Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
8 ліпеня 2013 г. № Р-845/2013
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»  

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» (далей Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 чэрвеня 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон прыняты з мэтай удасканалення прававога механізму заключэння, уступлення ў сілу, афіцыйнага апублікавання, выканання, прыпынення дзеяння і спынення міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе» адзначана, што вяршэнства права ўключае ў сябе шэраг элементаў, у тым ліку прававую дакладнасць. Пры дапамозе забеспячэння прынцыпу прававой дакладнасці ў нарматворчасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

 

Пунктам 1 артыкула 1 Закона ў Закон Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» (далей Закон аб міжнародных дагаворах) уносяцца змяненні і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі ўдакладняюцца вызначэнні асобных тэрмінаў, што выкарыстоўваюцца ў ім. У прыватнасці, у сувязі з пашырэннем пераліку суб’ектаў, якія валодаюць правам заключаць міжнародныя дагаворы, удакладнены змест такіх тэрмінаў, як «міжнародны дагавор Рэспублікі Беларусь», «двухбаковы міжнародны дагавор», «шматбаковы міжнародны дагавор», «дэпазітарый», «дагаворны бок» і інш.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што дадзеныя змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца ва ўказаны Закон, будуць садзейнічаць вызначэнню прававой прыроды і месца ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь дагавораў, заключаных паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектамі міжнароднага права, якія не з’яўляюцца дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, але валодаюць адпаведнымі паўнамоцтвамі ўступаць у міжнародныя адносіны. Такі падыход заканадаўца адпавядае  канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права і вынікаючаму з яго прынцыпу прававой дакладнасці.

 

2. Пунктам 11 артыкула 1 Закона артыкул 22 Закона аб міжнародных дагаворах выкладаецца ў новай рэдакцыі, у адпаведнасці з якой міжнародны дагавор міжведамаснага характару, што не ўступіў у сілу з дня падпісання або іншай даты, прадугледжанай дадзеным міжнародным дагаворам, падлягае зацвярджэнню, калі іншы спосаб выражэння згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора міжведамаснага характару не прадугледжаны дадзеным міжнародным дагаворам (частка першая).

 

Такім чынам, прававым рэгуляваннем, якое ўстанаўліваецца, удакладняюцца ўмовы зацвярджэння міжнароднага дагавора міжведамаснага характару. Зыходзячы з таго, што выражэнне згоды дзяржавы на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора з’яўляецца важнейшай стадыяй заключэння міжнароднага дагавора, ад якой залежыць уступленне яго ў сілу, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўдакладненне ўмоў зацвярджэння міжнародных дагавораў міжведамаснага характару адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці і накіравана на выпрацоўку аднастайнай практыкі прыняцця актаў аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў міжведамаснага характару.

 

3. Закон аб міжнародных дагаворах дапаўняецца палажэннямі, згодна з якімі прапановы аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў, аб зацвярджэнні (прыняцці), а таксама аб часовым прымяненні міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў павінны змяшчаць разам з іншымі дакументамі заключэнне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь аб адпаведнасці міжнароднага дагавора міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь (пункты 9, 10 і 15 артыкула 1 Закона).

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, указаныя дапаўненні, якія ўносяцца ў Закон аб міжнародных дагаворах, накіраваны на забеспячэнне кантролю за выкананнем міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь і рэалізацыю палажэнняў часткі першай артыкула 8 Канстытуцыі, якая прадугледжвае прызнанне Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнне адпаведнасці ім заканадаўства. Акрамя таго, яны адпавядаюць прынцыпу міжнароднага права рacta sunt servanda, замацаванаму ў артыкуле 26 Венскай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый «О праве международных договоров» ад 23 мая 1969 года, згодна з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

 

4. Пунктам 17 артыкула 1 Закона вызначаецца парадак уступлення ў сілу для Рэспублікі Беларусь і афіцыйнага апублікавання папраўкі да міжнароднага дагавора, а таксама ўдакладняюцца выпадкі, у якіх неабходна выражэнне згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе паправак да міжнародных дагавораў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававое рэгуляванне парадку ўступлення ў сілу паправак да міжнародных дагавораў, якое ўстанаўліваецца заканадаўцам, адпавядае канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права і вынікаючаму з яго прынцыпу прававой дакладнасці, мае на мэце ўдасканальванне дагаворнай практыкі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі і іншымі суб’ектамі міжнароднага права.

 

Канстытуцыйны Суд таксама мяркуе, што замацаванне Законам парадку апублікавання паправак да міжнародных дагавораў забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб міжнародным жыцці (частка першая артыкула 34 Канстытуцыі). Такі падыход заканадаўца, накіраваны на давядзенне да шырокага кола асоб інфармацыі аб тым, што папраўка да міжнароднага дагавора прынята і падлягае прымяненню, накіраваны ў тым ліку на ўстанаўленне аднастайнай правапрымяняльнай практыкі і ўзмацненне гарантый абароны канстытуцыйных правоў і свабод.

 

5. У пункце 4 артыкула 1 Закона замацоўваецца абавязак дзяржаўнага органа Рэспублікі Беларусь, дэпартамента дзяржаўнага органа своечасова інфармаваць Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у выпадку вызначэння канкрэтнай асобы (групы асоб), упаўнаважанай(ых) на здзяйсненне адпаведных юрыдычных дзеянняў па заключэнню міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што слова «своечасова»  прадугледжвае суб’ектыўную ацэнку ўказанага вышэй тэрміну правапрымяняльнікам і можа пацягнуць неаднолькавыя падыходы, якія перашкаджаюць выпрацоўцы аднастайнай практыкі заключэння міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў.

 

6. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на прававую недакладнасць, якая выражаецца ў адсутнасці ў Законе аб міжнародных дагаворах спецыяльных палажэнняў аб афіцыйным апублікаванні міжнародных дагавораў, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь. Разам з тым у такіх міжнародных дагаворах могуць змяшчацца палажэнні, што непасрэдна закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з часткай восьмай артыкула 32 Закона аб міжнародных дагаворах міжнародны дагавор або частка міжнароднага дагавора, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь да яго ўступлення ў сілу, падлягаюць выкананню ў тым ж парадку, што і міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу.

 

З аналізу ўказанай нормы, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, вынікае вывад аб тым, што міжнародныя дагаворы, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь, з’яўляюцца састаўной часткай яе прававой сістэмы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць вызначэння парадку афіцыйнага апублікавання міжнародных дагавораў, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч