Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 лістапада 2002 г. № Р-151/2002
Аб вызначэнні паняцця “даход” для мэт кваліфікацыі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот, які датычыцца вызначэння паняцця даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, дадзенага ў пункце 6 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 “Аб судовай практыцы па справах аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў, падатковага заканадаўства і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 11 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым — КК) злачынствам прызнаецца ўчыненае вінавата грамадска небяспечнае дзеянне (дзеянне або бяздзеянне), якое характарызуецца прыметамі, прадугледжанымі дадзеным Кодэксам, і забароненае ім пад пагрозай пакарання.
 
Згодна з часткай першай артыкула 233 КК незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць прызнаецца злачынствам, калі яна звязана з атрыманнем даходу ў буйным размеры. Часткай другой дадзенага артыкула прадугледжваецца павышаная адказнасць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным размеры.
 
У заўвазе да главы 25 КК, якая прадугледжвае адказнасць за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, да якіх адносіцца і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, вызначана, што трэба разумець пад буйным і асабліва буйным размерамі даходу. Аднак само паняцце даходу, яго састаў і парадак вылічэння крымінальным законам не вызначаны.
 
Не прадугледжана вызначэнне паняцця “даход” і ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкулам 154 якога ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правіл ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што паняцце даходу змяшчаецца ў іншых актах заканадаўства. Аднак яно вызначана па-рознаму, у залежнасці ад мэт, для якіх гэта паняцце прымяняецца.
 
Так, згодна з Законам “Аб падаходным падатку з фізічных асоб” у мэтах дадзенага Закона пад даходам фізічнай асобы разумеюцца любыя атрымліваемыя (налічваемыя) грашовыя сродкі і матэрыяльныя каштоўнасці (артыкул 2). У той жа час пры падаткаабкладанні даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці даход ад такой дзейнасці ў адпаведнасці з часткай першай пункта 2 артыкула 14 дадзенага Закона вызначаецца як розніца паміж выручкай (у грашовай і натуральнай форме) ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), іншых каштоўнасцей, даходамі ад пазарэалізацыйных аперацый і дакументальна пацверджанымі расходамі, звязанымі з атрыманнем гэтых даходаў. Адначасова ў пункце 5 дадзенага артыкула ўстаноўлена, што калі прадпрымальнік не можа дакументальна пацвердзіць свае расходы, звязаныя з атрыманнем даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, выключэнне расходаў з выручкі ажыццяўляецца ў размеры 10 працэнтаў выручкі.
 
Згодна з Законам “Аб падатках на даходы і прыбытак” прыбытак, які абкладаецца падаткам, вылічваецца зыходзячы з балансавага прыбытку, што ўяўляе сабой суму прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), іншых каштоўнасцей, маёмасных правоў і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях (частка першая пункта 2 артыкула 2). Пры вызначэнні прыбытку ад рэалізацыі тавараў прымаюцца выдаткі, якія прыпадаюць на фактычна рэалізаваныя тавары (частка трэцяя пункта 2 артыкула 2).
 
У адпаведнасці з Законам “Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам”, які ўстанаўлівае сістэму мер па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, даходы, атрыманыя незаконным шляхам, — гэта грошы (валюта Рэспублікі Беларусь і замежная валюта), каштоўныя паперы, іншая маёмасць, у тым ліку маёмасныя правы, выключныя правы на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, атрыманыя ў выніку парушэння заканадаўства (пункт 1 часткі першай артыкула 2).
 
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 1999 г. № 43 “Аб падаткаабкладанні даходаў, атрыманых у асобных сферах дзейнасці” аб’ектам падаткаабкладання для крэдытна-фінансавых устаноў і страхавых арганізацый прызнаецца агульная сума даходаў, атрыманая ў падатковым перыядзе; для іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць аперацыі з каштоўнымі паперамі, — агульная сума даходаў ад рэалізацыі (пагашэння) каштоўных папер у падатковым перыядзе (падпункт 1.2 пункта 1). У падпункце 1.3 пункта 1 указанага Дэкрэта падаткаабкладаемая база вызначаецца крэдытна-фінансавымі ўстановамі як агульная сума даходаў, атрыманая ў падатковым перыядзе, зменшаная на суму расходаў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) з улікам асаблівасцей саставу затрат, што ўключаюцца ў расходы на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях; страхавымі арганізацыямі — як агульная сума даходаў, атрыманая ад аказання страхавых паслуг і ажыццяўлення іншых відаў дзейнасці ў падатковым перыядзе, зменшаная на суму расходаў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) з улікам асаблівасцей саставу затрат, што ўключаюцца ў расходы дадзеных арганізацый, і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый, зменшаных на суму расходаў па гэтых аперацыях; іншымі юрыдычнымі асобамі, якія ажыццяўляюць аперацыі з каштоўнымі паперамі, — як розніца паміж цаной рэалізацыі (пагашэння) каштоўных папер у падатковым перыядзе і цаной іх набыцця з улікам затрат на набыццё і рэалізацыю.
 
У частцы другой пункта 1 артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса ў якасцi адной са складаючых паняцця “прадпрымальнiцкая дзейнасць” указана накiраванасць дзейнасцi на сiстэматычнае атрыманне прыбытку.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, састаў даходу i парадак яго вызначэння маюць iстотнае значэнне для ўстанаўлення характару і ступені грамадскай небяспекi незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, якая прызнаецца злачыннай.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў КК прымяняльна да артыкула 233, якi ўстанаўлiвае адказнасць за незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць, састаў даходу i парадак яго вылiчэння не вызначаюцца.
 
Для мэт квалiфiкацыi незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi як злачыннага дзеяння паняцце даходу вызначана пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 28 чэрвеня 2001 г. № 6 “Аб судовай практыцы па справах аб незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi”. У пункце 6 дадзенай пастановы растлумачана, што “пад даходам ад незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi неабходна разумець усю суму выручкi ў грашовай ці натуральнай форме без улiку затрат на яе атрыманне. Даход, атрыманы ў натуральнай форме, падлягае вызначэнню ў грашовым выражэннi”.
 
Растлумачваючы, што неабходна разумець пад даходам ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, Пленум Вярхоўнага Суда фактычна даў вызначэнне даходу, згодна з якім такая дзейнасць пры атрыманні даходу ў буйным або асабліва буйным размеры прызнаецца злачынствам. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, Пленум Вярхоўнага Суда выканаў функцыю заканадаўца.
 
Згодна з артыкулам 49 Закона “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” Пленум Вярхоўнага Суда ўпаўнаважаны разглядаць матэрыялы абагульнення судовай практыкi i судовай статыстыкi i даваць судам растлумачэннi па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якiя ўзнiкаюць пры разглядзе судовых спраў.
 
Крымiнальны кодэкс з’яўляецца адзiным крымiнальным законам, якi дзейнiчае на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь (частка другая артыкула 1 КК). Палажэннямi часткi другой артыкула 3 КК прадугледжана, што нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым ва ўчыненнi злачынства i падвергнуты крымiнальнай адказнасцi iнакш як па прыгавору суда i ў адпаведнасцi з законам; злачыннасць дзеяння, яго каральнасць i iншыя крымiнальна-прававыя вынiкi вызначаюцца толькi КК; нормы КК падлягаюць строгаму тлумачэнню; прымяненне крымiнальнага закона па аналогii не дапускаецца.
 
У Канстытуцыi замацавана, што тлумачэнне законаў адносiцца да вядзення Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь (артыкулы 97 i 98).
 
У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 70 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” у выпадку выяўлення няяснасцей i адрозненняў у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення нарматворчы орган (службовая асоба), якi прыняў (выдаў) гэты акт, або, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, упаўнаважаны iм орган ажыццяўляюць афіцыйнае тлумачэнне гэтых норм шляхам прыняцця (выдання) адпаведнага нарматыўнага прававога акта.
 
Згодна з артыкулам 72 указанага Закона пры выяўленнi прабелаў у нарматыўных прававых актах нарматворчыя органы (службовыя асобы), якiя прынялi (выдалi) гэтыя акты, абавязаны ўнесцi ў iх адпаведныя дапаўненнi або змяненнi, што ўстараняюць прабелы (частка першая); прымяненне iнстытутаў аналогii закона i аналогii права забараняецца ў выпадках прыцягнення да крымiнальнай або адмiнiстрацыйнай адказнасцi (частка трэцяя).
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што для мэт аднастайнага i дакладнага прымянення тэрмiнаў, якiя выкарыстоўваюцца _ў КК, толькi заканадавец мае права вызначыць паняцце “даход” прымяняльна да незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, а таксама да iншых злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамiчнай дзейнасцi.
 
У сувязi з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лiчыць, што вызначэнне паняцця “даход” прымянальна да незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi павiнна змяшчацца не ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда, а ў КК цi павiнна быць раскрыта шляхам тлумачэння гэтага паняцця прымяняльна да крымiнальных праваадносiн заканадаўчым органам.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць неабходнасць вызначэння паняцця “даход” для мэт квалiфiкацыi злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамiчнай дзейнасцi непасрэдна ў Крымiнальным кодэксе Рэспублiкi Беларусь цi шляхам дачы адпаведнага тлумачэння заканадаўчым органам, што павiнна садзейнiчаць фармiраванню адзiнай i заснаванай на законе судовай практыкi.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь прыняць закон у адпаведнасцi з гэтым рашэннем.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч