Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
14 лютага 2003 г. № Р-154/2003
14 лютага 2003 г. № Р-154/2003
Аб канстытуцыйнасцi рашэння Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пiнска на 2002 г.” у частцы ўвядзення мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткi першай артыкула 116, часткi чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот аб правамернасцi ўстанаўлення Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада пры наяўнасцi ўведзенага Брэсцкiм абласным Саветам дэпутатаў мэтавага збору на ўтрыманне i развiццё iнфраструктуры горада (раёна).
Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, законаў Рэспублiкi Беларусь “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”, “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь”, “Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь”, “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
У адпаведнасцi з падпунктам 1.5 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год” рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласцi на 2002 год” (далей — рашэнне Савета № 94) уведзены мэтавы збор на ўтрыманне i развiццё iнфраструктуры горада (раёна) (падпункт 7.2 пункта 7). Згодна з Палажэннем аб названым зборы, зацверджаным рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 26 лютага 2002 г. № 102, яго плацельшчыкамi прызнаюцца юрыдычныя асобы, незалежна ад месца iх дзяржаўнай рэгiстрацыi i пастаноўкi на падатковы ўлiк, якiя (структурныя падраздзяленнi якiх) размешчаны на тэрыторыi Брэсцкай вобласцi, а таксама фiзiчныя асобы (наймальнiкi, уласнiкi жылых памяшканняў, члены арганiзацыi грамадзян-забудоўшчыкаў), карыстальнiкi прыроднага i звадкаванага газу, за выключэннем звадкаванага газу ў балонах. Сродкi збору паступаюць як у бюджэт горада або раёна па месцу размяшчэння плацельшчыкаў (80 працэнтаў), так i ў бюджэт Брэсцкай вобласцi (20 працэнтаў).
Пунктам 8 рашэння Савета № 94 гарадскiм i раённым Саветам дэпутатаў рэкамендавана ўвесцi зборы з карыстальнiка. Пры гэтым, як i ў Законе “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год” (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 10), пералiк найменняў збораў з карыстальнiка з’яўляецца адкрытым, паколькi дапускае ўвядзенне акрамя непасрэдна пералiчаных i iншых збораў з карыстальнiка.
Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў рашэннем ад 27 снежня 2001 г. № 104 “Аб бюджэце г. Пiнска на 2002 г.” уведзены мясцовы збор з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада i зацверджана Палажэнне аб iм, у якое рашэннямi ад 30 красавiка 2002 г. № 117 i ад 20 верасня 2002 г. № 126 унесены змяненнi i дапаўненнi.
Прызнаючы права Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўвядзенне мясцовага збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада як заснаванае на палажэннях артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на наступнае.
У адпаведнасцi з Палажэннем аб мясцовым зборы з карыстальнiкаў iнфраструктурай горада плацельшчыкамi гэтага збору з’яўляюцца: уладальнiкi транспартных сродкаў; уладальнiкi iндывiдуальных домаўладанняў; грамадзяне, якiя атрымлiваюць жылое памяшканне (наймальнiк); грамадзяне, якiя афармляюць вiзы i дазволы на выезд за мяжу ў аддзеле вiз i дазволаў Пiнскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў; грамадзяне, якiя выказалi жаданне зарэгiстравацца ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка; суб’екты гаспадарання, якiя атрымлiваюць права на ўстаноўку гандлёвага кiёска (павiльёна); суб’екты гаспадарання, якiя атрымлiваюць дазвол выканкома на размяшчэнне на тэрыторыi горада сваiх фiлiялаў, прадстаўнiцтваў i iншых адасобленых падраздзяленняў без утварэння юрыдычнай асобы; юрыдычныя асобы, якiя размешчаны за межамi горада i не знаходзяцца на ўлiку ў iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па гораду Пiнску, чые фiлiялы, структурныя падраздзяленнi, прадстаўнiцтвы, магазiны i г.д. размешчаны на тэрыторыi горада без утварэння юрыдычнай асобы (падпункты 1.1 — 1.8 пункта 1); юрыдычныя асобы, iх фiлiялы, прадстаўнiцтвы, iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя прыбываюць часова ў горад для ажыццяўлення культурна-масавай, гандлёвай i iншай дзейнасцi (падпункт 2.7 пункта 2).
Пры прымяненнi адпаведных норм гэтага Палажэння на практыцы адна i тая ж фiзiчная цi юрыдычная асоба можа быць вымушана некалькi разоў выплацiць збор з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада. Напрыклад, фiзiчная асоба, уладальнiк транспартнага сродку, выплачвае збор у размеры дзвюх базавых велiчынь пры рэгiстрацыi сродкаў i ў размеры адной базавай велiчынi — пры праходжаннi тэхнiчнага агляду (падпункт 2.1 пункта 2). Гэты ж грамадзянiн можа быць уладальнiкам iндывiдуальнага домаўладання або грамадзянiнам, якi атрымаў жылое памяшканне (наймальнiкам), i ён таксама будзе вымушаны выплацiць збор як iндывiдуальны домаўладальнiк — у размеры 2840 руб. у год з кожнага пражываючага (прапiсанага) або як грамадзянiн, якi атрымлiвае жылое памяшканне, — у размеры адной базавай велiчынi (падпункты 2.2 i 2.3 пункта 2). Гэты ж грамадзянiн пры звароце за дазволам на выезд за мяжу выплачвае збор у размеры 1500 руб. (падпункт 2.4 пункта 2). Калi гэты ж грамадзянiн выказаў жаданне зарэгiстравацца ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка, то ён выплацiць збор у размеры 10 базавых велiчынь (падпункт 2.5 пункта 2). Пры атрыманнi права на ўстаноўку гандлёвага кiёска ён жа выплачвае збор у размеры 40 базавых велiчынь (падпункт 2.6 пункта 2). Такiм чынам, згодна з Палажэннем адна i тая ж фiзiчная асоба будзе вымушана пяць разоў выплацiць збор з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада. Акрамя таго, у адпаведнасцi з рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 26 лютага 2002 г. № 102, калi грамадзянiн (наймальнiк, уласнiк жылога дома, член арганiзацыi грамадзян-забудоўшчыкаў) з’яўляецца карыстальнiкам прыроднага i звадкаванага газу, за выключэннем звадкаванага газу ў балонах, то ён таксама выплачвае збор на ўтрыманне i развiццё iнфраструктуры горада ў размеры 10 працэнтаў кошту газу.
У адносiнах да многiх плацельшчыкаў збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада, вызначаных Палажэннем, зацверджаным рашэннем Пiнскага гарадскога Савета дэпутатаў, дзейнiчаюць заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь, у адпаведнасцi з якiмi яны з’яўляюцца плацельшчыкамi абавязковых плацяжоў пры ўчыненнi аналагiчных дзеянняў цi наяўнасцi пэўнай маёмасцi.
Так, з грамадзян, якiя выказалi жаданне зарэгiстравацца ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка, бярэцца плата за дзяржаўную рэгiстрацыю ў суме, эквiвалентнай 6 еўра (Палажэнне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi i лiквiдацыi (спыненнi дзейнасцi) суб’ектаў гаспадарання, зацверджанае Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 16 сакавiка 1999 г. № 11, у рэдакцыi Дэкрэта ад 17 снежня 2002 г. № 29).
Юрыдычныя асобы, уладальнiкi транспартных сродкаў, згодна з Законам “Аб дарожных фондах у Рэспублiцы Беларусь” з’яўляюцца плацельшчыкамi падатку на набыццё аўтамабiльных транспартных сродкаў (артыкул 9), падатку з карыстальнiкаў аўтамабiльных дарог (артыкул 11).
У адпаведнасцi з Законам “Аб дзяржаўнай пошлiне” i пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 26 лютага 1993 г. № 105 з грамадзян бярэцца дзяржаўная пошлiна за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу i ўезду з-за мяжы.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пры вызначэннi кола плацельшчыкаў Пiнскi гарадскi Савет дэпутатаў не ўлiчыў усiх палажэнняў часткi першай пункта 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”, згодна з якiмi абласныя, Мiнскi гарадскi Саветы дэпутатаў, Саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню самастойна вызначаюць базу i аб’екты падаткаабкладання, канкрэтныя размеры ставак, плацельшчыкаў, iльготы, парадак вылiчэння i тэрмiны выплаты мясцовых падаткаў i збораў, калi iншае не ўстаноўлена заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.
З аналiзу норм Палажэння аб мэтавым зборы на ўтрыманне i развiццё iнфраструктуры горада (раёна), зацверджанага Брэсцкiм абласным Саветам дэпутатаў, i Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнiкаў iнфраструктурай горада, зацверджанага Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, вынiкае, што па сваёй сутнасцi гэтыя зборы аднолькавыя. Такiм чынам, плацельшчыкамi збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада, уведзенага Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, не могуць быць асобы, якiя адносяцца да плацельшчыкаў мэтавага збору на ўтрыманне i развiццё iнфраструктуры горада (раёна), устаноўленага Брэсцкiм абласным Саветам дэпутатаў, а таксама асобы, якiя з’яўляюцца плацельшчыкамi iншых абавязковых плацяжоў, устаноўленых заканадаўчымi актамi, у сувязi з учыненнем аналагiчных дзеянняў цi наяўнасцю пэўнай маёмасцi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў разглядаемым выпадку да такiх асоб могуць быць аднесены ўказаныя ў падпункце 2.7 пункта 2 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнiкаў iнфраструктурай горада юрыдычныя асобы, iх фiлiялы, прадстаўнiцтвы, iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя прыбываюць часова ў горад для ажыццяўлення культурна-масавай, гандлёвай i iншай дзейнасцi.
Увядзенне Пiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў збору з карыстальнiкаў iнфраструктуры горада перашкаджае свабоднай рэалiзацыi грамадзянамi правоў, прадугледжаных заканадаўчымi актамi. У прыватнасцi, пунктам 5 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнiкаў iнфраструктурай горада прадугледжана, што без прад’яўлення дакумента аб выплаце збору гарвыканкомам не заключаецца дагавор найму жылога памяшкання i не выдаецца пасведчанне аб праве ўласнасцi на нерухомую маёмасць; згодна з пунктам 6 без прад’яўлення квiтанцыi аб выплаце збору не прымаюцца дакументы аддзелам вiз i дазволаў.
Вызначаючы сваю пазіцыю па дадзенаму пытанню, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на замацаваны ў частцы другой артыкула 132 Канстытуцыі прынцып адзінства бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі, якая праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама на тое, што згодна з артыкулам 121 Канстытуцыі да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў адносіцца ўстанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў.
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што з мэтай забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў, забеспячэння прыняцця мясцовымі Саветамі дэпутатаў аптымальных рашэнняў у сферы мясцовага падаткаабкладання і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ў законе павінны быць вызначаны ўсе важнейшыя элементы мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б вызначаць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў, як гэта прадугледжана ў пункце 2 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год”, і без вызначэння якіх мясцовыя падаткі і зборы не могуць лічыцца законна ўстаноўленымі. Найлепшым варыянтам вырашэння пытання было б вызначэнне ў законе вычарпальнага пераліку мясцовых падаткаў і збораў, у межах якога мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай адміністрацыйнай тэрыторыі мясцовыя падаткі і зборы, як гэта мела месца ў законах аб бюджэце ў перыяд з 1998 па 2001 год.
У рашэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў сферы мясцовага падаткаабкладання, якiя непасрэдна закранаюць канстытуцыйныя правы грамадзян, як паказвае практыка разгляду такіх рашэнняў Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь (рашэнні ад 4 снежня 2001 г. “Аб мясцовым паляўнічым зборы”, ад 9 кастрычніка 2002 г. “Аб канстытуцыйнасці ўстанаўлення мясцовага збору з фізічных асоб пры перасячэнні імі мяжы Рэспублікі Беларусь праз кантрольна-прапускныя пункты”), маецца вялікая колькасць недахопаў змястоўнага плану. У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным узмацнiць кантроль i нагляд за адпаведнасцю Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь рашэнняў мясцовых органаў кiравання i самакiравання.
Кіруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць, што Пінскi гарадскi Савет дэпутатаў у адпаведнасцi з падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 10 Закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2002 год” мае права ўводзiць мясцовы збор з карыстальнікаў інфраструктуры горада. Аднак пры ўвядзенні дадзенага збору Пінскім гарадскім Саветам дэпутатаў былi парушаны патрабаванні заканадаўчых актаў, а таксама не ўлічаны палажэнні рашэння Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 2001 г. № 94 “Аб бюджэце вобласці на 2002 год” у частцы вызначэння кола плацельшчыкаў збору i ўстанаўлення іх адказнасці за нявыплату ці несвоечасовую выплату збору.
Прызнаць пункт 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада, зацверджанага рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, са змяненнямі і дапаўненнямі, а таксама заснаваныя на дадзеным пункце іншыя нормы Палажэння не адпавядаючымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь і не маючымі юрыдычнай сілы з дня прыняцця гэтых рашэнняў.
Пінскаму гарадскому Савету дэпутатаў прывесці дадзенае Палажэнне ў адпаведнасць з заканадаўствам і гэтым рашэннем.
Прапанаваць Пінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Пінску ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку вырашыць пытанне аб вяртанні ці заліку ў лік іншых належных плацяжоў сум, выплачаных i спагнаных з асоб, пералічаных у пункце 1 Палажэння аб мясцовым зборы з карыстальнікаў інфраструктурай горада, зацверджанага рашэннем Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 104, са змяненнямі і дапаўненнямі.
2. Прапанаваць Парламенту ў законе аб бюджэце на чарговы год або iншых заканадаўчых актах для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў падаткаплацельшчыкаў і выключэння выпадкаў дубліравання рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў рознага ўзроўню ўстанавіць вычарпальны пералік мясцовых падаткаў і збораў, якія мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць уводзіць на адпаведнай тэрыторыі, а таксама вызначыць параметры важнейшых элементаў мясцовых падаткаў і збораў (плацельшчыкі, аб’екты абкладання, размер стаўкі, парадак і тэрміны выплаты), у рамках якіх мясцовыя Саветы дэпутатаў маглі б устанаўліваць канкрэтныя аб’екты падаткаабкладання, размеры ставак, плацельшчыкаў, ільготы, парадак вылічэння і тэрміны выплаты мясцовых падаткаў і збораў.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч