Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 лістапада 2002 г. № P-150/2002
6 лістапада 2002 г. № P-150/2002
Аб канстытуцыйнасці змяншэння банкамі ў аднабаковым парадку працэнтных ставак па дагаворах банкаўскага ўкладу (дэпазіту)
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян аб аднабаковым змяншэнні банкамі працэнтных ставак па дагаворах банкаўскага ўкладу (дэпазіту).
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага і Банкаўскага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Дагавор банкаўскага ўкладу (дэпазіту) вызначаны артыкулам 773 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГК) як дагавор, па якім адзін бок (укладаатрымальнік) прымае ад другога боку (укладчыка) грашовую суму (уклад, дэпазіт) і абавязваецца вярнуць укладчыку ўклад, а таксама налічаныя на ўклад працэнты на ўмовах і ў парадку, прадуглежаных дагаворам. У частцы другой дадзенага артыкула прадугледжана, што адносіны па банкаўскаму ўкладу рэгулююцца заканадаўствам.
Згодна з артыкулам 291 ГК аднабаковая адмова ад выканання абавязацельства і аднабаковае змяненне яго ўмоў не дапускаецца, калі іншае не вынікае з заканадаўства або дагавора.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана магчымасць аднабаковага змянення ўмоў дагавора банкаўскага ўкладу ў частцы выплаты ўкладчыку працэнтаў па ўкладу. Так, у артыкуле 188 Банкаўскага кодэкса ўстаноўлена, што ўкладаатрымальнік выплачвае ўкладчыку працэнты па ўкладу ў размеры, які вызначаецца дагаворам. Размер працэнтаў па тэрміновых і ўмоўных банкаўскіх укладах можа быць зменены па пагадненню бакоў, калі іншае не прадугледжана дагаворам. Укладаатрымальнік мае права ў аднабаковым парадку змяніць размер працэнтаў, якія выплачваюцца па ўкладу да запатрабавання, з папярэднім паведамленнем укладчыкам, калі гэта прадугледжана дагаворам. У выпадку змяншэння банкам размеру працэнтаў новы іх размер прымяняецца да ўкладу, унесенага да паведамлення ўкладчыку аб змяншэнні размеру працэнтаў, па сканчэнні не менш аднаго месяца з дня паведамлення.
Прызнаючы наяўнасць законных падстаў для аднабаковага змянення ўмоў дагавора банкаўскага ўкладу ў частцы выплаты ўкладчыку працэнтаў па ўкладу, Канстытуцыйны Суд разам з тым звяртае ўвагу на наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці. Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці. Рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ажыццяўляецца дзяржавай у інтарэсах чалавека і грамадства, дзяржава забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.
З сэнсу ўказаных канстытуцыйных норм вынікае прызнанне прынцыпу свабоды дагавора як адной з гарантуемых дзяржавай свабод чалавека і грамадзяніна, якая абвяшчаецца ў ліку асноўных пачаткаў грамадзянскага заканадаўства (абзац сёмы часткі другой артыкула 2 ГК).
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што свабода дагавора не зґяўляецца абсалютнай, яна не павінна прыводзіць да адмаўлення або прымяншэння іншых агульнапрызнаных правоў і свабод (частка першая артыкула 23 Канстытуцыі). Згодна з артыкулам 23 Канстытуцыі і абзацам дзевятым часткі другой артыкула 2 ГК умяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі такое ўмяшанне ажыццяўляецца на падставе прававых норм у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Спосабам абмежавання свабоды дагавора зґяўляецца, у прыватнасці, інстытут публічнага дагавора, які выключае права камерцыйнай арганізацыі адмовіцца ад заключэння такога дагавора, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам (артыкул 396 ГК), а таксама інстытут дагавора далучэння, умовы якога могуць быць прыняты не інакш як шляхам далучэння да прапанаванага дагавора ў цэлым (артыкул 398 ГК).
У адпаведнасці з артыкулам 22 Банкаўскага кодэкса дагаворы, якія заключаюцца банкамі з кліентамі, з’яўляюцца публічнымі дагаворамі або дагаворамі далучэння, калі іншае не ўстаноўлена правіламі, што дзейнічаюць у гэтых банках. Да такіх дагавораў адносіцца дагавор банкаўскага ўкладу, умовы якога вызначаюцца банкамі ў стандартных формах. У выніку грамадзяне-ўкладчыкі як бок у дагаворы пазбаўлены магчымасці ўплываць на яго змест, што з’яўляецца абмежаваннем свабоды дагавора і як такое патрабуе захавання прынцыпу суразмернасці, у сілу якой грамадзянін як эканамічна слабы бок у гэтых праваадносінах мае патрэбу ў асаблівай абароне сваіх правоў, што цягне за сабой неабходнасць адпаведнага прававога абмежавання свабоды дагавора і для другога боку, гэта значыць для банкаў. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такі падыход садзейнічаў бы рэалізацыі ў поўнай меры прынцыпу роўнасці ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін, замацаванага ў абзацы пятым часткі другой артыкула 2 ГК.
Пры гэтым магчымасць адмовіцца ад заключэння дагавора банкаўскага ўкладу, якая знешне сведчыць аб прызнанні свабоды дагавора, не можа лічыцца дастатковай для яе рэальнага забеспячэння грамадзянам, тым больш калі не гарантавана належным чынам права грамадзян на абарону ад эканамічнай дзейнасці банкаў, нярэдка накіраванай на манапалізацыю і нядобрасумленную канкурэнцыю, недастаткова адпрацаваны механізмы рыначнага кантролю за крэдытнымі арганізацыямі, уключаючы прадастаўленне спажыўцам інфармацыі аб эканамічным становішчы банка, і грамадзянін вымушаны пагаджацца на ўмовы, якія фактычна дыктуюцца яму, у тым ліку на зніжэнне банкам у аднабаковым парадку працэнтнай стаўкі па ўкладу.
Ажыццяўляючы прававое рэгуляванне адносін паміж банкамі і грамадзянамі-ўкладчыкамі, заканадавец павінен кіравацца артыкуламі 2, 13 і 44 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, якая заахвочвае і захоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў, а рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ажыццяўляецца ў сацыяльных мэтах. Пры гэтым, зыходзячы з канстытуцыйнай свабоды дагавора, заканадавец не мае права абмяжоўвацца фармальным прызнаннем юрыдычнай роўнасці бакоў і павінен прадастаўляць пэўныя перавагі эканамічна слабаму і залежнаму боку, з тым каб не дапусціць нядобрасумленнай канкурэнцыі ў сферы банкаўскай дзейнасці і рэальна гарантаваць у адпаведнасці з артыкуламі 13, 22 Канстытуцыі захаванне прынцыпу роўнасці пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці. Выкарыстоўваючы дагавор банкаўскага ўкладу, грамадзянін ажыццяўляе іменна такую эканамічную дзейнасць.
Адсутнасць у Банкаўскім кодэксе норм, што змяшчаюць абгрунтаваныя абмежаванні для эканамічна моцнага боку ў дагаворы банкаўскага ўкладу, прыводзіць да празмернага абмежавання (прымяншэння) прынцыпу свабоды дагавора, свабоды не забароненай законам эканамічнай дзейнасці для грамадзяніна, які заключае такі дагавор. Пры гэтым палажэнні артыкула 188 Банкаўскага кодэкса, паколькі яны дазваляюць банку на падставе дагавора зніжаць працэнтную стаўку ў аднабаковым парадку, уводзяць абмежаванне ўказаных канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян без вызначэння ў законе падстаў, якія абумоўліваюць такую магчымасць. Тым самым парушаюцца прадпісанні канстытуцыйнай свабоды дагавора.
Згодна з пунктам 2 артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, якія ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.
У адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі іменна заканадавец устанаўлівае выпадкі неабходных абмежаванняў суразмерна ўказаным у гэтай канстытуцыйнай норме мэтам. Таму, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, толькі законам павінна вызначацца, ці магчыма (а калі магчыма, — то ў якіх выпадках) зніжэнне банкамі ў аднабаковым парадку працэнтных ставак, з тым каб выключалася адвольнае пагаршэнне ўмоў дагавора для грамадзяніна-ўкладчыка ў адсутнасць якіх-небудзь аб’ектыўных прадпасылак.
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫPАШЫЎ:
1. Прапанаваць Парламенту Рэспублiкi Беларусь для забеспячэння ўстаноўленых артыкуламі 2, 13, 22, 23 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь канстытуцыйных прынцыпаў свабоды дагавора, роўнасці пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці, рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах, абароны правоў, свабод чалавека і гарантыі іх рэалізацыі вызначыць у Банкаўскім кодэксе Рэспублiкi Беларусь выпадкі, пры якіх дапушчальна зніжэнне банкамі ў аднабаковым парадку працэнтных ставак па ўкладах грамадзян з мэтай выключэння адвольнага пагаршэння ўмоў дагавора для грамадзяніна-ўкладчыка ў адсутнасць якіх-небудзь аб’ектыўных прадпасылак.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васілевіч