Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 студзеня 2004 г. № Р-167/2004
12 студзеня 2004 г. № Р-167/2004
Аб канстытуцыйнасці рашэнняў Віцебскага, Полацкага і Наваполацкага гарадскіх Саветаў дэпутатаў аб увядзенні мясцовага збору за права заняцця ігральным бізнесам (права размяшчэння ігральнай установы)
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткi першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот арганізацый па пытанню правамернасці ўвядзення Віцебскім, Полацкім і Наваполацкім гарадскімі Саветамі дэпутатаў мясцовага збору за права заняцця ігральным бізнесам (права размяшчэння ігральнай установы).
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”, дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 1998 г. № 21 “Аб мерах па ўпарадкаванню ігральнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь”, ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці” і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 1998 г. № 21 “Аб мерах па ўпарадкаванню ігральнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь” з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (далей – Дэкрэт № 21) ігральны бізнес – дзейнасць, накіраваная на атрыманне ігральнай установай даходу ў выглядзе выйгрышу, платы за арганізацыю, правядзенне або ўдзел у азартных гульнях, закладзе, арганізацыі таталізатара; ігральная ўстанова – месца (казіно, таталізатар, букмекерская кантора, зала ігравых аўтаматаў, іншыя ігральныя месцы), дзе праводзяцца азартныя гульні і (або) прымаюцца стаўкі на азартныя гульні, заклад. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права займацца ігральным бізнесам толькі на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), выдадзенага ім у адпаведнасці з заканадаўствам (падпункт 1.1 пункта 1 Дэкрэта № 21).
Пунктам 2 Дэкрэта № 21 устаноўлены падатак на ігральны бізнес, вызначаны аб’екты падаткаабкладання (ігравыя сталы, ігравыя аўтаматы, касы таталізатараў, касы букмекерскіх кантор). Стаўкі падатку на ігральны бізнес зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1999 г. № 1930 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і складаюць за месяц: ігравы стол казіно да 10 сталоў – 3500 еўра (г. Мінск), 3000 еўра (абласныя цэнтры) і 2500 еўра (іншыя населеныя пункты); казіно 10 сталоў і болей – адпаведна 3500 і 3000 еўра; ігравы аўтамат – 90 і 80 еўра і інш.
Дэкрэтам № 21 устаноўлена таксама, што плацельшчыкі падатку на ігральны бізнес у частцы даходаў, атрыманых ад гэтай дзейнасці, не выплачваюць падатак на прыбытак, падатак на дабаўленую вартасць (за выключэннем падатку на дабаўленую вартасць, які бярэцца пры ўвозе тавараў на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь), мэтавыя зборы на фарміраванне мясцовых мэтавых бюджэтных фондаў стабілізацыі эканомікі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, жыллёва-інвестыцыйных фондаў, мэтавы збор на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, адлічэнні ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі і падатак з карыстальнікаў аўтамабільных дарог у дарожныя фонды, збор за паслугі казіно, падаходны падатак (для індывідуальных прадпрымальнікаў). Канстытуцыйны Суд адзначае, што мясцовыя падаткі і зборы не ўвайшлі ў пералік абавязковых плацяжоў, якія не выплачваюць плацельшчыкі падатку на ігральны бізнес.
У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” прадугледжана ўвядзенне абласнымі, Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў, Саветамі дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак збораў з карыстальніка (збор за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах, збор за права гандлю, збор з уладальнікаў сабак, збор за права выкарыстання мясцовай сімволікі, збор на правядзенне аўкцыёнаў, курортны збор, рыбалоўны і паляўнічы зборы, збор на будаўніцтва ў курортнай зоне і інш.).
Рашэннем Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18 снежня 2002 г. № 120 “Аб бюджэце горада Віцебска на 2003 год” на тэрыторыі горада Віцебска ўведзены збор за права заняцця ігральным бізнесам у размеры 30 базавых велічынь у год і зацверджана Палажэнне аб парадку вылічэння і выплаты мясцовага збору за права заняцця ігральным бізнесам у горадзе Віцебску (пункт 4).
Рашэннем Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2002 г. № 24-3 “Аб бюджэце горада на 2003 год” на тэрыторыі горада ўведзены збор за права заняцця ігральным бізнесам і зацверджана Палажэнне аб парадку вылічэння і выплаты збору за права заняцця ігральным бізнесам (пункт 7). Стаўка збору ўстаноўлена ў размеры 600 еўра ў эквіваленце ў беларускіх рублях па курсу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на першае чысло месяца, у якім праводзіцца выплата (раздзел 2 Палажэння). Для суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па гораду Полацку, прымяняецца паніжаючы каэфіцыент да стаўкі ў размеры 0,5.
Рашэннем Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2002 г. № 114 “Аб бюджэце горада на 2003 год” уведзены збор за права размяшчэння ігральнай установы (падпункт 9.4 пункта 9) і зацверджана Палажэнне аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовага збору за права размяшчэння iгральнай установы (пункт 10). Стаўка збору складае 300 еўра ў год па курсу, устаноўленаму Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь на першы дзень месяца, у якiм выплачваецца збор (артыкул 3 Палажэння).
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Вiцебскiм, Полацкiм i Наваполацкiм гарадскiмi Саветамi дэпутатаў ва ўказаных рашэннях рэалiзаваны iх выключныя паўнамоцтвы па ўвядзенню мясцовых падаткаў i збораў i самастойнаму, згодна з пунктам 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год”, вызначэнню базы i аб’ектаў падаткаабкладання, канкрэтных размераў ставак, плацельшчыкаў, iльгот, парадку вылiчэння i тэрмiнаў выплаты мясцовых падаткаў i збораў у адпаведнасцi з дадзеным Законам i iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.
У той жа час Канстытуцыйны Суд адзначае, што стаўкi мясцовага збору за права заняцця iгральным бiзнесам (права размяшчэння iгральнай установы) значна адрознiваюцца: ад 30 базавых велiчынь (г. Вiцебск) да 600 еўра (г. Полацк).
У рашэннi ад 3 лiстапада 2003 г. “Аб канстытуцыйнасцi рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэннi палажэнняў аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” у частцы мясцовага збору за права гандлю” Канстытуцыйны Суд ужо выкладаў пазiцыю аб тым, што ў выпадку, калi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены пошлiны i зборы за валоданне спецыяльным правам, у мэтах недапушчэння неабгрунтаванага завышэння ставак мясцовых збораў з карыстальнiка права на ўвядзенне такога мясцовага збору мясцовымi Саветамi дэпутатаў павiнна быць дэтальна вызначана заканадаўцам.
Акрамя таго, у рашэннi Канстытуцыйнага Суда ад 4 красавiка 2001 г. “Аб падаткаабкладаннi суб’ектаў прадпрымальнiцкай дзейнасцi ў сферы транспартнага абслугоўвання грамадзян” адзначана неабходнасць аналiзу эканамiчнай абгрунтаванасцi падатковых ставак.
Кiруючыся артыкулам 7, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць, што рашэннi Вiцебскага, Полацкага i Наваполацкага гарадскiх Саветаў дэпутатаў аб увядзеннi мясцовага збору за права заняцця iгральным бiзнесам (права размяшчэння iгральнай установы) прыняты ў межах прадастаўленых артыкулам 10 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год” паўнамоцтваў.
2. Адзначыць, што Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь у рашэннi ад 3 лiстапада 2003 г. “Аб канстытуцыйнасцi рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэннi палажэнняў аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” у частцы мясцовага збору за права гандлю” прапанавана ў мэтах выканання канстытуцыйнага палажэння аб адзiнстве праводзiмай на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь бюджэтна-фiнансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палiтыкi (частка другая артыкула 132 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь) i для забеспячэння абароны правоў i законных iнтарэсаў падаткаплацельшчыкаў у законе ўстанавiць вычарпальны пералiк мясцовых падаткаў i збораў, якiя мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзiць на адпаведнай тэрыторыi, а таксама вызначыць параметры важнейшых элементаў мясцовых збораў з карыстальнiка (плацельшчыкi, аб’екты абкладання, гранiчны размер стаўкi).
3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч