Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
27 верасня 2002 г. № З-146/2002
27 верасня 2002 г. № З-146/2002
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезду за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнікоў:
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Парфяновіча У.У., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі; Марозава Ю.А., члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі; Арлова Л.К., загадчыка аддзела крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — Філановіча А.Г., саветніка-кансультанта ўпраўлення дзяржаўнага, адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята;
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь — Бегуна А.Ю., намесніка начальніка аддзела па рабоце з замежнымі грамадзянамі і выезду за мяжу — начальніка аддзялення па арганізацыі работы з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства Упраўлення пашпартна-візавай службы,
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезду за мяжу ў частцы ўстанаўлення пяцігадовага тэрміну дзеяння абавязковай адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу”.
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Міранічэнка I.А. — намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Ягораў А.П. — намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскі А.У. — намеснік Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Петраш А.С. — першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне справы ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 4 ліпеня 2002 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” і артыкула 43 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда.
Праверцы падлягалі частка другая артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь” (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1993 г., № 22, арт. 274), пункт 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, зацверджаных пастановай Кабінета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 20 лістапада 1995 г. № 631 (Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 32, арт. 794), падпункт 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезду за мяжу, зацверджанай загадам Міністра ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 жніўня 1996 г. № 166 (Бюллютень нормативно-правовой информации, 1996 г., № 11), якімі прадугледжана, у прыватнасці, прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь, які часова выязджае за мяжу, што дзейнічае тэрмінам да пяці гадоў. Пасля заканчэння ўказанага ў пашпарце тэрміну выезду за мяжу аформленыя дакументы згодна з указаным Законам страчваюць сілу, і заява аб прастаўленні адзнакі на наступны тэрмін падаецца зноў ва ўстаноўленым названым Законам парадку.
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапанавала праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі ўказаныя палажэнні нарматыўных прававых актаў. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу таксама адзначыла, што пры звароце за дазволам на часовы выезд за межы Рэспублiкi Беларусь з грамадзян бярэцца дзяржаўная пошліна ў памеры пяці базавых велічынь. Пасля заканчэння пяцігадовага тэрміну грамадзянін вымушаны звяртацца ў органы ўнутраных спраў за атрыманнем новай дазвольнай адзнакі і зноў уплачваць дзяржаўную пошліну.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Шукліна В.З., прадстаўнікоў бакоў, спецыяліста і сведку, прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” (у далейшым — Закон), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, іншых міжнародна-прававых актаў, а таксама вывучыўшы практыку іх прымянення, іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з артыкулам 30 Канстытуцыі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Змест указанага артыкула Асноўнага Закона сведчыць аб неад`емнасці дадзенага канстытуцыйнага права і яго прыналежнасці кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасці ўстанаўлення якасна новых адносін паміж грамадзянінам і дзяржавай, зместам якіх з`яўляюцца ўзаемныя правы, абавязкі і адказнасць, заснаваныя на прызнанні і павазе годнасці, асноўных правоў і свабод чалавека. Гэта прадугледжвае стварэнне такой сістэмы мер, якая найбольш поўна забяспечвае грамадзянам рэалізацыю іх неад`емных правоў, у тым ліку права свабоднага выезду з Рэспублікі Беларусь і бесперашкоднага вяртання назад.
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 3 Закона парадак і правілы афармлення дакументаў на выезд з Рэспублікі Беларусь устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Належна аформлены пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з`яўляецца згодна з Законам сапраўдным для выезду з Рэспублікі Беларусь ва ўсе краіны свету.
Для часовага выезду грамадзяніна Рэспублікі Беларусь за мяжу часткай другой артыкула 6 Закона прадугледжана прастаўленне адзнакі ў пашпарце, якая дзейнічае тэрмінам да пяці гадоў. Пасля заканчэння ўказанага ў пашпарце тэрміну выезду за мяжу аформленыя дакументы страчваюць сілу, і заява падаецца зноў ва ўстаноўленым Законам парадку. Аналагiчныя палажэннi змяшчаюцца ў Правiлах афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь i ў Iнструкцыi аб парадку афармлення пашпарта грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь для выезду за мяжу.
Згодна з артыкулам 5 Закона часовы выезд за мяжу грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь можа быць абмежаваны: калi ён валодае звесткамi, якiя складаюць дзяржаўную тайну, — да спынення дзеяння акалiчнасцей, якiя перашкаджаюць выезду; калi супраць яго ўзбуджана крымiнальная справа — да заканчэння вядзення справы; калi ён асуджаны за ўчыненне злачынства — да адбыцця пакарання або вызвалення ад пакарання; калi ён ухiляецца ад выканання абавязацельстваў, накладзеных на яго судом, — да выканання абавязацельстваў; калi да яго прад’яўлены грамадзянскi iск у судзе — да заканчэння вядзення справы; калi ён паведамiў аб сабе заведама лжывыя звесткi пры афармленнi дакументаў. Наяўнасць указаных акалiчнасцей ў перыяд афармлення пашпарта грамадзянiну для часовага выезду за мяжу з’яўляецца падставай для адмовы ў прастаўленнi адзнакi, а пры iх выяўленнi ў перыяд дзеяння адзнакi — для яе анулявання.
Канстытуцыя дапускае ўстанаўленне абмежаванняў правоў i свабод асобы, аднак гэта магчыма толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб (артыкул 23). Устанаўленне часовых абмежаванняў правоў i свабод грамадзян не выключаецца i нормамi мiжнародных актаў.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што разам з падставамi для часовых абмежаванняў права грамадзян на выезд з Рэспублiкi Беларусь, устанаўленне якiх адпавядае патрабаванням артыкула 23 Канстытуцыi i мiжнародна-прававых актаў, Законам прадугледжваюцца таксама падставы, якiя з’яўляюцца практычна невыканальнымi (напрыклад, у выпадку прад’яўлення да асобы любога грамадзянскага iску ў судзе) або несуразмернымi з правамі i iнтарэсамі, якiя абараняюцца Канстытуцыяй. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, абмежаваннi для часовага выезду за мяжу павiнны быць разумнымi, справядлiвымi, адпавядаць мэтам i прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы i забяспечвацца эфектыўна дзеючым механiзмам кантролю.
У сiлу прадпiсанняў артыкула 59 Канстытуцыi дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння такога ўнутранага i мiжнароднага парадку, пры якiм найбольш поўна ажыццяўляюцца правы i свабоды асобы, перш за ўсё прадугледжаныя Канстытуцыяй, уключаючы i права свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад.
Да цяперашняга часу дзяржавай значна пашыраны магчымасцi для рэалiзацыi грамадзянамi канстытуцыйнага права на свабодны выезд: завяршаецца выдача пашпартоў новага ўзору, якiя адпавядаюць мiжнародным стандартам i сапраўдны, як гэта прама ўказана ў пашпарце (стар. 29 пашпарта), для выезду за мяжу. У мэтах рэалiзацыi артыкула 30 Канстытуцыi, як вынiкае з Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 10 красавiка 2002 г. № 205 “Аб Канцэпцыi ўдасканальвання заканадаўства Рэспублiкi Беларусь”, прадугледжана стварэнне ў перспектыве Рэгiстра насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь (падпункт 33.2 пункта 33 Канцэпцыі).
Нягледзячы на меры па дасягненню мiжнародных стандартаў у галiне забеспячэння свабоды перамяшчэння, якія прымаюцца дзяржавай, дзеючымi актамi заканадаўства пакуль прадугледжваецца абавязковае прастаўленне адзнакi пры выкарыстаннi пашпартоў новага ўзору для выезду за мяжу, што абгрунтоўваецца неабходнасцю ажыццяўлення кантролю за грамадзянамi, для якiх згодна з Законам устаноўлены часовыя абмежаваннi.
Такiм чынам, указанае патрабаванне аб абавязковасцi прастаўлення адзнакi ў пашпарце распаўсюджваецца на ўсiх грамадзян, у тым лiку на тых, у адносiнах да каго такiя абмежаваннi не ўстаноўлены, што цягне за сабой ускладанне на iх дадатковых абавязкаў па рэалiзацыi iмi канстытуцыйнага права на свабоду выезду за мяжу.
У адпаведнасцi з артыкулам 12 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах права на свабоднае перамяшчэнне i свабоду выбару месца жыхарства не можа быць аб’ектам нiякiх абмежаванняў, акрамя тых, якiя не толькi прадугледжаны законам i неабходны для аховы дзяржаўнай бяспекi, грамадскага парадку, здароўя або маралi насельнiцтва або правоў i свабод iншых, але i сумяшчальны з iншымi правамi, якiя прызнаюцца ў гэтым Пакце (пункт 3). Таму, не выключаючы неабходнасцi ўстанаўлення ў поўнай адпаведнасцi з Канстытуцыяй i мiжнародна-прававымi актамi такога кантролю ў адносiнах да асобных грамадзян, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры заканадаўчым рэгуляваннi адносiн ва ўказанай галiне не павiнны змяншацца асноўныя правы i свабоды чалавека i грамадзянiна, ушчамляцца законныя iнтарэсы абсалютнай большасцi грамадзян Рэспублiкi Беларусь.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Закон “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь i ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь” быў прыняты ў 1993 г., гэта значыць да прыняцця 15 сакавiка 1994 г. Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, калi грамадзяне яшчэ не мелi пашпартоў новага ўзору, iснавалi iншыя прычыны (у прыватнасцi, матэрыяльна-тэхнiчнага i арганiзацыйнага характару), якiя абумовiлi прыняцце Закона ва ўказанай рэдакцыi.
Як устаноўлена ў судовым пасяджэннi, прастаўленне абавязковай адзнакi ў пашпарце, што мае тэрмiновы i па сутнасцi дазвольны характар, не вядзе да дасягнення тых мэт, якiя ставiлiся Законам, паколькi рэальна могуць выязджаць за мяжу грамадзяне, у якiх такiя адзнакi адсутнiчаюць, а таксама грамадзяне, у пашпартах якiх ёсць адпаведныя адзнакi, але абмежаваннi на выезд узнiклi пасля iх прастаўлення, якiя ў сiлу недасканаласцi iснуючай сiстэмы кантролю своечасова не ануляваны. Больш таго, у адрозненне ад пашпарта, самога па сабе ўжо сапраўднага для выезду за мяжу, адзнака не мае належных ступеней абароны.
Вызначаючы сваю пазiцыю па разглядаемых пытаннях, Канстытуцыйны Суд зыходзiў з таго, што палажэннi артыкула 30 Канстытуцыi, якiя прадугледжваюць права грамадзян Рэспублiкi Беларусь свабодна перамяшчацца, пакiдаць Рэспублiку Беларусь i бесперашкодна вяртацца назад, сведчаць аб безумоўнай прыналежнасцi дадзенага канстытуцыйнага права кожнаму грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь, а ўстанаўленне абмежаванняў для часовага выезду асобных грамадзян за мяжу магчыма ў строгай адпаведнасцi з патрабаваннямі артыкула 23 Канстытуцыi i павiнна адказваць мэтам i прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы, быць суразмерным абараняемым Канстытуцыяй каштоўнасцям, вышэйшай з якiх з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды i гарантыi iх рэалiзацыi (артыкул 2 Канстытуцыi).
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што найбольш поўна забяспечыць рэалiзацыю грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь права на свабодны выезд за мяжу i выключыць незаконны выезд за мяжу асоб, для якiх у адпаведнасцi з Канстытуцыяй устаноўлены абмежаванні, павінна завяршэнне пачатай ужо работы па стварэнню эфектыўнай сістэмы кантролю, якая прымяняецца пры выездзе за мяжу.
Адносна збірання дзяржаўнай пошліны пры афармленні дазволу на выезд з Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэгуляванне гэтых адносін знаходзіцца ў кампетэнцыі ўпаўнаважаных органаў — Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь і Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь, якія правамоцны справядліва вырашыць пытанні, якія датычацца як самога збірання дзяржаўнай пошліны, так і яе памераў, парадку збірання і ўмоў яе звароту.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 116, 137 Канстытуцыі, артыкуламі 5, 6, 9, 34, 38, 40 і 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЈЎ:
1. Зыходзіць з таго, што артыкул 30 Канстытуцыі, які прадугледжвае права грамадзян Рэспублiкi Беларусь свабодна перамяшчацца, пакідаць Рэспублiку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, сведчыць аб неад’емнасці дадзенага асноўнага права. Устанаўленне абмежаванняў для часовага выезду асобных грамадзян за мяжу магчыма ў строгай адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі і павінна адпавядаць мэтам і прынцыпам дэмакратычнай прававой дзяржавы, быць суразмерным з каштоўнасцямі, якія абараняюцца Канстытуцыяй.
2. Прызнаць, што нормы часткі другой артыкула 6 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублiкi Беларусь і ўезду ў Рэспублiку Беларусь грамадзян Рэспублiкi Беларусь”, пункта 13 Правіл афармлення дакументаў на выезд за мяжу грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, падпункта 25.1 пункта 25 Інструкцыі аб парадку афармлення пашпарта грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для выезду за мяжу, якія прадугледжваюць прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для часовага выезду за мяжу, не ў поўнай меры адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, паколькі абавязак прастаўлення адзнакі ў пашпарце, устаноўлены для ўсіх грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якія жадаюць часова выехаць за мяжу, абсалютная большасць якіх не мае абмежаванняў на выезд, змяншае іх правы і несуразмерны з каштоўнасцямі, што абараняюцца Канстытуцыяй.
3. Адзначыць, што найбольш прымальным варыянтам, які дазваляе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь больш поўна рэалізаваць замацаванае ў артыкуле 30 Канстытуцыі права свабодна перамяшчацца, пакідаць Рэспублiку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад, з’яўляецца ўстанаўленне такога парадку, пры якім агульнаграмадзянскі пашпарт, што адпавядае міжнародным стандартам, выкарыстоўваўся б для выезду за мяжу без прастаўлення адзнакі. Што ж датычыцца выключэння выезду грамадзян за мяжу, у якіх ёсць часовыя абмежаванні, то гэтаму павінна садзейнічаць стварэнне сучаснай цэнтралізаванай сістэмы ўліку асоб, у адносінах да якіх у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дапускаецца абмежаванне іх права на часовы выезд за мяжу.
У сувязі з гэтым прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзяржаўным органам, упаўнаважаным на вырашэнне ўказаных пытанняў, у магчыма кароткія тэрміны, але не пазней 31 снежня 2005 г. завяршыць стварэнне такой сістэмы ўліку, прымяненне якой дазволіць выкарыстоўваць агульнаграмадзянскі пашпарт у якасці дакумента для выезду з Рэспублікі Беларусь без прастаўлення адзнакі.
4. Да стварэння ў адпаведнасці з пунктам 3 гэтага Заключэння сістэмы ўліку:
прызнаць дапушчальным прастаўленне адзнакі ў пашпарце грамадзяніна для часовага выезду за мяжу, прадугледжанае нарматыўнымі актамі, якія з’явіліся прадметам праверкі;
Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь:
разгледзець пытанне аб удасканальванні норм Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”, якія датычацца тэрмінаў дзеяння адзнакі ў пашпарце грамадзяніна Рэспублiкi Беларусь для часовага выезду з Рэспублікі Беларусь. У якасці магчымага варыянта ўжо пры існуючай сістэме ўліку дзеянне ўказанай адзнакі ў пашпарце можа быць працягнута (напрыклад, суаднесена з тэрмінамі сапраўднасці агульнаграмадзянскага пашпарта, які выдаецца па дасягненні 16, 25 і 45 гадоў). Пры гэтым у мэтах стварэння грамадзянам спрыяльных умоў для больш поўнай рэалізацыі імі права на свабодны выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць устаноўлены спрошчаны парадак паўторнага прастаўлення ў агульнаграмадзянскім пашпарце адзнакі аб часовым выездзе з Рэспублікі Беларусь;
перагледзець і ўдакладніць пералік абмежаванняў на часовы выезд з Рэспублікі Беларусь.
5. Апублікаваць гэта Заключэнне ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця ў газетах “Звязда”, “Народная газета”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і “Весніку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.
6. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч