Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 чэрвеня 2003 г. № Р-159/2003
Аб канстытуцыйнасці рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 “Аб мерах па павелічэнню даходаў і змяншэнню страт ад работы гарадскога пасажырскага транспарту і прыгарадных аўтобусаў”
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116, часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот аб праверцы канстытуцыйнасці рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 “Аб мерах па павелічэнню даходаў і змяншэнню страт ад работы гарадскога пасажырскага транспарту і прыгарадных аўтобусаў” у частцы ўстанаўлення для вадзіцеляў наземнага гарадскога пасажырскага транспарту абавязку па рэалізацыі білетаў, устанавіў наступнае.
 
Падпунктам 1.1 пункта 1 рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 гарадскому прадпрыемству “Мінскпасажыраўтатранс” і вытворчаму аб’яднанню “Мінскгарэлектратранс” даручалася забяспечыць пачынаючы з 1 ліпеня 1995 г. рэалізацыю білетаў на адну паездку вадзіцелямі наземнага гарадскога пасажырскага транспарту ў транспартных сродках у час прыпынкаў, не дапускаючы пагаршэння бяспекі руху і перавозкі пасажыраў і парушэння графікаў руху. Для вадзіцеляў, іншых работнікаў прадпрыемстваў наземнага пасажырскага транспарту (па графіку) быў устаноўлены абавязак па ажыццяўленню кантролю за аплатай праезду пасажырамі і рэалізацыі штрафных квітанцый пры выяўленні безбілетных пасажыраў (падпункт 1.3 пункта 1). Транспартным прадпрыемствам г. Мінска даводзілася заданне па атрыманню выручкі ад рэалізацыі білетаў вадзіцелямі (пункт 4), а таксама ўстанаўлівалася, што пры рэалізацыі білетаў вадзіцелямі на адну паездку ў рухомым саставе ў 1995 годзе кошт білета павялічваецца на пэўную суму звыш зацверджанага тарыфу.
 
Артыкулам 42 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2001 г. “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” прадугледжана, што ў час паездкі па маршруце ў рэгулярных зносінах пасажыр абавязаны мець праязны дакумент (білет), а аўтамабільны перавозчык або аператар аўтамабільных перавозак абавязаны забяспечыць продаж пасажыру праязнога дакумента (білета) устаноўленага ўзору для дадзенага віду аўтамабільных перавозак. Артыкулам 48 названага Закона вызначана, што продаж білетаў пасажырам можа праводзіцца як аўтамабільным перавозчыкам, так і аператарам аўтамабільных перавозак пасажыраў.
 
Артыкулам 16 Закона “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”, у прыватнасці, устаноўлена, што мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы арганізуюць пры неабходнасці сумесна з аўтамабільнымі перавозчыкамі або аператарамі аўтамабільных перавозак продаж праязных білетаў і праверку іх наяўнасці ў пасажыраў у межах адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, а артыкулам 9 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, у прыватнасці, прадугледжана, што выканаўчыя камітэты ў адпаведнасці з заканадаўствам вырашаюць пытанні транспартнага, камунальнага, бытавога і іншага абслугоўвання насельніцтва.
 
Пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2002 г. № 23 былі зацверджаны Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў у Рэспубліцы Беларусь (у далейшым — Правілы).
 
Пунктам 98 Правіл прадугледжана, што рэалізацыя праязных дакументаў на гарадскія перавозкі пасажыраў аўтобусамі ў рэгулярных зносінах праводзіцца ў пунктах продажу праязных дакументаў, аўтобусах, а таксама ў гандлёвых арганізацыях. Пункт 224 Правіл абавязвае перавозчыка або яго прадстаўніка забяспечваць папярэдні і бягучы продаж праязных дакументаў, у тым ліку непасрэдна ў пасажырскім аўтамабільным транспартным сродку (калі гэта прадугледжана нарматыўнымі прававымі актамі), а пункт 226 дае права члену экіпажа пасажырскага аўтамабільнага транспартнага сродку прадаваць праязныя дакументы (білеты) і багажныя квітанцыі (калі продаж не забяспечаны стацыянарнымі білетнымі касамі).
 
У рашэнні ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт даручыў гарадскому прадпрыемству “Мінскпасажыраўтатранс” і вытворчаму аб’яднанню “Мінскгарэлектратранс” забяспечыць рэалізацыю білетаў на адну паездку вадзіцелямі наземнага гарадскога пасажырскага транспарту ў транспартных сродках у час прыпынкаў.
 
На падставе ўказанага рашэння Мiнгарвыканкома ГП “Мiнскпасажыраўтатранс” i ВА “Мiнскгарэлектратранс” былi выдадзены загады адпаведна ад 30 чэрвеня 1995 г. № 155 i ад 26 чэрвеня 1995 г. № 140-р, якiя ўскладаюць на вадзiцеляў абавязак па рэалiзацыi праязных білетаў (абанементных талонаў) на праезд у наземным гарадскiм пасажырскiм транспарце ў час прыпынкаў.
 
Вывучэнне Канстытуцыйным Судом практыкi сведчыць аб тым, што на асобных гарадскiх маршрутах, асаблiва з iнтэнсiўным рухам i вялiкiм пасажырапатокам, продаж вадзiцелямi праязных бiлетаў (абанементных талонаў) можа ў пэўнай меры ўплываць на бяспеку дарожнага руху. Хаця вадзiцелi абавязаны прадаваць абанементныя талоны толькi на прыпыначных пунктах, затрымка ва ўказаных месцах зверх устаноўленага для гэтых мэт часу ў некаторых выпадках пабуджае iх перавышаць хуткасць для выканання графiка руху ці прадаваць абанементныя талоны ў час руху. Пры гэтым часта i пасажыры звяртаюцца да вадзiцеляў з просьбай аб продажу такiх талонаў у час руху, што таксама адцягвае вадзiцеляў ад выканання iх асноўнага непасрэднага абавязку па кiраванню транспартным сродкам. Пры адмове вадзiцеляў ад рэалiзацыi бiлетаў (абанементных талонаў) або ў выпадку iх адсутнасцi ў вадзiцеляў наймальнiкi прымяняюць да iх меры дысцыплiнарнага спагнання.
 
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што хаця рашэнне Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 не супярэчыць артыкулу 16 Закона “Аб аўтамабiльным транспарце i аўтамабiльных перавозках” i артыкулу 9 Закона “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь”, аднак у мэтах забеспячэння бяспекi дарожнага руху, жыцця i здароўя пасажыраў, iншых удзельнiкаў дарожнага руху кампетэнтным органам неабходна вывучыць пытанне аб вызваленнi вадзiцеляў ад абавязку прадаваць праязныя бiлеты (абанементныя талоны), перш за ўсё на маршрутах з iнтэнсiўным дарожным рухам i вялiкiм пасажырапатокам, уключаючы павелiчэнне колькасцi пасажыраў у пэўныя гадзiны сутак, а таксама разгледзець пытанне аб пашырэннi сеткi продажу праязных дакументаў, у тым лiку з выкарыстаннем, як гэта было раней, магчымасцей рознiчнай гандлёвай сеткi ці iншых форм, прымальных як для перавозчыкаў, так i для пасажыраў. Пры гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, страты ад работы гарадскога пасажырскага транспарту могуць быць знiжаны не шляхам ускладання на вадзiцеляў абавязку па рэалiзацыi праязных бiлетаў (абанементных талонаў), а шляхам узмацнення кантролю з мэтай недапушчэння бясплатнага праезду.
 
На падставе выкладзенага i кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Лiчыць, што рашэнне Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта ад 22 чэрвеня 1995 г. № 399 “Аб мерах па павелічэнню даходаў і змяншэнню страт ад работы гарадскога пасажырскага транспарту і прыгарадных аўтобусаў” прынята ў межах яго кампетэнцыi, устаноўленай законамi Рэспублiкi Беларусь.
 
Пры гэтым, зыходзячы з прыярытэтнага абавязку перавозчыка забяспечваць бяспеку дарожнага руху, жыццё i здароўе пасажыраў, iншых удзельнiкаў дарожнага руху, прапанаваць Мiнгарвыканкому:
 
вывучыць пытанне аб вызваленнi вадзiцеляў ад абавязку прадаваць праязныя бiлеты (абанементныя талоны), перш за ўсё на маршрутах з iнтэнсiўным дарожным рухам i вялiкiм пасажырапатокам;
 
разгледзець пытанне аб пашырэннi сеткi продажу праязных талонаў, у тым лiку з выкарастаннем, як гэта было раней, магчымасцей рознічнай гандлёвай сеткi ці iншых форм, прымальных як для перавозчыкаў, так i для пасажыраў.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А. Васілевіч