Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
5 ліпеня 2013 г. № Р-833/2013
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об инвестициях»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данилюка С.Я., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об инвестициях».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об инвестициях» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Об инвестициях» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 26 чэрвеня 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь  28 чэрвеня 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання норм інвестыцыйнага заканадаўства з улікам міжнародных стандартаў і міжнароднай практыкі ў дадзенай сферы. Закон устанаўлівае прававыя асновы і прынцыпы ажыццяўлення інвестыцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і накіраваны на прыцягненне інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне гарантый, правоў і законных інтарэсаў інвестараў, а таксама іх роўнай абароны.

У Законе замацоўваюцца асноўныя прымяняемые ў ім тэрміны і іх вызначэнні, прынцыпы і спосабы ажыццяўлення інвестыцый; вызначаюцца органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы інвестыцый; прадугледжваюцца правы і абавязкі інвестараў, гарантыі правоў інвестараў і абарона інвестыцый.

Пры праверцы канстытуцыйнасці  Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Згодна з часткай другой артыкула 1 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

 

У адпаведнасці з артыкулам 13 Канстытуцыі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці (частка другая), а таксама роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая), ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая).

 

Засноўваючыся на дадзеных канстытуцыйных нормах, заканадавец устанаўлівае прававое рэгуляванне адносін, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні інвестыцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

1.1. У артыкуле 5 Закона прадугледжваецца, што інвестыцыі ажыццяўляюцца на такіх прынцыпах, як вяршэнства права, роўнасць інвестараў, добрасумленнасць і разумнасць ажыццяўлення інвестыцый, недапушчальнасць адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы, забеспячэнне аднаўлення парушаных правоў і законных інтарэсаў, іх судовай абароны. Пры ажыццяўленні інвестыцый прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што замацаванне дадзеных прынцыпаў у Законе адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (частка першая артыкула 60); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

 

1.2. У артыкуле 4 Закона вызначаецца, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь інвестыцыі ажыццяўляюцца такімі спосабамі, як утварэнне камерцыйнай арганізацыі; набыццё, стварэнне, у тым ліку шляхам будаўніцтва, аб’ектаў нерухомай маёмасці, за выключэннем выпадкаў, вызначаных абзацам чацвёртым артыкула 2 Закона; набыццё правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці; набыццё  акцый, доляў у статутным фондзе, паёў у маёмасці камерцыйнай арганізацыі, уключаючы выпадкі павелічэння  статутнага фонду камерцыйнай арганізацыі; на аснове канцэсіі і іншымі спосабамі, акрамя забароненых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што вызначэнне ўказаных спосабаў ажыццяўлення інвестыцый адпавядае прыведзеным палажэнням артыкула 13 Канстытуцыі, а таксама частцы другой артыкула 44 Канстытуцыі, у сілу якой уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. 

 

1.3. Разам з замацаваннем у Законе правоў інвестараў, якія ўключаюць права на ўтварэнне камерцыйнай арганізацыі (артыкул 15), права на льготы і прэферэнцыі (артыкул 16), права на заключэнне дагавора (дагавораў) з Рэспублікай Беларусь (артыкул 17), права на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці (артыкул 18), прадугледжваюцца іх абавязкі. Так, у артыкуле 19 Закона ўстанаўліваецца, што інвестары абавязаны выконваць Канстытуцыю і прынятыя ў адпаведнасці з ёй акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь; не прадпрымаць дзеянняў, якія з’яўляюцца нядобрасумленнай канкурэнцыяй, а таксама дзеянняў (бяздзейнасці), накіраваных на недапушчэнне, ліквідацыю або абмежаванне канкурэнцыі, прычыненне шкоды правам, свабодам, законным інтарэсам іншых асоб, выконваць іншыя абавязкі, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, замацаванне на ўзроўні закона норм аб правах і абавязках інвестараў адпавядае частцы другой артыкула 2 Канстытуцыі, якая прадугледжвае, што дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, а грамадзянін адказны перад  дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй. У Канстытуцыі вызначана, што кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю і законы (артыкул 52); паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб (артыкул 53); ахоўваць прыроднае асяроддзе (артыкул 55); прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў (артыкул 56).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы Закона, якія вызначаюць змест правоў і абавязкаў інвестараў, адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі.

 

2. У Законе замацоўваюцца нормы аб гарантыях правоў інвестараў і абароне інвестыцый.

 

2.1. Так, у Законе ўстанаўліваецца, што замежным інвестарам гарантуецца бесперашкодны перавод за межы Рэспублікі Беларусь кампенсацыі, прадугледжанай часткамі другой і чацвёртай артыкула 12 Закона; прыбытку (даходаў) і іншых правамерна атрыманых грашовых сродкаў, звязаных з ажыццяўленнем інвестыцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама плацяжоў, якія праводзяцца на карысць замежнага інвестара і звязаны з ажыццяўленнем інвестыцый пасля выплаты ўстаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь падаткаў, збораў (пошлін) і іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды (часткі першая і другая артыкула 11).

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, аналіз норм артыкула 11 Закона сведчыць аб тым, што заканадавец устанавіў прававое рэгуляванне ўказаных грамадскіх адносін з улікам палажэнняў артыкула 44 Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці; недатыкальнасць уласнасці ахоўваецца законам; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.

 

2.2. У якасці асноўных гарантый, якія надаюцца ўсім інвестарам, у Законе вызначана абарона маёмасці ад нацыяналізацыі і рэквізіцыі.

 

Згодна з артыкулам 12 Закона маёмасць, якая з’яўляецца інвестыцыямі або ствараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, не можа быць бязвыплатна нацыяналізавана або рэквізавана (частка першая); нацыяналізацыя магчыма толькі па матывах грамадскай неабходнасці і пры ўмове своечасовай і поўнай кампенсацыі кошту нацыяналізуемай маёмасці і іншых страт, што прычыняюцца нацыяналізацыяй (частка другая); парадак і ўмовы нацыяналізацыі, а таксама выплаты кампенсацыі кошту нацыяналізуемай маёмасці і іншых страт, што прычыняюцца нацыяналізацыяй, вызначаюцца на падставе закона аб парадку і ўмовах нацыяналізацыі гэтай маёмасці, прынятага у адпаведнасці з Канстытуцыяй (частка трэцяя); рэквізіцыя магчыма толькі ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры іншых акалічнасцях, якія носяць надзвычайны характар, у інтарэсах грамадства па рашэнню дзяржаўных органаў у парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай інвестару кампенсацыі кошту рэквізаванай маёмасці  (частка чацвёртая).

 

Выяўляючы канстытуцыйна-прававы сэнс артыкула 12 Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры ўстанаўленні гарантый правоў інвестараў заканадаўцам у належнай меры ўлічана норма часткі пятай артыкула 44 Канстытуцыі, у сілу якой прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры выкананні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці.

 

2.3. На абарону правоў інвестараў накіраваны таксама нормы Закона, якія гарантуюць права на судовую абарону адно з асноватворных правоў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі.

 

Так, згодна з часткай другой артыкула 13 Закона спрэчкі паміж інвестарам і Рэспублікай Беларусь, не ўрэгуляваныя ў дасудовым парадку шляхам правядзення перагавораў на працягу трох месяцаў з дня атрымання пісьмовай прапановы аб іх урэгуляванні, вырашаюцца ў судовым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У частцы шостай артыкула 12 Закона ўстанаўліваецца, што памер кампенсацыі, прадугледжанай часткамі другой і чацвёртай дадзенага артыкула, можа быць абскарджаны інвестарам у суд.

 

Такое прававое рэгуляванне адпавядае норме часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

Пры ацэнцы норм Закона, якія датычацца дасудовага парадку вырашэння спрэчак паміж інвестарам і Рэспублікай Беларусь (частка першая артыкула 13), Канстытуцыйны Суд пацвярджае сваю прававую пазіцыю, выказаную ім па аналагічнаму пытанню ў рашэнні ад 7 ліпеня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об обращениях граждан и юридических лиц». Сутнасць дадзенай пазіцыі заключаецца ў тым, што кожны суб’ект праваадносін у выпадку парушэння яго правоў, свабод і законных інтарэсаў можа выкарыстоўваць усе сродкі прававой абароны, прадугледжаныя заканадаўствам, у тым ліку зварот у суд. Магчымасць выкарыстання дасудовага ўрэгулявання спрэчкі ў мэтах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў служыць дадатковым сродкам прававой абароны і не можа разглядацца як абмежаванне канстытуцыйнага права на судовую абарону, а таксама абмежаванне юрысдыкцыі суда.

 

2.4. Адначасова Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на палажэнні часткі трэцяй артыкула 13 Закона, у якіх прадугледжваецца па выбару інвестара магчымасць вырашэння спрэчак, што не адносяцца да выключнай кампетэнцыі судоў Рэспублікі Беларусь, паміж замежным інвестарам і Рэспублікай Беларусь, не ўрэгуляваных у дасудовым парадку на працягу трох месяцаў з дня атрымання пісьмовай прапановы аб іх урэгуляванні ў дасудовым парадку: у арбітражным судзе, які ўтвараецца для вырашэння кожнай канкрэтнай спрэчкі згодна з Арбітражным рэгламентам Камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па праву міжнароднага гандлю (ЮНСІТРАЛ), калі бакі спрэчкі не пагодзяцца на іншае (абзац другі); у Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванню інвестыцыйных спрэчак (МЦУІС) (далей Цэнтр) у выпадку, калі гэты замежны інвестар з’яўляецца грамадзянінам або юрыдычнай асобай дзяржавы удзельніка Канвенцыі па ўрэгуляванню інвестыцыйных спрэчак паміж дзяржавамі і фізічнымі і юрыдычнымі асобамі іншых дзяржаў ад 18 сакавіка 1965 года (абзац трэці).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што палажэнні абзаца трэцяга часткі трэцяй указанага артыкула Закона заснаваны на норме пункта 1 артыкула 25 названай Канвенцыі (Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай дадзенай Канвенцыі), згодна з якім юрысдыкцыя Цэнтра распаўсюджваецца на ўсе непасрэдна звязаныя з інвестыцыямі прававыя спрэчкі паміж Дагаворнай дзяржавай (любым падраздзяленнем або ўстановай Дагаворнай дзяржавы, указанымі Цэнтру гэтай дзяржавай) і фізічнай або юрыдычнай асобай другой Дагаворнай дзяржавы, якія Бакі ў пісьмовай форме пагадзіліся перадаць Цэнтру.

 

Акрамя таго, устанаўліваемыя ў Законе нормы, якія датычацца абароны інвестараў, адпавядаюць палажэнням, што змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах у дадзенай галіне, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці, Канвенцыі аб абароне правоў інвестараў ад 28 сакавіка 1997 года, Пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне інвестыцыйнай дзейнасці ад 24 снежня 1993 года, Пагадненні аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый у дзяржавах членах Еўразійскай эканамічнай супольнасці ад 12  снежня 2008 года.

 

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што нормамі часткі другой артыкула 3, часткі чацвёртай артыкула 13 Закона ўстанаўліваецца прыярытэт міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, што адпавядае палажэнням Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года. Так, у артыкуле 26 указанай  Канвенцыі замацоўваецца агульнапрызнаны прынцып міжнароднага права pacta sunt servanda, згодна з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

 

Такім чынам, з аналізу зместу прыведзеных норм Закона вынікае, што пры ажыццяўленні прававога рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін у сферы інвестыцый заканадавец засноўваўся на палажэнні часткі першай артыкула 8 Канстытуцыі, згодна з якім Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

3. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на нормы Закона, якімі ўстанаўліваюцца пэўныя абмежаванні пры ажыццяўленні інвестыцый. Так, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 6 Закона не дапускаецца ажыццяўленне інвестыцый у маёмасць юрыдычных асоб, якія займаюць палажэнне, што дамінуе на таварных рынках Рэспублікі Беларусь, без згоды антыманапольнага органа Рэспублікі Беларусь у выпадках, устаноўленых антыманапольным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама ў віды дзейнасці, забароненыя заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Абмежаванні пры ажыццяўленні інвестыцый могуць быць устаноўлены таксама на падставе заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі (у тым ліку аховы навакольнага асяроддзя, гісторыка-культурных каштоўнасцей), грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

У частцы чацвёртай артыкула 11 Закона прадугледжваецца, што перавод грашовых сродкаў, указаных у частцы другой дадзенага артыкула, можа быць абмежаваны ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, і (або) згодна з судовай пастановай, якая прынята ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і ўступіла ў законную сілу.

 

Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу дадзеных норм Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з прыведзеных палажэнняў частак другой і чацвёртай артыкула 13 Канстытуцыі, а таксама  часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі, згодна з якой ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры такім прававым рэгуляванні не парушаецца замацаваны ў артыкуле 22 Канстытуцыі прынцып роўнасці ўсіх перад законам, паколькі абмежаванні ў сферы інвестыцый, якія прадугледжваюцца ў Законе, забяспечваюць належны баланс інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, з’яўляюцца юрыдычна дапушчальнымі і сацыяльна апраўданымі. Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях, у тым ліку ў рашэнні ад 29 чэрвеня 2012 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об экономической несостоятельности (банкротстве)», адзначаў, што правы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю могуць быць абмежаваны законам з выкананнем артыкулаў 23 і 44 Канстытуцыі. Пры гэтым абмежаванне права ўласнасці і маёмасных правоў павінна адпавядаць патрабаванням справядлівасці, быць суразмерным канстытуцыйна значным мэтам абароны правоў і свабод іншых асоб і засноўвацца на законе.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў межах кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97100 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об инвестициях» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     В.Г.Сяргеева