У зваротах, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, указваецца аб тым, што пры прызнанні грамадзян недзеяздольнымі з прычыны псіхічнага расстройства не ўлічваюцца ступень захворвання і іх магчымасць самастойна распараджацца пенсіяй і заключаць дробныя бытавыя здзелкі, якія накіраваны на задавальненне сваіх разумных патрэбнасцей і не парушаюць правы іншых асоб, чым, па меркаванню заяўнікаў, абмяжоўваюцца канстытуцыйныя правы і законныя інтарэсы дадзенай катэгорыі грамадзян.
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 29 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін, які з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму) не можа разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, можа быць прызнаны судом недзеяздольным у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам; над ім устанаўліваецца апека.
Заканадаўства, якое рэгламентуе метадалогію дыягнаставання псіхічнага расстройства чалавека і правядзення адпаведных экспертыз, не прадугледжвае дыферэнцыраванага падыходу да выяўлення таго, у якой ступені ў залежнасці ад цяжкасці псіхічнага расстройства зніжаюцца інтэлектуальная і валявая характарыстыкі асобы, якая пакутуе на такое расстройства, а прадугледжвае адназначны вывад судовага эксперта аб здольнасці або няздольнасці грамадзяніна па стану псіхічнага здароўя разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі.
У сувязі з гэтым не выключаюцца выпадкі, калі асобы, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, захоўваюць або аднавілі здольнасць у пэўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, але яны абмяжоўваюцца ў правах і свабодах у большай ступені, чым гэта неабходна для абароны іх правоў і свабод, забеспячэння іншых канстытуцыйных каштоўнасцей, і становяцца яшчэ больш сацыяльна слабымі.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што існуючы прававы механізм, які не ўлічвае ступень фактычнага зніжэння або аднаўлення здольнасці грамадзяніна ў пэўнай меры разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі з прычыны псіхічнага расстройства, сведчыць аб канстытуцыйна-прававым прабеле ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін, звязаных з прызнаннем грамадзяніна недзеяздольным.
У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, канстытуцыйных гарантый правоў і законных інтарэсаў грамадзян і ліквідацыі прабелу ў грамадзянскім заканадаўстве прызнана неабходным унясенне змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс у частцы замацавання магчымасці абмежавання дзеяздольнасці грамадзяніна з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму) у залежнасці ад ступені фактычнага зніжэння здольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі і прызнання абмежавана дзеяздольнымі грамадзяніна, раней прызнанага недзеяздольным з прычыны псіхічнага расстройства (псіхічнай хваробы або слабага розуму), у выпадку аднаўлення яго здольнасці разумець у пэўнай меры значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі, а таксама замацавання грамадзянска-прававых вынікаў прызнання судом грамадзян, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы, абмежавана дзеяздольнымі.
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона, прадугледзеўшы адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Грамадзянскі кодэкс, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.