Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 мая 2003 г. № З-157/2003
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жнiўня 1996 г. № 566 “Аб платных вiдах медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя”
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.І., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.І., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам прадстаўнiкоў:
 
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Архiпава А.М., старшынi Пастаяннай камiсii па заканадаўству i судова-прававых пытаннях; Лектарава В.М., старшынi Пастаяннай камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi; Парфяновiча У.У., намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi;
 
Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Камоцкай А.Р., намеснiка начальнiка Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi;
 
Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь — Раманенкава А.С., намеснiка Мiнiстра аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь,
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь артыкула 5 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя”, пастановы Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жнiўня 1996 г. № 566 “Аб платных вiдах медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя”, пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя”.
 
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел:
 
Мiранiчэнка I.А. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Козырава Л.Р. — намеснiк Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Купрыянаў М.М. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Краўцоў А.Э. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 3 снежня 2002 г. па прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь.
 
Праверцы падлягалi артыкул 5 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. “Аб ахове здароўя” ў рэдакцыi Закона ад 11 студзеня 2002 г. (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 10, 2/840), пастанова Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жнiўня 1996 г. № 566 “Аб платных вiдах медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановамi ад 31 снежня 1997 г. № 1764, ад 3 жнiўня 1998 г. № 1223, ад 26 чэрвеня 2001г. № 954 (Збор указаў Прэзiдэнта i пастаноў Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 25, арт. 653; Збор дэкрэтаў, указаў Прэзiдэнта i пастаноў Урада Рэспублiкi Беларусь, 1998 г., № 22, арт. 593; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2001 г., № 63, 5/6300), а таксама пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2002 г., № 78, 5/10724).
 
Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапанавала даць заключэнне аб канстытуцыйнасцi артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя” i названых пастаноў Урада Рэспублiкi Беларусь, указаўшы, што ўвядзенне платных вiдаў медыцынскай дапамогi i паслуг выклiкае неадназначную рэакцыю ў насельнiцтва i медыцынскiх работнiкаў рэспублiкi, у шматлiкiх зваротах грамадзян ставiцца пытанне аб канстытуцыйнасцi нарматыўных прававых актаў, якiя рэгламентуюць прадастаўленне платных вiдаў медыцынскай дапамогi i паслуг.
 
3 сакавiка 2003 г. па хадайнiцтву прадстаўнiка Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь вядзенне па справе было прыпынена ў сувязi з неабходнасцю дадатковага вывучэння матэрыялаў i акалiчнасцей па справе, а таксама плануемым разглядам на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь пытання, якое датычыцца прадастаўлення медыцынскай дапамогi i аказання платных паслуг насельнiцтву, у тым лiку медыцынскiх.
 
Заслухаўшы паведамленне суддзi-дакладчыка Кенiк К.I., паведамленнi прадстаўнiкоў бакоў i спецыялiста, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, мiжнародна-прававых актаў, законаў i iншых нарматыўных прававых актаў, практыку iх прымянення, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
 
Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 25 красавiка 2003 г. № 556 зацверджаны новае Палажэнне аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя i новы Пералiк платных медыцынскiх паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2003 г., № 50, 5/12380). Гэтай жа пастановай прызнаны страцiўшымi сiлу пастанова Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жнiўня 1996 г. № 566 “Аб платных вiдах медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” (з далейшымi змяненнямi i дапаўненнямi) i пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскiх паслуг у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя”, у адносiнах да якiх была ўнесена прапанова аб праверцы iх канстытуцыйнасцi.
 
У сувязi з адменай пастаноў Урада, якiя з’яўлялiся прадметам разгляду Канстытуцыйнага Суда, вядзенне па справе аб праверцы iх канстытуцыйнасцi ў адпаведнасцi з артыкулам 27 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкулам 22 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда спыняецца.
 
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагi, што ў новым Пералiку платных медыцынскiх паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя, амаль у два разы, у параўнаннi з раней дзеючым Пералiкам, скарочана колькасць платных медыцынскiх паслуг, якiя аказваюцца дзяржаўнымi арганiзацыямi аховы здароўя, i ўстаноўлена, што платныя медыцынскiя паслугi з’яўляюцца дадатковымi да гарантаванага дзяржавай аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогi. Гэтыя паслугi аказваюцца па жаданню грамадзянiна на падставе заключанага ў пiсьмовай форме дагавора выплатнага аказання медыцынскiх паслуг.
 
Разам з названымi пастановамi Урада ў якасцi прадмета праверкi ў прапанове Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу ўказаны i артыкул 5 Закона “Аб ахове здароўя”.
 
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсiх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45).
 
Згодна з артыкулам 12 Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах дзяржавы, што ўдзельнiчаюць у Пакце, прызнаюць права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фiзiчнага i псiхiчнага здароўя. Меры, якiя павiнны быць прыняты дзяржавамi, што ўдзельнiчаюць у дадзеным Пакце, для поўнага ажыццяўлення гэтага права, уключаюць мерапрыемствы, неабходныя для стварэння ўмоў, якiя б забяспечвалi ўсiм медыцынскую дапамогу i медыцынскi догляд у выпадку хваробы.
 
Закон “Аб ахове здароўя”, вызначаючы права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя, прадугледжвае, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь незалежна ад полу, расы, мовы, нацыянальнасцi, службовага i сацыяльнага становiшча, месца жыхарства, адносiн да рэлiгii, перакананняў i iншых абставiн маюць права на ахову здароўя. Гэта права забяспечваецца аховай навакольнага асяроддзя, стварэннем спрыяльных умоў працы, быту, адпачынку, гiгiенiчным выхаваннем i навучаннем грамадзян, вырабам i рэалiзацыяй дабраякасных прадуктаў харчавання, стварэннем умоў для заняткаў фiзiчнай культурай i спортам, а таксама прадастаўленнем насельнiцтву даступнай медыцынскай дапамогi, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя (артыкул 5 Закона).
 
У частцы трэцяй артыкула 5 указанага Закона прадугледжана, што дзяржаўныя арганiзацыi аховы здароўя могуць аказваць платныя медыцынскiя паслугi ў адпаведнасцi з пералiкам i парадкам, якiя вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў артыкуле 1 Закона “Аб ахове здароўя” раскрыта азначэнне шэрага паняццяў, якiя прымяняюцца ў iм (здароўе, ахова здароўя i iнш.), аднак такiя паняццi, як лячэнне, медыцынская паслуга, не вызначаны. Закон “Аб ахове здароўя” вызначае медыцынскую дапамогу як комплекс медыцынскiх мерапрыемстваў па захаванню i ўмацаванню здароўя людзей, што ўключае прафiлактыку, дыягностыку, лячэнне, рэабiлiтацыю, пратэзаванне. Згодна з галiновым класiфiкатарам “Простыя медыцынскiя паслугi”, зацверджаным загадам Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 14 снежня 2001 г. № 272, медыцынскiя паслугi — гэта мерапрыемствы або комплекс мерапрыемстваў, накiраваных на прафiлактыку захворванняў, iх дыягностыку i лячэнне, якiя маюць самастойнае значэнне i пэўны кошт.
 
Зыходзячы з сэнсу i зместу артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя”, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што аказанне платных медыцынскiх паслуг (медыцынскiх паслуг другараднага значэння — па тэрмiналогii Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя) дапушчальна звыш гарантаванага аб’ёму медыцынскай дапамогi, устаноўленага ў якасцi дзяржаўных сацыяльных гарантый у галiне аховы здароўя.
 
Разам з тым ранейшая практыка аказання платнай медыцынскай дапамогi i паслуг сведчыць аб пашыраным тлумачэннi ў некаторых выпадках установамi аховы здароўя магчымасцей збiрання платы за лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы, у тым лiку i за тыя з iх, якiя ўваходзiлi ў абавязковы пералiк бясплатнай медыцынскай дапамогi i паслуг.
 
Законам Рэспублiкi Беларусь ад 11 лiстапада 1999 г. “Аб дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартах” (з дапаўненнем i змяненнем, унесенымi Законам ад 4 студзеня 2003 г.) пералiчаны дзяржаўныя мiнiмальныя стандарты ў галiне аховы здароўя, да якiх, у прыватнасцi, адносяцца паслугi па аказанню стацыянарнай, амбулаторна-палiклiнiчнай i хуткай медыцынскай дапамогi, за выключэннем платных вiдаў медыцынскай дапамогi i паслуг, якiя аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя, што вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь; нормы i нарматывы матэрыяльна-тэхнiчнага, медыкаментознага, кадравага забеспячэння ў дзяржаўных установах аховы здароўя розных тыпаў i вiдаў; нормы харчавання, абмундзiравання, мяккага iнвентару ў дзяржаўных установах аховы здароўя; нормы i нарматывы льготнага забеспячэння лекавымi прэпаратамi, перавязачнымi сродкамi i прадметамi медыцынскага прызначэння, слыхавымi апаратамi, вочнымi пратэзамi i зубапратэзаваннем (артыкул 9).
 
Фармiраванне i прымяненне дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў павiнна ажыццяўляцца, як вынiкае з артыкула 3 указанага Закона, зыходзячы з прынцыпаў захавання канстытуцыйных правоў грамадзян у галiне сацыяльных гарантый; усебаковай абгрунтаванасцi iх устанаўлення i прымянення зыходзячы з эканамiчных магчымасцей дзяржавы; агульнадаступнасцi; мэтавага i адраснага iх фiнансавання; шырокай iнфармаванасцi грамадзян праз сродкi масавай iнфармацыi аб гэтых сацыяльных стандартах.
 
УстанаЉўленне дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў, зыходзячы з эканамiчных магчымасцей дзяржавы, дапускаецца i мiжнародна-прававымi актамi. Так, артыкул 2 Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах прадугледжвае абавязак дзяржаў, якiя ўдзельнiчаюць у Пакце, у iндывiдуальным парадку i ў парадку мiжнароднай дапамогi i супрацоўнiцтва, у прыватнасцi ў эканамiчнай i тэхнiчнай галiнах, прыняць у максiмальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне правоў, што прызнаюцца ў Пакце, усiмi належнымi спосабамi, уключаючы, у прыватнасцi, прыняцце заканадаўчых мер.
 
Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 лiпеня 2002 г. № 963 “Аб дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартах у галіне аховы здароўя” ўстаноўлены асноўныя віды паслуг па аказанню стацыянарнай, амбулаторнай і хуткай медыцынскай дапамогі, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя бясплатна згодна з вызначаным пералікам. Гэты пералік змяшчае віды паслуг па аказанню першаснай медыка-санітарнай, хуткай медыцынскай і стацыянарнай дапамогі, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя бясплатна i накіраваны на задавальненне асноўных патрэбнасцей чалавека ў медыцынскім лячэнні і медыцынскім абслугоўванні, таму што ўключаюць асноўныя віды першаснай медыка-санітарнай дапамогі, хуткай медыцынскай дапамогі, якая аказваецца пры станах, што пагражаюць жыццю, і стацыянарнай дапамогі пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў.
 
З улікам таго што платныя медыцынскія паслугі з’яўляюцца дадатковымі да гарантаванага дзяржавай аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні артыкула 5 Закона “Аб ахове здароўя” аб магчымасці аказання дзяржаўнымі арганізацыямi аховы здароўя платных медыцынскіх паслуг не супярэчаць Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь і міжнародна-прававым актам, хаця ўказаны Закон мае патрэбу ва ўдакладненні шэрага тэрмінаў і паняццяў, якія ў ім выкарыстоўваюцца, у мэтах іх адназначнага разумення і прымянення.
 
Кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40, 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫPАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што артыкул 5 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове здароўя” не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь.
 
2. У сувязі з прызнаннем пастановай Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 25 красавіка 2003 г. № 556 страціўшымі сілу пастановы Кабінета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 566 “Аб платных відах медыцынскай дапамогі і паслуг, якія аказваюцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя” (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) і пастановы Савета Міністраў Республікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2002 г. № 871 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя” вядзенне па справе аб праверцы іх канстытуцыйнасці ў адпаведнасцi з артыкулам 27 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” спыніць.
 
3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць выкананне законаў “Аб ахове здароўя”, “Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах” у мэтах больш поўнай рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага права на ахову здароўя.
 
4. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, а таксама ў “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь”.
 
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч