Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб устанаўленні працэсуальнага парадку вызвалення ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скарг на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.)

У зваротах, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, грамадзяне ставяць пытанне аб наяўнасці прабелу ў заканадаўстве, якое ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу, у частцы рэгулявання адносін, звязаных з вызваленнем ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры абскарджанні ў суд пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь вызначаны абавязак грамадзян па выплаце дзяржаўнай пошліны за падачу ў агульныя суды скарг на судовыя пастановы. Пры гэтым у пункце 2 артыкула 258 дадзенага Кодэкса замацавана права суда (суддзі) поўнасцю або часткова вызваліць ад дзяржаўнай пошліны па судовых справах фізічных асоб зыходзячы з іх маёмаснага становішча па аб’ектах абкладання дзяржаўнай пошлінай, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.

Часткай 3 артыкула 12.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП) вызначана, што са скарг, якія падаюцца ў суд на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, спаганяецца дзяржаўная пошліна ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а нявыплата дзяржаўнай пошліны цягне вяртанне скаргі асобе, якая яе падала. У той жа час дадзены Кодэкс не змяшчае  норм, якія ўстанаўлівалі б працэсуальны парадак вызвалення фізічных асоб ад выплаты дзяржаўнай пошліны.

Пры гэтым згодна з часткай 2 артыкула 1.1 ПВКабАП дадзены Кодэкс з’яўляецца адзіным законам, які ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Нормы другіх заканадаўчых актаў, якія ўстанаўліваюць парадак адміністрацыйнага працэсу, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў, падлягаюць уключэнню ў ПВКабАП.

Такое заканадаўчае рэгуляванне сведчыць аб наяўнасці прававога прабелу, што прыводзіць да супярэчлівай правапрымяняльнай практыкі, калі ў шэрагу выпадкаў суды вяртаюць скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях без разгляду ў сувязі з нявыплатай дзяржаўнай пошліны, а хадайніцтва аб вызваленні ад яе выплаты ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам пакідаюць без задавальнення па прычыне адсутнасці ў ПВКабАП нормы, якая прадугледжвае магчымасць прыняцця суддзёй такога рашэння.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у грамадзяніна магчымасці аплаціць дзяржаўную пошліну па прычыне яго маёмаснага становішча не павінна перашкаджаць ажыццяўленню ім права на судовую абарону, у тым ліку ў адміністрацыйным працэсе.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону і ліквідацыі прабелу ў заканадаўстве, якое ўстанаўлівае парадак адміністрацыйнага працэсу, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дапаўненняў у частцы вызначэння парадку вызвалення судом (суддзёй) фізічных асоб ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу ў суд скарг на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.