Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
16 снежня 2003 г. № Р-166/2003
Аб канстытуцыйнасцi падпункта 2.1 пункта 2 Палажэння аб зборы за паслугi на тэрыторыi горада Магiлёва на 2003 год, зацверджанага рашэннем Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 “Аб бюджэце горада Магiлёва на 2003 год”, у частцы абкладання мясцовым зборам паслуг па ахове кватэр i ўстаноўцы ахоўнай сiгналiзацыi
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiвавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткi чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот аб правамернасцi абкладання мясцовым зборам за паслугi, уведзеным на 2003 год Магiлёўскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, паслуг падраздзяленняў аб’яднання “Ахова” па ахове кватэр i ўстаноўцы ахоўнай сiгналiзацыi.
 
Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, законаў Рэспублiкi Беларусь “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год”, “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь”, “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
 
У адпаведнасцi з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год” (далей – Закон) абласныя, Мiнскi гарадскi Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыi адпаведных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак зборы за паслугi (збор за паслугi гасцiнiц, кемпiнгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ i iншых аб’ектаў сэрвiсу). Указаныя Саветы дэпутатаў на падставе пункта 2 дадзенага артыкула самастойна вызначаюць базу i аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, iльготы, парадак вылiчэння i тэрмiны выплаты мясцовых падаткаў i збораў у адпаведнасцi з Законам i iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.
 
Рашэннем Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2002 г. № 23-2 “Аб бюджэце горада Магiлёва на 2003 год” з 1 студзеня 2003 г. на тэрыторыi горада Магiлёва ўведзены мясцовы збор за паслугi (падпункт 7.2 пункта 7) i зацверджана Палажэнне аб зборы за паслугi на тэрыторыi горада Магiлёва на 2003 год (далей – Палажэнне).
 
У пункце 2 Палажэння ўказана, што зборам за паслугi абкладаюцца паслугi, якiя аказваюцца суб’ектамi гаспадарання па ахове кватэр i ўстаноўцы ахоўнай сiгналiзацыi. Аб’ектам абкладання зборам за паслугi з’яўляецца выручка ад рэалiзацыi паслуг, пад якой разумеецца кошт рэалiзуемай паслугi, вылiчаны зыходзячы з дзеючых цэн (тарыфаў) з улiкам збору за паслугi.
 
Прызнаючы права Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору за паслугi як заснаванае на палажэннях артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год”, Канстытуцыйны Суд разам з тым адзначае наступнае.
 
Прадаставiўшы абласным, Мiнскаму гарадскому Саветам дэпутатаў, Саветам дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню права ўводзiць мясцовыя зборы за паслугi, заканадавец адначасова ўстанавiў, што дадзеным зборам могуць абкладацца паслугi гасцiнiц, кемпiнгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ i iншых аб’ектаў сэрвiсу (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона). Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што заканадаўцам не прадугледжаны вычарпальны пералiк аб’ектаў сэрвiсу i не вызначаны крытэрыi аднясення паслуг да паслуг аб’ектаў сэрвiсу.
 
Ахоўная дзейнасць у Рэспублiцы Беларусь рэгулюецца Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 23 снежня 1998 г. № 24 “Аб мерах па ўдасканальванню ахоўнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь” (далей – Дэкрэт) са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi дэкрэтамi ад 31 жнiўня 1999 г. № 34 i ад 30 жнiўня 2002 г. № 22.
 
Пад ахоўнай дзейнасцю ў Дэкрэце разумеецца ахова ад процiпраўных замахаў фiзiчных асоб, аб’ектаў (маёмасцi) юрыдычных i фiзiчных асоб, у тым лiку грузаў, якiя перамяшчаюцца транспартам, а таксама праектаванне, мантаж, наладка, тэхнiчнае абслугоўванне сродкаў i сiстэм аховы.
 
У адпаведнасцi з пунктам 1 Дэкрэта ахоўная дзейнасць ажыццяўляецца толькi пералiчанымi ў iм арганiзацыямi. Да iх адносяцца: аб’яднанне “Ахова” пры Мiнiстэрстве ўнутраных спраў (далей – аб’яднанне “Ахова”), Служба бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства абароны, Камiтэт дзяржаўнай бяспекi, Дзяржаўны камiтэт пагранiчных войск, якiя маюць права ажыццяўляць ахову фiзiчных асоб, аб’ектаў (маёмасцi) юрыдычных i фiзiчных асоб ад процiпраўных замахаў; iншыя дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, установы, арганiзацыi незалежна ад формы ўласнасцi, якiя ажыццяўляюць ахову сваiх штатных работнiкаў i аб’ектаў (маёмасцi), што належаць гэтым органам, прадпрыемствам, установам, арганiзацыям, на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй).
 
Паўнамоцтвы аб’яднання “Ахова”, звязаныя з ажыццяўленнем ахоўнай дзейнасці, вызначаны ў пункце 3 Дэкрэта, згодна з якім аб’яднанне “Ахова”: распрацоўвае і ажыццяўляе меры, накіраваныя на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне ахоўнай дзейнасці; ажыццяўляе ахову грамадскага парадку і прымае меры па барацьбе са злачыннасцю на ахоўваемых аб’ектах, у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання; забяспечвае выкананне тэхнічных патрабаванняў у галіне праектавання і вытворчасці сродкаў і сістэм ахоўнай сігналізацыі, ажыццяўляе кантроль за iх укараненнем i эксплуатацыяй; ажыццяўляе кантроль за забеспячэннем аховы аб’ектаў органаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый (за выключэннем аб’ектаў, якія знаходзяцца пад аховай Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, і іншых аб’ектаў, для якіх устаноўлены спецыяльны рэжым аховы); ажыццяўляе на дагаворнай аснове (а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, і за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў) ахоўную дзейнасць і ахову грамадскага парадку; праводзіць сертыфікацыю сродкаў і сістэм аховы; выдае спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) органам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям на ахову сваіх штатных работнікаў і аб’ектаў (маёмасці), якія належаць гэтым органам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям, а таксама на праектаванне, мантаж, наладку і тэхнічнае абслугоўванне сродкаў і сістэм аховы (за выключэннем сродкаў індывідуальнага карыстання); заключае з органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, якім выдадзены спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), дагаворы аб умовах і правілах ажыццяўлення адпаведнай ахоўнай дзейнасці; ажыццяўляе кантроль за ахоўнай дзейнасцю, якая праводзіцца на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій); прымае ў межах сваёй кампетэнцыі рашэнні, абавязковыя для выканання органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што з аналізу зместу паўнамоцтваў аб’яднання “Ахова” не вынікае адназначны вывад аб тым, што дадзеныя віды дзейнасцi адносяцца да паслуг, якія ажыццяўляюцца іншымі, як указана ў Законе, “аб’ектамі сэрвісу”, разам з паслугамі гасцініц, кемпінгаў, матэляў, рэстаранаў, бараў, кафэ, пералічаных у падпункце 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год”.
 
З улiкам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што канкрэтны пералік аб’ектаў сэрвісу (паслуг сэрвісу), якія могуць абкладацца мясцовым зборам за паслугі, павінен быць вызначаны на заканадаўчым узроўні. Такі падыход да рэгулявання пытанняў мясцовага падаткаабкладання ў поўнай меры будзе адпавядаць палажэнням артыкула 121 Канстытуцыі, згодна з якім да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносiцца ўстанаўленне мясцовых падаткаў i збораў у адпаведнасцi з законам.
 
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што Магiлёўскi гарадскi Савет дэпутатаў у адпаведнасцi з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 10 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2003 год” мае права ўводзiць мясцовы збор за паслугi. Аднак аб’яднанне “Ахова” пры Мiнiстэрстве ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь было аднесена Магiлёўскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў да “аб’ектаў сэрвiсу” без дастатковых прававых падстаў i без улiку характару дзейнасцi дадзенага аб’яднання.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь у мэтах правядзення адзiнай падатковай палiтыкi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i ўстаранення неабгрунтаванай практыкi ўвядзення мясцовымi Саветамi дэпутатаў збораў за паслугi вызначыць у законе крытэрыi аднясення арганiзацый (вiдаў дзейнасцi) па аказанню паслуг да аб’ектаў сэрвiсу.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         Р.А. Васілевіч