Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 красавіка 2013 г. № Р-799/2013
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Сяргееву В.Г., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 красавіка 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 красавіка 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О государственной службе в Республике Беларусь» (далей – Закон аб дзяржаўнай службе) і змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О занятости населения Республики Беларусь» (далей – Закон аб занятасці), якімі ўдакладняецца прававая рэгламентацыя заліку стажу дзяржаўнай службы, гарантый правоў дзяржаўных служачых у сувязі з ліквідацыяй дзяржаўнага органа, скарачэннем колькасці або штата работнікаў, а таксама выплаты стыпендый грамадзянам, накіраваным на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, і дапамогі па беспрацоўі (артыкулы 1 і 2). Артыкулам 3 Закона прадугледжваецца парадак выплаты выхадной дапамогі дзяржаўным служачым, звольненым у сувязі з ліквідацыяй дзяржаўнага органа, скарачэннем колькасці або штата работнікаў, а таксама выплаты ўказаных стыпендыі і дапамогі па беспрацоўі з дня ўступлення ў сілу дадзенага Закона. У артыкуле 4 Закона ўстанаўліваецца тэрмін уступлення яго ў сілу.

 

1. У мэтах узгаднення асобных палажэнняў Закона аб дзяржаўнай службе з палажэннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2012 г. № 237 «О некоторых вопросах Государственной инспекции охраны животного и растительного мира при Президенте Республики Беларусь» (далей – Указ № 237) удакладняецца рэдакцыя падпунктаў  1.1.1, 1.1.2, 1.2.1 і 1.2.2 пункта 1 артыкула 44 дадзенага Закона, што прадугледжваюць прававое рэгуляванне адносін, якія датычацца заліку стажу дзяржаўнай службы.

 

Названыя нормы пункта 1 артыкула 44 Закона аб дзяржаўнай службе дапаўняюцца палажэннямі, згодна з якімі час папярэдняй працы, не звязанай з дзяржаўнай службай, і ваеннай службы (службы) працягласцю не больш за 10 гадоў уключаецца ў стаж дзяржаўнай службы для асоб, назначаных на дзяржаўныя пасады ў цэнтральны апарат Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, і не больш за 5 гадоў – для асоб, назначаных на дзяржаўныя пасады ў абласныя і міжраённыя інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету гэтай Дзяржаўнай інспекцыі (пункт 2 артыкула 1 Закона).

 

Дапаўненні, якія ўносяцца ва ўказаныя нормы артыкула 44 Закона аб дзяржаўнай службе, грунтуюцца на замацаваным у артыкуле 39 Канстытуцыі праве грамадзян Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.

Узгадненне асобных норм Закона аб дзяржаўнай службе з нормамі Указа Прэзідэнта № 237 адпавядае заснаванаму на прынцыпе вяршэнства права, прадугледжаным у частцы першай артыкула 7 Канстытуцыі, прынцыпу прававой дакладнасці, у адпаведнасці з якім прававое рэгуляванне  грамадскіх адносін павінна быць дакладным і несупярэчлівым, ясным і адназначным.

 

2. Змяненнямі, якія ўносяцца згодна з артыкуламі 1 і 2 Закона, удакладняюцца, у тым ліку шляхам выключэння некаторых палажэнняў, нормы артыкулаў 47 і 51 Закона аб дзяржаўнай службе і артыкулаў 22, 23 і 24 Закона аб занятасці ў частцы выхадной дапамогі, якая выплачваецца дзяржаўным служачым пры іх звальненні ў сувязі з ліквідацыяй дзяржаўнага органа, скарачэннем колькасці або штата работнікаў, а таксама стыпендый, якія выплачваюцца ў выпадку накіравання беспрацоўных дзяржаўнай службай занятасці насельніцтва на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі (далей – перападрыхтоўка), і дапамог па беспрацоўі. Дадзеныя палажэнні датычацца беспрацоўных з ліку вышэйназваных дзяржаўных служачых і грамадзян, звольненых з ваеннай службы, з органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, скарачэннем колькасці або штата работнікаў, па стане здароўя або іншых уважлівых прычынах без права на пенсію (далей – ваеннаслужачыя (служачыя)).

 

Устанаўліваецца, што дзяржаўным служачым пры іх вызваленні ў сувязі з ліквідацыяй дзяржаўнага органа, скарачэннем колькасці або штата работнікаў выхадная дапамога выплачваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы; пры рэгістрацыі такіх дзяржаўных служачых у якасці беспрацоўных дапамога па беспрацоўі і стыпендыя пры навучанні выплачваюцца ў адпаведнасці з Законам аб занятасці (падпункты 1.1, 1.2 і 1.3 пункта 1 артыкула 47, выкладаемага Законам у новай рэдакцыі). Акрамя таго, выключаюцца нормы Закона аб занятасці, якія прадугледжваюць памеры дапамогі па беспрацоўі і стыпендый для ваеннаслужачых (служачых) (пункты 2 і 3 артыкула 2 Закона).

 

Тым самым згодна з Законам шляхам выключэння палажэнняў аб больш высокіх памерах выплат да названых катэгорый дзяржаўных служачых і ваеннаслужачых (служачых) пры выплаце выхадной дапамогі і назначэнні стыпендый у выпадку накіравання беспрацоўных дзяржаўнай службай занятасці насельніцтва на перападрыхтоўку і дапамог па беспрацоўі ўстанаўліваюцца адзіныя з іншымі катэгорыямі работнікаў падыходы.

 

Ацэньваючы канстытуцыйнасць дадзеных палажэнняў Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з артыкулам 41 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу; у выпадку незанятасці асобы па незалежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам (часткі першая і другая).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы артыкулаў 1 і 2 Закона адпавядаюць канстытуцыйным палажэнням аб гарантаванасці права на працу, абавязкамі дзяржавы прымаць неабходныя сацыяльныя меры па падтрымцы беспрацоўных асоб.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе, што заканадавец на падставе пункта 2 часткі першай артыкула 97 і пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы мае права змяніць прававое рэгуляванне ў частцы ўстанаўлення адрозненняў, пераваг або іх выключэння. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што міжнародна-прававымі актамі аб правах чалавека ўстанаўліваецца абавязак кожнай дзяржавы ў індывідуальным парадку прыняць у максімальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне прызнаваемых правоў усімі належнымі спосабамі, уключаючы прыняцце заканадаўчых мер (артыкул 2 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).

 

3. Артыкулам 3 Закона рэгламентуюцца пытанні выплаты выхадных дапамог, стыпендый і дапамог па беспрацоўі ў сувязі з уступленнем у сілу Закона. Такое рэгуляванне грамадскіх адносін адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці і садзейнічае забеспячэнню яснасці, дакладнасці, несупярэчлівасці прававых норм і адназначнасці іх прымянення.

 

Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наступнае. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 3 Закона дзяржаўным служачым, звольненым у сувязі з ліквідацыяй дзяржаўнага органа, скарачэннем колькасці або штату работнікаў, не выплачаная да ўступлення ў сілу гэтага Закона астатняя частка выхадной дапамогі ў памеры, які перавышае памер выхадной дапамогі, устаноўленай заканадаўствам аб працы, не выплачваецца.

 

У артыкуле 48 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь замацавана, што пры спыненні працоўнага дагавора па вышэйуказаных падставах работнікам выплачваецца выхадная дапамога ў памеры не менш за трохкратны сярэднямесячны заробак; памер дапамогі можа быць павялічаны ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных калектыўным дагаворам, пагадненнем.

 

Згодна ж з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 51 Закона аб дзяржаўнай службе памер выхадной дапамогі ў залежнасці ад стажу дзяржаўнай службы можа складаць ад трох сярэднямесячных заработных плат пры стажы да 5 гадоў да чатырох – шасці сярэднямесячных заработных плат пры большым стажы.

 

Пры гэтым у Законе аб дзяржаўнай службе вызначана, што непасрэдна пры звальненні ўказаная дапамога выплачваецца ў памеры, што не перавышае трох сярэднямесячных заработных плат, а астатняя частка – па сканчэнні трох месяцаў толькі асобам, якія звярнуліся за садзейнічаннем у працаўладкаванні ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва, пры немагчымасці іх працаўладкавання.

 

Часткай другой артыкула 3 Закона прадугледжваецца, што беспрацоўным з ліку дзяржаўных служачых і ваеннаслужачых (служачых) стыпендыі і дапамогі па беспрацоўі, назначаныя да ўступлення ў сілу Закона, выплачваюцца з дня ўступлення ў сілу Закона ў памерах, устаноўленых адпаведнымі артыкуламі Закона аб занятасці.

 

Такім чынам, артыкулам 3 Закона выключаецца права асобы, якая атрымала пры звальненні выхадную дапамогу ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат, на астатнюю частку выхадной дапамогі пры наяўнасці  прадугледжаных у Законе аб дзяржаўнай службе акалічнасцей, а права на атрыманне стыпендыі і дапамогі па беспрацоўі, назначаных да ўступлення ў сілу Закона, прапануецца рэалізаваць шляхам выплаты такіх дапамог і стыпендый у памерах, устаноўленых у Законе аб занятасці з улікам змяненняў, якія ўносяцца ў яго Законам.

 

У рашэнні ад 18 снежня 2008 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што суб’ектыўныя правы і юрыдычныя абавязкі ўдзельнікаў праваадносін,  якія ўзніклі на падставе прававой нормы, не заўсёды ажыццяўляюцца (выконваюцца) у адзін і той жа час. Канстытуцыйныя прынцыпы гарантаванасці правоў чалавека і ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна абумоўліваюць патрабаванне аб рэалізацыі суб’ектыўных правоў і юрыдычных абавязкаў у поўным аб’ёме, у сувязі з чым узнікае неабходнасць ва ўрэгуляванні на пэўны час адносін, якія ўзніклі да страты нарматыўным прававым актам юрыдычнай сілы.

 

Канстытуцыйны Суд пацвярджае выкладзены ва ўказаным рашэнні вывад аб тым, што пры спыненні права, рэалізацыя якога пачалася, заканадаўцу патрэбна вызначыць магчымасць і парадак поўнай рэалізацыі дадзенага суб’ектыўнага права, і звяртае ўвагу на неабходнасць забеспячэння гарантаваных дзяржавай правоў пры змяненні  прававой рэгламентацыі надання такіх правоў.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, палажэнні Канстытуцыі аб гарантаванасці правоў грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі і законах, на якіх заснавана ажыццяўленне правоў чалавека і грамадзяніна ў Рэспубліцы Беларусь як сацыяльнай прававой дзяржаве (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі), прадугледжваюць прадказальнасць заканадаўчай палітыкі. На разумную стабільнасць і прадказальнасць прававога рэгулявання як важныя гарантыі забеспячэння правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Канстытуцыйны Суд указаў у Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2012 годзе». У сувязі з гэтым змяненне заканадаўцам раней вызначаных правіл павінна ажыццяўляцца такім чынам, каб захоўваўся давер грамадзян да закона і дзеянняў дзяржавы, удзельнікі адпаведных праваадносін маглі ў разумных межах быць упэўненымі ў нязменнасці свайго афіцыйна прызнанага статусу і набытых правоў, а таксама павазе і рэалізацыі дадзеных правоў, заснаваных на дзеючым заканадаўстве.

 

Парадак прыняцця Закона адпавядае Канстытуцыі, згодна з якой праекты законаў аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці разглядаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (пункт 2 часткі першай артыкула 97) і накіроўваюцца для адабрэння або адхілення ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (пункт 1 часткі першай артыкула 98). Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч