Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
30 студзеня 2004 г. № З-168/2004
30 студзеня 2004 г. № З-168/2004
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Вараб'я Г.А., Кенiк К.І., Падгрушы В.В.,
Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнiкоў:
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Архiпава А.М., старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па заканадаўству i судова-прававых пытаннях; Марозава Ю.А., члена Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi; Чупракова А.У., саветнiка-кансультанта аддзела грамадзянскага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь – Бурага У.В., начальнiка ўпраўлення грамадзянскага, сацыяльнага i гаспадарчага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:
Вышкевiч В.М. – намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Камянкоў В.С. – Старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. – намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Мiцкевiч В.В. – намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 16 снежня 2003 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
Праверцы падлягаў пункт 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 7–9, ст. 101), якiм прадугледжана, што замежная валюта i валютныя каштоўнасцi могуць быць прадметам дагавора пазыкi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь з выкананнем правiл артыкулаў 141, 142 i 298 гэтага Кодэкса.
У прапанове аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса (у далейшым – ГК) Палата прадстаўнiкоў указала, што разуменне гэтай нормы ў правапрымяняльнай практыцы сведчыць аб няпэўнасцi i няяснасцi змешчаных у ёй прававых прадпiсанняў i трактуецца як забарона выкарыстання замежнай валюты пры заключэннi дагавораў пазыкi памiж грамадзянамi пры адсутнасцi спецыяльнага заканадаўчага рэгулявання выпадкаў, парадку i ўмоў такога выкарыстання. У прапанове таксама адзначана, што хаця да прыняцця i ўступлення ў сiлу Закона “Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2003 г., № 85, 2/978) выкарыстанне замежнай валюты пры заключэннi фiзiчнымi асобамi дагавораў пазыкi ўрэгулявана не было, гэта не сведчыць аб забароне з боку дзяржавы на ажыццяўленне дзеянняў, якiя дапускаюцца ГК. У сувязi з гэтым Палата прадстаўнiкоў лiчыць, што пункт 3 артыкула 760 ГК у сэнсе, якi надаецца яму практыкай прымянення, супярэчыць патрабаванням Канстытуцыi.
Акрамя таго, Палата прадстаўнiкоў указала, што значная колькасць спраў, звязаных з дагаворамi пазыкi, заключанымi да ўступлення ў сiлу артыкула 11 Закона “Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi”, яшчэ не разгледжана. У сувязi з гэтым у прапанове адзначаецца, што паколькi частцы трэцяй артыкула 11 дадзенага Закона, якая дазваляе выкарыстанне замежнай валюты ў дагаворах пазыкi, заканадавец не надаў зваротнай сiлы, то пры разглядзе ўказаных спраў будзе прымяняцца пункт 3 артыкула 760 ГК, нявызначанасць якога прывядзе да далейшага парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шуклiна В.З., паведамленнi прадстаўнiкоў бакоў, спецыялiста, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, Грамадзянскага i Банкаўскага кодэксаў, Закона “Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi” i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, вывучыўшы матэрыялы справы i судовую практыку, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
У адпаведнасцi з Канстытуцыяй забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы (артыкул 21). Дзяржава гарантуе ўсiм роўныя магчымасцi свабоднага выкарыстання здольнасцей i маёмасцi для прадпрымальнiцкай i iншай не забароненай законам эканамiчнай дзейнасцi (артыкул 13), права ўласнiка валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi; уласнасць, набытая законным шляхам, абараняецца дзяржавай (артыкул 44); на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь праводзiцца адзiная бюджэтна-фiнансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палiтыка (артыкул 132).
Замацаваны ў Асноўным Законе канстытуцыйны прынцып свабоды эканамiчнай дзейнасцi, не забароненай законам, знайшоў адлюстраванне ў грамадзянскiм i валютным заканадаўстве. Згодна з артыкулам 2 ГК грамадзяне свабодны ў заключэннi дагавораў; умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калi такое ўмяшанне ажыццяўляецца на падставе прававых норм у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб; удзельнiкi грамадзянскiх прававых адносiн набываюць i ажыццяўляюць свае грамадзянскiя правы сваёй воляй i ў сваiх iнтарэсах, свабодны ва ўстанаўленнi сваiх правоў i абавязкаў на аснове дагавору i ў вызначэннi любых умоў дагавору, якiя не супярэчаць заканадаўству.
Канстытуцыйны Суд у той жа час прызнае, што выкарыстанне замежнай валюты i валютных каштоўнасцей з’яўляецца выключэннем з агульнага правiла грамадзянскага абароту, у якiм выкарыстоўваецца законны плацежны сродак – беларускi рубель. Гэта выклiкана тым, што валютныя праваадносiны, з’яўляючыся складанай часткай агульнаэканамiчнай, у тым лiку грашова-крэдытнай, палiтыкi дзяржавы, накiраваны на ўмацаванне фiнансавага становiшча Рэспублiкi Беларусь, на забеспячэнне прагназуемай дынамiкi абменнага курсу беларускага рубля, што стварае неабходныя арыенцiры для развiцця ўсiх сектараў эканомiкi. Валютнае рэгуляванне, у працэсе якога ўстанаўлiваюцца выпадкi, парадак i ўмовы правядзення валютных аперацый, з’яўляецца адной з прадпасылак для макраэканамiчнай i фiнансавай стабiлiзацыi як фактара эканамiчнага росту i павышэння ўзроўню жыцця насельнiцтва.
У артыкуле 760 ГК вызначаны парадак заключэння і ўмовы дагавору пазыкі. Па гэтаму дагавору адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць другому боку (пазычальніку) грошы або іншыя рэчы, вызначаныя родавымі прыметамі, а пазычальнік абавязваецца вярнуць пазыкадаўцу такую ж суму грошай (суму пазыкі) або роўную колькасць іншых атрыманых ім рэчаў таго ж роду і якасці (пункт 1); дагавор пазыкі лічыцца заключаным з моманту перадачы грошай або іншых рэчаў (пункт 2); замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 ГК (пункт 3).
Парадак і ўмовы выкарыстання грошай (валюты) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадугледжаны ў артыкуле 141 ГК. У iм устаноўлена, што беларускі рубель з’яўляецца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму па намінальнай вартасці на тэрыторыі краіны, і што выпадкі, парадак і ўмовы выкарыстання замежнай валюты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаюцца заканадаўствам.
Згодна з артыкулам 142 ГК віды маёмасці, якая прызнаецца валютнымі каштоўнасцямі, і парадак ўчынення здзелак з імі вызначаюцца заканадаўствам. Права ўласнасці на валютныя каштоўнасці абараняецца ў Рэспубліцы Беларусь на агульных падставах.
У артыкуле 298 ГК прадугледжана магчымасць аплаты грашовага абавязацельства ў беларускіх рублях у суме, эквівалентнай пэўнай суме ў замежнай валюце або ва ўмоўных грашовых адзінках; выкарыстанне замежнай валюты і плацежных дакументаў у замежнай валюце пры ажыццяўленні разлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па абавязацельствах дапускаецца ў выпадках, парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам.
Палажэнні, аналагічныя ўказаным нормам грамадзянскага заканадаўства, змяшчаюцца ў артыкуле 11 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 106, 2/219).
У падпункце 2.1 пункта 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1997 г. № 1 “Аб мерах па забеспячэнню парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый” (Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь, 1997 г., № 4, ст. 132) са змяненнямі і дапаўненнямі ўстаноўлена забарона на ажыццяўленне валютных аперацый (скупка, продаж, абмен замежнай валюты, у тым ліку на беларускія рублі і іншую маёмасць) або іншае выкарыстанне замежнай валюты без адпаведнага дазволу (ліцэнзіі). Ва ўказаным Дэкрэце прадугледжаны адміністрацыйныя адказнасць асоб за ўчыненне валютных аперацый без адпаведных дазволаў (ліцэнзій), канфіскацыя і абарачэнне ў даход дзяржавы замежнай валюты і іншых грашовых сродкаў, якія знаходзіліся ў вінаватых асоб.
Згодна з падпунктам 2.2.2 пункта 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2000 г. № 87 “Аб удасканальванні сістэмы валютнага рэгулявання і валютнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 23, 1/1043) з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (страціў сілу ў сувязі з прыняццем Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”) на Нацыянальны банк былі ўскладзены абавязкi па вызначэнню правіл выдачы спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне валютных аперацый і па выдачы такіх дазволаў (ліцэнзій).
У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона “Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1990 г., № 2, ст. 16) да асноўнай функцыі Нацыянальнага банка было аднесена валютнае рэгуляванне (страціў сілу ў сувязі з прыняццем Банкаўскага кодэкса).
Пунктам 1 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 23 лютага 2000 г. № 87 у якасцi органаў валютнага рэгулявання i валютнага кантролю былi вызначаны Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальны банк. Прадугледжвалася таксама, што Нацыянальны банк вызначае сферу i парадак абарачэння ў Рэспублiцы Беларусь замежнай валюты i плацежных дакументаў у замежнай валюце (пункт 2).
Нормы, якiя ўскладаюць на Нацыянальны банк рэгуляванне абарачэння валютных каштоўнасцей на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, у цяперашнi час змяшчаюцца i ў артыкуле 33 Банкаўскага кодэкса.
Такiм чынам, функцыя рэгулявання абарачэння замежнай валюты i валютных каштоўнасцей на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўствам ускладзена на Нацыянальны банк.
У мэтах вызначэння выпадкаў, парадку i ўмоў правядзення валютных аперацый, у тым лiку дагавораў пазыкi замежнай валюты, якiя заключаюцца фiзiчнымi асобамi – рэзiдэнтамi, Нацыянальным банкам былi прыняты адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. Пад рэзiдэнтамi разумеюцца грамадзяне (фiзiчныя асобы) Рэспублiкi Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне (фiзiчныя асобы) i асобы без грамадзянства (фiзiчныя асобы), якiя маюць вiд на жыхарства ў Рэспублiцы Беларусь (цi дакумент, што яго замяняе), выдадзены кампетэнтнымi дзяржаўнымi органамi Рэспублiкi Беларусь (пункт 1.5 Палажэння аб парадку правядзення валютных аперацый на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь ад 1 жнiўня 1996 г. № 768, зацверджанага Праўленнем Нацыянальнага банка (Бюллетень нормативно-правовой информации. 1996. № 11), з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi (далей – Палажэнне ад 1 жнiўня 1996 г. № 768).
Згодна з пунктам 9.1 раздзела 9 Палажэння ад 1 жнiўня 1996 г. № 768 грамадзяне – рэзiдэнты i нерэзiдэнты могуць мець ва ўласнасцi валютныя каштоўнасцi, увезеныя, пераведзеныя або перасланыя ў Рэспублiку Беларусь з-за мяжы, атрыманыя або набытыя на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам, захоўваць iх на рахунках або ва ўкладах ва ўпаўнаважаных банках i выкарыстоўваць на мэты, не забароненыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым у пункце 9.11 раздзела 9 указанага Палажэння забарона на прадастаўленне грамадзянамі – рэзiдэнтамi пазык замежнай валюты ўстаноўлена толькі ў адносінах да юрыдычных асоб – рэзідэнтаў.
У такой сітуацыі зацікаўленыя ў заключэнні дагавораў пазыкі замежнай валюты фізічныя асобы – рэзідэнты рабілі вывад аб наяўнасці ў іх права на ўчыненне такіх здзелак. Дакладнага вызначэння выпадкаў, парадку і ўмоў выкарыстання замежнай валюты пры заключэнні дагавораў пазыкі паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі не было зроблена і ў іншых нарматыўных прававых актах Нацыянальнага банка.
У той жа час пазіцыя Нацыянальнага банка, як вынікае з адказу, які паступіў на запыт Канстытуцыйнага Суда, заключалася ў тым, што такія здзелкі не былі дазволены.
Канстытуцыйны Суд лічыць пункт 3 артыкула 760 ГК, у якім заканадавец устанавіў, што замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 указанага Кодэкса, адпавядаючым Канстытуцыі. Аднак, як вынікае з вышэйвыкладзенага, нормы іншых нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць адносіны ў дадзенай галіне да ўступлення ў сілу Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, з’яўляліся недасканалымі, супярэчлівымі, няпэўнымі і давалі падставы для неадназначнага іх разумення і прымянення на практыцы.
Гэта прывяло да шматлiкiх выпадкаў заключэння дагавораў пазыкi замежнай валюты памiж фiзiчнымi асобамi – рэзiдэнтамi, якiя меркавалi, што такiя дагаворы дазволены заканадаўствам i таму ў выпадку невяртання замежнай валюты звярталiся ў суд за абаронай парушаных, на iх думку, правоў. Канстытуцыйны Суд адзначае, што i да моманту разгляду гэтай справы шэраг дзяржаўных органаў (Савет Мiнiстраў, Савет Рэспублiкi Нацыянальнага сходу, Мiнiстэрства эканомiкi, Мiнiстэрства па падатках i зборах, Мiнiстэрства ўнутраных спраў i iнш.), а таксама некаторыя навуковыя арганiзацыi i вышэйшыя навучальныя ўстановы прызнаюць правамернасць раней заключаных дагавораў пазыкi.
Да такiх вывадаў асобныя дзяржаўныя органы таксама прыходзiлi, аналiзуючы падыходы Нацыянальнага банка i ў iншых актах валютнага рэгулявання, якiя датычацца праваадносiн з удзелам iншых катэгорый фiзiчных асоб. Напрыклад, у адказе Мiнiстэрства ўнутраных спраў, накiраваным у адрас Канстытуцыйнага Суда, звернута ўвага на тое, што ў Правiлах правядзення валютных аперацый, звязаных з рухам капiталу, зацверджаных пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 28 красавiка 2001 г. № 100, прадугледжана, што Нацыянальны банк дазваляе фiзiчным асобам пры ўмове выканання iмi патрабаванняў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь ажыццяўленне такiх валютных аперацый, звязаных з рухам капiталу, без афармлення ў Нацыянальным банку асобнага дазволу на правядзенне пэўнага вiда валютнай аперацыi, звязанай з рухам капiталу, як атрыманне крэдытаў, пазык на тэрмiн больш чым 180 дзён (пункт 22).
Грамадзянам тым больш было складана разабрацца ў правамернасцi або неправамернасцi сваiх дзеянняў пры заключэннi дагавораў пазыкi замежнай валюты.
Аналiз судовай практыкi па справах гэтай катэгорыi паказаў, што яна таксама з’яўлялася супярэчлiвай. У адных выпадках суды спаганялi грашовыя сумы ў беларускiх рублях на карысць iстца, хаця ў судовым пасяджэннi бакi не адмаўлялi факта заключэння пазыкi замежнай валюты, у iншых выпадках здзелкi прызнавалiся нiкчэмнымi, а замежная валюта як прадмет здзелкi спаганялася ў даход дзяржавы. У шэрагу выпадкаў вядзенне па справе спынялася ў сувязi з адмовай iстца ад сваiх патрабаванняў цi iск пакiдаўся без разгляду з прычыны паўторнай няяўкi асобы, па iску якой ўзбуджана грамадзянскае судаводства.
Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь як орган, што накiроўваў судовую практыку, у 2001 годзе пры захаваннi дзеяння тых жа норм заканадаўства, на падставе якiх раней выносiлiся рашэннi на карысць пазыкадаўцаў, змянiў яе насуперак iнтарэсам удзельнiкаў дагавораў пазыкi замежнай валюты, якiя разлiчвалi на абарону iх правоў з боку дзяржавы, i стаў арыентаваць суды на спагнанне замежнай валюты ў даход дзяржавы, хаця з улiкам неадназначнага прававога рэгулявання мелiся ўсе падставы для вырашэння спрэчак на карысць грамадзян. У такой сiтуацыi, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, яму неабходна было iнфармаваць адпаведныя органы аб неабходнасцi ўдасканальвання актаў заканадаўства ў мэтах дасягнення iх аднастайнага разумення, а таксама выканаць патрабаваннi артыкула 112 Канстытуцыi па выкарастанню магчымасцей Канстытуцыйнага Суда для справядлiвага вырашэння ўзнiкаючых прававых спрэчак.
Канстытуцыя вызначае, што чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю i мэтай грамадства i дзяржавы (артыкул 2).
У адпаведнасцi з пунктам 14 Канцэпцыi ўдасканальвання заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, адобранай Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 2002 г. № 205 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 46, 1/3636), забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, гарантый iх рэалiзацыi з’яўляецца асноўным вектарам развiцця заканадаўства. Да напрамкаў яго развiцця адносiцца таксама забеспячэнне балансу iндывiдуальных, грамадскiх i дзяржаўных iнтарэсаў.
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу дзяржаўных органаў на неабходнасць прыняцця такiх нарматыўных прававых актаў, якiя б базiравалiся на прынцыпах прававой дзяржавы, былi ўнутрана ўзгодненымi i лагiчна пабудаванымi, а змешчаныя ў iх нормы, што датычацца правоў i свабод грамадзян, былi даступнымi для разумення iх усiмi слаямi насельнiцтва. Пры гэтым неабходна ўзмацнiць работу па растлумачэнню дзеючага заканадаўства сярод грамадзян. На гэта Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу дзяржаўных органаў i службовых асоб у сваiх рашэннях i штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што толькi ў Законе “Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi”, якi ўступiў у сiлу 5 лiстапада 2003 г., прадугледжана забарона на выкарыстанне замежнай валюты, каштоўных папер у замежнай валюце i (або) плацежных дакументаў у замежнай валюце пры правядзеннi валютных аперацый памiж рэзiдэнтамi, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых указаным Законам i iншымi актамi валютнага заканадаўства. У адносiнах памiж фiзiчнымi асобамi — рэзiдэнтамi, якiя не выступаюць пры правядзеннi валютных аперацый у якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, Закон дазваляе выкарыстанне замежнай валюты, каштоўных папер у замежнай валюце i плацежных дакументаў у замежнай валюце ў выпадках: дарэння (у тым лiку ў выглядзе ахвяраванняў), а таксама адмены дарэння; прадастаўлення пазык, вяртання пазык i працэнтаў за карыстанне iмi; перадачы на захоўванне i iх вяртання.
У частцы пастаўленага Палатай прадстаўнiкоў пытання аб магчымасцi надання зваротнай сiлы Закону “Аб валютным рэгуляваннi i валютным кантролi” ў прымяненнi да праваадносiн, якiя ўзнiкаюць з дагавораў пазыкi замежнай валюты памiж фiзiчнымi асобамi – рэзiдэнтамi, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
Згодна з часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыi закон не мае зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. Тым больш, у адпаведнасцi з часткай першай артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2000 г.,№ 7, 2/136) нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сiлы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносiны, якiя ўзнiклi да ўступлення яго ў сiлу, за выключэннем выпадкаў, калi ён не толькi змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, але i iншым чынам паляпшае становiшча гэтых асоб.
У сувязі з выкладзеным, а таксама з улікам супярэчлівасці, няпэўнасці норм, якія рэгулявалі праваадносіны па дагаворах пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што да ўказаных дагавораў, заключаных у адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 760 ГК да ўступлення ў сілу Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, павінны прымяняцца палажэнні артыкула 11 дадзенага Закона ў адносінах да спрэчак, якія знаходзяцца на разглядзе ў судах ці ўжо разгледжаны судамі, але рашэнні па якіх не выкананы ці выкананы часткова.
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткамі першай, чацвёртай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць пункт 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса, у якім заканадавец устанавіў, што замежная валюта і валютныя каштоўнасці могуць быць прадметам дагавору пазыкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкананнем правіл артыкулаў 141, 142 і 298 указанага Кодэкса, адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Адзначыць, што да ўступлення ў сілу Закона ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі” палажэнні іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулявалі адносіны ў дадзенай галіне, вылучаліся недасканаласцю, супярэчлівасцю, няпэўнасцю, што давала падставы для іх неадназначнага разумення і прымянення на практыцы. Гэта праявілася не толькі ў шматлікіх выпадках заключэння дагавораў пазыкі замежнай валюты паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі і наступных іх зваротах у суд за абаронай, як яны меркавалі, парушаных правоў, але і ў прызнанні правамернасці такіх дагавораў на момант разгляду справы ў Канстытуцыйным Судзе шэрагам дзяржаўных органаў (Саветам Міністраў, Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам па падатках і зборах, Міністэрствам унутраных спраў і інш.), а таксама некаторымi навуковымi арганізацыямi і вышэйшымi навучальнымi установамi.
3. Адзначыць супярэчлівасць і непаслядоўнасць судовай практыкі па спрэчках паміж фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі, якія вынікаюць з дагавораў пазыкі замежнай валюты.
У сувязі з гэтым звярнуць увагу Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь як органа, які накіроўваў судовую практыку і змяніў яе ў 2001 годзе пры захаванні дзеяння тых жа норм заканадаўства, на тое, што яе паварот быў ажыццёўлены насуперак інтарэсам удзельнікаў дагавору пазыкі замежнай валюты, якія разлічвалі на абарону іх інтарэсаў з боку дзяржавы, і ў сілу няпэўнасці зместу прававых норм, што мелі падставу на прыняцце з боку дзяржаўных органаў мер па справядліваму вырашэнню спрэчак. У такой сітуацыі для вынясення законных рашэнняў неабходна было выкарыстаць усе магчымасці, у тым ліку па ўдасканальванню актаў заканадаўства з мэтай забеспячэння іх дакладнага і аднастайнага разумення, ці выканаць патрабаванні часткі другой артыкула 112 Канстытуцыі для своечасовай праверкі Канстытуцыйным Судом норм прававых актаў, якія прымяняюцца пры вырашэнні ўказаных спрэчак, на адпаведнасць іх Асноўнаму Закону.
4. Прызнаць, што да праваадносін па дагаворах пазыкі замежнай валюты, заключаных фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі ў адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 760 Грамадзянскага кодэкса да ўвядзення ў дзеянне Закона ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, спрэчкі аб якіх знаходзяцца на разглядзе ў судах ці разгледжаны судамі, але рашэннi па якiх не выкананы поўнасцю або часткова, павінны прымяняцца палажэнні артыкула 11 Закона “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, што асноўваецца на частцы шостай артыкула 104 Канстытуцыі і частцы першай артыкула 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, згодна з якімі нарматыўны прававы акт не мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, за выключэннем выпадкаў, калі ён не толькі змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян, але і іншым чынам паляпшае становішча гэтых асоб.
5. Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь прывесці свае акты ў адпаведнасць з Законам ад 22 ліпеня 2003 г. “Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі”, забяспечыўшы пры гэтым аднастайнае прававое рэгуляванне адносiн і прымяненне дадзеных актаў, а таксама сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі прыняць меры па больш шырокаму растлумачэнню грамадзянам іх правоў і абавязкаў у дадзенай галіне праваадносін.
6. Апублікаваць гэта Заключэнне ў тэрмін, устаноўлены заканадаўствам, у газетах “Звязда” і “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
7. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч