Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
21 лістапада 2003 г. № Р-164/2003
21 лістапада 2003 г. № Р-164/2003
Аб прававым рэгуляванні пытанняў збiрання платы за тэхнiчнае абслугоўванне дамоў жыллёва-будаўнiчых кааператываў з улiкам зямельнага падатку
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў — Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 i часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь калектыўныя i асабiстыя звароты грамадзян аб розных умовах выплаты зямельнага падатку грамадзянамi – уласнiкамi кватэр у дамах жыллёва-будаўнiчых кааператываў i грамадзянамi, якiм на праве ўласнасцi належаць кватэры ў шматкватэрных дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду.
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлі, Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб плацяжах за зямлю” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з Законам “Аб плацяжах за зямлю” (далей – Закон) плацельшчыкамi зямельнага падатку з’яўляюцца юрыдычныя i фiзiчныя асобы, якiм зямельныя ўчасткi прадастаўлены ў валоданне, карыстанне або ва ўласнасць (артыкул 5), аб’ектам падаткаабкладання з’яўляецца зямельны ўчастак, якi знаходзiцца ў валоданнi, карыстаннi або ўласнасцi (артыкул 4).
З аналiзу палажэнняў артыкулаў 30, 31 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi (далей – Кодэкс) вынiкае, што права пастаяннага карыстання, права пажыццёвага атрымлiваемага ў спадчыну валодання зямельным участкам i права прыватнай уласнасцi на зямельны ўчастак сведчыцца дзяржаўным актам, з моманту атрымання якога ўзнiкае гэта права. У асобных выпадках па хадайнiцтву землеўладальнiка, землекарыстальнiка адпаведны выканаўчы i распарадчы орган можа дазволiць выкарыстанне гэтых зямельных участкаў да выдачы ўказанага дакумента пры ўмове вызначэння межаў зямельнага ўчастка ў натуры (на мясцовасцi).
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 18 лютага 1991 г. “Аб правядзеннi зямельнай рэформы ў рэспублiцы” прадпрыемствы, установы i арганiзацыi, якiя маюць у карыстаннi зямельныя ўчасткi, прадастаўленыя iм да ўвядзення ў дзеянне Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi ад 11 снежня 1990 г. (дзейнiчаў да 1 студзеня 1999 г.), былi абавязаны да 1 студзеня 1994 года аформiць дакументы, якiя сведчаць аб праве на валоданне або аб праве на пастаяннае карыстанне зямлёй. Пасля заканчэння ўказанага тэрмiну раней прадастаўленае iм права карыстання зямельнымi ўчасткамi прызнавалася страцiўшым сiлу (пункт 8). Савету Мiнiстраў было даручана забяспечыць выдзяленне адпаведных грашовых сродкаў i матэрыяльна-тэхнiчных рэсурсаў, неабходных для правядзення зямельнай рэформы (пункт 9).
У адпаведнасцi з артыкулам 143-1 дзеючага Кодэкса зямельныя ўчасткi, размешчаныя на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, незалежна ад форм уласнасцi i мэтавага прызначэння падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму кадастраваму ўлiку, а правы на iх i здзелкi з iмi – абавязковай дзяржаўнай рэгiстрацыi.
У той жа час вывучэнне правапрымяняльнай практыкi паказвае, што, калi права карыстання зямельнымi ўчасткамi, забудаванымi дамамi жыллёва-будаўнiчых кааператываў, аформлена ў адпаведнасцi з палажэннямi Кодэкса, то акты землекарыстання на зямельныя ўчасткi, занятыя жыллёвым фондам, якi знаходзiцца на балансе жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных арганiзацый, у большасцi гэтых арганiзацый адсутнiчаюць.
Зямельны падатак з зямельных участкаў, на якiх размешчаны жылыя дамы дзяржаўнага жыллёвага фонду i якiя знаходзяцца ў фактычным карыстаннi жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (далей – ЖРЭА), вылiчваецца i выплачваецца суразмерна плошчы забудовы. Плацельшчыкамi зямельнага падатку ў адпаведнасцi з артыкулам 5 Закона з’яўляюцца юрыдычныя асобы – ЖРЭА. Пры гэтым на падставе пункта 57 Iнструкцыi аб парадку вылiчэння i выплаты плацяжоў за зямлю юрыдычнымi асобамi, зацверджанай пастановай Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 18 красавiка 2000 г. № 33 (са змяненнямi i дапаўненнямi), плацяжы за зямлю адносяцца на затраты па вытворчасцi i рэалiзацыi тавараў (работ, паслуг).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што Законам “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год” вызначаны шэраг мер сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: згодна з артыкулам 9 дадзенага Закона ў 2003 годзе з мясцовых бюджэтаў фінансуецца да 35 працэнтаў затрат па аказанню жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву ў абласцях і да 28 працэнтаў у г. Мінску. Сродкі мэтавага збору на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, у адпаведнасці з артыкулам 11 накіроўваюцца на расходы па ўтрыманню і рамонту жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, таварыствы ўласнікаў, а таксама на субсідыі юрыдычным асобам па пакрыццю часткі затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву.
Палажэннем аб парадку выкарыстання сродкаў мэтавага збору на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, таварыствы ўласнікаў, і на субсідыі юрыдычным асобам па пакрыццю часткі затрат, звязаных з аказаннем камунальных паслуг насельніцтву, зацверджаным пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2002 г. № 3, устаноўлена, што пакрыццё расходаў юрыдычных асоб (акрамя тых, расходы па ўтрыманню жылля якіх фінансуюцца з бюджэту) па ўтрыманню і бягучаму рамонту жыллёвага фонду, уключаючы жыллёва-будаўнічыя кааператывы, маладзёжныя жыллёвыя комплексы, таварыствы ўласнікаў, праводзіцца за вылікам налічаных сум платы грамадзян за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў і іншых даходных крыніц (арэндная плата і інш.).
Такім чынам, заканадаўства рэгулюе пытанні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі з улікам канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22 Канстытуцыі) і прадугледжвае роўную сацыяльную падтрымку грамадзян, незалежна ад таго, пражываюць яны ў дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду ці дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ЖРЭА выплачваюць зямельны падатак з сум платы, якая ўносiцца жыльцамi за тэхнiчнае абслугоўванне дома, у кошт якога ўключана сума гэтага падатку. Крынiцай выплаты зямельнага падатку жыллёва-будаўнiчым кааператывам, якi з’яўляецца плацельшчыкам падатку, служаць грашовыя сродкi членаў кааператыва. У той жа час у выпадку, калi паслугi па тэхнiчнаму абслугоўванню дамоў жыллёва-будаўнiчых кааператываў аказваюцца ЖРЭА, пры разлiку платы за тэхнiчнае абслугоўванне iмi не ўлiчваецца тое, што жыллёва-будаўнiчыя кааператывы самастойна, у сiлу Закона, вылiчваюць i выплачваюць зямельны падатак. Такiм чынам, сумы зямельнага падатку, якi выплачваецца ЖРЭА, не падлягаюць уключэнню ў кошт паслуг па тэхнiчнаму абслугоўваню дамоў жыллёва-будаўнiчых кааператываў.
У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў, пытанні аплаты паслуг ЖРЭА за тэхнічнае абслугоўванне дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў падлягаюць нарматыўнаму ўрэгуляванню з улікам канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і палажэнняў Закона “Аб плацяжах за зямлю”.
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць у дамах жыллёва-будаўнічых кааператываў, забяспечыць нарматыўнае ўрэгуляванне пытанняў аплаты паслуг жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў па тэхнічнаму абслугоўванню дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў з улікам канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і палажэнняў Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб плацяжах за зямлю”, выключыўшы неабгрунтаванае адрозненне грамадзян адносна выплаты зямельнага падатку i не дапускаючы пры гэтым павышэння платы за тэхнiчнае абслугоўванне.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч