Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
9 кастрычніка 2002 г. № Р-148/2002
9 кастрычніка 2002 г. № Р-148/2002
Аб канстытуцыйнасцi пункта 23 рашэння Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мiнска на 2002 год” i iншых пытаннях, звязаных з падаткам на нерухомасць
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе часткi першай артыкула 116, часткi чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь калектыўныя i асабiстыя звароты грамадзян па пытаннях, звязаных з вылiчэннем падатку на нерухомасць.
У зваротах выкладзены меркаваннi аб няроўнасцi грамадзян, якiя маюць прыватныя домаўладаннi, i грамадзян, якiм на праве ўласнасцi належаць кватэры ў многакватэрных дамах; аб няроўнасцi грамадзян, якiя маюць дамы ў горадзе Мiнску i выплачваюць падатак па прагрэсiўнай шкале, зацверджанай пунктам 23 рашэння Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мiнска на 2002 год”, i грамадзян, якiя пражываюць у iншых гарадах i рэгiёнах рэспублiкi i выплачваюць падатак па стаўцы 0,1 працэнта ад кошту збудаванняў; аб завышанасцi ацэнкi прыватных домаўладанняў.
Прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, законаў “Аб падатку на нерухомасць”, “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”, “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
1. Жылыя памяшканнi ў многакватэрных дамах, якiя належаць фiзiчным асобам на праве ўласнасцi, вызваляюцца ад абкладання падаткам на нерухомасць на падставе артыкула 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” у якасцi льготы па падатку. Пры гэтым устаноўлена, што пры наяўнасцi ў плацельшчыка двух i больш жылых памяшканняў вызваленню ад абкладання падаткам падлягае толькi адно жылое памяшканне па выбару плацельшчыка.
Згодна з артыкуламi 97, 98 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь устанаўленне рэспублiканскiх падаткаў i збораў адносiцца да кампетэнцыi Парламента. З дадзенай канстытуцыйнай нормы вынiкае, што Парламенту належыць права вырашаць у законе такiя важнейшыя пытаннi, без якiх падатковае абавязацельства i парадак яго выканання не могуць лiчыцца вызначанымi (суб’ект, аб’ект, стаўка падатку i iнш.), а таксама тыя з iх, якiя не ўплываюць на ступень вызначанасцi падатковага абавязацельства. Да апошнiх, у прыватнасцi, адносяцца падатковыя льготы.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне Парламентам Рэспублiкi Беларусь у межах сваёй кампетэнцыi падатковай iльготы ў выглядзе вызвалення ад абкладання падаткам на нерухомасць аднаго з жылых памяшканняў у многакватэрных дамах, якiя належаць фiзiчнай асобе на праве ўласнасцi, не супярэчыць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
2. У адпаведнасцi з часткай другой пункта 1 артыкула 3 Закона “Аб падатку на нерухомасць” гадавая стаўка падатку з кошту жылых будынкаў, надворных пабудоў, гаражоў, якiя належаць фiзiчным асобам, будынкаў i збудаванняў, якiя належаць гаражна-будаўнiчым кааператывам, садаводчым таварыствам, утвораным за кошт асабiстых узносаў грамадзян, а таксама будынкаў i пабудоў, якiя выкарыстоўваюцца прадпрымальнiкамi без утварэння юрыдычнай асобы для ажыццяўлення сваёй дзейнасцi, устанаўлiваецца ў размеры 0,1 працэнта.
У той жа час пунктам 4 артыкула 44 Закона “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год” устаноўлена, што ў 2002 годзе мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права павялiчваць (змяншаць) стаўкi, прадастаўляць асобным плацельшчыкам iльготы, устанаўлiваць i змяняць тэрмiны выплаты падатку на нерухомасць.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што, паколькi законамi аб бюджэце, якiя прымаюцца штогадова, вызначаюцца крынiцы фармiравання даходнай часткi бюджэту i ў сувязi з гэтым — асаблiвасцi падаткаабкладання ў чарговым годзе, нормы закона аб бюджэце ў такiм выпадку з’яўляюцца прыярытэтнымi.
Права Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў на ўстанаўленне ў 2002 годзе ставак дадзенага падатку, адрозных ад указанай у Законе “Аб падатку на нерухомасць”, рэалiзавана iм у пункце 23 рашэння ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мiнска на 2002 год”.
Адносна меркавання заяўнiкаў аб празмернасцi сумы падатку на нерухомасць у горадзе Мiнску Канстытуцыйны Суд адзначае, што прымяненне прагрэсiўнай шкалы ставак падатку, зацверджанай Мiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, сапраўды, у значнай меры павялiчвае суму падатку ў параўнаннi з сумай падатку, вылiчанай з прымяненнем устаноўленай Законам “Аб падатку на нерухомасць” стаўкi 0,1 працэнта. Так, калi падатак з аб’екта падаткаабкладання коштам 31 млн. руб. (каля 16,5 тыс. дол. ЗША) па стаўцы 0,1 працэнта складае 31 тыс. руб., то разлiчаны па зацверджаных Мiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў стаўках — 145 тыс. руб., што ў 4,7 раза больш.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў грамадзян i iх гарантыi, устаранення няроўнасцi плацельшчыкаў падатку на нерухомасць розных гарадоў i рэгiёнаў рэспублiкi i забеспячэння прынятых мясцовымi Саветамi дэпутатаў аптымальных рашэнняў у галiне ўстанаўлення ставак гэтага падатку ў законе аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы год неабходна было б вызначыць максiмальныя межы, у рамках якiх мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць павялiчваць стаўкi падатку на нерухомасць.
Канстытуцыйны Суд адзначае таксама, што падатковым заканадаўствам прадугледжаны шэраг iльгот для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне дзяржавы. Згодна з артыкулам 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” ад абкладання падаткам вызваляюцца будынкi i збудаваннi, якiя належаць пенсiянерам па ўзросту, iнвалiдам I i II груп i iншым непрацаздольным грамадзянам пры адсутнасцi працаздольных асоб, што сумесна пражываюць або лiчацца сумесна пражываючымi згодна з данымi пагаспадарчага ўлiку або дамавых кнiг, якiя не маюць крынiц даходу, што абкладаюцца падаходным падаткам падатковымi органамi; будынкi i збудаваннi, што належаць ваеннаслужачым тэрмiновай службы, удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны i асобам, якiя маюць права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасцi з Законам “Аб ветэранах”; будынкi i збудаваннi, што размешчаны ў сельскай мясцовасцi i належаць на праве ўласнасцi грамадзянам, якiя пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасцi.
Акрамя таго, у адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 4 Закона “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь” мясцовыя Саветы дэпутатаў або па iх даручэнню мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы маюць права ў парадку, устаноўленым актамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i законамi Рэспублiкi Беларусь, прадастаўляць фiзiчным асобам Рэспублiкi Беларусь iльготы па падатках i зборах, якiя поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты.
3. Згодна з пунктам 1 артыкула 5 Закона “Аб падатку на нерухомасць” фiзiчным асобам падатак вызначаецца зыходзячы з ацэнкi будынкаў, парадак якой устанаўлiваецца Урадам. Дзеючы ў цяперашнi час парадак устаноўлены пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лютага 1998 г. № 309 “Аб парадку ацэнкi (пераацэнкi) будынкаў i збудаванняў, якiя належаць фiзiчным асобам” з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi (далей — пастанова № 309).
Для мэт вылiчэння падатку пастановай № 309 прадугледжаны тры падыходы да вызначэння кошту будынкаў i збудаванняў, прымяненне якiх залежыць перш за ўсё ад абавязковасцi iх страхавання.
Так, у адносiнах да будынкаў i збудаванняў, якiя падлягаюць абавязковаму страхаванню (падпункт 1.1 пункта 1 пастановы № 309), за аснову бярэцца страхавая ацэнка, што праводзiцца Беларускiм рэспублiканскiм унiтарным страхавым прадпрыемствам “Белдзяржстрах” або юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi, якiя заключылi дагавор з дадзеным прадпрыемствам.
Кошт будынкаў[1] i збудаванняў, якiя не падлягаюць абавязковаму страхаванню (падпункт 1.2 пункта 1 пастановы № 309), вызначаецца прадпрыемствамi рэгiстрацыi i тэхнiчнай iнвентарызацыi або па дагаворах з iмi экспертамi i арганiзацыямi, якiя маюць права на правядзенне ацэначных i экспертных работ.
Пры немагчымасцi ацэнкi спосабамi, указанымi ў падпунктах 1.1 i 1.2 пункта 1 пастановы № 309, яна праводзiцца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi. У якасцi аб’екта падаткаабкладання прымаецца кошт аналагiчных будынкаў i збудаванняў, ацэненых у парадку, устаноўленым дадзенымi падпунктамi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што правядзенне ацэнкi рэгулююць звыш 50 нарматыўных прававых актаў i прававых актаў, якiя не з’яўляюцца нарматыўнымi. Акрамя таго, прымяняюцца каэфiцыенты для пераацэнкi жыллёвага фонду i асноўных фондаў прадпрыемстваў i арганiзацый, што ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва, каэфiцыенты тыпу населенага пункта, а таксама каэфiцыенты якасцi асяроддзя, што ўстанаўлiваюцца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi. Каэфiцыенты якасцi асяроддзя (вызначаюцца з улiкам аддаленасцi аб’екта, якi ацэньваецца, ад цэнтра населенага пункта, транспартнай сувязi з iншымi яго ўчасткамi, забяспечанасцi аб’ектамi сацыяльнай iнфраструктуры, экалагiчных i iншых фактараў, што ўплываюць на кошт аб’ектаў ацэнкi) па кан’юнктуры, якая склалася на рынку нерухомасцi адпаведнага населенага пункта, удакладняюцца i перазацвярджаюцца не радзей як адзiн раз у пяць гадоў.
Канстытуцыйны Суд лiчыць такое палажэнне, калi для вызначэння кошту будынка (збудавання) выкарыстоўваецца мноства прававых актаў, калi ацэнка праводзiцца рознымi структурамi, неапраўдана ўскладненым i не садзейнiчаючым дасягненню абазначанай у артыкуле 21 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь мэты дзяржавы — забеспячэнню правоў i свабод грамадзян. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, патрабуе дадатковага вывучэння i абгрунтавання кампетэнтнымi органамi дзяржаўнага кiравання вызначэнне фiзiчным асобам падатку на нерухомасць зыходзячы з ацэнкi будынкаў i збудаванняў, за аснову якой прымаецца страхавая ацэнка.
У сваiм рашэннi ад 11 чэрвеня 2001 г. “Аб выплаце падаходнага падатку з даходаў у выглядзе спадчыны” Канстытуцыйны Суд указваў, што паступаючыя скаргi грамадзян на неабгрунтаванае завышэнне кошту будынкаў i збудаванняў пры iх ацэнцы бюро тэхнiчнай iнвентарызацыi сведчаць аб неабходнасцi перагляду iснуючай методыкi ацэнкi будынкаў i збудаванняў у мэтах знаходжання аптымальнага балансу iнтарэсаў дзяржавы i грамадзян, якiя атрымалi спадчыну. Канстытуцыйны Суд прапанаваў упаўнаважаным органам прааналiзаваць методыку ацэнкi будынкаў i збудаванняў, якiя належаць фiзiчным асобам, з мэтай знаходжання магчымасцi яе перагляду для больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў i законных iнтарэсаў грамадзян, якiя атрымлiваюць у спадчыну маёмасць. На адрас Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь 14 верасня 2001 г. накiравана пiсьмо “Аб абавязковым страхаваннi збудаванняў, якiя належаць грамадзянам”, у якiм упамянута вышэйназванае рашэнне Канстытуцыйнага Суда i ўказана, што дадзеная прапанова ў поўнай меры адносiцца i да выпадку вызначэння страхавога кошту (страхавой ацэнкi) збудаванняў, якiя падлягаюць абавязковаму страхаванню.
Як сведчаць разглядаемыя скаргi i звароты, унесеныя прапановы Канстытуцыйнага Суда не страцiлi сваёй актуальнасцi.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што Законам Рэспублiкi Беларусь ад 22 лiпеня 2002 г. “Аб дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёй” (уступiць у сiлу 8 лютага 2003 г.) прадугледжана стварэнне сiстэмы дзяржаўных арганiзацый у галiне дзяржаўнай рэгiстрацыi, у якую згодна з артыкулам 11 уваходзяць спецыяльна ўпаўнаважаны орган дзяржаўнага кiравання Рэспублiкi Беларусь у галiне дзяржаўнай рэгiстрацыi, падпарадкаваны Ураду; рэспублiканская арганiзацыя па дзяржаўнай рэгiстрацыi; тэрытарыяльныя арганiзацыi па дзяржаўнай рэгiстрацыi. Да кампетэнцыi тэрытарыяльных арганiзацый па дзяржаўнай рэгiстрацыi (рэспублiканскiх унiтарных прадпрыемстваў, у якiх у якасцi работнiкаў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы рэгiстратары, якiя выконваюць функцыi ў адпаведнасцi з дадзеным Законам) аднесены тэхнiчная iнвентарызацыя нерухомай маёмасцi i праверка яе характарыстык у выпадках i парадку, устаноўленых спецыяльна ўпаўнаважаным органам дзяржаўнага кiравання.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, кампетэнтным органам дзяржаўнага кiравання мэтазгодна вывучыць пытанне аб аднясеннi ацэнкi кошту збудаванняў да звязаных з дзяржаўнай рэгiстрацыяй нерухомай маёмасцi вiдаў дзейнасцi i надзяленнi адпаведнымi паўнамоцтвамi гэтых арганiзацый.
Кiруючыся часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Адзначыць, што згодна з артыкуламi 97, 98 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь устанаўленне рэспублiканскiх падаткаў i збораў адносiцца да кампетэнцыi Парламента. Парламенту належыць права вырашаць у законе не толькi такiя iстотныя пытаннi аб падаткаабкладаннi, як суб’ект, аб’ект, стаўка падатку i iншыя, без якiх падатковае абавязацельства i парадак яго выканання не могуць лiчыцца вызначанымi, але i iншыя пытаннi, да якiх, у прыватнасцi, адносiцца ўстаноўленая ў артыкуле 4 Закона “Аб падатку на нерухомасць” падатковая льгота ў выглядзе вызвалення ад абкаладання падаткам аднаго з жылых памяшканняў у многакватэрных дамах, якiя належаць фiзiчным асобам на праве ўласнасцi.
2. Прызнаць пункт 23 рашэння Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 11 студзеня 2002 г. № 219 “Аб бюджэце горада Мiнска на 2002 год” не супярэчачым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i Закону Рэспублiкi Беларусь “Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2002 год”.
Прапанаваць Парламенту Рэспублiкi Беларусь з мэтай забеспячэння больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў грамадзян i iх гарантыi, устаранення няроўнасцi плацельшчыкаў падатку на нерухомасць у розных гарадах i рэгiёнах рэспублiкi i забеспячэння прыняцця мясцовымi Саветамi дэпутатаў аптымальных рашэнняў у галiне ўстанаўлення ставак гэтага падатку вызначыць у законе аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на чарговы год максiмальныя межы, у рамках якiх мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць павялiчваць стаўкi падатку на нерухомасць.
3. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь:
прааналiзаваць методыку ацэнкi будынкаў (збудаванняў), якiя належаць фiзiчным асобам на праве ўласнасцi, з мэтай знаходжання магчымасцi яе перагляду для больш поўнай абароны канстытуцыйных правоў i законных iнтарэсаў грамадзян;
вывучыць пытанне аб аднясеннi дзейнасцi па ацэнцы будынкаў (збудаванняў), якiя належаць фiзiчным асобам на праве ўласнасцi, да звязаных з дзяржаўнай рэгiстрацыяй нерухомай маёмасцi вiдаў дзейнасцi;
сiстэматызаваць нарматыўныя прававыя акты, на падставе якiх праводзiцца ацэнка будынкаў (збудаванняў), якiя належаць фiзiчным асобам на праве ўласнасцi.
4. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
5. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч