавека і грамадства ў цэлым. У такіх умовах узровень заканатворчасці можа і павінен быць высокім.
Канстытуцыя Беларусі як Асноўны Закон дзяржавы мае шырокую эканамічную складаючую. У ёй замацаваны гарантыі права ўласнасці, роўнасць розных яе форм, свабода прадпрымальніцтва, эканамічная функцыя дзяржавы, абарона эканамічных, сацыяльных, культурных і іншых правоў і свабод. У Канстытуцыі спалучаюцца ідэі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання, замацаваны сацыяльныя традыцыі.
Нацыянальнае заканадаўства фарміруецца ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі і міжнародна-прававымі, у тым ліку еўрапейскімі, стандартамі. Як у сферы эканомікі, так і ў сферы права ўплыў гэтых стандартаў вельмі істотны, і, кіруючыся імі, беларуская дзяржава будзе і далей развівацца гэтак жа дынамічна і стабільна.
Права ў любой сучаснай дзяржаве застаецца асноўным рэгулятарам грамадскіх адносін. Стан прававой сістэмы ў цэлым дазваляе меркаваць аб тым, наколькі гарманічна развіваюцца адносіны паміж дзяржавай, грамадствам і чалавекам. Кожны з гэтых суб’ектаў мае свае інтарэсы, знайсці і забяспечыць іх баланс – важнейшая задача. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд падтрымлівае курс Кіраўніка дзяржавы, нарматворчую дзейнасць Парламента, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў для жыцця і працы ўсіх беларускіх грамадзян. Дзяржава ствараецца для народа і прызваная служыць яму. У прававой сферы рашэнні, накіраваныя на дэбюракратызацыю кіраўніцкага апарату, дазваляюць кожнаму чалавеку рэальна адчуць, што яго правы і свабоды з’яўляюцца, як замацавана ў артыкуле 2 Канстытуцыі, найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Пры гэтым вельмі важна, каб чалавек асэнсоўваў справядлівасць устаноўленых прававых правіл. Нават калі імі прадугледжваюцца новыя абавязкі і патрабаванні, разуменне справядлівага прававога рэгулявання ўзрастае пры ўмове папярэдняга растлумачэння сутнасці змяненняў, устанаўлення пераходнага перыяду, прадастаўлення грамадзяніну або суб’екту гаспадарання магчымасці падрыхтавацца да новай прававой сітуацыі. Іменна такая нарматворчая практыка садзейнічае фарміраванню даверу грамадзян да дзяржавы.
У мінулым годзе Канстытуцыйны Суд вынес больш за 30 рашэнняў, прынятых на яго пленарных пасяджэннях, разгледзеў 2148 зваротаў грамадзян, 13 зваротаў дэпутатаў, 77 запытаў дзяржаўных органаў. З улікам калектыўных зваротаў усяго ў Канстытуцыйны Суд звярнулася больш за шэсць тысяч грамадзян. Суддзі Канстытуцыйнага Суда актыўна выступалі ў працоўных калектывах. Усё гэта дало магчымасць атрымаць непасрэдна ад грамадзян звесткі аб праблемах, што існуюць у заканадаўстве і практыцы яго прымянення.
Канстытуцыйны Суд выкладаў сваю пазіцыю па найбольш складаных прававых праблемах, якія часта заставаліся без вырашэння ў іншых дзяржаўных органах.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2006 годзе шэраг яго прапаноў па ўдасканальванню заканадаўства, змяненню падыходаў у праватворчасці і правапрымяненні, выказаных ім раней у пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспублiцы Беларусь, іншых рашэннях Канстытуцыйнага Суда, рэалізаваны ў актах бягучага заканадаўства. Значна менш стала выпадкаў надання актам зваротнай сілы, калі імі ўскладаюцца новыя абавязкі на грамадзян і суб’екты гаспадарання. Органы дзяржаўнай улады, што прымаюць нарматыўныя прававыя акты, імкнуцца ажыццявіць іх афіцыяльнае апублікаванне, прадугледзець пераходны перыяд, на працягу якога грамадзяне і суб’екты гаспадарання могуць азнаёміцца з прынятым актам, падрыхтавацца да яго выканання перш, чым ён уступіць у дзеянне. Зроблены і іншыя важныя крокі ў сферы паляпшэння нарматворчасці і правапрымянення.
Разам з тым заканадаўства яшчэ не стала стабільным і сістэмным, у ім існуе шмат супярэчнасцей, няясна сфармуляваных палажэнняў. Часта адсутнічае прагноз вынікаў прыняцця нарматыўных прававых актаў, што не дазваляе дасягнуць жадаемых вынікаў, якія заяўляюцца ў працэсе ініцыіравання адпаведных праектаў. У сувязі з гэтым дзейнасць некаторых правапрымяняльных інстанцый у многім зводзіцца да перагляду рашэнняў, вынесеных на аснове раней дзеючага заканадаўства. Сканцэнтраванне асноўных намаганняў на дадзеным кірунку прыводзіць да таго, што значна менш часу ўдзяляецца непасрэдна ўмацаванню законнасці.
Аналіз наяўных у Канстытуцыйным Судзе матэрыялаў сведчыць аб тым, што вялікую занепакоенасць грамадзян выклікаюць стан і практыка прымянення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага, грамадзянскага і грамадзянскага працэсуальнага, адміністрацыйнага, жыллёвага, працоўнага, пенсіённага, падатковага і зямельнага заканадаўства. Значная колькасць пытанняў датычыцца вызначэння кола асоб, якія адносяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС, вязняў фашысцкіх канцлагераў; кампенсацыі абясцэньвання ўкладаў і аблігацый і г.д.
Канстытуцыйны Суд раней неаднаразова адзначаў, што для паспяховага станаўлення Рэспублiкi Беларусь як прававой дзяржавы вельмі важна, каб акты бягучага заканадаўства складалі пабудаваную на аснове Канстытуцыі прававую піраміду, у якой выключаны супярэчнасці і прабелы. Заканадаўству яшчэ не хапае яснасці ў замацаванні правоў і абавязкаў грамадзян і юрыдычных асоб, дакладнасці ў вызначэнні суадносін юрыдычнай сілы актаў аднаго і розных узроўняў, а таксама суадносін юрыдычнай сілы актаў, што прымаюцца аднымі і тымі ж органамі, з улікам часу іх прыняцця, кола асоб, на якіх яны распаўсюджваюць сваё дзеянне. Канстытуцыйны Суд вымушаны канстатаваць, што захоўваюцца складанасць і няпэўнасць многіх прававых прадпісанняў, несвоечасовасць унясення адпаведных змяненняў у заканадаўства, растлумачэння нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць калізійныя нормы, супярэчлівасць практыкі прымянення актаў заканадаўства.
Прававыя прадпісанні і заснаваныя на іх рашэнні павінны базіравацца на прынцыпах разумнасці і справядлівасці, грамадзяне і суб’екты гаспадарання павінны быць упэўнены ў стабільнасці свайго статусу, гарантаванасці прадастаўленых ім правоў і свабод і іх абароны; пры абмежаванні ўжо набытых правоў неабходна ўлічваць прынцыпы справядлівасці і суразмернасці адказнасці. Прадказальнасць і разумная стабільнасць нарматыўнага рэгулявання – неад’емная ўмова павышэння даверу грамадзян да дзяржавы. Няяснасць і недакладнасць палажэнняў прававых актаў не толькі парушаюць правы і свабоды грамадзян, але і з’яўляюцца «пажыўным асяроддзем» для праяўлення бюракратызму і іншых злоўжыванняў.
Па ўказаных і іншых прынцыповых кірунках развіцця дзяржавы як дэмакратычнай сацыяльнай прававой неабходна будаваць нарматворчую і правапрымяняльную дзейнасць. Гэта з’явіцца істотным укладам у стымуляванне развіцця эканомікі, творчай актыўнасці грамадзян, падтрымку іх пазітыўных пачынанняў у розных галінах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Дзейсным сродкам фарміравання прававых паводзін грамадзян і гарантый належнай абароны іх правоў з’яўляецца своечасовае і поўнае давядзенне да ведама грамадзян і юрыдычных асоб нарматыўных прававых актаў. У сілу палажэнняў артыкулаў 1, 7 і іншых артыкулаў Канстытуцыі на дзяржаўных органах ляжыць канстытуцыйны абавязак публікаваць або даводзіць да агульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам нарматыўныя прававыя акты. Указаны абавязак дзяржавы карэспандуе замацаванаму ў артыкуле 34 Канстытуцыі праву грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. Калі ў адносінах да нарматыўных прававых актаў гэта задача паспяхова вырашана, то праблема абнародавання тэхнічных нарматыўных прававых актаў працягвае заставацца актуальнай. Канстытуцыйны Суд лічыць, што для належнага забеспячэння канстытуцыйных палажэнняў грамадзяне і юрыдычныя асобы да ўвядзення ў дзеянне тэхнічных рэгламентаў, дзяржаўных стандартаў Рэспублiкi Беларусь, ветэрынарна-санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў, норм і правіл пажарнай бяспекі і іншых падобных актаў павінны мець магчымасць загадзя знаёміцца з іх зместам. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 4 кастрычніка 2006 г. адзначана, што неабходна забяспечыць адзіны комплексны падыход да вызначэння парадку прыняцця, уступлення ў сілу, апублікавання або давядзення да ведама грамадзян і юрыдычных асоб тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Гэта тым больш важна, паколькі за іх невыкананне наступае адміністрацыйная, крымінальная і іншая адказнасць.
Разглядаючы пытанне аб выкарыстанні набытых грамадзянамі білетаў на праезд, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 12 студзеня 2006 г. прыйшоў да вываду аб тым, што ў сілу палажэнняў Грамадзянскага кодэкса і Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» грамадзянін, які набыў білеты на праезд гарадскім транспартам агульнага карыстання да змянення тарыфаў, пры змяненні ўмоў рэалізацыі дагавора мае права атрымаць назад унесеную загадзя плату за аказанне паслугі. Выкарыстанне білета на адну паездку ў аўтобусе, трамваі, тралейбусе каляндарнымі тэрмінамі не абмяжоўваецца, таму білеты могуць заставацца нявыкарыстанымі працяглы час. Мінскі гарвыканком у рашэнні ад 20 ліпеня 2006 г. № 1455 рэалізаваў прапанову аб заліку намінальнага кошту білетаў на адну паездку папярэдняга ўзору пры набыцці білетаў па новых тарыфах на працягу ўсяго тэрміну іх дзеяння. У сваім рашэнні Канстытуцыйны Суд таксама звярнуў увагу на абавязковасць апублікавання нарматыўных прававых актаў да ўвядзення іх у дзеянне.
Канстытуцыяй гарантуецца права на працу (артыкул 41), якое можа быць рэалізавана шляхам заключэння працоўных дагавораў, у тым ліку кантрактаў. Падпунктам 2.5 пункта 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканальванню працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» ўстаноўлена, што кантракт, заключаны з работнікам, павінен прадугледжваць дадатковыя меры стымулявання працы (прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага адпачынку з захаваннем заработнай платы да пяці каляндарных дзён, павышэнне тарыфнай стаўкі). У пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 1999 г. № 1476 таксама ўказана, што ў кантракце павінна быць вызначана канкрэтная мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка. Маюць месца выпадкі, калі ў арганізацыях, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, пры пераводзе работніка на кантрактную форму найму не забяспечваецца рэалізацыя палажэнняў падпункта 2.5 пункта 2 вышэйназванага Дэкрэта. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд рашэннем ад 16 лістапада 2006 г. унёс у Савет Міністраў прапанову аб неабходнасці разгляду пытання ці аб рэальным гарантаванні для работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, выканання адпаведных палажэнняў упамянутых вышэй Дэкрэта і пастановы Савета Міністраў, ці аб замацаванні ў заканадаўстве такой фармулёўкі, у адпаведнасці з якой прадастаўленне ўказанай меры будзе вызначацца па дамоўленасці бакоў з улікам фінансавых магчымасцей арганізацыі. У цяперашні ж час дадзеная мера павінна быць прадугледжана ў кантракце ў якасці абавязковай умовы. На практыцы гэта пацвярджаецца той акалічнасцю, што органы, якія ажыццяўляюць кантроль за выкананнем працоўнага заканадаўства, накладваюць спагнанне на службовых асоб суб’ектаў гаспадарання ў выпадку адсутнасці ў кантрактах дадатковых мер стымулявання працы работнікаў.
Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова звяртаўся да пытанняў абароны правоў грамадзян пры выплаце і падаткаабкладанні выхадной дапамогі. Паміж падатковым і працоўным заканадаўствам працяглы час захоўваецца супярэчнасць у частцы абкладання выхадной дапамогі падаходным падаткам. Гэта супярэчнасць зводзіцца да таго, што выхадная дапамога, падстава і памер якой устаноўлены законам, падаходным падаткам не абкладваецца, а ўстаноўленая калектыўным дагаворам – падлягае абкладанню падаткам. З улікам палажэнняў Працоўнага кодэкса як нарматыўнага прававога акта больш высокай юрыдычнай сілы пазіцыя Канстытуцыйнага Суда зводзіцца да таго, што выхадная дапамога незалежна ад таго, выплачваецца яна ў адпаведнасці з законам або на падставе калектыўнага дагавора, не падлягае абкладанню падаходным падаткам. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Парламент можа ўстараніць калізію, якая захоўваецца паміж законамі (Працоўным кодэксам і Законам «Аб падаходным падатку з фізічных асоб»), грунтуючыся на сваіх паўнамоцтвах, а таксама з улікам вырашэння дадзенага пытання ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. № 295.
Калізійнасць заканадаўства выяўлена Канстытуцыйным Судом таксама пры разглядзе парадку і ўмоў пенсіённага забеспячэння бортправаднікоў. У Заключэнні ад 29 сакавіка 2006 г. было адзначана, што ў Паветраным кодэксе і пенсіённым заканадаўстве працяглы час захоўваліся неадназначныя падыходы да выкарыстання тэрмінаў і паняццяў. Своечасовае прывядзенне заканадаўства ў стан узгодненасці, устараненне ўнутранай супярэчлівасці маглі б поўнасцю зняць праблему задоўга да ўзнікнення канфлікту.
Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным унесці яснасць у змест прававога рэгулявання адносін па атрыманню ў спадчыну ў Беларусі зямельных участкаў грамадзянамі Расіі і практыку яго прымянення. У рашэнні ад 9 студзеня 2006 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што згодна з Канстытуцыяй замежныя грамадзяне ў Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, зыходзячы з прыярытэту прынцыпаў і норм міжнароднага права, умоў Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян, грамадзяне Расіі, як і грамадзяне Беларусі, маюць права атрымання ў спадчыну зямельных участкаў, якія размешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у сілу палажэнняў артыкула 161 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі.
Як устаноўлена ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 26 студзеня 2006 г., Мінскі гарвыканком у межах сваёй кампетэнцыі прымае рашэнні аб папярэднім узгадненні месца размяшчэння аб’екта будаўніцтва і дазваленні правядзення праектна-вышукальных работ, аб прадастаўленні зямельнага ўчастка і дазволе будаўніцтва аб’екта. Пры гэтым у дагаворах на права праектавання і будаўніцтва аб’ектаў агаворваюцца правы і абавязкі бакоў, у тым ліку абавязак забудоўшчыка па долеваму ўдзелу ў развіцці галін гарадской гаспадаркі. Забудоўшчыкі могуць удзельнічаць у развіцці такіх аб’ектаў уласнымі сіламі. Прыцягненне сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый на долевы ўдзел у развіцці гарадскіх сістэм і збудаванняў не адносіцца да катэгорыі мясцовых збораў. Таму, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, спагнанне сродкаў на долевы ўдзел у развіцці галін гарадской гаспадаркі г. Мінска можа ажыццяўляцца толькі са згоды ўласніка сродкаў.
Недахопы прававога рэгулявання, якія выражаюцца ва ўвядзенні дадатковых абмежавальных прадпісанняў, не заснаваных на законе, адзначаны ў прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, выказанай у рашэнні ад 9 лютага 2006 г. Прадметам разгляду была Інструкцыя Міністэрства юстыцыі аб парадку выдачы пасведчання аб атэстацыі рыэлтэра. У ёй уведзена дадатковае абмежаванне для атрымання пасведчання аб атэстацыі рыэлтэра ў сувязі з учыненнем асобай карыслівага злачынства, што не прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 г. № 15 і Палажэннем аб ліцэнзаванні дзейнасці па аказанню юрыдычных паслуг, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2003 г. № 1363. Міністэрству юстыцыі прапанавана разгледзець пытанне аб прывядзенні пункта 4 указанай Інструкцыі ў частцы абмежавання права грамадзян на заняцце дзейнасцю па аказанню рыэлтэрскіх паслуг у сувязі з учыненнем імі карыслівых злачынстваў, судзімасць за якія знята і пагашана ва ўстаноўленым законам парадку, у адпаведнасць з нарматыўнымі прававымі актамі, што валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Адмова ў заняцці рыэлтэрскай дзейнасцю, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, можа быць абумоўлена іншымі прычынамі.
У сувязі з пастаўленымі ў 2006 годзе задачамі аптымізацыі адносін паміж асобай і дзяржаўнымі органамі (падатковымі, праваахоўнымі і іншымі) яснасць і дастатковая дакладнасць у рэгуляванні пытанняў выплаты рэспубліканскіх і мясцовых падаткаў набываюць асаблівае значэнне, на што Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу ў Заключэнні ад 21 верасня 2006 г. Дзяржаўныя органы пры ўстанаўленні падаткаў абавязаны прытрымлівацца практыкі замацавання ў заканадаўчых актах асноўных элементаў падаткаабкладання (плацельшчыкі, аб’ект падаткаабкладання, падатковая база, падатковы перыяд, падатковая стаўка (стаўкі), парадак вылічэння, парадак і тэрміны выплаты). Гэта патрабаванне прама вынікае з палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 2005 г. № 520, у якім знайшла пацвярджэнне прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па дадзенаму пытанню. Рэалізацыя ўказанай пазіцыі заканадаўцам у кожным выпадку забяспечвае для плацельшчыкаў падаткаў прадказальнасць іх прававога становішча, якая з’яўляецца вырашаючай складаючай у выкананні падатковага заканадаўства. Нарматворчым органам (перш за ўсё Парламенту і Ураду) таксама неабходна прытрымлівацца строгіх правіл дэлегавання паўнамоцтваў на выданне рэгулюючых норм з улікам сфер кампетэнцыі дзяржаўных органаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, фармулёўкі норм законаў не павінны дапускаць практыкі перадэлегавання паўнамоцтваў у падатковай сферы. Ва ўказаным Заключэнні таксама адзначана, што пры дэлегаванні Парламентам або Урадам паўнамоцтваў іншым органам па пытаннях, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян, мэтазгодна вызначаць межы такога рэгулявання падзаконнымі актамі. Гэта дазволіць выключыць выпадкі прыняцця рашэнняў, якія не ў поўнай меры адпавядаюць мэтам заканадаўчага рэгулявання.
Гарантыі законных правоў грамадзян не былі ў дастатковай ступені ўлічаны пры ўскладанні на індывыідуальных прадпрымальнікаў паўнамоцтваў па вылічэнню, утрыманню і пералічэнню ў бюджэт збору за паркоўку (стаянку), плацельшчыкамі якога выступаюць спажыўцы стаянак. Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 5 ліпеня 2006 г. указаў на неабгрунтаванасць і неправамернасць ускладання на індывідуальных прадпрымальнікаў падобных функцый, паколькі яны не адпавядаюць палажэнням Агульнай часткі Падатковага кодэкса аб удзельніках дадзеных падатковых адносін. Такую функцыю маюць права выконваць дзяржаўныя органы або яна можа быць ускладзена на арганізацыі, але не на індывідуальных прадпрымальнікаў. З улікам пазіцыі Канстытуцыйнага Суда дадзеная прававая праблема атрымала сваё вырашэнне ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2006 г. № 589 «Аб упарадкаванні работы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак» шляхам канкрэтызацыі аб’екта, які падлягае абкладанню зборам за паркоўку (стаянку) у спецыяльна абсталяваных месцах.
Для правапрымяняльнай практыкі, абароны інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання, павышэння даверу да дзяржавы і органаў, прызваных вырашаць спрэчкі, якія ўзнікаюць, было б карысна прадугледзець дадатковыя гарантыі абароны правоў добрасумленных набытчыкаў, што купілі тавар, мытны рэжым якога не дазваляў учыняць з ім здзелкі ва ўнутраным абароце, ці перамешчаны праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь з парушэннем мытнага заканадаўства, аб чым пакупніку не магло быць вядома ў час учынення здзелкі. Як правіла, такія тавары выяўляюцца ў ходзе кантрольных праверак. Былі выпадкі, калі яны набываліся на таргах, што арганізоўваюцца судамі. Пры гэтым вінаватыя асобы мытнымі органамі не ўстанаўліваюцца, а пратаколы аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях складаюцца ў адносінах да неўстаноўленых асоб. Практыка судоў зводзіцца да звароту выяўленых тавараў ва ўласнасць дзяржавы, нягледзячы на тое, што пакупнік – уласнік такога тавару не ведаў і не мог ведаць аб існуючых абмежаваннях.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у мэтах дадатковай абароны правоў добрасумленных пакупнікоў павінны быць прыняты прававыя меры, накіраваныя на ўдасканальванне як мытнага і адміністрацыйнага заканадаўства, так і практыкі іх прымянення, уключаючы права пакупніка на атрыманне ад мытных органаў поўнай і дакладнай інфармацыі аб тавары, які выступае прадметам здзелкі. Мае патрэбу ў аналізе і ацэнцы суразмернасць санкцый цяжару ўчыненага адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама мэтазгоднасць канфіскацыі тавару ў выпадках, калі гэта можа пацягнуць неспрыяльныя вынікі для нармальнага ажыццяўлення суб’ектам гаспадарання сваёй дзейнасці. Пазітыўную тэндэнцыю большага ўвязвання меры адказнасці з цяжарам правапарушэння, якая намецілася, мэтазгодна прадоўжыць. Патрабуе ўдасканальвання сама працэдура адміністрацыйнага судаводства, асабліва з улікам таго, што санкцыі за адміністрацыйныя правапарушэнні нярэдка пераўзыходзяць санкцыі за крымінальныя правапарушэнні.
Не заўсёды належным чынам забяспечваюцца правы грамадзян пры вырашэнні пытанняў прыватызацыі жылых памяшканняў, у тым ліку ў выпадках ільготнай прыватызацыі жылога памяшкання згодна з міжнароднымі пагадненнямі. Канстытуцыйным Судом у рашэнні ад 26 студзеня 2006 г. адзначана, што ў адпаведнасці з Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Украіны аб сумесных дзеяннях па мінімізацыі і пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы ад 12 мая 1997 г. грамадзяне Украіны, якія пацярпелі ў выніку чарнобыльскай катастрофы, у выпадку пераезду на пастаяннае месца жыхарства на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». У сувязі з гэтым Савету Міністраў прапанавана сфарміраваць практыку прымянення заканадаўства аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з дадзеным Пагадненнем.
Вызначаючы сваю пазіцыю па пытанню аб кампенсацыі страхоўшчыкам шкоды, прычыненай пацярпеўшаму, па дагавору абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 23 чэрвеня 2006 г. прыйшоў да вываду аб тым, што паколькі гэты від абавязковага страхавання рэгулюецца спецыяльнымі заканадаўчымі актамі, то пры разглядзе пытання аб кампенсацыі шкоды пацярпеўшаму належыць кіравацца нормамі гэтых актаў, якія маюць прыярытэт перад агульнымі нормамі грамадзянскага заканадаўства.
Вывучыўшы асобныя аспекты аднясення ветэранаў да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія прымалі ўдзел у лакальных войнах і ваенных канфліктах, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 9 лістапада 2006 г. указаў, што ў Законе «Аб ветэранах» дастаткова дакладна вызначаны крытэрыі аднясення асоб да ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. У частцы аднясення некаторых катэгорый асоб да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Канстытуцыйны Суд лічыць, што для сцвярджэння несупярэчлівай правапрымяняльнай практыкі можна было б даць афіцыяльнае тлумачэнне Парламентам адпаведнай нормы Закона «Аб ветэранах» або ўнесці ў дадзены Закон змяненні, якія забяспечылі б адэкватнасць практыкі заканадаўству.
У Канстытуцыйны Суд паступаюць звароты мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама грамадзян, якія датычацца жыллёвага заканадаўства, у прыватнасці Жыллёвага кодэкса і Прыкладнага статута ЖБК.
У рашэнні ад 28 снежня 2006 г. «Аб удасканальванні палажэнняў Прыкладнага статута жыллёва-будаўнічага кааператыва» адзначана недасканаласць норм жыллёвага заканадаўства, якія датычацца стварэння і дзейнасці ЖБК, а таксама ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю ЖБК мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, наяўнасць у ім супярэчнасцей, што ўскладняе яго прымяненне на практыцы. Гэта ў шэрагу выпадкаў выключае магчымасць належнага ажыццяўлення ЖБК сваіх функцый і, такім чынам, не забяспечвае ў поўнай меры абарону жыллёвых правоў і законных інтарэсаў членаў ЖБК, уласнікаў жылых памяшканняў у дамах ЖБК, а таксама дзяржаўных інтарэсаў.
Савету Міністраў было прапанавана да прыняцця новага Жыллёвага кодэкса ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Прыкладны статут жыллёва-будаўнічага кааператыва з улікам норм дзеючага жыллёвага заканадаўства, Грамадзянскага кодэкса, Закона «Аб сумесным домаўладанні» і іншых актаў заканадаўства з мэтай устаранення прававых перашкод для належнага ажыццяўлення дзейнасці ЖБК, у прыватнасці тыя, што дазваляюць ЖБК пры неабходнасці прымаць рашэнні не толькі на агульным сходзе, але і іншым спосабам, напрыклад шляхам уліку заяў яго членаў, што паступілі ў пісьмовай форме, як гэта прадугледжана часткай пятай артыкула 17 Закона «Аб сумесным домаўладанні».
У многіх зваротах грамадзян, які паступілі ў Канстытуцыйны Суд у 2006 годзе, узнімаюцца пытанні аб недахопах прымянення законаў пры адпраўленні правасуддзя, асабліва ў касацыйных і наглядных інстанцыях. У сваіх зваротах, у тым ліку на асабістым прыёме ў Канстытуцыйным Судзе, грамадзяне прыводзяць факты парушэнняў пры вынясенні судовых рашэнняў.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе неабходным узмацніць нагляд за законнасцю вынесеных судовых пастаноў, забяспечыць строгае выкананне Канстытуцыі, бягучага працэсуальнага і матэрыяльнага заканадаўства, надзяліць Генеральнага пракурора правам звароту ў Канстытуцыйны Суд у выпадках, калі прынесены ім пратэст у адносінах да нарматыўнага прававога акта не задаволены адпаведным органам дзяржаўнай улады.
Умацаванню канстытуцыйных гарантый абароны правоў і свабод грамадзян магло б паслужыць строгае выкананне артыкула 112 Канстытуцыі з прадастаўленнем усім судам права на непасрэдны запыт у Канстытуцыйны Суд аб праверцы акта, які падлягае прымяненню ў канкрэтнай справе, на прадмет яго адпаведнасці Канстытуцыі. Апошні запыт агульных судоў у Канстытуцыйны Суд быў дзесяць гадоў назад. Практыка, якая склалася, прыводзіць да таго, што на многія гады зацягваецца законнае вырашэнне прававых канфліктаў, а таксама параджае мнагакратнае хаджэнне па розных інстанцыях грамадзян, якія часта маюць падставы быць нязгоднымі з вынесенымі пастановамі.
Напрыклад, да гэтага часу застаецца адкрытым пытанне аб атрыманні ў спадчыну кватэр у ЖБК, члены якіх поўнасцю выплацілі паявыя ўзносы да 1 мая 1994 г., але ў сілу розных прычын (напрыклад, у сувязі са смерцю) не паспелі аформіць іх ва ўласнасць. Па дзеючаму да 1 мая 1994 г. заканадаўству гэтыя асобы сталі ўласнікамі і, адпаведна, атрымліваць у спадчыну кватэры мелі права блізкія сваякі і іншыя асобы, якім яны былі завешчаны. Іменна такая пазіцыя была выказана Канстытуцыйным Судом у сувязі з запытам дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Практыка ж пайшла па шляху прадастаўлення гэтых кватэр чужым асобам і выплаты наследнікам сум паявых узносаў, якія зусім несуразмерныя з коштам кватэры.
Прыкладаў, калі іменна дзяржава павінна быць зацікаўлена ў правільным і справядлівым вырашэнні прававой спрэчкі, дастаткова многа. Выкананне ўласцівых прававой дзяржаве правіл развіцця заканадаўства (прыняцця нарматыўных прававых актаў, іх змянення, практыкі прымянення) аказвае пазітыўнае ўздзеянне на ўсю сістэму адносін. У той жа час іх невыкананне можа негатыўна ўздзейнічаць на псіхалагічны стан чалавека, а ён, у сваю чаргу, цягнуць такія вынікі, як рост вытворчага траўматызму, павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і інш.
Гарантыі правоў і свабод грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах, у дзяржаве для народа набываюць асаблівую значнасць. Няўхільнае выкананне нарматыўных прадпісанняў паступова становіцца натуральнай нормай паводзін большасці грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Прыхільнасць дзяржавы да выканання канстытуцыйных норм бачна на практыцы выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Пры гэтым забяспечваецца належнае ўвасабленне канстытуцыйных прынцыпаў і норм у грамадскую практыку. Неабходна адзначыць, што ў 2006 годзе выканана 18 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, у тым ліку 14 рашэнняў, прынятых у папярэднія гады. Шэраг з іх атрымалі падтрымку Кіраўніка дзяржавы. Так, ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2006 г. № 153 рэалізавана прапанова Канстытуцыйнага Суда, выкладзеная ў рашэнні ад 1 сакавіка 2005 г. Указам устаноўлена, што плата за тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў і карыстанне імі, за камунальныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, адлічэнні на капітальны рамонт жылых дамоў уносяцца не пазней 25-га чысла наступнага за разліковым месяца.
Ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2006 г. № 95 улічана прапанова Канстытуцыйнага Суда ад 21 кастрычніка 2005 г. па пытанню уніфікацыі дапамогі, якая выплачваецца на дзяцей працуючым і непрацуючым жанчынам. Па прапанове Канстытуцыйнага Суда працуючым і непрацуючым жанчынам на аснове прынцыпу роўнасці грамадзян Рэспублікі Беларусь забяспечана права на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне незалежна ад сацыяльнага становішча і роду заняткаў. У цяперашні час дапамога на дзяцей выплачваецца ім у роўных памерах.
У артыкуле 8 Закона «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2006 год» знайшлі ўвасабленне рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 12 ліпеня 2005 г. і ад 26 жніўня 2005 г. па вызначэнню на ўзроўні закона асноўных элементаў падаткаабкладання. У мэтах узгодненасці праводзімай у Рэспубліцы Беларусь бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі з палажэннямі артыкула 132 Канстытуцыі заканадаўцам у законе аб бюджэце прадугледжаны меры па абмежаванню памераў ставак мясцовых збораў.
Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, выказаная ў рашэннях ад 1 лютага 2001 г. і ад 3 студзеня 2006 г., аб тым, што не падлягаюць абкладанню падаходным падаткам даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі ў выглядзе выхадной дапамогі ў сувязі з іх выхадам на пенсію, якая выплачваецца ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных калектыўным дагаворам, знайшла пацвярджэнне ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. № 295.
Шэраг прапаноў Канстытуцыйнага Суда па ўдасканальванню заканадаўства ўключаны ў праекты заканадаўчых актаў, якія знаходзяцца на разглядзе ва ўпаўнаважаных дзяржаўных органах.
Стан выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда дазваляе зрабіць вывад аб тым, што ў цэлым дзяржаўнымі органамі прымаюцца адэкватныя меры па ўстараненню выяўленых Канстытуцыйным Судом недахопаў заканадаўства. Канстытуцыйны Суд разлічвае, што і іншыя раней выказаныя ім прапановы будуць рэалізаваны на практыцы.
Канстытуцыйны Суд вымушаны канстатаваць, што выражаная ім прававая пазіцыя па адпаведных пытаннях прававога рэгулявання, аб недахопах у судовай і іншай правапрымяняльнай практыцы нярэдка спачатку атрымлівае адмоўную рэакцыю, а затым па сканчэнні некалькіх месяцаў, а то і гадоў прызнаецца і рэалізуецца ў заканадаўстве. Гэта сведчыць аб тым, што некаторыя службовыя асобы, часта зыходзячы з ведамасных інтарэсаў, не жадаюць, а часам і не ў стане змяніць стыль свайго мыслення, разабрацца ў складанай прававой сітуацыі і хутка садзейнічаць устараненню канфлікту, застаючыся ва ўладзе падыходаў і стэрэатыпаў, якія ўстаяліся. Падобнага роду практыка не садзейнічае ўмацаванню даверу грамадзян да дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд поўнасцю падзяляе патрабаванні Кіраўніка дзяржавы аб павароце да патрэб людзей, іх правоў і абавязкаў.
Не менш важна для ўмацавання канстытуцыйнай законнасці юрыдычная асвета шырокіх слаёў насельніцтва. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць апраўданым пашырэнне форм бясплатнай юрыдычнай дапамогі насельніцтву, асабліва на мясцовым узроўні, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі. Рэалізацыі ўказанай задачы магло б садзейнічаць таксама масавае выданне дзяржавай недарагіх юрыдычных даведнікаў для насельніцтва.
Грамадства заўсёды станоўча ўспрымае сітуацыю, калі дзяржаўныя інстытуты і службовыя асобы прытрымліваюцца прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і судом. Умацаванне гэтага канстытуцыйнага прынцыпу ў свядомасці службовых асоб дзяржаўных органаў і ў практыцы іх работы не толькі атрымлівае падтрымку ўсяго грамадства, але і самым станоўчым чынам уздзейнічае на фарміраванне прававой сістэмы сучаснай дзяржавы.
Для паляпшэння стану канстытуцыйнай законнасці неабходна ўпарадкаваць работу дзяржаўнага апарату. Удасканальванне прававой рэгламентацыі штодзённых адносін дзяржавы з грамадзянамі адобрана трэцім Усебеларускім народным сходам, што зацвердзіў праграмныя патрабаванні, па якіх павінна развівацца прававая рэчаіснасць Беларусі ў бліжэйшыя гады. Усімі сродкамі неабходна дабівацца стварэння ў Рэспубліцы Беларусь такога становішча, пры якім відавочнай для кожнага грамадзяніна становіцца звязанасць органаў дзяржаўнай улады прынятымі рашэннямі. У сувязі з гэтым узрастае значэнне дзейнасці службовых асоб дзяржаўных органаў і мясцовага самакіравання на аснове сапраўднай павагі да права як да універсальнага сродку папярэджання і вырашэння розных спрэчак. Кожны дзяржаўны служачы павінен разглядаць права як каштоўнасць, сацыяльнае дабро, якое забяспечвае стабільнасць і прагрэс грамадства і дзяржавы. Вырашэнне спрэчных пытанняў прававымі інструментамі з’яўляецца больш выгадным для грамадства. Пры гэтым забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, прамое дзеянне яе норм застаюцца важнейшымі паказчыкамі ўстойлівасці канстытуцыйнага ладу.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўмацаванню канстытуцыйнай законнасці, істотнаму зніжэнню колькасці скарг і іншых зваротаў, якія штогод паступаюць у дзяржаўныя органы, можа садзейнічаць узмацненне кантролю за выкананнем дзеючага заканадаўства, у тым ліку з боку калегіяльных прадстаўнічых органаў – Парламента, а таксама мясцовых Саветаў дэпутатаў, абнаўленне якіх адбудзецца ў сувязі з выбарамі 14 студзеня 2007 г. Аналіз тэматыкі пасяджэнняў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, на жаль, сведчыць аб тым, што пытанні аб выкананні галіновага заканадаўства рэдка ўключаюцца ў парадак дня. Сітуацыю, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неабходна было б змяніць у лепшы бок.
Сіла беларускай дзяржавы – у справядлівасці. У Канстытуцыі сфармуляваны асноўныя пазіцыі для забеспячэння згоды ў грамадстве. Канстытуцыйная культура неабходна як для грамадства, так і для дзяржавы. Законнасць садзейнічае эфектыўнаму ўзаемадзеянню грамадскіх сіл дзеля прагрэсу ўсяго грамадства.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 11 студзеня 2007 года.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч