Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 снежня 2003 г. № Р-165/2003
Аб забеспячэннi права на падачу скаргі ў парадку нагляду асобамi, асуджанымi да пазбаўлення волi
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь неаднаразовыя звароты асоб, асуджаных да пазбаўлення волi, у сувязi з немагчымасцю ажыццяўлення iмi права на абскарджанне прыгавораў у наглядным парадку з-за адсутнасцi сродкаў на выплату дзяржаўнай пошлiны, устанавіў наступнае.
 
Артыкулам 2 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 10 студзеня 1992 г. “Аб дзяржаўнай пошлiне” (з далейшымi змяненнямi i дапаўненнямi) устаноўлены аб’екты абкладання пошлiнай, у лiку якiх названы касацыйныя i наглядныя скаргi на судовыя пастановы.
 
Стаўкi дзяржаўнай пошлiны ўстанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Згодна з падпунктам 1.12 пункта 1 Дадатку да пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавiка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошлiны i прадастаўленнi дадатковых iльгот па яе выплаце” (са змяненнямi i дапаўненнямi) стаўка дзяржаўнай пошлiны з наглядных скарг (першых i паўторных) на прыгаворы судоў, на пастановы судоў першай iнстанцыi, касацыйныя пастановы i наглядныя пастановы вышэйстаячых судоў па крымiнальных справах складае адну базавую велiчыню.
 
У адпаведнасцi з абзацам пятым пункта 2 указанай пастановы Савета Мiнiстраў ад 26 сакавiка 2003 г. № 402 ад выплаты дзяржаўнай пошлiны вызваляюцца адвакаты за падачу ў суды i органы пракуратуры наглядных скарг (першых i паўторных) на прыгаворы судоў у частцы асуджэння або апраўдання. На асуджаных да пазбаўлення волi такое правiла не распаўсюджваецца.
 
У сваiх зваротах у Канстытуцыйны Суд асуджаныя, якiя адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi, скардзяцца на тое, што з прычыны адсутнасцi грашовых сродкаў яны не могуць скарыстаць сваё права на абарону, у тым лiку i на падачу скаргi ў парадку нагляду на вынесеныя ў адносiнах да iх прыгаворы. Пры гэтым адной з прычын матэрыяльнай неплацежаздольнасцi яны называюць немагчымасць забеспячэння iх аплачваемай работай ва ўмовах папраўчых устаноў.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя асобы маюць права на вызваленне іх ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры падачы імі скарг у парадку нагляду, зыходзячы з наступнага.
 
Пунктам 5 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і прыгавор былі перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй згодна з законам.
 
Артыкулам 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з артыкулам 404 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КПК) прыгавор, пастанова суда, якія ўступілі ў законную сілу, могуць быць перагледжаны ў парадку нагляду. Артыкулам 408 КПК асуджанаму прадастаўлена права звароту ў парадку нагляду са скаргай па падставах, прадугледжаных артыкулам 388 КПК (аднабаковасць або непаўната судовага следства; неадпаведнасць вывадаў суда, выкладзеных у прыгаворы, фактычным акалічнасцям справы; істотнае парушэнне крымінальна-працэсуальнага закона; няправільнае прымяненне крымінальнага закона; неадпаведнасць назначанага судом пакарання цяжкасці злачынства і асобе абвінавачванага).
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае важнае значэнне скаргі, якая падаецца ў наглядным парадку, як гарантыі абароны правоў і інтарэсаў асуджаных і як сродку выпраўлення судовых памылак.
 
Вывучыўшы прававыя нормы ў частцы ўстанаўлення дзяржаўнай пошліны пры падачы скарг у парадку нагляду і вызвалення ад яе ва ўстаноўленых выпадках, Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўства ў гэтай частцы не супярэчыць Канстытуцыі і не перашкаджае рэалізацыі права асуджаных на судовую абарону.
 
Згодна з артыкулам 5 Закона “Аб дзяржаўнай пошлiне” права ўстанаўліваць дадатковыя льготы па выплаце дзяржаўнай пошлiны прадастаўлена Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Акрамя таго,такое права прадастаўлена абласным i Мiнскаму гарадскому Саветам дэпутатаў або па iх даручэнню выканаўчым i распарадчым органам (па выплаце дзяржаўнай пошлiны, якая залiчваецца ў мясцовы бюджэт) для асобных плацельшчыкаў або груп плацельшчыкаў, а раённым i гарадскiм Саветам дэпутатаў або па iх даручэнню выканаўчым i распарадчым органам – для асобных плацельшчыкаў. У адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 5 указанага Закона правам на ўстанаўленне дадатковых iльгот у частцы выплаты дзяржаўнай пошлiны па судовых справах для асобных грамадзян, зыходзячы з iх маёмаснага становiшча, валодаюць i суды (суддзi).
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, узнятыя ў зваротах асуджаных пытаннi ў большай меры адносяцца да праблемы iх практычнага вырашэння.
 
Як паказала вывучэнне практыкi, асуджаныя, якiя не маюць сродкаў для аплаты дзяржаўнай пошлiны пры прынясеннi iмi скарг у парадку нагляду, звяртаюцца ў адпаведныя органы па месцы адбывання пакарання з просьбамi аб вызваленнi iх ад выплаты такой пошлiны. Па звестках, якiя ёсць у Канстытуцыйным Судзе, большасць пададзеных заяў задавальняюцца. Акрамя таго, у папраўчых установах функцыянiруе сiстэма аказання матэрыяльнай дапамогi праз iснуючыя ў iх грамадскiя фонды, якiя пры наяўнасцi адпаведных падстаў i грашовых сродкаў таксама аказваюць дапамогу асуджаным, у тым лiку i для выплаты iмi дзяржаўнай пошлiны. Таму асобы, якiм па аб’ектыўных прычынах не прадастаўлена аплачваемая работа, цi асобы пенсiённага ўзросту, якiя маюць iнвалiднасць або пакутуюць ад рознага роду хвароб, маюць права звяртацца ў органы, упаўнаважаныя на вырашэнне пытанняў аб вызваленнi iх ад выплаты дзяржаўнай пошлiны за падачу скаргi.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд 
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што Закон Рэспублiкi Беларусь ад 10 студзеня 1992 г. “Аб дзяржаўнай пошлiне” i пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 26 сакавiка 2003 г. № 402 “Аб стаўках дзяржаўнай пошлiны i прадастаўленнi дадатковых iльгот па яе выплаце” ў частцы ўстанаўлення дзяржаўнай пошлiны за падачу скаргi ў парадку нагляду i замацавання права асуджаных на зварот у адпаведныя органы па пытанню аб вызваленнi ад яе выплаты не супярэчаць Канстытуцыi i не перашкаджаюць рэалiзацыi права асуджаных прыносiць скаргi аб пераглядзе ўступiўшых у законную сiлу прыгавораў.
 
2. Лiчыць, што справядлiвае вырашэнне i ў далейшым кампетэнтнымi дзяржаўнымi органамi заяў асуджаных аб вызваленнi iх ад выплаты дзяржаўнай пошлiны за падачу першых i паўторных скарг у парадку нагляду, з улiкам аб’ектыўных прычын iх матэрыяльнай неплацежаздольнасцi (непрыцягненне iх да аплачваемай работы, пенсiённы ўзрост, iнвалiднасць i хваробы), будзе садзейнiчаць больш поўнаму забеспячэнню права асуджаных на зварот са скаргамi аб пераглядзе вынесеных у адносiнах да iх прыгавораў.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                      Р.А. Васілевіч