23 красавіка 2013 г. № Р-800/2013
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Кодекс Республики Беларусь о недрах».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Кодекс Республики Беларусь о недрах», Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Кодекс Республики Беларусь о недрах» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка
Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем і аховай нетраў, з мэтай забеспячэння абароны інтарэсаў дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў нетракарыстальнікаў і іншых асоб.
У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, якія ўносяцца ў Кодэкс аб нетрах, уводзяцца азначэнні тэрмінаў «мінеральныя воды» і «самавольнае карыстанне нетрамі», удакладняецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў па ажыццяўленню дзяржаўнага кіравання і рэгулявання ў галіне выкарыстання і аховы нетраў, прадугледжваецца магчымасць ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці ў дачыненні да нетраў на ўмовах інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь, змяняюцца ўмовы прадастаўлення і карыстання нетрамі і інш.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.
1. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь уласнасць можа быць дзяржаўнай і прыватнай; дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах (часткі першая, другая і пятая артыкула 13).
З мэтай рэалізацыі ўказаных канстытуцыйных палажэнняў у артыкуле 1 Закона прадугледжваюцца адмена лімітаў здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапнёвых і падземных вод (пункт 8); павелічэнне глыбіні здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў (з 2 да 5 метраў) і выключэнне гранічнай глыбіні буравых свідравін, прызначаных для забору падземных вод уласнікамі, уладальнікамі, карыстальнікамі і арандатарамі зямельных участкаў (землекарыстальнікамі) у межах прадастаўленых ім зямельных участкаў для мэт, не звязаных з атрыманнем даходаў, без прадастаўлення горнага адводу, устанаўлення нарматываў у галіне выкарыстання і аховы зямель пры ўмове выканання патрабаванняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, заканадаўства аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці (пункт 10). Акрамя таго, у адпаведнасці з Законам павялічваюцца тэрміны прадастаўлення нетраў у карыстанне для здабычы карысных выкапняў, выкарыстання геатэрмальных рэсурсаў нетраў і ўстанаўліваецца магчымасць прадаўжэння такіх тэрмінаў у выпадку няпоўнага выняцця запасаў карысных выкапняў або няпоўнага выкарыстання геатэрмальных рэсурсаў нетраў у межах прадастаўленага горнага адводу (пункт 16 артыкула 1).
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадзеныя нормы Закона, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці карыстання нетрамі, найбольш рацыянальнае выкарыстанне зямель, ствараюць прававую аснову збалансаванага рэгулявання адносін уласнасці з улікам інтарэсаў дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў нетракарыстальнікаў і іншых асоб.
2. Нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы; дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя (частка шостая артыкула 13, частка другая артыкула 46 Канстытуцыі).
Згодна з артыкулам 84 Канстытуцыі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.
Зыходзячы з дадзеных канстытуцыйных палажэнняў у пункце 4 артыкула 1 Закона ўдакладняецца кампетэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне выкарыстання і аховы нетраў у частцы вызначэння віду канцэсійнага дагавора пры прыняцці рашэння аб неабходнасці канцэсіі ў дачыненні да участкаў нетраў.
У сілу часткі першай артыкула 106, артыкула 107 Канстытуцыі, артыкулаў 8 і 10 Кодэкса аб нетрах Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь і дзяржаўнае кіраванне і рэгуляванне ў галіне выкарыстання і аховы нетраў.
У адпаведнасці з пунктамі 5–8 артыкула 1 Закона ўдакладняецца кампетэнцыя Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у галіне выкарыстання і аховы нетраў. Так, Савет Міністраў надзяляецца паўнамоцтвам па ўстанаўленню парадку забудовы плошчаў залягання карысных выкапняў, што накіравана на ажыццяўленне рацыянальнай забудовы плошчаў залягання карысных выкапняў з улікам неабходнасці забеспячэння бяспекі горных работ і поўнай выпрацоўкі месцанараджэнняў карысных выкапняў (пункты 5 і 40 артыкула 1 Закона).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўдакладненне нормамі Закона кампетэнцыі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, праз якія дзяржава рэалізуе прыналежныя ёй правы валодання, карыстання і распараджэння нетрамі, накіравана на найбольш поўнае і эфектыўнае выкананне дзяржавай канстытуцыйнага абавязку па ажыццяўленню кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў.
3. У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (артыкул 7). У дачыненні да права дзяржаўнай уласнасці на нетры ўказаны прынцып выражаецца ў адзінстве і несупярэчлівасці заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры рэалізацыі дадзенага права, недапушчальнасці адступленняў ад патрабаванняў закона па матывах мэтазгоднасці.
Згодна з Кодэксам аб нетрах права карыстання ўчасткамі нетраў, а таксама валодання, карыстання і распараджэння здабытымі карыснымі выкапнямі ўзнікае ў тым ліку ў сувязі з заключэннем канцэсійнага дагавора. Аднак знаходжанне аб’ектаў толькі ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь не выключае інвестыцыйнай дзейнасці ў дачыненні да гэтых аб’ектаў (частка другая артыкула 4 Інвестыцыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
З мэтай удасканальвання прававога рэгулявання інвестыцыйнай дзейнасці ў артыкулы 6, 14, 16, 29, 32 і 33 Кодэкса аб нетрах уносяцца змяненні і дапаўненні, якія прадугледжваюць магчымасць рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да нетраў на аснове як канцэсійнага, так і інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь (пункты 3, 9, 16, 19 і 20 артыкула 1 Закона).
Артыкул 37 Кодэкса аб нетрах, якi рэгламентуе прадастаўленне ўчасткаў нетраў у канцэсію, выкладаецца ў новай рэдакцыі, што прадугледжвае перадачу правоў па раней прадастаўленаму геалагічнаму або горнаму адводу створанай у выніку рэарганізацыі юрыдычнай асобе – правапераемніку юрыдычнай асобы, якой такі адвод ва ўстаноўленым парадку быў прадастаўлены раней, у наступным парадку: у адпаведнасці з перадатачным актам – у выпадку рэарганізацыі ў форме зліцця, далучэння, пераўтварэння юрыдычнай асобы, у адпаведнасці з раздзяляльным балансам – у выпадку рэарганізацыі ў форме раздзялення, выдзялення юрыдычнай асобы (пункт 22 артыкула 1 Закона).
Указаныя нормы Закона накіраваны на рэалізацыю прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой дакладнасці, а таксама на забеспячэнне паўнаты, сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы рацыянальнага выкарыстання і аховы нетраў.
4. У адпаведнасці з пунктам 17 артыкула 1 Закона ў новай рэдакцыі выкладаецца пункт 4 артыкула 30 Кодэкса аб нетрах, які вызначае тэрыторыі і прыродныя аб’екты, на якіх ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі можа быць забаронена або абмежавана карыстанне нетрамі; які прадугледжвае забарону на здабычу торфу на месцанараджэннях з астаткавым слоем торфу менш за 50 сантыметраў, а таксама на месцанараджэннях, што зарэзерваваны для спецыяльных мэт (медыцынскіх, комплекснай і біятэрмахімічнай перапрацоўкі) і змяшчаюць бітумінозную, гідролізную і гразелячэбную сыравіну.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадзеныя палажэнні Закона, якія ўстанаўліваюцца ў мэтах забеспячэння рацыянальнага выкарыстання і аховы нетраў, прадухілення спусташэння карысных выкапняў, адпавядаюць частцы першай артыкула 46 Канстытуцыі, што замацоўвае права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што па свайму зместу Закон накіраваны на ўдасканаленне заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з прадастаўленнем нетраў у карыстанне, карыстаннем імі, ажыццяўленнем інвестыцыйнай дзейнасці, кантролем за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, і на забеспячэнне тым самым абароны інтарэсаў дзяржавы, у выключнай уласнасці якой знаходзяцца нетры, а таксама правоў і законных інтарэсаў нетракарыстальнікаў і іншых асоб.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Кодекс Республики Беларусь о недрах» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч