Пасланнi Канстытуцыйнага Суда

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2005 ГОДЗЕ

Канстытуцыйны Суд заснаваны для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе непасрэднага дзеяння, адпаведнасці актаў дзяржаўных органаў Канстытуцыі, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні.

Свае вывады і ацэнкі аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь Канстытуцыйны Суд грунтаваў на разгледжаных у 2005 годзе матэрыялах, а таксама інфармацыі, якая паступіла ў сувязі з удзелам прадстаўнікоў Канстытуцыйнага Суда ў пасяджэннях Парламента, Урада і іншых органаў дзяржаўнай улады. Ацэнка стану прававой сферы стала магчымай дзякуючы таксама разгляду зваротаў грамадзян, дэпутатаў і іншых асоб, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд. Усяго ў 2005 годзе ў Канстытуцыйны Суд звярнуліся з асабістымі і калектыўнымі заявамі каля шасці тысяч грамадзян, разгледжана 29 зваротаў дэпутатаў. На асабістым прыёме, у тым ліку ў час сустрэч з працоўнымі калектывамі, суддзямі і спецыялістамі Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда прынята каля 300 чалавек. Спецыялістамі Сакратарыята прааналізавана больш за 30 праектаў нарматыўных прававых актаў і іншых пытанняў, у тым ліку тых, што паступілі з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і палат Парламента.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйная законнасць – не абстрактная катэгорыя, а такі стан грамадскіх адносін, пры якім права як важнейшы сацыяльны рэгулятар садзейнічае дасягненню мэт і задач, што вызначаны ў Асноўным Законе нашай краіны. У сувязі з гэтым ацэнка заканадаўства і практыкі яго прымянення ажыццяўляецца з улікам іх уплыву на дабрабыт грамадзян, развіццё дэмакратыі і прававога характару дзяржавы.

* * *

Перш за ўсё трэба адзначыць, што, зыходзячы з наяўных прыродных, інтэлектуальных, прававых, арганізацыйных і іншых рэсурсаў, Рэспубліка Беларусь дастаткова паспяхова развіваецца як сацыяльная дзяржава. Асновай для гэтага з'яўляюцца нормы артыкулаў беларускай Канстытуцыі, а таксама законы, дэкрэты, указы, пастановы Урада і іншыя юрыдычныя акты, якія прымаюцца ў яе развіццё. Важнейшай падзеяй у 2005 годзе з'явілася завяршэнне рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001–2005 гады, якая практычна выканана па ўсіх прагнозных паказчыках. Праграма была накіравана на паглыбленне сацыяльнага характару нашай дзяржавы і ў выніку напружанай работы дзяржаўных органаў і ўсяго беларускага народа дала свае вынікі. У прыватнасці, у 2005 годзе дасягнуты самы высокі паказчык дынамікі росту валавога ўнутранага прадукту ў параўнанні з краінамі СНД і Еўропы, істотны рост прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, рэальных грашовых даходаў насельніцтва, што гарантуе суверэнітэт дзяржавы, яе эканамічную, харчовую і іншую бяспеку, якія забяспечваюць, у сваю чаргу, спакойную працу грамадзян для павышэння асабістага і грамадскага дабрабыту. Так, па наяўных даных, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2005 годзе павялічыліся больш чым на 16 працэнтаў у параўнанні з 2004 годам, а за перыяд з 1994 года сярэдняя заработная плата ў Беларусі ўзрасла з 21 да 261 долара ЗША ў месяц (у эквіваленце). Істотнае зніжэнне ўзроўню інфляцыі забяспечыла давер грамадзян да беларускага рубля, што, у прыватнасці, выразілася ў павелічэнні за апошнія пяць гадоў банкаўскіх укладаў у беларускіх рублях у 13,5 раза, размер якіх у 2005 годзе ацэньваўся ў 5,5 трыльёна рублёў.

Сведчаннем паспяховага развіцця беларускай дзяржавы як сацыяльнай з'яўляецца тое, што каля 60 працэнтаў усіх расходаў кансалідаванага бюджэту ў 2005 годзе склала фінансаванне сацыяльнай сферы. Пры гэтым дзейнасць Прэзідэнта, Урада, Парламента, іншых органаў дзяржаўнай улады была накіравана на павелічэнне прамысловай, сельскагаспадарчай вытворчасці, экспарту беларускай прадукцыі, што прывяло да паляпшэння жыцця людзей. Значны аб'ём фінансавання ў параўнанні з іншымі дзяржавамі СНД складаюць расходы на навуку, адукацыю, ахову здароўя і культуру. Незвычайнымі з'яўляюцца вынікі ў галіне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Так, у 2005 годзе ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі, навучаліся 383 тысячы чалавек, у той час як у 1994 годзе – каля 190 тысяч. Па гэтаму паказчыку Рэспубліка Беларусь уваходзіць у лік вядучых краін. Не толькі рост колькасці навучэнцаў і студэнтаў, але і іх перамогі на розных алімпіядах і конкурсах сведчаць аб тым, што для гэтага створана ў цэлым спрыяльная заканадаўчая аснова, а праводзімая ў дадзеным напрамку работа дае высокія рэзультаты і паказвае таленавітасць беларускага народа.

Для сацыяльнай дзяржавы характэрна пабудова такіх адносін паміж ёй і чалавекам, пры якіх дзяржава аказвае садзейнічанне перш за ўсё тым, хто па аб'ектыўных прычынах (у сілу ўзросту, стану здароўя і інш.) не можа забяспечыць свае матэрыяльнае існаванне. Што датычыцца іншых асоб, то роля дзяржавы зводзіцца да таго, каб прававымі сродкамі, праводзімай палітыкай садзейнічаць рэалізацыі грамадзянамі здольнасцей да працы ў гаспадарчай (у якасці наёмнага работніка, прадпрымальніка), творчай і іншых сферах.

У Беларусі самы нізкі ў Еўропе паказчык беспрацоўя – 1,5 працэнта ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва. Гэтаму садзейнічаюць як нормы працоўнага заканадаўства, так і меры, якія прымаюцца Прэзідэнтам, Урадам, Парламентам па забеспячэнню занятасці насельніцтва, што з'яўляецца адной з важнейшых прымет сацыяльнага характару дзяржавы.

У 2005 годзе размер сярэднямесячнай пенсіі павялічыўся ў параўнанні з 2001 годам у восем разоў, а за перыяд з 1994 года па 2005 год вырас з 8 да 98 долараў ЗША (у эквіваленце). У Рэспубліцы Беларусь налічваецца каля 2,6 мільёна пенсіянераў. У сувязі з гэтым значная частка падаткаў і іншых паступленняў у бюджэт ідзе на пенсіі і дапамогі, аказанне дапамогі асобам, якія маюць у ёй патрэбу. Так, у спецыяльна створанай сетцы сацыяльнага абслугоўвання, якая ўключае 156 тэрытарыяльных цэнтраў, аказваецца рэальная дапамога больш чым 70 тысячам пенсіянераў і інвалідаў.

У адпаведнасці з жыллёвым заканадаўствам ствараюцца спрыяльныя ўмовы для атрымання новага жылля маладымі і мнагадзетнымі сем'ямі. Значна больш інтэнсіўна ў параўнанні з іншымі дзяржавамі, якія, як і Беларусь, нядаўна набылі суверэнітэт, вядзецца жыллёвае будаўніцтва. У 2005 годзе ўведзена 3 мільёны 780 тысяч квадратных метраў жылля. Разам з тым жыллёвая сфера з'яўляецца адной з тых сфер, у развіцці якіх грамадзяне найбольш зацікаўлены, паколькі ствараюцца новыя сем'і, растуць запатрабаванні людзей да камфорту, памераў жылля і іншых умоў.

Як паказвае разгляд у Канстытуцыйным Судзе спраў і матэрыялаў, заканадаўства і практыка ў гэтай галіне маюць шэраг недахопаў.

Звароты ў Канстытуцыйны Суд па жыллёвых пытаннях сведчаць аб неабходнасці заканадаўчымі сродкамі забяспечыць баланс інтарэсаў ЖБК як калектыву грамадзян-забудоўшчыкаў і інтарэсаў асобных грамадзян, якія спачатку ўступілі ў ЖБК, а потым па якіх-небудзь прычынах вырашылі з яго выбыць. З аднаго боку, нельга зацягваць вяртанне сродкаў грамадзяніну, які выбыў з ЖБК, а з другога – яго адмова ад узятых на сябе пры ўступленні ў ЖБК абавязацельстваў (выхад з ЖБК) не павінна прыводзіць да замарожвання будаўніцтва жылога дома кааператывам. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць апраўданым устанавіць рэальны тэрмін, на працягу якога былым членам павінны быць вернуты ўнесеныя ў ЖБК сродкі, а таксама разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных фондаў для іх вяртання і фінансавай падтрымкі ЖБК на перыяд да прыёму новых членаў узамен тых, якія выбылі.

Выклікае пярэчанні грамадзян і раней усталяваная практыка ў галіне атрымання ў спадчыну кватэр у ЖБК. Так, да 1 мая 1994 г. права ўласнасці на кватэру ў ЖБК грамадзяніна, які ўнёс паявы ўзнос, узнікала з моманту яго выплаты і не патрабавала адпаведнага афармлення. Змяненне ў далейшым заканадаўства, згодна з якім патрабавалася афармленне права ўласнасці, у прынцыпе правамерна, але яно не магло распаўсюджвацца на асоб, якія ўжо фактычна набылі права ўласнасці на кватэру па раней дзеючаму заканадаўству. Гэта прывяло да таго, што наследнікі памерлых членаў ЖБК замест рэальнай кватэры атрымлівалі толькі грошы, прычым несуразмерныя рыначнаму кошту кватэры, і, такім чынам, іх права на жыллё, а таксама права ўласнасці ў парушэнне артыкулаў 44 і 48 Канстытуцыі не былі забяспечаны. Канстытуцыйны Суд і раней звяртаў увагу на дадзеную праблему, аднак судовая і іншая правапрымяняльная практыка, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, развівалася па шляху, які не забяспечваў трыумф права і справядлівасці.

Аналізуючы заканадаўства аб парадку прадастаўлення службовага жылога памяшкання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што яно мае патрэбу ў змяненні ў частцы патрабавання аб абавязковым адчужэнні жылога памяшкання, што знаходзіцца ва ўласнасці асобы, якой прадастаўляецца службовае жыллё. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, уласнік не абавязаны праводзіць адчужэнне ўказанага памяшкання. Акрамя таго, неабходна прадугледзець дадатковыя гарантыі і ў выпадку прадастаўлення службовага жылля асобе, якая на момант прыняцця такога рашэння мае дадзенае жыллё ў карыстанні па дагавору найму. Гэта абумоўлена тым, што ў выпадку спынення работы, у сувязі з якой было прадастаўлена службовае жыллё, грамадзянін аказваецца наогул без жылля, а атрыманыя раней сродкі за продаж кватэры для куплі новай аказваюцца недастатковымі. Такія факты на практыцы ёсць.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што існуючыя ў гарадах чэргі грамадзян на жыллё, будаўніцтва гаражоў і іншых аб’ектаў сведчаць як аб жаданні грамадзян за кошт сваіх сродкаў вырашыць уласныя праблемы, так і аб непаваротлівасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў адносінах да адводу зямельных участкаў і вырашэння іншых звязаных з гэтым пытанняў. На ўказаныя праблемы Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу ў папярэдніх сваіх пасланнях і лічыць, што іх вырашэнне патрабуе самай пільнай увагі з боку дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў 2005 годзе па шэрагу іншых пытанняў, звязаных з удасканальваннем жыллёвага заканадаўства ў інтарэсах грамадзян, з ім канструктыўна супрацоўнічалі Урад, Міністэрства эканомікі, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Мінскі, Віцебскі гарадскія выканаўчыя камітэты. Так, былі вырашаны пытанні, якія датычацца адзінага пераліку паслуг па прыватызацыі жылых памяшканняў, у выніку чаго пераафармленне чэкаў “Маёмасць” на чэкі “Жыллё” ў дадзены пералік не ўключана, што дазваляе ажыццяўляць іх пераафармленне без спагнання платы. Было вырашана таксама пытанне аб правільным прымяненні заканадаўства, якое рэгулюе пастаноўку на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і атрыманне фінансавай дапамогі асобамі, звольненымі з ваеннай службы.

Прадугледжаная ў нашай дзяржаве сістэма выплаты дапамогі садзейнічае дадатковай сацыяльнай абароне грамадзян. Справядлівай з’яўляецца арыентацыя на адраснасць сацыяльных выплат. Дзеючае заканадаўства ў гэтай сферы ў цэлым дастаткова эфектыўнае. На забеспячэнне ў большай ступені роўнасці грамадзян у атрыманні дапамогі ад дзяржавы накіравана рашэнне Канстытуцыйнага Суда, згодна з якім размер дапамогі па догляду за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў не павінен залежаць ад роду заняткаў маці, уключаючы выпадкі, калі яна не працуе. У іншым рашэнні Канстытуцыйным Судом звернута ўвага на тое, што для індывідуальных прадпрымальнікаў устаноўлены парадак вылічэння дапамогі па часовай непрацаздольнасці, які адрозніваецца ад агульнага. У мэтах забеспячэння роўнасці ў праве на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ва Урад былі ўнесены адпаведныя прапановы.

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай правоў грамадзян і ў мэтах належнага забеспячэння правоў асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Канстытуцыйны Суд выказаўся ў падтрымку абгрунтаванасці іх патрабавання да Белдзяржстраха аб выплаце ўстаноўленых заканадаўствам грашовых сум па дзяржаўнаму абавязковаму асабістаму страхаванню. Гэта садзейнічала змяненню практыкі, што склалася раней, і рэальнаму выкананню дзяржавай узятых на сябе абавязацельстваў у адносінах да асоб, якія выканалі свой службовы доўг. З улікам выкладзенага заслугоўвае адабрэння занятая па дадзенаму пытанню пазіцыя Белдзяржстраха, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Рэспубліцы Беларусь разам з прыватнай медыцынай у інтарэсах аховы здароўя грамадзян захоўваецца сістэма медыцынскага абслугоўвання ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Меры, якія прымаюцца на рэспубліканскім і мясцовых узроўнях, сведчаць аб прыярытэтнасці ўказанай сістэмы. Па некаторых напрамках удасканальвання прававога рэгулявання ў гэтай сферы сваю пазіцыю выказваў і Канстытуцыйны Суд.

У сувязі з калектыўным зваротам грамадзян Канстытуцыйны Суд у мэтах аховы здароўя грамадзян і навакольнага асяроддзя прапанаваў, каб пры будаўніцтве небяспечных вытворчых аб’ектаў (аўтазаправачных станцый і інш.) у непасрэднай блізкасці ад жылых і грамадскіх будынкаў суб’ектамі гаспадарання пры ўзгадненні месца іх размяшчэння на прадпраектнай стадыі заказчыкам улічвалася таксама меркаванне грамадскасці па дадзенаму пытанню. Такі падыход яшчэ больш умацуе аўтарытэт органаў дзяржаўнай улады, прызваных клапаціцца аб ахове здароўя грамадзян і навакольнага асяроддзя.

Шэраг зваротаў, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд, датычыўся законнасці прававога рэгулявання парадку і практыкі канфіскацыі маёмасці, што належыць асобе, якая не ўчыняла адміністрацыйнага правапарушэння і набыла маёмасць на законнай падставе. Праблема заключаецца ў негарантаванасці правоў добрасумленнага набытчыка, што купіў або іншым чынам набыў маёмасць, прававы рэжым якой у прынцыпе не дазваляў учыняць здзелкі з такой маёмасцю, але пакупнік аб гэтым не ведаў і не мог ведаць. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе, што змяненне існуючай практыкі ўмацуе рэжым канстытуцыйнай законнасці ва ўказанай сферы і павысіць давер грамадзян да дзяржавы. Канстытуцыйны Суд улічвае і тую акалічнасць, што пры ўчыненні здзелак з маёмасцю на ўнутраным рынку заканадаўства не прадугледжвае абавязак набытчыка такой маёмасці патрабаваць ад яе прадаўца прадстаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць першапачатковага выпуску маёмасці ў абарот.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў апошнія гады падатковае заканадаўства істотна ўдасканалена, а агульная падатковая нагрузка хоць і нязначна, але пастаянна змяншаецца, нягледзячы на маштабнасць эканамічных і сацыяльных задач, якія вырашаюцца. Разам з тым у сілу шырокага спектра грамадскіх адносін, якія падпадаюць пад дзеянне падатковага заканадаўства, гэта галіна заканадаўства яшчэ мае недахопы, што дае падставы для вываду аб неабходнасці яе далейшага ўдасканальвання. Так, у сілу шматлікасці суб’ектаў нарматворчасці на мясцовым узроўні (зыходзячы з агульнай колькасці мясцовых Саветаў дэпутатаў) і неабходнасці правядзення адзінай падатковай палітыкі Канстытуцыйны Суд прапанаваў вызначаць дакладна і ясна ў законах аб бюджэце, якія прымаюцца на чарговы год, асноўныя элементы збораў з карыстальнікаў, у прыватнасці гранічныя размеры ставак, парадак іх вылічэння і выплаты. Дадзеная прапанова рэалізавана ў артыкуле 8 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2006 год”. У той жа час у дзейнасці асобных мясцовых Саветаў дэпутатаў яшчэ захоўваецца незаконная практыка дэлегавання паўнамоцтваў у галіне падаткаабкладання мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Пазітыўным з’яўляецца той факт, што рашэнні Канстытуцыйнага Суда, якія прымаюцца ў дадзенай галіне, рэалізуюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі. Так, дзякуючы пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, падтрыманай Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам юстыцыі, было спынена спагнанне платы за пражыванне замежных грамадзян у горадзе Мінску як спагнанне, якое не мела пад сабой прававых падстаў. Гэта сведчыць як аб павазе да закона, так і аб неабходнасці аказання пастаяннай метадычнай дапамогі органам мясцовага кіравання і самакіравання пры вырашэнні пытанняў аб падаткаабкладанні.

Звароты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Калугіна П.А., Козіка Л.П., а таксама канцэрна “Белнафтахім” датычыліся даўняй праблемы падаткаабкладання выхадной дапамогі, якая прадугледжваецца калектыўнымі дагаворамі. Канстытуцыйны Суд устанавіў наяўнасць супярэчнасці паміж нормамі падатковага і працоўнага заканадаўства. Працоўны кодэкс прадугледжвае забарону ўтрымання з выхадной дапамогі, што выплачваецца пры звальненні работніка (артыкул 109), а Закон “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” – падаткаабкладанне выхадной дапамогі, якая перавышае ўстаноўленыя заканадаўствам мінімальныя гарантаваныя размеры. Паколькі выхадная дапамога – гэта грашовая сума, што выплачваецца работніку пры звальненні пры адсутнасці яго вінаватых дзеянняў, мэтай якой з’яўляецца змякчэнне вынікаў, што наступаюць для работніка ў сувязі са стратай работы, Канстытуцыйны Суд выказаў пазіцыю аб тым, што выхадную дапамогу, незалежна ад узроўню яе нарматыўнага ўстанаўлення (заканадаўства або калектыўны дагавор, пагадненне), не трэба абкладаць падаходным падаткам. Пры гэтым ён таксама зыходзіў з таго, што згодна з устаноўленымі правіламі кодэкс па юрыдычнай сіле вышэй за закон.

Разглядаючы пытанне аб падаткаабкладанні зямель садаводчых таварыстваў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што гэтыя землі, незалежна ад таго, ва ўласнасці, у валоданні, карыстанні якога суб’екта яны знаходзяцца (грамадзяніна, садаводчага таварыства), у тым ліку землі агульнага карыстання, падлягаюць падаткаабкладанню па адзіных стаўках. На практыцы ж землі агульнага карыстання садаводчых таварыстваў (дарогі і інш.) абкладаліся па больш высокіх стаўках.

Гэта праблема вырашана ва Указе Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 29 верасня 2005 г. № 460, які прадугледжвае, што зямельным падаткам не абкладаюцца землі агульнага карыстання садаводчых, садова-агародніцкіх таварыстваў (кааператываў). Дадзены Указ быў распаўсюджаны на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2005 г.

Канстытуцыйны Суд поўнасцю падтрымлівае нарматворчую практыку, калі зваротная сіла надаецца толькі тым актам, якія паляпшаюць прававое становішча грамадзян, суб’ектаў гаспадарання.

У пасланнях, прынятых у папярэднія гады, Канстытуцыйны Суд ужо звяртаў увагу на недапушчальнасць надання ў звычайных умовах зваротнай сілы нарматыўным прававым актам, якімі ўскладаюцца якія-небудзь новыя абавязкі эканамічнага або іншага характару. У 2005 годзе становішча спраў яўна палепшылася, і падобную практыку неабходна замацаваць у будучым, што патрабуе ад ініцыятараў праектаў нарматыўных прававых актаў стратэгічнага мыслення, умення не толькі планаваць, але і прагназаваць патрэбнасці прававога рэгулявання, а таксама вынікі актаў, якія прымаюцца.

* * *

Прынцыповай асаблівасцю дзеючай Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца наяўнасць у ёй асноватворных норм аб дэмакратыі (народаўладдзі).

Для сучаснай беларускай дзяржавы характэрна не толькі канстытуцыйнае замацаванне вяршэнства і паўнаўладдзя народа, але і рэальнае дзеянне дэмакратычных канстытуцыйна-прававых інстытутаў, якія раней у канстытуцыях толькі абазначаліся, але рэальна не дзейнічалі. Больш таго, беларускай гісторыі вядомы прыклады, калі воля ўсяго народа проста ігнаравалася.

Сваю ўладу беларускі народ ажыццяўляе праз рэгулярна праводзімыя ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь, Парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў, удзел у рэферэндумах (1995 г., 1996 г., 2004 г.), абмеркаванне праектаў найбольш важных дакументаў, удзел сваіх прадстаўнікоў у рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Народны характар улады ў нашай дзяржаве праяўляецца не толькі ў палітыцы па сацыяльнай абароне грамадзян, але і ў праве народа самому рэальна вызначаць свой лёс, прымаць найбольш важныя рашэнні. Такім чынам, на справе рэалізуецца ідэя народнага суверэнітэту, якая валодала думкамі вядомых асветнікаў, у тым ліку беларускіх, паслядоўна на працягу доўгага перыяду развівалася многімі выдатнымі вучонымі.

Пазітыўна неабходна ацаніць абнаўленне заканадаўства аб зваротах грамадзян. Такой жа ацэнкі заслугоўвае і патрабаванне кіраўніцтва краіны аб уважлівых адносінах да прапаноў, заяў і скарг грамадзян. Звароты грамадзян адлюстроўваюць рэальныя сацыяльна-эканамічныя працэсы, садзейнічаюць павышэнню эфектыўнасці работы органаў улады, аднаўленню парушаных правоў і ўмацаванню законнасці, устараненню супярэчнасцей і іншых недахопаў у заканадаўстве, практыцы яго прымянення.

Сукупнасць актаў бягучага заканадаўства, накіраваных на забеспячэнне больш цеснай сувязі дзяржавы і народа, узмацненне ўплыву грамадзян на нарматворчую дзейнасць дзяржаўных органаў (законы “Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублiкi Беларусь”, “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, “Аб зваротах грамадзян” і інш.), выгадна адрозніваюць Рэспублiку Беларусь у сферы рэальнага ажыццяўлення дэмакратыі і з’яўляюцца лагічным працягам развіцця стратэгічных палажэнняў як Канстытуцыі, так і раней дзеючага Закона ад 27 лютага 1991 г. “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспублiцы Беларусь”.

На карысць асноўнага прынцыпу дзяржаўнага ўладарання – улада для народа, а не народ для ўлады, сведчыць цяпер фарміруемая практыка разгляду заяў грамадзян, звязаных з рэалізацыяй імі сваіх правоў, па прынцыпу “аднаго акна”. Гэта садзейнічае не толькі ўмацаванню даверу да дзяржаўнага апарату і павышэнню яго аўтарытэту, але і ўмацаванню адказнасці з улікам ускладзеных на яго дадатковых абавязкаў. На неабходнасць спрашчэння работы з дакументамі, выключэння бюракратычнага падыходу пры прадастаўленні грамадзянам прадугледжаных законам гарантый і кампенсацый, калі яны вымушаны былі на працягу года некалькі разоў пацвярджаць права на льготы, указваў раней у сваіх рашэннях і Канстытуцыйны Суд. У прыватнасці, Судом адзначалася, што заканадаўства не павінна абцяжарваць асоб, якія карыстаюцца льготамі, праз устанаўленне патрабаванняў аб прадстаўленні акрамя адпаведных пасведчанняў яшчэ і дадатковых дакументаў. Рашэнні Кіраўніка дзяржавы, акты Урада, прынятыя ў дадзенай сферы, з’яўляюцца своечасовымі і аб’ектыўна абумоўленымі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, яшчэ больш паспяхова гэты прынцып можа быць рэалізаваны пры ўмове сістэмнага і поўнамаштабнага выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій. Рэспублiка Беларусь па свайму кадраваму і творчаму патэнцыялу дастаткова прайшла наперад у дадзенай галіне. Спрасціць вырашэнне ўказаных пытанняў дазволіць і рэалізацыя праграмы “Электронная Беларусь”. Разам з тым не трэба абсалютызаваць гэты прынцып, паколькі і самі грамадзяне пры вырашэнні сваіх пытанняў таксама павінны выконваць пэўныя абавязкі.

Звароты грамадзян, якія паступаюць у дзяржаўныя органы, у тым ліку і ў Канстытуцыйны Суд, абавязваюць дзяржаўныя органы і службовых асоб ажыццяўляць сваю дзейнасць з улікам штодзённых патрэб і запытаў грамадзян, лепш бачыць праблемы і ацэньваць эфектыўнасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін у імя станаўлення дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Разам з тым разгляд зваротаў паказвае, што грамадзяне вымушаны звяртацца ў Канстытуцыйны Суд, таму што ў іншых інстанцыях іх звароты не атрымалі своечасовага і належнага прававога вырашэння. У той жа час частка зваротаў (скарг) з’яўляецца першапачаткова неабгрунтаванай. Усё гэта сведчыць аб неабходнасці ўзмацнення канстытуцыйнага кантролю з боку Канстытуцыйнага Суда, умацавання ўзаемадзеяння Канстытуцыйнага Суда з іншымі дзяржаўнымі органамі, правядзення больш актыўнай работы па растлумачэнню дзеючага заканадаўства. У выніку ад гэтага выйграюць усе: дзяржава, грамадства і кожны грамадзянін паасобку.

* * *

Адным з самых складаных і працяглых з’яўляецца працэс фарміравання дзяржавы як прававой. Многія дзяржавы (уключаючы ЗША і краіны Заходняй Еўропы) ішлі да гэтага стагоддзі (ураўноўванне жанчын у выбарчых правах з мужчынамі, адмена рабства, выключэнне дыскрымінацыі па расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і палавой прыметах і інш.). Канфлікты мінулага і цяперашняга часу ў краінах заходняй дэмакратыі сведчаць аб неадназначнасці гэтага працэсу, яго супярэчлівасці. Рэспублiка Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўсяго толькі пятнаццацігадовую гісторыю. За гэты непрацяглы перыяд умацавана і развіта нацыянальная прававая сістэма, у многім зжыты прававы нігілізм. У дзяржаве ўсё больш выразна праяўляюцца такія рысы, як вяршэнства права, звязанасць дзяржавы сваімі рашэннямі. Наяўнасць сучаснай заканадаўчай базы, якая адпавядае сусветным і агульнаеўрапейскім стандартам, устойлівасць прававога рэгулявання, раздзяленне і ўзаемадзеянне ўлад, гарантаванасць правоў і свабод грамадзян, судовая абарона, развіццё канстытуцыйнага правасуддзя – гэта тыя прававыя каштоўнасці, якія ўласцівы сучаснай беларускай дзяржаве і якія неабходна ўмацоўваць і ўсямерна развіваць.

На аснове Канстытуцыі і агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права ў Рэспублiцы Беларусь праведзена сістэматызацыя і кадыфікацыя заканадаўства, за апошнія дзесяць гадоў створана заканадаўчая база для эканамічных, палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў, забеспячэння правоў, свабод грамадзян і гарантый іх рэалізацыі, сфарміравана сучасная прававая ідэалогія, якая павінна быць набыткам не толькі вучоных-прававедаў, спецыялістаў-практыкаў, дзяржаўных служачых, але і ўсіх пластоў грамадства. У цяперашні час, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, асноўны цэнтр цяжару павінен быць перанесены на ўдасканальванне заканадаўства, падтрыманне яго ў такім стане, які адэкватна ўздзейнічае на новыя з’явы ў грамадскім жыцці і ўлічвае напрамкі сацыяльнага прагрэсу. Гэта акалічнасць аб’ектыўна абумоўлівае неабходнасць правядзення на аснове міжнародных стандартаў больш тонкай і ўзважанай работы ў прававой сферы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць нагляд і кантроль, уключаючы інстытут канстытуцыйнага кантролю. На змест нарматворчых актаў і практыку іх прымянення ўсё большы ўплыў павінны аказваць агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права. Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь падрыхтавана на аснове Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і іншых міжнародных дакументаў, ратыфікаваных Рэспублiкай Беларусь. Многія артыкулы Канстытуцыі і ўказаных дакументаў блізкія па свайму зместу, таму ёсць усе падставы для далейшай арыентацыі на міжнародныя стандарты, якія склаліся. Больш таго, заснаваны на Канстытуцыі Закон “Аб міжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь” вызначыў, што міжнародна-прававыя акты, ратыфікаваныя Рэспублiкай Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючай нацыянальнай сістэмы права.

Вялікае значэнне для развіцця прававой сістэмы мае Праграмны закон ад 14 лістапада 2005 г. “Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”, якім замацаваны такія канстытуцыйныя і агульнаправавыя прынцыпы, як: стабільнасць канстытуцыйнага ладу, гарантаванасць канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, роўнасць усіх форм уласнасці, сацыяльная справядлівасць, узаемадзеянне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад у інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы, захаванне агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. На значэнне пералічаных і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў Канстытуцыйны Суд неаднаразова ўказваў у сваіх пасланнях і арыентаваўся на іх пры прыняцці рашэнняў. Дадзены Праграмны закон выканае сваё прызначэнне, калі рэальна стане асновай для бягучай нарматворчай і правапрымяняльнай практыкі.

Развіццё грамадскіх адносін звычайна суправаджаецца змяненнем дзеючага заканадаўства. Калізіі, якія ўзнікаюць пры гэтым у заканадаўстве і правапрымяненні, у пэўнай меры вытлумачальны складанасцю вырашаемых задач. У сувязі з гэтым вырашэнне спрэчак цывілізаваным шляхам, у тым ліку шляхам іх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе, у развітых краінах з’яўляецца ўжо сфарміраваным правілам. Канстытуцыйны Суд адзначае, што, на жаль, нярэдка прававыя спрэчкі, прэтэнзіі грамадзян, якія захоўваюцца доўгі час, не вырашаюцца з-за несвоечасовай пастаноўкі перад Канстытуцыйным Судом ці заканадаўцам пытанняў аб неабходнасці іх вырашэння. Ёсць факты і некваліфікаванага прававога аналізу пры прыняцці рашэнняў некаторымі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі. У асобных выпадках існуюць нормы, якія страцілі сваю актуальнасць або маюць нізкую эфектыўнасць, аднак на грамадзян яны накладаюць дадатковыя абавязкі. Так, 4 кастрычніка 2005 г. Канстытуцыйны Суд для забеспячэння патрабаванняў заканадаўства, што датычацца часовых абмежаванняў для выезду з Рэспублікі Беларусь асоб, якія не выканалі маёмасных і іншых абавязацельстваў, асоб, асуджаных за ўчыненне злачынстваў і інш., быў вымушаны па прапанове Савета Міністраў, падтрыманай Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прадоўжыць тэрмін рэалізацыі Заключэння ад 27 верасня 2002 г., якім прызнаны не адпавядаючымі Канстытуцыі нарматыўныя прававыя акты, што прадугледжваюць прастаўленне дазвольнай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пры выездзе за мяжу. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што прастаўленне адзнакі ў пашпарце з'яўляецца толькі частковай і малаэфектыўнай мерай выяўлення асоб, у адносінах да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам узніклі часовыя абмежаванні для выезду за межы Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд прызнаў, што кампетэнтныя дзяржаўныя органы, адказныя за рэалізацыю на практыцы права грамадзян на свабоду перамяшчэння, не прынялі ўсіх неабходных мер па выкананню ўказанага Заключэння, і патрабаваў інфармаваць грамадзян аб перспектывах адмены ў будучым адзнакі ў пашпарце і магчымым прававым регуляванні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь. На перыяд захавання адзнак у пашпартах для выезду за мяжу Канстытуцыйны Суд прапанаваў прыняць дадатковыя меры па спрашчэнню парадку іх прастаўлення, у тым ліку і скарачэнню тэрмінаў, на працягу якіх павінны быць прыняты адпаведныя рашэнні. Пэўныя меры ў гэтым напрамку былі прыняты.

Па ўказаных пытаннях Канстытуцыйны Суд звярнуўся таксама да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з просьбай даць даручэнне кампетэнтным дзяржаўным органам вызначыць найкарацейшы тэрмін, па заканчэнні якога адзнака ў пашпарце будзе адменена.

У 2005 годзе, як і ў папярэдні перыяд, Канстытуцыйны Суд шмат увагі ўдзяляў замацаванаму ў Канстытуцыі праву кожнай асобы на судовую абарону, што таксама адпавядае агульнаеўрапейскім стандартам. Канстытуцыйны Суд сваімі рашэннямі рабіў усё для выключэння з заканадаўства і практыкі яго прымянення існуючых у дадзенай галіне абмежаванняў і ўстаранення прабелаў. Аднак некаторыя праблемы ўсё ж застаюцца нявырашанымі. Напрыклад, нягледзячы на дапаўненне Крымінальна-выканаўчага кодэкса адпаведнай нормай, асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, агульныя суды насуперак артыкулу 60 Канстытуцыі, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неправамерна адмаўляюць у судовым абскарджанні накладзеных на іх дысцыплінарных спагнанняў. У цяперашні час такога роду скаргі разглядаюцца толькі органамі пракуратуры.

Канстытуцыйны Суд таксама лічыць, што ў мэтах забеспячэння эфектыўнасці правасуддзя неабходна строга выконваць прававыя патрабаванні аб законным складзе суда.

Своечасоваму выключэнню з прававой сістэмы неканстытуцыйных норм, фарміраванню судовай практыкі, зарыентаванай на абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, садзейнічала б таксама выкананне агульнымі і гаспадарчымі судамі патрабаванняў артыкула 112 Канстытуцыі аб пастаноўцы ва ўстаноўленым парадку пытання аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе канкрэтнай справы. Няправільнае вытлумачэнне сэнсу канстытуцыйных норм, арыентацыя ў першую чаргу на акты бягучага заканадаўства часам прыводзяць да паглыблення прававога канфлікту і зацягвання на працяглы час яго законнага вырашэння.

Як і ў папярэднія гады, прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда былі звароты асуджаных у сувязі з непрымяненнем да іх законаў аб амністыі. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што асобы, якія ўчынілі злачынствы да дня ўступлення ў сілу закона аб амністыі і асуджаныя да або ў перыяд яго выканання, набылі права на амністыю, якое не можа быць абмежавана па той прычыне, што вынесеныя ў адносінах да іх прыгаворы ў наступным адмяняліся, а новыя прыгаворы пастанаўляліся ўжо па заканчэнні тэрміну выканання закона аб амністыі. Практыка ж насуперак гэтаму відавочнаму вываду развіваецца далей у напрамку непрызнання за ўказанымі асуджанымі права на амністыю, аб чым сведчаць звароты ў Канстытуцыйны Суд.

Аналіз крымінальнага заканадаўства і вынікаў яго прымянення, паслядоўная работа Міністэрства ўнутраных спраў і іншых праваахоўных органаў па прадухіленню і папярэджанню злачынстваў, менталітэт беларускіх грамадзян, у большасці сваёй законапаслухмяных, даюць падставы для прапаноў аб дэкрыміналізацыі асобных дзеянняў, якія класіфікуюцца як злачынствы, і аднясення іх да адміністрацыйных правапарушэнняў.

Выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, рэалізацыя ўносімых Канстытуцыйным Судом прапаноў рэальна садзейнічаюць зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні. У гэтай галіне Канстытуцыйны Суд плённа супрацоўнічае з органамі прадстаўнічай і выканаўчай улады. Так, Урад па прапанове Канстытуцыйнага Суда вызначыў умовы пакрыцця шкоды, прычыненай жыццю або здароўю грамадзян, у сувязі з ліквідацыяй юрыдычных асоб, абавязаных ажыццяўляць плацяжы для пакрыцця дадзенай шкоды; унёс карэктывы ў парадак размяшчэння вонкавай рэкламы; змяніў нормы Палажэння аб дзяржаўным энергетычным наглядзе ў Рэспубліцы Беларусь, накіраваныя на забеспячэнне канстытуцыйнага права на недатыкальнасць жылля. Шэраг іншых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда таксама знайшоў рэалізацыю ў актах дзяржаўных органаў.

У той жа час грамадзяне прадаўжаюць настойліва ставіць перад Канстытуцыйным Судом пытанні, якія павінны разглядацца не Канстытуцыйным Судом, а іншымі дзяржаўнымі органамі ў сілу пераважна эканамічнага ці іншага спецыяльнага характару дадзеных пытанняў (у прыватнасці, пытанняў, якія датычацца кампенсацыі насельніцтву страт ад абясцэнення банкаўскіх укладаў, выканання дзяржавай абавязацельстваў па дзяржаўнай мэтавай беспрацэнтнай пазыцы СССР 1990 года, належных выплат вязням у сувязі з іх знаходжаннем у лагеры смерці “Азарычы”, прастаўлення ў пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь асабістага нумара і інш.).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што павышэнню эфектыўнасці прававой сістэмы, далейшай рэалізацыі замацаваных Канстытуцыяй прынцыпаў сацыяльнай прававой дзяржавы будзе садзейнічаць забеспячэнне непасрэднага дзеяння норм Канстытуцыі, а таксама ўстараненне існуючых недахопаў, звязаных з наяўнасцю калізій норм і прабелаў у заканадаўстве, перавышэннем дзяржаўнымі органамі прадастаўленых ім паўнамоцтваў, няўзгодненасцю нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню, несвоечасовым растлумачэннем і адпаведным тлумачэннем прававых норм, негатыўнай практыкай правапрымянення.

Паслядоўная работа дзяржавы і яе органаў па забеспячэнню вяршэнства канстытуцыйных норм, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці ва ўсіх сферах грамадскага жыцця з’яўляецца галоўнай умовай развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 1 лютага 2006 года.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь
Р.А.Васілевіч