Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
21 кастрычніка 2003 г. № Р-160/2003
21 кастрычніка 2003 г. № Р-160/2003
Аб падставах перагляду прыгавораў у адпаведнасцi з правiлам аб зваротнай сiле крымiнальнага закона
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты асоб, асуджаных да пазбаўлення волi, па пытанню аб непрымяненнi да iх правiла аб зваротнай сiле крымiнальнага закона, устанавiў наступнае.
Часткай шостай артыкула 104 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь замацавана, што закон не мае зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.
У пункце 1 артыкула 15 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах прадугледжана, што калi пасля ўчынення злачынства законам устанаўлiваецца больш лёгкае пакаранне, дзеянне гэтага закона распаўсюджваецца на дадзенага злачынца.
Крымiнальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь (у далейшым – КК) грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i агульнапрызнаных прынцыпах i нормах мiжнароднага права (частка трэцяя артыкула 1 КК).
Згодна з часткай другой артыкула 9 КК закон, што ўстараняе злачыннасць дзеяння, змякчае пакаранне або iншым чынам паляпшае становiшча асобы, якая ўчынiла злачынства, мае зваротную сiлу, гэта значыць распаўсюджваецца на асоб, якiя ўчынiлi адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сiлу, у тым лiку i на асоб, якiя адбываюць пакаранне або адбылi пакаранне, але маюць судзiмасць. Калi новы крымiнальны закон змякчае каральнасць дзеяння, за якое асоба адбывае пакаранне, суд назначае пакаранне ў адпаведнасцi з санкцыяй новага крымiнальнага закона, кiруючыся артыкулам 62 КК.
Такiм чынам, згодна з артыкулам 9 КК больш мяккiм крымiнальны закон прызнаецца ў выпадках, калi ён устараняе злачыннасць дзеяння, змякчае каральнасць дзеяння або iншым чынам паляпшае становiшча асобы, якая ўчынiла злачынства.
У адпаведнасцi з артыкулам 5 Закона ад 18 лiпеня 2000 г. “Аб увядзеннi ў дзеянне Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь” прыгаворы, па якiх асобы, асуджаныя па Крымiнальнаму кодэксу Рэспублiкi Беларусь 1960 года, не адбылi пакарання, падлягаюць перагляду ў тых выпадках, калi назначанае судом пакаранне з’яўляецца больш строгiм, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыi адпаведнага артыкула КК.
Згодна з артыкулам 16 указанага Закона “прыгаворы або пастановы судоў падлягаюць перагляду ў выпадках, калi Крымiнальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь iншым чынам, чым прадугледжана гэтым Законам, паляпшае становiшча асоб, якiя ўчынiлi злачынствы, у тым лiку асоб, якiя адбываюць пакаранне або адбылi пакаранне, але маюць судзiмасць”.
Пунктам 2 артыкула 4 Закона ад 22 лiпеня 2003 г. “Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь” прадугледжана, што “прыгаворы, па якiх асуджаныя асобы не адбылi пакарання, падлягаюць перагляду ў тых выпадках, калi назначанае судом пакаранне з’яўляецца больш строгiм, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыi адпаведнага артыкула Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь у рэдакцыi гэтага Закона, а таксама ў выпадках, калi нормы гэтага Закона iншым чынам паляпшаюць становiшча асоб, якiя ўчынiлi злачынствы, у тым лiку асоб, якiя адбылi пакаранне, але маюць судзiмасць”.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што на практыцы з прычыны некаторай супярэчлівасці артыкулаў 5 і 16 Закона ад 18 ліпеня 2000 г. і палажэнняў пункта 2 артыкула 4 Закона ад 22 ліпеня 2003 г., а таксама з прычыны адсутнасці ў КК вызначэння закона, які змякчае каральнасць дзеяння, мае месца абмежаванне прымянення правіла аб зваротнай сіле крымінальнага закона. Змякчэнне каральнасці дзеяння прызнаецца толькi ў тым выпадку, калi назначанае раней пакаранне з’яўляецца больш строгiм, чым устаноўлена верхняй мяжой санкцыi адпаведнага артыкула КК, што зменена новым законам. Менавіта ў такім напрамку развіваецца судовая практыка, якая грунтуецца ў тым ліку і на растлумачэннях, што змяшчаюцца ў рэкамендацыях судовай калегii па крымiнальных справах Вярхоўнага Суда па перагляду прыгавораў у адпаведнасцi з артыкулам 9 КК на падставе палажэнняў Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь”. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што такiя растлумачэннi змяшчаюцца не ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда.
У тых жа выпадках, калi ў санкцыі адпаведнага артыкула КК знiжана мiнiмальная мяжа пакарання, назначанага па раней дзеючаму закону, прыгаворы не пераглядаюцца. Да ўказаных выпадкаў суды не прымяняюць i нормы, якiя змяшчаюцца ў частцы другой артыкула 9 КК, у артыкуле 16 Закона ад 18 лiпеня 2000 г. i ў пункце 2 артыкула 4 Закона ад 22 лiпеня 2003 г., згодна з якiмi зваротную сiлу маюць i тыя законы, што iншым чынам паляпшаюць становiшча асоб, якiя ўчынiлi злачынствы.
Не пераглядаюцца прыгаворы i ў тых выпадках, калi санкцыя артыкула КК, па якой асоба была асуджана, дапоўнена больш мяккiм пакараннем, а таксама ў iншых выпадках змянення адпаведнай санкцыi ў бок змякчэння каральнасцi дзеяння (напрыклад, калi пакаранне назначана ў межах санкцыi новага, больш мяккага закона, але нiжняя i верхняя межы санкцыi знiжаны ў параўнаннi з раней дзеючым законам, у адпаведнасцi з якiм было назначана пакаранне).
Зыходзячы з сутнасцi правiла аб зваротнай сiле закона, замацаванага як у Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, так i ў мiжнародна-прававых актах, Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным кіравацца гэтым правілам у прымяненнi да крымiнальнага закона ў поўнай меры, без абмежаванняў. Абмежаванні сферы яго прымянення цягнуць за сабой у сваю чаргу парушэнне прынцыпаў справядлівасці і канстытуцыйнай законнасці пры назначэнні пакарання вінаватым. Гэта таксама прыводзіць да парушэння прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, замацаванага ў артыкуле 22 Канстытуцыі.
Зніжаючы мiнiмальную мяжу ўстаноўленага за злачынства пакарання цi iншым чынам змяняючы санкцыю артыкула КК у бок змякчэння каральнасцi дзеяння, заканадавец, па сутнасцi, змяняе ацэнку характару i ступенi грамадскай небяспекi ўчыненага, даючы магчымасць судам, кiруючыся агульнымi асновамі назначэння пакарання, замацаванымi ў артыкуле 62 КК, выбраць справядлiвую меру пакарання, якая адпавядае цяжару ўчыненага злачынства. Адмова ад перагляду прыгавораў у такiх выпадках выключае магчымасць аб’ектыўнай, у адпаведнасцi з новым законам i на падставе прынцыпу роўнасцi, ацэнкi грамадскай небяспекi злачынства i назначэння справядлiвага пакарання вiнаватай асобе.
Грунтуючыся на прававых прынцыпах роўнасцi i справядлiвасцi, а таксама на палажэннi артыкула 16 Закона ад 18 лiпеня 2000 г. “Аб увядзеннi ў дзеянне Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”, што прадпiсвае судам пераглядаць прыгаворы або пастановы ў выпадках, калi КК iншым чынам, чым прадугледжана гэтым Законам, паляпшае становiшча асоб, якiя ўчынiлi злачынствы, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што правiла аб зваротнай сiле больш мяккага крымiнальнага закона павiнна распаўсюджвацца на ўсе выпадкi змякчэння новым законам адказнасцi асобы, якая ўчынiла злачынства, у тым лiку i на выпадкi, калi знiжаецца мiнiмальная мяжа пакарання, назначанага па раней дзеючаму закону, цi iншым чынам змяняецца санкцыя адпаведнага артыкула КК у бок змякчэння каральнасцi дзеяння.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫPАШЫЎ:
1. Прызнаць, што ў адпаведнасцi з правiлам аб зваротнай сiле крымiнальнага закона ў тых выпадках, калi новым законам знiжана нiжняя мяжа пакарання, якое было раней назначана асобе, цi калi iншым чынам у бок змякчэння каральнасцi дзеяння зменена санкцыя артыкула Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, па якiм асоба была асуджана, ёсць падставы для перагляду прыгавораў у адносiнах да асуджаных, якія не адбылi пакаранне.
У сувязi з гэтым у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу роўнасцi ўсiх перад законам i рэальнага надання зваротнай сiлы закону, якi змякчае адказнасць грамадзян, прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь даць афiцыйнае тлумачэнне часткi другой артыкула 9 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, часткi першай артыкула 5, артыкула 16 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18 лiпеня 2000 г. “Аб увядзеннi ў дзеянне Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь” i пункта 2 артыкула 4 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 22 лiпеня 2003 г. “Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Крымiнальны i Крымiнальна-працэсуальны кодэксы Рэспублiкi Беларусь”.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васілевіч