Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 лістапада 2003 г. № Р-161/2003
3 лістапада 2003 г. № Р-161/2003
Аб гарантыях абвiнавачванаму пры спыненнi папярэдняга расследавання ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., разгледзеўшы на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню аб абмежаваннi права на абскарджанне ў суд спынення папярэдняга расследавання па крымiнальнай справе ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi, устанавiў наступнае.
Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.
У адпаведнасцi з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам. Згодна з артыкулам 10 дадзенай Дэкларацыi кожны чалавек, для вызначэння яго правоў i абавязкаў i для ўстанаўлення абгрунтаванасцi прад’яўленага яму крымiнальнага абвiнавачання, мае права, на аснове поўнай роўнасцi, на тое, каб яго справа была разгледжана галосна i з выкананнем усiх патрабаванняў справядлiвасцi незалежным i непрадузятым судом.
Артыкулам 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах устаноўлена, што кожны мае права пры разглядзе любога крымiнальнага абвiнавачання, якое яму прад’яўляецца, або пры вызначэннi яго правоў i абавязкаў у якiм-небудзь грамадзянскiм працэсе на справядлiвы i публiчны разбор справы кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом, створаным на падставе закона.
Канстытуцыйны Суд у сваiх рашэннях неаднаразова адзначаў, што права на судовую абарону адносiцца да агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх Рэспублiка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi прызнае i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства, а артыкул 60 Канстытуцыi, якi гарантуе права кожнаму на судовую абарону, мае непасрэдны характар дзеяння.
У адпаведнасцi з прынцыпам прэзумпцыi невiнаватасцi, замацаваным у артыкуле 26 Канстытуцыi, нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым у злачынстве, калi яго вiна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана i ўстаноўлена ўступiўшым у законную сiлу прыгаворам суда.
Згодна з часткай першай артыкула 140 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым – КПК), у рэдакцыi Закона ад 4 студзеня 2003 г., скаргi на рашэннi аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальнай справы, аб спыненнi папярэдняга расследавання па крымiнальнай справе цi крымiнальнага праследавання падаюцца ў межах тэрмiнаў даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi.
У частцы першай артыкула 29 КПК разам з iншымi падставамi спынення вядзення па крымiнальнай справе прадугледжана заканчэнне тэрмiнаў даўнасцi. Згодна з часткай трэцяй артыкула 29 КПК спыненне вядзення па крымiнальнай справе па ўказанай падставе не дапускаецца, калi абвiнавачваны супраць гэтага пярэчыць. У такiм выпадку вядзенне па справе працягваецца ў звычайным парадку.
У адпаведнасцi з часткай другой артыкула 254 КПК аднаўленне спыненага папярэдняга расследавання дапускаецца толькi да заканчэння тэрмiну даўнасцi прыцягнення асобы да крымiнальнай адказнасцi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што агульны падыход заканадаўца да ўстанаўлення тэрмiнаў у крымiнальным працэсе, у тым лiку i на судовае абскарджанне дзеянняў i рашэнняў органаў папярэдняга расследавання, абумоўлены мэтамi забеспячэння ўпарадкаванасцi крымiнальнага судаводства, адпавядае артыкулу 60 Канстытуцыi, якi гарантуе права кожнаму на судовую абарону ў вызначаныя законам тэрмiны. Такi падыход замацаваны ў цэлым шэрагу артыкулаў КПК (артыкулы 374, 406, 419, 427, 467 i iнш.). Артыкул 161 КПК прадугледжвае таксама магчымасць аднаўлення прапушчанага тэрмiну.
Дапускаючы спыненне вядзення па крымiнальнай справе на стадыi папярэдняга расследавання па нерэабiлiтуючых падставах, у прыватнасцi ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi, КПК, хаця i адступае ў пэўнай меры ад прынцыпу прэзумпцыi невiнаватасцi, але гарантуе разгляд справы ў судзе ў выпадках, калi абвiнавачваны пярэчыць супраць спынення вядзення па крымiнальнай справе па ўказанай падставе (частка трэцяя артыкула 29). Пры гэтым мяркуецца, што абвiнавачваны, даючы згоду ў такiм выпадку, фактычна згаджаецца з абвiнавачаннем i выбiрае для сябе больш прымальны шлях, якi ў той жа час спрашчае i працэс крымiнальнага судаводства. Такая згода ў адпаведнасцi з патрабаваннямi КПК (частка трэцяя артыкула 251) павiнна быць адлюстравана ў пастанове аб спыненнi папярэдняга расследавання або крымiнальнага праследавання.
Разам з тым, як сведчаць звароты ў Канстытуцыйны Суд, на практыцы маюць месца выпадкi, калi абвiнавачваныя даюць згоду на спыненне папярэдняга расследавання або крымiнальнага праследавання па ўказанай падставе, лiчачы, што прыняцце дадзенага рашэння поўнасцю вычэрпвае iх адказнасць. Такое становiшча ўзнiкае ў вынiку таго, што ў КПК не прадугледжаны абавязак службовых асоб органаў крымiнальнага праследавання, якiя прымаюць рашэнне аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi, растлумачваць абвiнавачванаму прававы характар пастановы аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе i прававыя вынiкi вынясення такой пастановы. Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў КПК неабходна замацаваць гэты абавязак, з тым каб абвiнавачваныя разумелi, што сам факт прыняцця такога рашэння не азначае прызнанне iх невiнаватымi i што ў канчатковым вынiку яны могуць панесцi ў сувязi з учыненым злачынствам iншую адказнасць (напрыклад, грамадзянска-прававую, дысцыплiнарную).
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ва ўказаных выпадках права абвiнавачванага на судовую абарону абмяжоўваецца палажэннем часткi першай артыкула 140 КПК, якая ўстанавiла межы абскарджання тэрмiнамi даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi. Пасля спынення вядзення па крымiнальнай справе ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi асоба не мае магчымасцi звярнуцца ў суд, паколькi такiя тэрмiны заканчваюцца, як правiла, да вынясення пастановы аб спыненнi вядзення па справе, калi ў асобы ўжо не застаецца часу на падачу скаргi.
Канстытуцыйны Суд таксама лiчыць, што сам факт дачы згоды абвiнавачванага на спыненне вядзення па крымiнальнай справе не можа служыць перашкодай для рэалiзацыi яго права на судовую абарону, паколькi абскарджаны могуць быць iншыя пытаннi, якiя змяшчаюцца ў адпаведнай пастанове (напрыклад, лёс рэчавых доказаў, квалiфiкацыя ўчыненага i да т.п.). Iстотнай гарантыяй правоў абвiнавачваных ва ўказаных выпадках было б устанаўленне ў законе прымальнага тэрмiну, на працягу якога яны мелi б магчымасць звяртацца са скаргамi ў суд.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫPАШЫЎ:
1. Лiчыць неабходным замацаванне ў Крымiнальна-працэсуальным кодэксе Рэспублiкi Беларусь абавязку службовых асоб органаў крымiнальнага праследавання, якiя прымалi рашэнне аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi, растлумачваць абвiнавачваным прававы характар i прававыя вынiкi такога рашэння.
Больш поўнай абароне правоў указаных асоб садзейнiчала б устанаўленне ў законе прымальнага тэрмiну, на працягу якога абвiнавачваны меў бы магчымасць звярнуцца ў суд са скаргай па пытаннях, звязаных са спыненнем вядзення па крымiнальнай справе ў сувязi з заканчэннем тэрмiнаў даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь адпаведныя змяненнi i дапаўненнi.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васілевіч