Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
24 снежня 2002 г. № Р-152/2002
24 снежня 2002 г. № Р-152/2002
Аб канстытуцыйных гарантыях права асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь неаднаразовыя звароты асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, у сувязі з адмовамі судоў разглядаць іх скаргі на прымяненне да іх мер спагнання, устанавiў наступнае.
У сваіх зваротах асуджаныя да пазбаўлення волі ўказваюць на тое, што суды адмаўляюць у разглядзе іх скарг на прымяненне да іх адміністрацыяй папраўчых устаноў мер спагнання, матывуючы гэта адсутнасцю ў заканадаўстве норм, якія рэгулююць парадак прыняцця i разгляду такіх скарг.
Канстытуцыйны Суд двойчы выносіў рашэнні, у якіх пацверджана канстытуцыйнае права асуджаных на судовае абскарджанне прымененых да іх мер спагнання. Нягледзячы на тое што ў крымінальна-працэсуальным і крымінальна-выканаўчым заканадаўстве адсутнічаюць нормы, якія рэгулююць парадак прыняцця і разгляду судамі ўказаных скарг асуджаных, у Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць цэлая глава, што прадугледжвае парадак абскарджання дзеянняў службовых асоб, якія ўшчамляюць правы грамадзян.
Суды абавязаны разглядаць такія скаргі ў сілу патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў мэтах яе няўхільнага выканання. Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Артыкул 137 Канстытуцыі замацоўвае яе вышэйшую юрыдычную сілу. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Артыкул 59 Канстытуцыі абавязвае дзяржаву прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.
У адпаведнасці з артыкулам 3 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да выканання пакарання і абыходжання з асуджанымі, а ў выпадку разыходжання крымінальна-выканаўчага заканадаўства з міжнароднымі дагаворамі павінны непасрэдна прымяняцца правілы міжнароднага дагавора.
Права на судовую абарону прадугледжваецца не толькі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднымі актамі, у тым ліку Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь (артыкул 3). Акрамя таго, у артыкуле 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прама замацавана права асуджаных на зварот са скаргамі як у адміністрацыю органа або ўстановы, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, пракуратуру, іншыя органы, так і ў суд.
Артыкул 6 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, замацоўваючы права на зварот за судовай абаронай, устанаўлівае, што зацікаўленая асоба мае права ва ўстаноўленым парадку звяртацца ў суд за абаронай парушанага або аспрэчваемага права ці абараняемага законам інтарэсу. Не дапускаецца адмова ў судовай абароне па матывах адсутнасці, непаўнаты, супярэчлівасці, няяснасці нарматыўнага акта.
У многіх выпадках асуджаныя да пазбаўлення волі ўжо зараз рэалізуюць сваё права на зварот у суд па жыллёвых, спадчынных, шлюбна-сямейных і іншых пытаннях. У той жа час незабеспячэнне асуджаным права на судовую праверку прымененых да іх мер спагнання можа пазбавіць іх права на прымяненне амністыі, іншых відаў змякчэння пакарання або вызвалення ад яго.
Згодна з пунктам 5 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканальванню працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальнiцкай дысцыпліны” невыкананне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і судовых пастаноў пры ажыццяўленні службовых абавязкаў лічыцца грубым парушэннем працоўных абавязкаў.
У сваіх рашэннях па ўказанаму пытанню Канстытуцыйны Суд адзначаў, што непрыняцце судамі скарг асуджаных на прымяненне да іх мер спагнання азначае невыкананне норм Канстытуцыі (артыкулы 7, 8, 59, 112) і што суды ў такіх выпадках бяруць на сябе адказнасць за парушэнне правоў грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі. Канстытуцыйны Суд таксама ўказваў, што права на судовае абскарджанне прымененых мер спагнання асуджаныя атрымалі ў сувязі з уступленнем у сілу 30 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і пацвярджэннем непасрэднага характару дзеяння яе норм рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 2 красавiка 2001 г. Рэалiзацыя права на судовае абскарджанне, якое маюць асуджаныя да пазбаўлення волi, не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад унясення змяненняў i дапаўненняў у адпаведныя акты заканадаўства, таму што канстытуцыйная норма аб праве грамадзян на судовую абарону мае непасрэдны характар дзеяння.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкулам 137 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. У адпаведнасцi з прававой пазiцыяй Канстытуцыйнага Суда, выкладзенай у рашэннях ад 2 красавiка 2001 г. “Аб праве асуджаных да пазбаўлення волi на судовае абскарджанне прымененых да iх мер спагнання” i ад 15 лiпеня 2002 г. “Аб забеспячэннi канстытуцыйнага права асуджаных да пазбаўлення волi на судовае абскарджанне прымененых да iх мер спагнання”, пацвердзiць канстытуцыйнае права асуджаных да пазбаўлення волi на зварот у суд у сувязi з накладаннем на iх адмiнiстрацыяй папраўчых устаноў мер спагнання. Гэта права гарантуецца прадпiсаннямi артыкулаў 59, 60, 137 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканальванню працоўных адносiн, умацаванню працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiны”.
2. Пры разглядзе ў судах скарг асуджаных на прымяненне да iх мер спагнання зыходзiць з таго, што тэрмiн iскавай даўнасцi для звароту ў суд не прымянiмы ў адносiнах да тых асоб, якiм раней было неправамерна адмоўлена ў вырашэннi iх скарг.
3. Прапанаваць указаным асобам у выпадку невыканання нормы Канстытуцыi, якая прадугледжвае iх права на судовую абарону, звяртацца ў органы пракуратуры для прымянення мер пракурорскага рэагавання i аднаўлення парушаных канстытуцыйных правоў.
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч