Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 лістапада 2003 г. № Р-162/2003
3 лістапада 2003 г. № Р-162/2003
Аб канстытуцыйнасці рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” у частцы мясцовага збору за права гандлю
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню канстытуцыйнасці рашэння Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў аб мясцовым зборы за права гандлю.
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”, законаў Рэспублікі Беларусь “Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб падатках і зборах, якія бяруцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь”, “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, іншых актаў падатковага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.
Пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія ў 2002 годзе абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ўводзяць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, змяшчаецца ў артыкуле 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”. У ліку збораў з карыстальніка названы збор за права гандлю (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 10).
Такiм чынам, Наваполацкi гарадскi Савет дэпутатаў пры зацвярджэннi Палажэння аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовага збору за права гандлю рашэннем ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэннi палажэнняў аб парадку вылiчэння i выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год”, а таксама пры далейшым унясеннi змяненняў i дапаўненняў у дадзенае Палажэнне (рашэннi ад 28 сакавiка 2002 г. № 68 i ад 28 чэрвеня 2002 г. № 82) рэалiзаваў прадастаўленыя яму Законам “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год” паўнамоцтвы. У адпаведнасцi з пунктам 2 артыкула 10 гэтага Закона абласныя, Мiнскi гарадскi Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу i аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, iльготы, парадак вылiчэння i тэрмiны выплаты мясцовых падаткаў i збораў, калi iншае не ўстаноўлена заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Наваполацкiм гарадскiм Саветам дэпутатаў устаноўлены неабходныя элементы, якiя дазваляюць лiчыць абавязацельства па выплаце дадзенага мясцовага збору вызначаным.
У адпаведнасцi з артыкулам 56 Канстытуцыi грамадзяне Рэспублiкi Беларусь абавязаны прымаць удзел у фiнансаваннi дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлiн i iншых плацяжоў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзены канстытуцыйны абавязак мае асобы, публiчна-прававы характар, што абумоўлена публiчна-прававой прыродай дзяржавы i дзяржаўнай улады. Падаткi, пошлiны i зборы з’яўляюцца неабходнай умовай iснавання любой дзяржавы, таму абавязак плацiць iх распаўсюджваецца на ўсiх падаткаплацельшчыкаў у якасцi безумоўнага патрабавання дзяржавы.
У той жа час Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што згодна з пунктам 44 пералiку вiдаў дзейнасцi, на ажыццяўленне якiх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (лiцэнзii), i ўпаўнаважаных на iх выдачу дзяржаўных органаў i дзяржаўных арганiзацый, зацверджанага Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiпеня 2003 г. № 17, рознiчны гандаль i грамадскае харчаванне адносяцца да вiдаў дзейнасцi, на ажыццяўленне якiх патрабуецца спецыяльны дазвол (лiцэнзiя). Права ажыццяўляць дзейнасць, на заняцце якой неабходна атрыманне лiцэнзii, у сiлу пункта 2 артыкула 22 i часткi другой пункта 3 артыкула 45 Грамадзянскага кодэкса ўзнiкае з моманту атрымання такой лiцэнзii або ва ўказаны ў ёй тэрмiн i спыняецца пасля заканчэння тэрмiну яе дзеяння, калi iншае не ўстаноўлена заканадаўствам. Згодна з артыкулам 7 Закона “Аб прадпрымальнiцтве ў Рэспублiцы Беларусь” прадпрымальнiк абавязаны атрымлiваць ва ўстаноўленым парадку спецыяльны дазвол (лiцэнзiю) на дзейнасць у сферах, якiя падлягаюць лiцэнзаванню ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
У пункце 4 Палажэння аб лiцэнзаваннi асобных вiдаў дзейнасцi, зацверджанага Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лiпеня 2003 г. № 17, вызначана, што лiцэнзiя выдаецца на канкрэтны вiд дзейнасцi (з указаннем работ i паслуг, якiя складаюць гэты вiд дзейнасцi) i дзейнiчае на ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або яе частцы ў адпаведнасцi з заканадаўствам. За разгляд лiцэнзуючым органам заявы з прыкладаннем неабходных дакументаў для атрымання лiцэнзii, падаўжэння тэрмiну яе дзеяння бярэцца лiцэнзiйны збор у суме, эквiвалентнай 10 еўра; за выдачу лiцэнзii бярэцца лiцэнзiйны збор у суме, эквiвалентнай 90 еўра (пункт 37 Палажэння). Лiцэнзiйны збор уносiцца суiскальнiкам лiцэнзii або лiцэнзiятам на спецыяльны рахунак падатковага органа па месцы знаходжання лiцэнзуючага органа i залiчваецца ў адпаведны бюджэт (пункт 38 Палажэння).
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў выпадку, калi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены пошлiны i зборы за права гандлю, у мэтах выключэння неабгрунтаванага завышэння ставак мясцовых збораў з карыстальнiка права на ўвядзенне такога мясцовага збору мясцовымi Саветамi дэпутатаў павiнна быць легальна вызначана заканадаўцам.
У сваім рашэнні ад 14 лютага 2003 г. “Аб канстытуцыйнасці рашэння Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пінска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнікаў інфраструктуры горада” Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на замацаваны ў частцы другой артыкула 132 Канстытуцыі прынцып адзінства бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама на тое, што згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд указаў, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, забеспячэння прыняцця мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у сферы мясцовага падаткаабкладання і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ў законе павінны быць устаноўлены ўсе важнейшыя элементы мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б вызначаць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, як гэта прадугледжана ў пункце 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, і без вызначэння якіх мясцовыя падаткі і зборы не могуць лічыцца законна ўстаноўленымі.
Вывучэнне зваротаў грамадзян у Канстытуцыйны Суд па пытаннях устанаўлення мясцовых падаткаў і збораў паказвае, што ў сваёй большасці гэтыя звароты звязаны з устанаўленнем мясцовых збораў з карыстальніка, гэта значыць тых мясцовых збораў, параметры важнейшых элементаў якіх, у адрозненне ад устаноўленых у пункце 3 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год”, так і не былі вызначаны.
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць, што рашэнне Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 56 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб парадку вылічэння і выплаты мясцовых збораў, уведзеных на 2002 год” са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі рашэннямі ад 28 сакавіка 2002 г. № 68 і ад 28 чэрвеня 2002 г. № 82, у частцы мясцовага збору за права гандлю прынята ў межах прадастаўленых Законам Рэспублікі Беларусь “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” паўнамоцтваў.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь у мэтах выканання канстытуцыйнага палажэння аб адзінстве бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 132 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), і для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў пры прыняцці закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2004 год звярнуць увагу на неабходнасць устанаўлення вычарпальнага пераліку мясцовых падаткаў і збораў, якія мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай тэрыторыі, а таксама вызначыць параметры важнейшых элементаў мясцовых збораў з карыстальніка (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, гранічны размер стаўкі).
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч